Перайсці да зместу

Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе (Пакроўскі/Гарабурда)/Барацьба Масквы з Ноўгарадам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Утварэньне Маскоўскай дзяржавы Барацьба Масквы з Ноўгарадам
Аўтар: Міхаіл Пакроўскі
1927
Пераклад: Кастусь Гарабурда
Распад Маскоўскага фэўдалізму; таварная гаспадарка і прыгоннае права

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Барацьба Масквы з Ноўгарадам.

Ноўгарад зрабіўся вялікім гандлёвым цэнтрам куды раней, чымся Масква, таксама з прычыны свайго выгоднага географічнага палажэньня.

Ноўгарад стаяў на вузьле водных шляхаў, якія вялі да Бальтыцкага мора. Рэчкаю Волхавам, Ладаскім возерам і р. Нявою ён зьвязан з самай усходняй затокай гэтага апошняга, з Фінскай, а прытокамі ільменскага возера, з якога выцякае Волхаў, ён зьвязан з вышнявінай Волгі, адкуль на невялікіх волаках, г. зн. пярэсмыках паміж рэчкамі, лёгка было перасуваць тавары да Ноўгараду.

Адначасна сетка рэчак і вазëр на паўночны ўсход ад Ладаскага возера, Онегі, Онескага возера і г. д. зьвязвала яго з Памор'ем і з вадазборам Паўночнай Дзьвіны. Паўночная Дзьвіна, так званае Завалочча, г. зн. краіна, якая знаходзіцца па той бок «волаку» (паміж Волгаю і П. Дзьвіною), самага большага пярэсмыку, які ведалі ноўгародцы, зрабілася першай ноўгародзкай калёніяй. Гэта калёнія давала ноўгародцам адзін з самых каштоўных прадметаў замежнага гандлю, іменна футравыя скуры, якімі Ноўгародзкая краіна забесьпячала ўсю Заходнюю Эўропу, а з другога боку, з самага ўсходняга канца гэтага Завалочча, з Уралу, да якога даходзілі ноўгародзкія калёнізатары (якія заснавалі, паміж іншым, Вятку), Ноўгародцы атрымлівалі срэбра. Тады каштоўных мэталяў было вельмі мала, і ўладаньне каштоўнымі мэталямі было натолькі важна, што ўжо гэта адно давала значэньне таму ці іншаму гораду, нават калі ён знаходзіўся ня ў зусім выгодным географічным палажэньні. Напрыклад, у сярэдняй Нямеччыне высунуўся зусім нязначны гарадок - Гослар, толькі таму, што каля яго ў горах Гарцу здабывалі тады срэбра, і ў такой нязначнай колькасьці, што цяпер гэтыя срэбраныя капальні зусім закінуты, тады-ж яны мелі вялікае значэньне, таму, паўтараю, што каштоўных мэталяў да вынайдзеньня Амэрыкі ў Эўропе было вельмі нямнога, а гандлёвы капіталізм адчуваў у іх патрэбу.

Уладаючы каштоўнымі таварамі і галоўнай прыладай сярэднявяковага абмену-срэбрам, Ноўгарад завязаў цесныя зносіны з ган- длёвымі гарадамі Прыбальтыцкай і Рэйнскай Нямеччыны, з Ганзэйскім саюзам. У Ноўгарадзе заўсёды жылі ганзэйскія купцы, мелі там свае гандлёвыя двары і склады. Ноўгарад, такім чынам, быў адзіны рускі горад таго часу, які знаходзіўся ў беспасрэднай сувязі з Заходняй Эўропай. З гэтай прычыны ў Ноўгарадзе больш адчуваўся ўплыў заходня-эўропэйскай культуры. Гэта адбівалася і ў мастацтве, напрыкл., славутыя «Корсунскія Врата» ноўгародзкай св. Сафіі, галоўнага ноўгародзкага сабору, зробленыя ў Нямеччыне, і на рэлігіі (сэкты стрыгольнікаў і жыдоўствуючых, якія йшлі ў Ноўгарад з Заходняй Эўропы), і на звычаях, - заможныя ноўгарадцы апраналіся ў фляндарскія (сучасн. Бэльгіі) сукны і г. д. Дзякуючы гандлю ў Ноўгародзе раней, чым у якой-небудзь іншай частцы рускай зямлі, пачынае складацца гандлёвы капіталізм, г. зн. сродкі абмену сьцягваюцца да адных рук. Такімі першымі ў Расіі багатырамі былі ноўгарадзкія баяры, ноўгарадзкія фэўдалы, зямляўласьнікі, якія рабавалі ня столькі другіх фэўдалаў, колькі багатае Завалочча, і зьяўляліся яго першымі калёнізатарамі і заваявальнікамі (накшталт таго, як потым гішпанцы ў Амерыцы). Абменьваючы на грошы нарабаванае, гэтыя багатыя ноўгарадзкія баяры пазычалі потым грошы купцом, больш дробным гандляром, якія забясьпечвалі заходняэўропэйскімі таварамі рускія землі, што знаходзіліся на поўдні, цяперашнюю Цьвярскую, Яраслаўскую, Уладзімерскую губ., і за гэта атрымлівалі сырызну, асабліва збожжа, патрэбнае ноўгарадцам.

Ноўгарад, які ўмацаваўся дзякуючы гэтаму гандлю, як бачым, цесна быў зьвязаны з будучымі ўладаньнямі маскоўскага вялікага князя.

Апрача баяр і купцоў, якія склалі верхні пласт ноўгарадзкага насяленьня, у ім, яшчэ больш чым у Маскве, сабралася шмат рамесьнікаў, дробных гандляроў, крамнікаў і г. д., што складалі насяленьне гэтага гораду, які дзяліўся на пяць частак або вялікіх кварталаў. Кім яны былі заселены, паказвае іх назва: адзін называўся Плотніцкім, другі Ганчарным і т. п. Усё гэтае насяленьне было патрэбна вялікаму гандлёваму гораду, і з гэтай прычыны яно хутка заваявала сабе самастойнасьць, якой ня мела насяленьне іншых гарадоў, што былі сталіцамі вялікіх фэўдалаў. Баярам і купцом быў выгодны, нават патрэбны пэўны супакой у горадзе і яго бліжэйшых ваколіцах, інакш чужаземцы пакінулі-б туды езьдзіць. У супроцьлегласьць рэштцы фэўдальнай Расіі, у Ноўгарадзе быў пэўны парадак. Цэнячы гэты парадак, ноўгарадзкія капіталістыя прымушаны былі ісьці на пэўныя ўступкі насяленьню, якое было ім патрэбна. Такі парадак усталяваўся ня толькі ў Ноўгарадзе, але і ва ўсіх вялікіх гандлёвых гарадох сярэдня-вяковай Эўропы. Скрозь патрэбнасьць больш моцнай гандлёвай організацыі прыводзіла да таго, што ніжэйшыя клясы нясяленьня, у фэодальных маёнтках зусім занявольненыя, у горадзе набывалі пэўную волю. Так утварылася француская комуна, так утварыліся нямецкія гарадзкія грамады, паўстала так званае магдэбурскае права з рознымі прывілеямі для гарадзян і г. д.

Гэта зусім ня значыць, што Ноўгарадзкая зямля была вольнай. Наадварот, вясковае насяленьне Ноўгарадзкай краіны іменна дзякуючы таму, што гэтая краіна ішла наперадзе іншых частак Расіі па сваім экономічным разьвіцьці, болей эксплёатавалася. У Ноўгарадзкай краіне сьмерды раней, чым ў іншых месцах, пачынаюць рабіцца прыгоннымі ў сапраўдным сэнсе слова, г. зн. прыганяюцца да зямлі і да свайго ўладара. Але яны былі прыгоннымі ня толькі свайго пана, а і ўсёй ноўгарадзкай грамады. Горад Ноўгарад быў нейкім вялікім панам, які сядзеў над усёй Ноўгародзкай зямлёю. Насяленьне гэтай зямлі, такім чынам, зусім ня было зацікаўлена ў тым больш або менш вольным парадку, які існаваў у самым горадзе.

Гэты горад, хоць на словах і падлягаў князём, сапраўды быў рэспублікай; ён назначаў і зьмяняў сваіх прэзыдэнтаў, пасаднікаў, свайго галоўнакамандуючага-тысяцкага, судзьдзю, начальнікаў асобных краін і г. д. Але ва ўсіх справах прымала ўдзел толькі гарадзкое насяленьне ў сьціслым сэнсе слова. Так было, паўтараю, скрозь, ня толькі ў нас у Ноўгарадзе, але па ўсёй Заходняй Эўропе, па ўсіх гандлёвых гарадох. Гарадзкое паветра рабіла чалавека вольным, і ў шмат якіх гарадох існавала нават правіла, што чалавек, які пражыў у горадзе год і дзень, ужо ў моц гэтага рабіўся вольным. Але за гарадзкою мяжою ўжо пачыналася фэўдальная заняволеная краіна.

Маскоўская буржуазія вельмі зайздросьціла ноўгарадзкай буржуазіі. Па меры таго, як Масква рабілася вялікім горадам, яе гандляром усё болей і болей хацелася забраць у свае рукі ўсе барышы, якія можна было забраць на расійскай зямлі. У Маскве таксама пачаў складацца гандлёвы капітал, г. зн. сродкі абмену пачалі сьцягацца ў адны рукі. Адгэтуль заўсёдныя сутычкі Масквы і Ноўгараду, прычыны для якіх былі розныя, але сапраўдная прычына была адна: Масква хацела адабраць ад Ноўгараду багатае Завалочча з яго футравымі скурамі і срэбрам. У гэтых сутычках перавага ўсё больш больш схілялася на бок Масквы, бо Масква, пад кіраўніцтвам маскоўскага князя, які забіраў сабе пад рукі ўсю решту князёу, прадстаўляла з сябе магутную вайсковую сілу, якая кіравалася з аднаго цэнтру, сілу тым больш грозную, што да яе паслуг была татарская коньніца, якой у гэты час баялася ўся Расія, а ў Ноўгарадзе нічога гэтага ня было.

Мы ўжо гаварылі, што вясковае насяленьне Ноўгарадзкай краіны зусім ня было зацікаўлена ў абароне Ноўгараду, бо нічога добрага ад яго панаваньня ня бачыла і яму было ўсё роўна, гэтаму вясковаму насяленьню, пад чыёй уладаю быць-Ноўгараду ды яго баяр, ці баяр Масквы ды Маскоўскага вялікага князя. Мы бачылі таксама, што і ў пануючых клясах ноўгарадзкага насяленьня ня было згоды. Незалежнасьць Ноўгараду, галоўным чынам, абараняла ноўгарадзкае баярства, якое апіралася на нізы гарадзкога насяленьня; ноўгарадзкае-ж купецтва было зацікаўлена ў тым, каб падтрымліваць добрыя адносіны з «нізам» (як называлася Паволжа, таму што Волга ад Ноўгарадзкай краіны цячэ уніз). Гандаль на нізе быў галоўным промыслам ноўгарадзкага купецтва, і кожная вайна з Масквою пазбаўляла ноўгародзкае купецтва ўсіх крыніц барышоў: купецтва, г. зн. уся сярэдняя кляса Ноўгараду, таму вельмі слаба падтрымлівала баяр. З гэтай прычыны, пасьля цэлага шэрагу войнаў, Масква справілася з Ноўгарадам, маскоўскі вялікі князь падпарадкаваў сабе паўночныя гандлёвыя цэнтры (апрача Ноўгараду, вялікае гандлёвае значэньне набыў яго прыгарад, Пскоў), зрабіўся там такім самым гаспадаром, як і на берагох рэчкі-Масквы, адразу-ж паказаў, чыёй прыладай ён быў у гэтай барацьбе, закрыўшы ў Ноўгарадзе гандлёвыя двары і перавёўшы ноўгарадзкіх і пскоўскіх гандлёвых людзей на «ніз», а на месца іх прыслаўшы некалькі сотак маскоўскіх купцоў. Пасьля гэтага маскоўская буржуазія зрабілася поўнай гаспадыняй у справе гандлю на ўсёй прасторы тагочаснай расійскай зямлі. Утварылася з усіх дробных фэўдальных уладаньняў і вольных гарадоў на паўночным захадзе адна вялізная Маскоўская дзяржава.