Перайсці да зместу

Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе (Пакроўскі/Гарабурда)/Утварэньне Маскоўскай дзяржавы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Першыя сталецьці расійскай гісторыі Утварэньне Маскоўскай дзяржавы
Аўтар: Міхаіл Пакроўскі
1927
Пераклад: Кастусь Гарабурда
Барацьба Масквы з Ноўгарадам

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Утварэньне Маскоўскай дзяржавы.

К ХІІІ-му веку нашага лічэньня часу, г. зн. гадоў 600 таму назад, у цяперашняй сярэдняй Расіі ўсталяваліся тыя парадкі, якія называюць фэўдальнымі[1]. існасьць гэтых парадкаў складаецца з таго, што ўся зямля з усім яе насяленьнем знаходзіцца ва ўладзе невялікай колькасьці вайсковых людзей, якія з сваёй узброенай чэлядзьдзю пануюць над працоўнымі клясамі. Гэтых вайсковых людзей, уласна кажучы, нельга было назваць зямляробамі, бо зямлі дзікай, неапрацаванай, убранай лясамі, было ў тыя часы колькі хочаш, і яна сама па сабе цаны ця мела. Але сярод лясоў і балот былі раскіданы вёсачкі сялян-зямляробаў, часткова сялян-прамыслоўцаў, якія лавілі рыбу, білі зьвярыну, разводзілі пчол. І вот тое, што выраблялі гэтыя сяляне, і трапляла ў рукі пануючых вайсковых кляс. Як у Заходняй Эўропе, так і ў нас, у Расіі, гэтая кляса не складалася з роўных людзей. Чым болей вёсак захопліваў той або іншы фэўдал, парасійску кажучы, — „баярын“, „барын“, тым большае было яго значэньне. У нас самыя вялікія з іх называліся князьмі, драбнейшыя-баярамі, яшчэ драбнейшыя — дзяцьмі баярскімі. На Захадзе Эўропы лесьвіца была даўжэйшая і адносіны больш складаныя, — там мы знаходзім „герцагаў“, „графаў“, „маркізаў“, „баронаў“ і г. д. Але сутнасьць справы была аднолькавая і там і тут. Больш дробныя фэўдалы паступалі звычайна ў залежнасьць ад больш вялікіх. Чаму гэта ім было патрэбна? Ды таму, што ў фэўдальным сьвеце ўсё трымалася на гвалце, і слабейшы чалавек, калі ён быў нават узброены і меў узброеную дворню, заўсёды мог чакаць, што на яго нападзе сусед дужэйшы за яго і самога яго зробіць нявольнікам, або, прынамсі, прагоніць яго з сядзібы, сядзібу спаліць, а вёску з сялянамі забярэ сабе.

Што тычыцца самых сялян, дык іх нельга было ў гэты час назваць прыгоннымі. Сялянскага прыгону 600 год таму назад у Расіі быць не магло проста таму, што ніякіх „прыгонных“, трывалых адносін на вёсцы ў гэты час ня было. Як мы цяпер паказалі, зямлі было досыць. Зямляробы перасуваліся сярод неаглядных лясоў, высякалі вучасткі гэтых лясоў, спальвалі іх, рабілі там ворную зямлю. Калі гэтыя месцы пакідалі даваць ураджай, яны перасуваліся на другія. Такім чынам, насяленьне тагочаснай Расіі заўсёды перасувалася з месца на месца. Вельмі рэдка ўнук селяніна уміраў на тым месцы, дзе радзіўся дзед. І нават на працягу свайго жыцьця селяніну прыходзілася зьмяніць некалькі, мабыць, не адзін дзесятак вучасткаў. Пры такой рухомасьці насяленьня, пануючай клясе ня было ніякай выгоды прыганяць гэтае насяленьне да якога-небудзь аднаго месца. Сяляне былі прыгнаны да зямлі і да ўладароў толькі куды пазьней, калі зрабілася цесна, зямлі зрабілася меней і зьявілася правільная гаспадарка, спачатку пераложная, а потым трохпольная.

Мы сказалі цяпер, што самі фэўдалы ня былі паміж сабою роўныя. Але ня трэба ўяўляць справу і так, што нібыта адзін з іх панаваў, а другія, бязумоўна, падлягалі. Не. Калі дробныя фэўдалы кожную мінуту баяліся, што іх абрабуюць і зруйнуюць больш вялікія, дык і вялікія маглі змагацца з іншымі вялікімі фэўдаламі, толькі апіраючыся на вялікую колькасьць падручных (у Заходняй Эўропе яны называліся васаламі). Тут залежнасьць, такім чынам, была з двох бакоў. І фэўдальнае грамадзтва, паколькі гутарка йшла аб вайсковай клясе, трэба ўяўляць сабе як гурток людзей, зьвязаных паміж сабою дагаворам. Зьмест гэтага дагавору быў заўсёды аднолькавы і складаўся з таго, што вялікія фэўдалы абяцалі дробным абарону і апякунства, а дробныя абяцалі на іх покліч садзіцца на каня і зьявіцца «людны і аружны», г. зн. з узброенымі халопамі, з сваёй уласнай зброяй, калі вялікі фэўдал (у Заходняй Эўропе ён называўся сюзэрэнам), гэтага будзе вымагаць. Застаецца дадаць, што гэтым узброеным халопам (у старой Русі яны называліся «паслужыльцамі») таксама давалі пад загад вёскі, а часамі і некалькі вёсак з сялянамі, для таго, каб прывязаць іх да іх пана. З гэтых узброеных халопаў пакрысе склалася цэлая кляса дробных фэўдалаў, якіх пазьней пачалі называць памешчыкамі, і з іх склалася пазьнейшае дваранства. Як бачым, усё гэта людзі вайсковыя па сваім заўсёдным занятку, яны не гаспадарылі, не маглі і не хацелі гаспадарыць. Праўда, пры іх хатах быў часамі завораны невялікі вучастак, гарод, сад з яблынамі, сьлівамі і г. д., але ўсё гэта йшло толькі для ўласнага ўжытку. Нічога з гэтага не трапляла набок. Гэтак сама і іх сяляне не прадавалі продуктаў сваёй працы, а плацілі даніну свайму пану натураю. Кожны двор, напрыклад, даваў барана, пяць сыраў, мяшок збожжа і г. д. Такім шляхам, шляхам натуральных пабораў, атрымлівалі ня толькі сырызну, але й прадметы прамысловасьці. Так, свой каваль плаціў аброк пану сякерамі ці рабіў для яго і для яго ўзброенай чэлядзі кальчугі, мячы і г. д. Свой цесьля ставіў пану хату, свой гарбар вырабляў для яго скуры, а свой шавец рабіў з гэтай скуры боты. Кожны фэўдал, нават дробны, стараўся такім чынам абыйсьціся паслугамі сваіх людзей.

Зносінам больш далёкім, чым у коле бліжэйшых вёсак, перашкаджалі перш за ўсё заўсёдныя фэўдальныя бойкі. Купцы былі рэдкім зьявішчам у гэтым сьвеце. Звычайна яны вазілі з сабою не прадметы штодзеннага спажываньня, а прадметы роскашы: дарагія шаўковыя матэрыі, дарагую зброю, жаночыя аздобы, заморскія віны, заморскую садавіну і т. п. Гэтых рэдкіх гасьцей фэўдал стараўся абрабаваць. Адны рабілі гэта проста, нападаючы сваёй узброенай чэлядзьдзю на купцоў, другія, ня хочучы рэзаць курьцу, якая нясе залатыя яйкі, рабілі больш пранікліва, робячы ў сваіх маёнтках мытніцы, пастараруску «мыт», і вымагалі свайго роду даніны з кожнага купца праезнага. Праехаўшы некалькі дзесяткаў такіх уладаньняў, а імі кішэла тагочасная Эўропа і тагочасная Расія, купец звычайна абдзіраўся да ніткі. Ясна, што вялікай ахвоты гандляваць такія парадкі падняць не маглі, і панятна, чаму слова «мытарства» пачало значыць пакуту.

Мы сказалі, што паміж фэўдаламі ішлі заўсёдныя бойкі. У гэтых бойках больш моцныя памешчыкі зьнішчалі драбнейшых. У рэдкіх выпадках, зразумела, зьнішчалі проста і беспасрэдна, як рэдка проста і беспасрэдна рабавалі купцоў. Куды часьцей справа складалася такім чынам, што вялікі фэўдал прымушаў сабе служыць драбнейшых. Але знаходзіўся фэўдал яшчэ больш вялікі, які стараўся іх сабе заняволіць. Часамі гэты фэўдал знаходзіў сабе яшчэ больш дужкага супраціўніка. Так пакрысе з фэўдальнага хаосу магло скласьціся нешта цэлае, павінна была скласьціся фэўдальная монархія (адзінадзяржаўе). Іменна гэтым шляхам зьбіраньня асобных фэўдалаў навокал аднаго і паўсталі вялізныя заходня-эўропэйскія дзяржавы. Так склалася, напрыклад, сярэдня-вяковае францускае каралеўства, таксама стварылася і Маскоўскае царства.

Чаму ў нас гэтае аб'яднаньне адбылося навокал Масквы? На гэта былі, зразумела, свае прычыны. Гэтых прычын ні ў якім разе ня прыходзіцца шукаць у тым, што маскоўскія князі былі больш разумныя і храбрыя за іншых князёў і наогул за іншых фэўдалаў. Наадварот, гэта былі людзі, як сьведчаць усе гісторыкі, шэрыя і незаметныя. Але іменна таму ім і шэнціла болей, чымся іншым. Маскоўскі князь у пачатку гэтага пэрыоду, аб якім мы гаворым, быў адным з самых дробных і нязначных, але месца яго было надзвычайна выгоднае. Цераз Маскву йшлі тады два шляхі: адзін, больш стары, з Смаленску да р. Клязьмы, з захаду на усход. На Клязьме стаяў самы вялікі тады з гарадоў фэўдальнай Расіі-Уладзімер. Усе тавары, што йшлі з Захаду ва Ўладзімерскую зямлю, ішлі цераз Маскву. Другі гандлёвы шлях ішоў з поўначы на поўдзень, з Ноўгародзкай зямлі, якая была у тыя часы ў больш цеснай сувязі з Заходняй Эўропай, чым рэшта рускіх земляў, у цяперашнюю Разанскую губэрню, зямлю вельмі ўрадлівую. Адгэтуль тады йшла збажына ў Ноўгарад, які рэдка абыходзіўся сваім уласным ураджаем. і тых і другіх тавараў на цяперашні погляд было вельмі мала (трэба прыпамятаць, што і гандаль Заходняй Эўропы ў тыя часы выражаўся вельмі невялікай колькасьцю тавараў. Так, усе тавары, якія перавозіліся з Італіі ў Нямеччыну цераз С.-Гатарскі перацяг на працягу году ў сярэднія вякі, зьмесьціліся-б у двох паяздох цяперашняй С.-Гатарскай чыгункі). Але важна, што ўвесь гэты невялікі таварны рух нямінуча праходзіў цераз Маскву, г. зн., іншымі словамі, маскоўскі князь мог зьбіраць мыта з купцоў болей, як іншы князь. Адначасна, і часткова з тэй самай прычыны, і кожная іншая натуральная даніна і аброк з сялян былі ў яго большыя таму, што сялянскае насяленьне каля Масквы было больш густое, чымся ў іншых месцах. Гэта тлумачыцца тым, што Маскоўскае княства, схаванае ў самай сярэдзіне Расійскай зямлі, было для насяленьня больш бясьпечным, чымся акраінныя землі. Да таго-ж маскоўскі кназь, атрымліваючы, з прычыны выгоднасьці свайго палажэньня, добрыя даходы, быў менш задзірысты, чымся іншыя, і на яго зямлі таму ахвотна сяліліся, бо там было меней небясьпек ад вайны. З усіх гэтых прычын ужо ў першай палавіне XІV-га сталецьця маскоўскі князь атрымаў прозьвішча «каліты», г. зн. мяшка з грашыма. Але будучы самым багатым, ён яшчэ ня быў самым дужым князем. Гэта зноў было для яго выгодна. Куды дужэйшыя за яго былі ў гэты час князі разанскія або ніжагародзкія і асабліва цьвярскія. Але ня трэба запамінаць, што ўсе гэтыя князі разам з маскоўскім былі тады васаламі, спадручнымі татарскага хана. Хан вельмі падазрэнна адносіўся да рускіх князёў і зусім ня быў прыхілен памагаць тым з іх, хто быў дужэйшы, бо дужаму князю магла прыйсьці ў галаву думка ня слухаць татараў, падняць супроць іх паўстаньне. З цьвярскім князем так і здарылася. Адгэтуль протэктарства, якое рабіў хан імена маскоўскаму князю, найбольш слабаму і ў вачох хана пайбольш бяскрыўднаму. Маскоўскі князь зрабіўся як-бы галоўным прыказчыкам хана, яму даручана было зьбіраць даніну татарскую з усіх іншых князёў. Як самы багаты, ён быў, зразумела, і самым надзейным зброшчыкам даніны. У яго заўсёды былі грошы. Гэтыя грошы ён пазычаў больш бедным князём, і, глядзіш,-тое або іншае княства пераходзіла ў маскоўскія рукі ня звычайным у фэўдальны час спосабам адкрытага захопу, а проста купляй ці закладам. Урэшце, з прычыны тэй самай нібы нязначнасьці маскоўскага князя, набывае ён сабе падтрыманьне і другой сілы. Апрача татарскага хана, маскоўскаму князю пачала спрыяць і пачала яго падтрымліваць расійская царква.

Праваслаўная царква ў Расіі самым сваім існаваньнем была абавязана князём. Яна зьявілася на Русі, калі хрысьціўся ў канцы Х-га веку князь Уладзімер, якога ў падзяку гэтая царква і залічыла да ліку сьвятых. Царква была ў Расіі прыдворная установай, якая залежала ад князя. Па рэкомэндацыі князя назначаліся архірэі, якіх ён хацеў, і якіх ён праганнў, калі яны былі яму нявыгодны. Князь будаваў манастыры, дзе павінны былі маліцца за яго і за яго сваякоў, і распараджаўся ў гэтых манастырох, як у сябе ў маёнтку. Калі хто князю мог быць супраціўнікам па частцы ўплыву на царкву, дык хіба толькі вечы вялікіх гандлёвых гарадоў, якія распараджаліся з архірэямі і архімандрытам таксама, як у іншых месцах князі. Вечы прызначалі іх і скідалі і т. п.

Татарскае заваяваньне вельмі памагло праваслаўнай царкве выкараскацца з-пад гэтай залежнасьці ад князя і ад веча. Веча, як мы ведаем, татары проста зьнішчылі. Што тычыцца князя, дык царква, якая прывыкла быць прыдворцай, знайшла сабе цяпер двор куды болыш магутны, чымся двор любога з рускіх князёў. А іменна: нашыя мітрапаліты, якія пераехалі цяпер жыць з Кіева ва Ўладзімер-на-Клязьме, завязалі простыя зносіны з татарскімі ханамі і пачалі атрымліваць ад іх жалаваныя граматы (ярлыкі). У гэтых жалаваных граматах хан абяцаў царкве розныя ільготы, абяцаў ня браць з яе падаткаў, пасадзіў мітрапаліта за судзьдзю над усімі царкоўнымі людзьмі і незалежна ад княжага суда, пад адной толькі ўмовай, каб царква малілася за яго, хана, і за яго сваякоў. Хан быў, зразумела, недавярак, спачатку паганец, потым магамэтанін, але праваслаўная царква з гэтым ня лічылася. Ханам было выгодна, каб у рускіх цэрквах за іх маліліся. Яны разумелі, што адной сілай трымацца нельга і стараліся пераканаць насяленьне Расіі, што ім, ханам, дапамагае сам бог, што яны ёсьць тая улада, пастаўленая ад бога, аб якой гаворыцца ў пісаньні, і рускія архірэі і сьвяшчэньнікі дапамагалі хану дасягнуць гэтай мэты.

Так паміж праваслаўнай царквой і недавяркамі ханамі ўзьнік саюз, які для праваслаўнай царквы быў куды больш выгодным, чымся для татар, бо панаваньне татар, урэшце, было скінута. Царква-ж скарыстала міласьці хана, каб стаць самастойнай у адносінах да рускіх князёў. Князём, зразумела, гэта не падабалася, і цьвярскі князь, напрыклад, які паўстаў супроць татар, спрабаваў падпарадкаваць сабе і царкву. Уладзімерскі мітрапаліт павінен быў шукаць сабе саюзьнікаў і, у сваю чаргу, зьвярнуўся да лагоднага на выгляд маскоўскага князя. Мітрапаліт Пётра пераехаў жыць у Маскву, якая з тых час і зрабілася царкоўнай сталіцай Расіі.

Маскоўскі князь апіраўся, з аднаго боку, на сваё багацьце, з другога - на, татар, з трэцяга - на падтрыманьне царквы і пакрысе стаў на чале ўсіх рускіх князёў. Гэта здарылася даволі хутка, на працягу аднаго сталецьця. Ужо ў канцы XІV веку тагочасны маскоўскі князь Сымон іванавіч, сын івана Каліты (Каліта і значыць мяшок з грашыма), называўся Гордым, і летапіс пра яго запісаў, што яму былі адданы «пад руку» ўсе князі рускія, г. зн. ён нібыта зрабіўся сюзэрэнам усяе Расіі. Гэта, зразумела, ня зусім праўда. Сюзэрэнам усяе Расіі зрабіўся толькі прапраўнук гэтага князя, Іван Васільлевіч, у канцы ХV-га веку, але гэтая ня зусім праўда паказвае, як глядзелі на маскоўскага князя ужо за 100 год раней.

Якія-ж экономічныя зьмены ляжалі ў падставе гэтай перамены - утварэньня з дробных асобных уладаньняў аднаго цэлага? Відавочна, што справа не магла абмежавацца аб'яднаньнем некалькіх фэўдальных уладароў каля аднаго старэйшага, што гэты факт павінен быў мець экономічную прычыну. Прыглядаючыся да зьмен, якія адбываліся адначасна з аб'яднаньнем Русі каля Масквы, мы пачынаем бачыць і гэтую экономічную прычыну. У XІІ-м веку, калі ўпяршыню ўпамінаецца Масква (першы ўпамінак аб ёй ёсьць у 1147 г.), гэта была проста сядзіба тагочаснага ўладзімерскага князя Юр'я Доўгарукага, якая стаяла на крутым рагу паміж р. Негліннай і Масквой, там, дзе стаіць цяпер вялікі крамлёўскі палац і Баровіцкія вароты. А ў канцы XІV-га веку, г. зн. цераз 200 год, у г. Маскве было некалькі тысяч двароў, г. зн. некалькі дзесяткаў тысяч насяленьня. А ў канцы ХVI-га веку, яшчэ цераз 200 год, Масква, згодна слоў аднаго ангельскага падарожніка, была «крыху больш за Лёндан», г. зн. была адным з самых вялікіх гарадоў Эўропы, і ўжо, зразумела, самым вялікім горадам у Расіі. Відавочна, што існаваньне такога вялікага гораду само па сабе значыла, што Расія не развальваецца больш на мноства дробных фэўдальных уладаньняў, бо горад з некалькімі дзесяткамі тысяч насяленьня, якое само сабою не магло ўрабляць зямлю, не арала і павінна было атрымліваць збожжа з боку, мог існаваць толькі дзякуючы гандлю збожжам ды іншай сырызнай. Калі-б такая сырызна не падвозілася з вакольных земляў, то насяленьне гораду загінула-б з голаду або павінна было-б разыйсьціся.

З каго і як стваралася гэта насяленьне? Яно было ня толькі ў Маскве. і Цьвер, і Уладзімер, і Ніжні, і Разань, і Яраслаўль былі ў гэты час ужо значнымі гарадамі, хоць і меншымі за Маскву.

Папершае, зразумела, ва ўсіх вялікіх фэўдалаў, хай сабе князь маскоўскі, або цьвярскі, або разанскі, была дворни вайсковаа і невайсковая, у вельмі вялікім разьмеры, якая лічылася соткамі, а, мабыць, і тысячамі людзей. У больш вялікіх чыноў княжай дворні быў, зразумела, і свой двор, і жыў кожны з іх у сваёй сядзібе. Але гэтага мала: навокал двара папа зьбіраліся ня толькі служылыя людзі, але й людзі чорныя, як тады гаварылі, пасадзкія, як іх яшчэ называлі, бо яны жылі ня ў самым горадзе. г. зн. не ў пасёлку, умацаваным сьценамі навокал княжага двара, а навокал сьцен, у так званым пасадзе. Гэтыя пасадзкія людзі былі, галоўным чынам, рамесьнікамі, тымі самымі вясковымі рамесьнікамі, якіх мы знаходзім раней, але якія пачалі сваім рамяством паступова абслугоўваць ня толькі адну сваю вёску і бліжэйшыя вёскі, а і ўсё вакольнае насяленьне. Самыя лепшыя кавалі, самыя лепшыя сядзельнікі, шаўцы, краўцы-усе яны зьбіраліся навокал двара самага вялікага пана, бо тут былі самыя выгодныя заказчыкі і болей за ўсё можна было зарабіць. Да паслуг гэтых рамесьнікаў часьцей за ўсё зварачаліся тыя масы дробных фэўдалаў, будучых памешчыкаў і дваран, якія па беднасьці не маглі заводзіць такую шматлікую, багатую на розных вывучаных людзей, дворню, як вялікія фэўдалы. Урэшце, і купцы, гандляры прадметамі роскашы, ахватней ехалі, зразумела, да двара самых багатых князёў з тае самае прычыны. Тут болей за ўсё было магчымасьці прадаць тавар. Тут былі самыя выгодныя пакупцы. У маскве XІV-га веку мы знаходзім ужо «гасьцей суражан»,-купцоў, якія вялі зносіны з Італіяй цераз Гэнуэскія калёнії у Крыме.

Такім чынам, у Маскве, поруч з насяленьнем фэўдальным, утварылася і маладое гарадзкое, кажучы як на захадзе, буржуазнае насяленьне, якое складалася з рамесьнікаў і гандляроў. Масква ня была падобна ужо на звычайны двор фэўдальнага ўладара. Гэта быў горад у сапраўдным сэнсе гэтага слова, праўда, горад сярэднявяковы, па сваіх будынках дробны і ўсьцяж драўляны, сваімі вузкімі і бруднымі вуліцамі больш падобны да вёскі, чым да гораду, але які ўжо апраўдваў прыказку, што Масква-вялікая вёска. і, паўтараю, гэта быў не адзіны горад тагочаснай Расіі. Некалькі такіх гарадоў мы ужо называлі, але да іх трэба дадаць самы вялікі пасьля Масквы і ў гандлёвых адносінах яшчэ больш значны ў гэты час, Ноўгарад на Волхаве. Барацьбою гэтых двух вялікіх гарадоў, Масквы і Ноўгараду, і завяршаецца ўтварэньне Маскоўскай дзяржавы. Калі Масква перамагла Ноўгарад, дык яна зрабілася сапраўднай сталіцай усяе Русі, а яе князь-старшынёй, сюзэрэнам усіх рускіх князёў.

  1. Ад "фэўд" - зямельны вучастак вайсковага служылага чалавека.