Перайсці да зместу

Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе (Пакроўскі/Гарабурда)/Распад Маскоўскага фэўдалізму

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Барацьба Масквы з Ноўгарадам Распад Маскоўскага фэўдалізму
Аўтар: Міхаіл Пакроўскі
1927
Пераклад: Кастусь Гарабурда
Сялянская рэволюцыя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Распад маскоўскага фэўдалізму; таварная гаспадарка і прыгоннае права.

Маскоўская дзяржава была ўжо куды больш складаным цэлым, чымся тыя дробныя фэўдальныя ўладаньні, з якіх яна склалася. Дробныя фэўдальныя ўладаньні - удзельныя княствы-усьцяж ствараліся з сядзіб або манастыроў, каля якіх былі таргі і даволі вялікія вёскі. Вот і ўся сталіца. Сталіца Маскоўскай дзяржавы, як мы ўжо адзначалі вышэй, была вялізным горадам, вялізным для таго часу, адным з самых вялікіх гарадоў Эўропы ў свой час. Сталіцы ўдзельных княстваў маглі харчавацца, атрымліваючы сырызну з вакольных вёсак і валасьцей, якія не шматлікія рамесьнікі, што жылі пры двары ўдзельнага князя, ці туліліся ў слабодах каля манастыроў, забесьпячалі простымі вырабамі свайго рамяства. Масква не магла існаваць такім чынам; яна ўбірала ў сябе вялізную колькасьць сырызны, часам з вельмі далёкіх месцаў. Гэтая сырызна часта не заставалася ў Маскве, а ішла куды далей, як было з футравымі скурамі. Але нават сырызна, што спажывалася на месцы, патрэбна была ў вялізнай колькасьці, і па аднэй яраслаўскай дарозе ў Маскву прывозілася кожны дзень каля 700 вазоў з харчамі.

Як-жа харчаваўся гэты вялізны горад? Здавалася-б, што тых невялікіх лішкаў, якія былі ў сялян і якія яны прадавалі на рынку, павінна было хутка не хапіць. Трэба памятаць, што тагочасная сельская гаспадарка была вельмі экстэнсыўная, як кажуць цяпер. г. зн. мала зыскоўная, бо зямля ўраблялася дрэнна, ня ўгнойвалася і г. д. Тады ўраджай у два, у тры разы лічыўся ўжо добрым. Відавочна, што трэба было, каб насяленьне працавала болей, чым раней, працавала, апрача прахарчаваньня сябе самаго, яшчэ і для забясьпечаньня гарадзкіх рынкаў. Гэта-з аднаго боку. З другога боку, -па меры таго, як Масква рабілася асяродкам усяго рускага гандлю, пакрысе ўбіраючы ў сябе ўсе тавары, якія йшлі на Русь з розных іншых земляў (спачатку, як мы бачылі, з Італіі, потым цераз Ноўгарад з Нямеччыны і г. д.), на яго рынку зьяўлялася ўсё больш і больш такіх прадметаў, якія могуць аздобіць і асаладзіць жыцьцё: дарагія каляровыя сукны, заморскія віны, розныя аздобы, прыправы, патрэбныя для тагочаснага стала. Верхні пласт насяленьня, баяры ды дваране, прывыкалі ўсім гэтым карыстацца, але ўсё гэта можна было купіць толькі за грошы. Грошы былі ў княжым скарбе, адкуль, у выглядзе пэнсіі, яны ў вельмі невялікай колькасьці траплялі ў кішэні падручных князя, яго васалаў, але ў фэўдальным маёнтку грошы не расьлі. Цяпер іх можна было дастаць, прадаючы на гарадзкім рынку тую сырызну, якая атрымлівалася з гэтага самага маёнтку. і вот зямляўласьнік, які раней задавальняўся тым, што атрымліваў з сялян невялікі, параўнаўча, натуральны падатак баранамі, курамі, яйкамі і г. д., чым харчаваўся ён сам і яго чэлядзь, пачынае вымагаць сырызны ня толькі для свайго пражыцьця і для асабістых патрэб, але і на продаж. Ён пачынае вымагаць ужо ня пэўнай колькасьці збожжа, а пэўнай долі ўраджаю, ¼, ⅓, ½, ён зацікаўлены ў тым, каб атрымаць як больш збожжа ў свае рукі, бо чым болей у яго рукі трапіць збожжа, тым больш ён будзе атрымліваць і грошай. Потым, апрача натуральнага падатку, ён пачынае абкладаць сялян грашовым падаткам. Раней за ўсё замяняюцца грашыма розныя дробныя паборы, бо дробязь пан лічыць за лепшае набываць на гарадзкім рынку, не чакаючы, пакуль яе прывязуць з вёсак. Урэшце, не чакаючы на сырызну, якую вырабляюць сяляне, пан пачынае сам «вытвараць» і заводзіць сваю ральлю, чаго ён раней не рабіў, працуючы, зразумела, не сваімі рукамі, а рукамі сваіх халопаў, ён сам толькі распараджаецца гаспадаркай. Хутка, аднак, і халопаў яму пачынае не хапаць, і тады ён пачынае ўсімі праўдамі і няпраўдамі прымушаць працаваць на гэтай зямлі сялян.

Сяляне, як мы памятаем, былі падпарадкаваны пану і забясьпечвалі яго ўсёй патрэбнай сырызнай, а таксама дапамагалі яму сваёй фізычнай прадай. Але дапамога гэта была нязначная і ад сялян шмат часу не адбірала. Цяпер пан пачынае ўсё больш і больш расьцягаць гэту натуральную павіннасьць сялян. Раней, напрыклад, яны працавалі на пана 8 дзён на год, цяпер пан вымагае з іх 2 дні на тыдзень, потым З дні, потым яшчэ болей. Так зьяўляецца, побач з сялянскім аброкам, паншчына, як асаблівая больш цяжкая павіннасьць сялян. Але гэтага мала пану. Яму хочацца забраць рабочыя рукі сялян і іх час цалкам пад свой загад. і вот ён карыстаецца тым, што сялянская моладзь, якая толькі што пажанілася, наладжваючы сваю гаспадарку, ня можа абыйсьціся без чыëй-небудзь дапамогі. Ёй трэба набыць і хату, і інвентар (жывёлу, зямляробскія прылады), і насеньне на пасеў, і збожжа, каб прахарчавацца першы час. і г. д. Пан усім гэтым ахвотна забясьпечваў новую сялянскую сям'ю і за гэта абавязваў яе працаваць на сябе на ўмовах, якія чым далей, тым больш рабіліся цяжкімі. За дапамогай гэтай «пазыкі» ён заневальняў, закабальваў сялян (кабала-пазычкавая расьпіска на старой расійскай мове). Само сабою зразумела, што сялянам усе гэтыя новыя парадкі не падабаліся, і тыя старыя сяляне, старажылы, якіх пан пачынаў ганяць на паншчыну і тыя маладыя сяляне-новапарадчыкі, якія запазычыліся пану, з якіх ён вымагаў падатку і паншчыны ў большым разьмеры, стараліся ўхіліцца ад новага цяжару і на меры магчымасьці ўцячы ад пана. Тады пан пачаў зварачацца да больш старэйшых, чым ён, фэўдалаў і, урэшце, да маскоўскага вялікага князя, і пачаў атрымліваць ад яго граматы, якія дазвалялі яму сваіх сялян «ад сябе не выпускаць», а тых, якія ўцяклі, адшукваць і гвалтам зварачаць назад. Раней за ўсё такімі граматамі забясьпечылі сябе манастыры. Самая ранейшая, якую мы ведаем, належыць Траецка-Сергіеўскаму манастыру. Манастыры наогул былі лепшымі сельскімі гаспадарамі таго часу. Яны йшлі наперадзе і ў справе ўтварэньня гандлёвага капіталу. Дзякуючы ахвяраваньням набожных людзей, з аднаго боку, дзякуючы таму, што манастыры зьяўляліся месцам, куды аддавалі на захаваньне розныя каштоўнасьці--з другога, манастыры сабралі ў сваіх руках вялізныя сумы грошай. На гэтыя грошы яны гандлявалі. Салавецкі манастыр, напр., гандляваў соляй на ўсю Расію, Кірыла-Белазерскі і Траецка-Сергіеўскі— збожжам, на шырокай прасторы. А падругое, яны куплялі зямлю пераважна ў зьбяднеўшых зямляўласьнікаў, і на гэтай зямлі заводзілі першую сапраўдную прыгонную гаспадарку, з цяжкой паншчынай для сялян і вельмі срогімі парадкамі. Гэта былі першыя добра наладжаныя прыгонныя маёнткі ў Расіі. Што тычыцца рэшты фэўдалаў, дык яны ў гэтых адносінах далёка адставалі ад манастыроў. Фэўдал быў перш за ўсё чалавек вайсковы. У яго шмат часу адбіралі паходы, апрача таго, чым больш вялікі быў фэудал, тым болей у яго было выдаткаў на так званае, «прадстаўніцтва». Ён павінен быў пнуцца за другімі больш вялікімі фэўдаламі, утрымліваць вялікі двор як узброены, так і няўзброены, апранацца ў раскошныя вопраткі, каб ня сорамна было перад іншымі. Урэшце, і ён сам хацеў нажыць, папіць і паесьці ня менш соладка, чым іншыя. Адгэтуль тое, што ён набываў, прадаючы на рынку продукты яго сялян, вельмі хутка ўцякала з яго кішэні, ён яшчэ больш пазычаў, пераважна тых самых манастыроў, і, урэшце, сам трапляў бадай у такое самае становішча неадплатнага вінавайцы, у якім ён трымаў сваіх сялян. Значыцца, вялікія фэўдалы, вышэйшыя клясы асабліва дзякуючы новай гаспадарцы, хутчэй бяднелі, чым нажываліся.

Куды лепей ішла гаспадарка ў дробнага памешчыка, што паходзіў часта з сялян або з халопаў, які жыў часамі скупа і бедна, але затое здолеў забраць у рукі тую крыху сялян, якіх ён трымаў у сваёй залежнасьці. Гэты дробны памешчык звычайна не знаходзіў сабе зямлі ў старой заворанай воласьці і зьяўляўся, з гэтай прычыны, свайго роду калёнізатарам. Ён засноўваў новыя вёскі і перасяляў туды сялян. Але дзеля таго, што дробныя ўладары эксплёатавалі сялян куды болей, чым вялікія, іменна таму, што сялян у іх было куды меней, то сяляне йшлі да іх неахвотна. Дробныя памешчыкі з зайздрасьцю пазіралі на вялікія маёнткі, дзе было шмат ворнай (культурнай) зямлі і ўладары якіх, «ляныя багаціны», лежачы на баку, сьпіваліся заморскімі вінамі і мёдам, як здавалася ім, нічога карыснага ня робячы і толькі дарма пражываючы грошы. Няпрыхільна паглядалі дробныя памешчыкі і на багатыя манастыры; тыя, маючы вялізныя капіталы, куды лепей, прывязвалі да сябе сялян, чым памешчыкі, усе грашовыя сродкі якіх складаліся з невялікай пэнсіі, з невялікай грашовай сумы, якую атрымлівалі яны за вайсковую службу, за свае прыбыткі.

Так, пакрысе фэўдальная кляса распалася на дзьве, або нават, калі хочаце, на тры часткі: на вялікае фэўдальнае панства, патомкаў быўшых князёў і іншых вялікіх абшарнікаў, што ўладалі вялізнымі вотчынамі, але якія ўсё больш бяднелі, на дробнае дваранства, якое, наадварот, стварала новую гаспадарку і з вялікай працай, як кажуць, выходзіла ў людзі, зьбіраючы сабе сякую-такую маёмасьць. А побач з гэтымі дзьвюма клясамі стаяла аднолькава ненавіснае вялікае царкоўнае зямляўладаньне. Гэтыя тры клясы: баярства, царква і дваранства панавалі над расійскай вёскай, а ў горадзе ўсё мацней і мацней умацоўвалася чацьвертая сіла, гэта-сіла гандлёвага капіталу, сабраная ў руках невялікага ліку гуртавых гандляроў, якія вялі справу, галоўным чынам, з заграніцай, гасьцей, якія, у сваю чаргу, трымалі ў грашовай залежнасьці ад сябе дробнае купецтва і масу чорнага люду, крамнікаў, дробных рамесьнікаў і г. д., якія не заваявалі сабе волі, якой яны карысталіся ў Ноўгарадзе, і якія ўсё-ткі прадстаўлялі сілу, з якой павінны былі лічыцца нават маскоўскія князі.

Вось з якіх элементаў стварылася маскоўскае грамадзтва ў XVІ веку. Лёгка бачыць, што адносіны паміж гэтымі рознымі клясамі не маглі быць дружацкімі і што паміж імі, як раней паміж фэўдальнымі ўладарамі, павінна была вынікнуць барацьба, у якой павінен быў перамагчы дужэйшы. Такім дужэйшым быў гандлёвы капітал, які ўзьнікаў і ўтвараўся, які набыў сабе магутнага саюзьніка ў асобе праглага да грошай і праглага да зямлі дробнага дваранства.

З гэтых, куды больш складаных, чым раней, адносін паходзіць цэлы шэраг пераваротаў і ўзрушэньняў, якімі адзначаны ў расійскай гісторыі XVІ і пачатак XVІІ веку. З тае прычыны, што пры гэтым пануючыя клясы ў гэты час былі ўжо куды больш адукаваныя, чым раней, сярод іх было вельмі шмат пісьменных, якія налажыліся падаваць свае думкі на паперы, то барацьба была куды больш сьвядомай, чым раней. Раней які-небудзь фэўдал, за дапамогай самых грубых, вартых афрыканскага дзікуна хітрыкаў, адабраўшы зямлю ў свайго суседа, хіба толькі што стараўся замаліць свой грэх, пабудаваўшы манастыр, або даўшы, прынамсі, манастыру, які ўжо існаваў, тлусты кавалак з адабранага. Далей гэтага яго сьвядомасьць праступку, што ён зрабіў, ня йшла. Цяпер асобныя клясы сьпіраюцца адзін з адным за зямлю і ўладу над працоўнымі, стараюцца давесьці сваю праўду. Прыкладамі з чужаземнай гісторыі або сьвятога пісьма і г. д. стараліся паказаць, што тое, што трэба ім, нібыта вельмі добра для ўсіх. Часамі нават яны пачынаюць заступацца за прыгнечаных і пакрыўджаных і выступаюць нібы прадстаўнікі народных мас ды іх інтарэсаў.

У XVI-м веку ў нас зьяўляецца раптам тое, што і ня сьнілася Маскве XІV веку, політычная літаратура, публіцыстыка; і гэтая сьвядомасьць барацьбы робіць яе, зразумела, яшчэ больш яскравай і цікавай. Як заўсёды бывае ў падобных выпадках, найбольш таленавітымі ў гэтай публіцыстыцы, што нараджалася на Русі, зьяўляюцца прадстаўнікі новай клясы, тых, якія прабіваюць сабе дарогy, — новага памеснага зямляўладаньня і гарадзкой клясы, буржуазіі. Ад іх дайшлі да нас самыя лепшыя творы тагочаснай публіцыстыкі. Па гэтых творах мы можам меркаваць аб тагочаснай барацьбе кляс,-аб тым, чаго яны жадалі. У палавіне ХVІ-га веку нейкі прадстаўнік дробнага дваранскага зямляўладаньня, які схаваўся пад імем Перасьветава, заядла нападае на баярства, даводзячы, што баяры, «ляныя багаціны», канечна давядуць да згубы Маскоўскую дзяржаву і яе цара. Ён вымагае, каб улада была ад баяр адабрана, і дае малюнак поліцэйскай дзяржавы, якая кіруецца чыноўнікамі на пэнсіі, а не зямляробамі, з сталай арміяй, таксама занятай і ўзброенай паводле апошняга слова тагочаснага ваеннага мастацтва-«з вогненным боем», г. зн. агнястрэльнай зброяй, з правільна наладжаным судом, з правільным зборам падаткаў і г. д. Програма гэтак абшырная, што яна ажыцьцявілася на Русі толькі больш як цераз 100 год пасьля Перасьветава. Асабліва дваранскі публіцысты дамагаўся энергічнай замежнай політыкі. Ён вымагаў заваяваньняў. Перш за ўсё заваяваньня Казані, а потым наогул наступальнай заваявальнай вайны. Мы ужо упаміналі, што для небагатых зямляўласьнікаў тэй пары ня было іншай крыніцы дастаць грошы для першапачатковага гаспадараньня, як атрымліваючы з казны пэнсію. Пэнсія выдавалася за паходы. Адгэтуль для масы «ўбогіх воіньнікаў» паходы зьяўляліся жаданымі, ня кажучы ўжо аб тым, што ў час паходаў можна было рабаваць, і што вынікам заваяваньняў быў захват абшырных земляў, дзе абшарнікі спадзяваліся знайсьці выхад з зямельнай цеснаты. Тое, што Казань сапраўды была заваявана разам з усім Паволжам да Астрахані іменна ў гэты час паказвае, што пажаданьні дробна-дваранскай масы ня былі пустым гукам, што з яе вымаганьнямі лічыліся.

Адначасна мы бачым, што яе інтарэсы сходзіліся з інтарэсамі гандлёвага капіталу. Калі памешчыку трэба была зямля каля Казані, дык гандлёваму капіталу трэба была Волга, як гандлёвы шлях з Расіі на ўсход, адкуль тады ішлі ў Эўропу шоўк і розныя іншыя тавары, якія вельмі цаніліся ў Эўропе. Памешчыкі мелі, такім чынам, магутнага саюзьніка ў асобе гандлёвага капіталу, а гэты ў сваю чаргу, як мы памятаем, трымаў у залежнасьці ад сябе ўсю масу гарадзкога насяленьня.

Перад фэўдаламі-баярамі вырастаў страшэнны вораг. Яны яшчэ трымалі па старой памяці політычную ўладу, прабавалі зьбіваць дваранскую публіцыстыку, даводзячы, што наступальная замежная політыка няўгодна богу, што цар адкажа за пралітую кроў, і што нібыта сам бог загадаў цару кіраваць дзяржавай не аднаму, а канечна з баярамі, але ўсё гэта выходзіла вельмі цьмяна і слаба перад націскам новых грамадзкіх клас. Тымчасам гэтыя апошнія нездаволіліся Казаньню і пачынаюць вымагаць наступальнай політыкі і ў другіх кірунках, у кірунку заходнім. Захапіўшы ніжні канец вялікага воднага шляху, які зьвязваў Заходнюю Эўропу і Сярэднюю Азію цераз Волгу і Касьпійскае мора, гандлёвы капітал, апіраючыся на памешчыкаў, пачынае заваёўваць верхні канец гэтага шляху - выхад к Бальтыцкаму мору. З гэтым зьвязана вялікая вайна, якую вёў Іван Васілевіч Грозны, унук таго Івана Васілевіча, які падбіў Ноўгарад, так званая Лівонская вайна з-за Бальтыцкага ўзьбярэжжа.

Але захапіць Казань і Астрахань, што знаходзіліся ў руках рэштак татарскай горды, якая ў гэты час зусім развалілася і аслабла, было параўнауча лёгка, у той час, як на берагох Бальтыцкага мора Маскоўская дзяржава напаткалася з дужымі ваяўнічымі дзяржавамі, якія былі куды больш адукаваныя за тагочасную Расію-з Польшчай і Швэцыяй. Лівонская вайна прайшла няўдачна, і ў гэтай няўдачы памешчыкі і багатае купецтва вінавацілі перш за ўсё, зразумела, баяр. Ваеннае паражэньне яны лічылі баярскай здрадай. У асобных выпадках гэты погляд часткова апраўдваўся. Адзін выдатны баярын, галоўнакамандуючы маскоўскага войска ў Лівоніі, князь Курбскі, сапраўды перайшоу на бок ворага. Няудалая вайна канчаткова пазбыла абшарнікаў надзеі пашырыць сваю зямлю шляхам заваяваньняў. Ім ня было куды пасунуцца, ня было чаго болей захапіць, апрача старых баярскіх вотчын у сярэдзіне самой Маскоўскай дзяржавы; адначасна гандлёвы капітал быў вельмі раздражнены няўдачнай вайной, якую ён таксама тлумачыў баярскай здрадай або, ва ўсякім разе, баярскай трусасьцю і няўмеласьцю.

У 1564 годзе памешчыкі разам з багатым купецтвам і зрабілі дзяржаўны пераварот. Яны захапілі ўладу, а на баярства, нібыта за яго здраду, наваліліся жорсткім тэрорам. Цэлыя баярскія сем'і былі няшчадна зьнішчаны, а землі былі конфіскаваны і адданы ў «опрычыну». «Опрычынай», «дваром» называлася тая новая форма дзяржаўнага кіраўніцтва, якую стваралі памешчыкі, існасьць яе была ў тым, што цяпер кіраваў, на словах, асабіста цар, а ня цар з баярскай думай, як раней. Баярская дума захавалася, але яна страціла ўсякае значэньне. Панаваньне дваранства і купецтва выразілася, такім чынам, у дыктатуры, у вялізным узмацненьні царскай улады. Тэрор не абмяжоваўся баярствам, ён пашырыўся на цэлы шэраг іншых грамадзкіх груп, зьвязаных з старым парадкам (царква, манастыры, астачы ноўгарадзкага гандлёвага капіталізму і г. д.), моцна асеў у народнай памяці і даў прычыну назваць Івана Васілевіча, які тады панаваў, Грозным.

Гэта, зразумела, ня значыць што Іван асабіста быў асабліва жорсткім чалавекам і што асабіста многа значыў у перавароце. Барацьба ішла не паміж асобнымі людзьмі, а паміж клясамі. Але цікава, што Іван Грозны прымаў у барацьбе значны ўдзел і належаў нават да ліку публіцыстых, якія тады выступалі. У сваёй пісаніне, пісьмах да Курбскага, які зьбег заграніцу, ён пасвойму прабуе апраўдаць тэрор і давесьці патрэбнасьць перавароту.

Захапіўшы ўладу, прадстаўнікі гандлёвага капіталу і сярэдняга памеснага зямляўладаньня, само сабой зразумела, скарысталі гэта не для таго, каб палепшыць становішча сялянскай масы, хоць Перасьветаў у сваёй пісаніне вельмі асуджае нявольніцтва і даводзіць нявыгоду заневальненьня народных мас нават з вайсковага пункту погляду, адзначаючы, што халоп трусьлівы і дрэнна б'ецца. Усе гэтыя добрыя словы былі цяпер запамятаны. Заўладаўшы багатымі баярскімі вотчынамі, абшарнікі пачалі іх рабаваць, даводзячы эксплуатацыю сялян да таго разьмеру, які ня сьніўся старому баярству. Ад сялян адбіралі зямлю, робячы яе панскай, часта абіралі самых сялян у літаральным сэнсе слова, адбіраючы ад іх мізэрную маёмасьць. Грашовы падатак усё павялічаўся і павялічаўся. і ня дзіва: раней сяляне якой-небудзь баярскай вотчыны харчавалі адну баярскую сям'ю з іх чэлядзьдзю, а цяпер гэтая вотчына была падзелена паміж двума дзесяткамі памешчыкаў і трэба было карміць 20 сем'яў з іх чэлядзьдзю. Пры гэтым спосабы апрацоўкі зямлі заставаліся старыя. Зводзілі лес, зьмяняючы яго ў ворань, ня ўгнойваючы зямлі і, высіліўшы яе, кідалі. Пад канец ХVІ-га веку каля Масквы чужаземцы на месцы густых лясоў, аб якіх яны чулі, знаходзілі толькі адны пні, а зямля была так высілена, што большая яе частка ялавела, зарастаючы кустамі.

Абрабаванае сялянства бегла, куды вочы глядзяць. Але памешчыкі не хацелі расстацца з дарэчнымі рабочымі рукамі і выпрошвалі ад ураду адзін закон аб беглых за другім. Гэтыя законы аб звароце беглых падалі повад потым гаварыць, нібыта сяляне за сынам Івана Грознага, царом Фёдарам Іванавічам былі прыгнаны да зямлі. Перамога памешчыкаў і гандлёвага капіталу прывяла такім чынам да вялізнага ўзмацненьня эксплēатацыі сялян. Зьявілася новае прыгоннае права, якое было куды горшым, больш жорсткім за ранейшае фэўдальнае права. і цяпер гэтае новае, жорсткае прыгоннае права ахапіла ўжо ўсю Расію. Ня было такіх шчасьлівых куткоў, дзе-б сяляне маглі ад яго схавацца. Незадавальненьне сялянскай масы натуральна ўсё павялічвалася, тым больш, што гэтая маса ўсё болей і болей галадавала, бо з прычыны драпежніцкай гаспадаркі, ураджай рабіўся ўсё меншы і меншы.

К пачатку наступнага XVІІ-га веку, за наступнікам Фёдара Іванавіча, царом Барысам Гадуновым, які ўжо проста быў абраны на цара памешчыкамі, бо ў Фёдара Іванавіча патомства ня было,--за Гадуновым пачаўся сапраўдны голад, які сучасьнікі малююць у самых жудасных фарбах. Кажуць, што нібы даходзіла ў гэты час да таго, што елі чалавечае мяса. Ці так гэта было ці не, але ва ўсякім выпадку эксплуатацыя памешчыкаў робіцца ў гэты час бессаромнай, як ніколі, і заневальненьне сялян цяжкім, як таксама ніколі раней. Карыстаючы з сялянскага голаду, абшарнікі цяпер заневальнялі людзей проста за кавалак хлеба, дый гэтага кавалка хлеба не давалі ўвесь час сялянам, а толькі ў рабочую пару, а потым выганялі беднага, куды вочы глядзяць, каб ён харчаваўся, як сам ведае. Само па сабе зразумела, што ня гледзячы на суровыя законы аб звароце зьбеглых, уцёкі сялян ва ўсе бакі ў гэты час яшчэ больш павялічваюцца. З зьбеглых сялян у лясох утвараліся цэлыя ўзброеныя атрады, з якімі бяз посьпеху старалася справіцца царскае войска. Але найбольш прадпрыемныя і энэргічныя не абмяжоўваліся ўцёкамі ў бліжэйшыя лясы, а стараліся дабрацца да тых акраін Маскоўскай дзяржавы, дзе працоўных рук было яшчэ мала, дае памешчыкі таму павінны былі даражыць сялянамі і дзе апошняму было ня вельмі цяжка паступова і самому зрабіцца як-бы памешчыкам, самастойным зямляўласьнікам. У такім становішчы былі паўднёвыя акраіны расійскай дзяржавы, поўдзень сучаснай Разанскай, Тульскай, Калускай губ., а таксама губэрні: Арлоўская, Варонеская, Чарнігаўская, паколькі яны ўваходзілі ў Маскоўскую дзяржаву, і іншыя суседнія. Гэтыя акраіны Маскоўскага царства тады толькі пачыналі колёнізавацца, пачыналі ўтварацца. Яны былі пакрыты непраходнымі лясамі, якія знарок не высякаліся, каб затрымліваць за дапамогай гэтых лясоў набегі крымскіх татар, якія амаль кожны год зьяўляліся на гэту акраіну па жывы тавар (нявольнікаў і нявольніц).

Больш адважны не абмяжоўваўся тым, што сяліўся на гэтай акраіне, дзе ўсё-ткі жылося куды лепей, чым у сярэдняй Расіі, бо тут на аднаго памешчыка прыпадала два селяніна, і, каб утрымаць сялян на сваёй зямлі, памешчык павінен быў аб іх клапаціцца і ня мог іх вельмі жорстка эксплёатаваць,-больш адважны не прыпыпяўся і тут і пераходзіў на той бок памежных лясоў, на ўжо зусім вольную зямлю, дзе ўлада маскоўскага цара існавала толькі па імені, і две сяляне былі ў поўнай бясьпецы ад царскіх прыставоў, памешчыкаў і ад тагочаснай поліцыі. Праўда, там перад імі адкрываўся стэп, на якім гойсалі татарскія горды, дзе было жыць яшчэ больш небясьпечна, чым на паўднёвым рубяжы Маскоўскае дзяржавы. Пакуль адна палавіна насяленьня арала, другая стаяла пад зброяй і пільна прыглядалася ў стэп, ахоўваючы працаўнікоў ад раптоўнага набегу. Абставіны былі суровыя, вайсковыя, але затое жылося ў гэтых новых месцах яшчэ больш прывольна, чым на акраіне Маскоўскай дзяржавы. Тут досыць было і рознай зьвярыны паўднёвай і птушак у лясох, досыць рыбы у рэчках, якія цякуць у Дон, і ў самым Доне. Тут можна было, не абцяжаючы сябе цяжкім ворывам, займацца большш лёгкай прамысловай гаспадаркай.

Так, на поўдні ад маскоўскага рубяжа ўтварыліся вольныя казацкія паселішчы. Усе гэтыя людзі хоць і зьбеглі з-пад Масквы ад цяжкой няволі, не аб чым так ня марылі, як аб тым, каб вярнуцца на старое папялішча, але вярнуцца, зразумела, не як зьбеглыя прыгонныя, а як вольныя людзі, якія ня толькі не хадзілі-б на паншчыну і не плацілі-б падаткаў, але, мабыць, аселі-б у баярскай сядзібе і самі зрабіліся-б абшарнікамі. Такія мары асабліва насіліся ў галаве тых, найбольш шчасьлівых з перасяленцаў, якія пасьпелі на новых месцах абрасьці якой-небудзь гаспадаркай і ўжо, зразумела, не жадалі зьмяніць сваёй адносна сытай і шчасьлівай долі на жыцьцё простага селяніна падмаскоўскай вёскі.

Маскоўскі ўрад добра разумеў, якую небясьпеку для абшарніцкай дзяржавы прадстаўляе ўся гэтая поўсвабодная і зусім свабодная маса, што сабралася на паўднёвай Украіне. Але ён нічога ня мог зрабіць супроць гэтага зьбіраньня. З аднаго боку, для аховы ад крымскіх татар яму патрэбны былі гэтыя адважныя, узброеныя, прывыклыя да бою людзі, і ён нават павялічыў іх лік, высылаючы ў тыя краі праступнікаў звычайных і так званых праступнікаў політычных, ссыльных, «апальных», двары, сьмерцю баяр і г. д. Ён стараўся толькі па магчымасьці ня пускаць напрыкл., пакараных гэтых людзей назад ва ўнутраныя акругі Маскоўскай дзяржавы. Казакаў за царом Барысам Гадуновым ня пускалі нават у гарады, перашкаджалі ім набываць порах, зброю і г. д. Гэта дваістая політыка-з аднаго боку, карыстацца вольнымі людзьмі супроць татар, а з другога боку, рознымі спосабамі іх ціснуць-ні да чаго, зразумела, не прывяла, апрача таго, што казакі і розныя іншыя вольныя людзі, якія сабраліся на поўдні, прывыкалі ўсё больш і больш ненавідзець уладу, якая сядзела ў Маскве, і пазіраць на яе, як на свайго ворага. Адначасна за дапамогай часам гэтай самай улады яны ўсё ўзмацняліся і ўзмацняліся з боку вайсковага.

У самы якраз разгар маскоўскага голаду, у пачатку ХVІІ-га веку, адносіны завастрыліся да крайнасьці, і ў казакаў пачала насіцца думка аб тым, што маскоўскі цар (мы бачылі, што ён быў не насьледны, а выбраны, што было навінаю ў тагочаснай Маскве)-не сапраўдны, а што сапраўдны цар дзесь хаваецца і хутчэй за ўсё паміж казакамі. Такім сапраўдным царом зьяўляўел нібыта малодшы сыш İвана Грознага, які зьнік таемным чынам гадоў за 10 да таго часу. Паводле ўрадавых дакумэнтаў, ён загінуў ад няшчаснага выпадку, напароўшыся на нож у часе гульні. А ў народзе гаварылі, што яго загадаў зарэзаць Барыс Гадуноў. Словам куды ён дзеўся ніхто добра ня ведаў. І вось, сярод казацтва пачалі хадзіць чуткі, што ён зусім не зарэзаўся сам і не зарэзаны, а жывы, і хутка знайшоўся малады чалавек адпаведнага веку і нават, як пераконвалі, адпаведнага выгляду, у якім казакі адразу прызналі іменна гэтага самага малодшага сына Грознага, Дымітра Іванавіча. Калі такім чынам знайшоўся новы цар, якога можна было супроцьставіць «несапраўднаму» цару Барысу Гадунову,-дык усё было гатова для пачатку казацкай рэволюцыі, для звароту тых, хто зьбег з Маскоўскага царства ад уціску, гвалту і голаду, на старое месца, але ўжо ня ў якасьці нявольнікаў, а ў якасьці паноў. А ў сярэдзіне краіны, у сярэдзіне Маскоўскай дзяржавы масы, даведзеныя голадам да апошняй роспачы, толькі і чакалі якога-небудзь збавіцеля і таксама зусім гатовыя былі прызнаць дваранскага цара Барыса Гадунова несапраўдным, а сапраўдным любога цара, які колькі-небудзь палепшыць або палегчыць іх становішча.