Раніцою

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Над калыскаю Раніцою
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
Крыніца: Вершы. Паэмы. Крытыка. — 2016
Верш развітання
Апошні з твораў, надрукаваных пры жыцці.


Бывайце! Ізноў мне ўсміхаюцца далі,
І сонца ў крыві і пястуе валоссе.
Забыўся я дома нудоту і жалі,
І ў свеце — мне сніцца — ліхое звялося.

Чароўнасцю веюць хмурынак румянцы,
І з цішаю звонкасць цалуюцца ў губы.
О ветрыку свежы, скажы там каханцы,
Які гэты свет — і салодкі і любы!

Іду я па росным зялёным каберцы,
І песня ад шчасця ў знямозе нямее,
І сэрца, як сонца, і сонца, як сэрца,
Сусветнае сэрца гарыць, палынее!

(1929)