Парваліся хмары
І вецер прыціх,
І месяц скрывіўся,
Як чорт жоўтарогі.
Злосць ночы, што-ж стала?
Бяры і круці,
Як пальцы рукі чалавечай —
Дарогі.
Як скарбы здабычы,
Складай каля ног
Абшары аколіц…
І з гойкам і свістам —
Ўрывайся ў завулкі,
Хавайся за рог І зорку за зоркай
Крадзі на маністы.
Сягоння ты ў цемрадзь
Глядзіш і маўчыш,
Заўзятая постаць
Дарэшты абвяла.
Струхлеў тваёй сілы
Абломаны крыж —
Тут сіла другая
Над краем паўстала.
На сметніку часу
Былым ўладаром —
Ляжыць твая зграя
І спіць абываталь…
А дзе вы праводзілі
Дую і гром —
Цяпер там рабочы
Змурованы дом,
Збудована ладам
Калгасная хата.
Дзень вырас, як волат,
З усходняй зары
І рынуў у свет,
Малады і бадзёры, —
Каб песню нячутай
Пранесці пары
Да рэчак дрымлівых,
Да сініх азёраў.
Каб выпаліць казку
Заклятых балот, —
Дзе ценем стаяла
Нядоля-свякруха,
Дзе прэлі асокі,
І плакаў чарот, Дзе кленчыла шчасцю
Галоднае бруха.
Дзе людзі, як быццам
Не людзі былі,
А сонца цмянела
Ад панскай навалы.
Дзе век працавалі
І працу клялі
І святам быў чорнага
Хлеба кавалак.
Дзе сцежку таптаў
Без правоў чалавек,
Каб брудзіла сцежку
Звярынае права,
Каб гнала на боскую волю,
На здзек…
Каб чорная замяць
Святых прастарэк
Трымцела крыжамі —
Налева, направа.
На моцны падмурак
Узведзены край.
Напорная радасць
Не згубіць арбіты…
Пахованай былі
Не выбраша бай,
Не счэрніць маною
Дарогі здабытай.
Іх несла багата,
Прадажных музык,
Ад штандараў белых
Драпежнай пагоні.
Зыходзілі кроплямі
Воўчай слязы
Апошнія корчы
Звярыных агоній.
Шукалі адлюдкі
Прыглушаных брам,
Сабачыя хібы
Паставіўшы дуба…
Паломана скрыпка
Святых меладрам,
Падведзена справе
Другая рахуба.
На сцяг рэволюцыю
Праўда ўзняла,
І стала над светам
Прысудам суровым.
Зарой неўміручаю
Даль расцвіла…
Народная кара
Вякі прывяла
На ўзорны пачатак
Лірычнай размовы.
На ўскраіну з песняй
Прышоў лістапад —
Без слоў галасістай,
Вясёлай без кветак.
Сустрэў мае думы,
Мой голас ля хат —
На шэрані белым
Ружовы дасветак.
Я стаўлю на шлях свой
Усё, што раблю.
І, знаючы справы
Вялікую мэту, —
Не кожнага я
Чалавека люблю, Не кожнаму радасць
У сэрцы прапета.
Я дрэбламу слову
Благіх авантур —
Ніякі прыхільнік,
Ніякі аматар…
Таварышам ў строме,
Сучаснікам бур —
Маіх найраднейшых
Пачуццяў квінтата.
Ўзыходжу на ўзвесненасць
З імі і я
Гартованым крокам
Упартай паходкі, —
Каб трэснула брамы
Глухой верая,
Каб пела агромністасць,
Песня, твая —
Ў паходзе адольным
Другой пяцігодкі.
Тут поўзала восень
Па чорнай зямлі,
Як смех самагубцы,
Як сэрца у ката.
І горкія слёзы
Адвеку пілі
Стракатых палосак
Жабрацкія латы.
Хаваў сваю долю
Працоўны народ
У рэках вірлівых
Крывавага поту…
Гучыць гэта праўда —
Былога узлёт, — Як сон трагедыйны,
Як жарт анекдота.
Нам, ўзрошчаным славай
Вялікіх адплат,
Ўласцівей эпоха,
Што скованасць бурыць.
Ўзнімае жалезны
Пролетарыят
Вялікае права
Сваёй дыктатуры.
Нам шчасце не ў небе
Блакітавы птах:
Мы творым яго
На сусветным плацдарме.
І стыгне зласлівасць
Ў варожых зубах,
Дзе славяць адвагу
Творчы размах —
Атрады рабочых
Узброеных армій.
Дзе праўда у мэце,
Ўсяўладная ёсць,
Імклівая еднасць
Заўсёды там будзе…
Не выгрызе сцежкі
Асенняя злосць,
Дзе творыцца новы
I радасны будзень.
Змаганнем і працай —
Удоўжкі і ўшыр —
Растоптана нэндза,
Развеяны смутак.
Уся глыбіня
Чалавечай душы На жаркім агні
Перакута, раскута…
Інакшымі снамі
Бяскрайнасць лягла
У песнях зямлі
Пераможнага класа.
Няхай надыходзіць
Жалобная мгла
Паплакаць над мёртвым
Скасованым часам.
Хай хмары збіраюць
Свой чорны прылёт,
І сіплую вецер
Заводзіць шарманку…
Блакітныя роўнядзі
Прошлых балот —
На росквіце будуць
І ў грозны паход
Магутным фарпостам
Сусветнага ранку.
1934 г.
|