Перайсці да зместу

Радасны будзень (1935)/VIII/За строем дат і рубрык

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На росквіце За строем дат і рубрык
Паэма
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: За строем дат і рубрык.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VIII

ЗА СТРОЕМ ДАТ І РУБРЫК

I

Вятры пяюць, прастор узняты спевам,
Празрысты рух блакітавых глыбінь.
Ступіць-бы сну на халадок пад дрэвам,
Ці целу рынуцца-б на хвалі ўплынь.
Ўлагоджанай вады жывое срэбра
Разбіць, рассыпаць-бы на ўзмах рукі…
Вярбы старой тарчаць сукі, як рэбры,
Адбітыя ў люстраным шкле ракі, —
Там вільгаць п‘е галля шчарбаты рот,
Там мые дзень свой залаты жывот.
Ёй шмат гадоў, што йшлі праз крык тугі
Да першай радасці грымот вясенніх…
Людзей вучылі поўзаць на каленях,
Ўслаўляючы пятлю сваёй чаргі.
І вокам хітрым свой святы парог
Лагодна аглядаў распяты бог.
Яму вачэй не еў туман малітвы,
Яго паслаўшыя не ведалі пакут…
Няхай жыве, хто край узняў на бітву
З эпохай чорных дзён і горкіх рут!
Няхай жыве, хто ў збродлівую замяць
Быў полымем, што растапляла лёд!..
Іх зберажэ давеку наша памяць,
Зямлі адноўленай адноўлены народ, —
У сэрцах несучы вялікія імёны
Правадыроў сваіх. З імглы будзённай
Сівой мінуўшчыны на голас іх
Ішлі змагацца цвёрдаю ступою —
За ротай рота армій баявых,
І за героямі ішлі героі.
Ім — сонца вечнай славы, іх крыві…
Вадою срэбнай, светлы дзень, плыві!
Няхай гурчыць крутой ракі струмень —
Бярэ ён даль нячутнымі нагамі,
Нясе з сабой твой залаты прамень,
Бадзёра гутарачы з берагамі.
A прыдзе ноч — абляжа віск асок
І пад рукой вільготнаю — пясок.
Акрэсляцца спакоем паплавы
І свежасцю паветранай — дарогі.
Заслухаецца шумам вербавым,
Заблытае ў тумане месяц рогі…
Праз сіні змрок прарвуцца стаі мар,
Душа праймецца глыбынёй яскравай —
Жыць будуць ў словах постаці ахвяр,
І словы загавораць нашай явай.
Тут кожны рух авеяны навек
Іх слаўным днём і слаўнай барацьбою,
Іх маладосць хадзіла па траве…
І, можа быць, пад гэтаю вярбою
Не раз туліў юнак лятунак свой,
Каб потым быць павешаным на ёй.
Боль ліхалецця… Плынь крывавых рэк…
Шумлівага лісця суровыя напевы!..
Стаіць на беразе старое дрэва,
Як дум ўладар — упарты чалавек.
Як барацьбіт сівы над плёнам былі,
Яно ўзнялося горда над усім,
Што ўпершыню навек мы палюбілі…
І хочацца загаварыць мне з ім
Пра бурны час без хлеба і без сну,
I пра яго і пра маю вясну.

II

Нямала дрэў зваліла ў бураломе,
Каб тлом гібець пад срэбны смех завей…
Так рэзала крутая смерць людзей
На першай і апошняй іхнай строме.
Прымеў спакой, хто слёзы знаў адны —
Дзе выбраў міг: без родных, без труны.
Так брала смерць. Аддаць жыццё за веру,
Цара і бацькаўшчыну — добры знак,
Каб неслі ў рай анёлы, як сабак,
Праз чорны ход, стварэнняў подлых дзверы.
Каб крыж усклаў на ваяўнічы лоб
Плюгавы генерал з душою на аркане,
Калі за ўсіх, хто паў на полі брані, —
Маўклівасць слоў пачне выводзіць поп.
Гады прайшлі, згубіў звярыны след
Лад, богам дадзены, што даўся ў знакі…
Ўтаптаны ў гразь бліскучы эпалет
Адважнага кароннага ваякі.
Ўжо не стаіць на горле царскі трон
І вывадкі прыдворныя варон
Не выдзяўбуць ужо драпежнай дзюбай —
Ні сэрца братняе, ні вочы любай,
Не вып‘юць слёз ні матак, ні сясцёр.
Назаўсяды чужых далёкіх зор
Патушаны старыя дыядэмы
І зрынуты ў прадонне…

III

Пі, радок,
Пі прагна радасць выбранай паэмы,
І дбайна рэй вядзі за крокам крок.
Я атуліў цябе сваёй турботай,
Аддаў давеку цела і душу.
Хай дзівіцца яшчэ якая цнота,
Што аб табе не першы раз пішу.
Хай булькае даўгіх прамоў вада —
Нам у жыцці ўсё гэта не наўда.
Не за сябе і не за свой куплет, —
Трывожыць нас і дзень і ноч другое:
Знайсці такое слова залатое,
Каб пець народжаны ў змаганні свет;
Каб з новай эраю вітаць зямлю,
Якую сэрцам слаўлю і люблю.
Жыць новым днём святлей і дынамічней,
Умець ўва ўсім струну жыцця крануць,
І чэмер дум змятаць, як змёў Кастрычнік
Ўсю дрэнь вякоў, усю лютаўскую муць.

IV

Цень перабег на поплаў праз дарогу
І, сцішаны, ў зялёных хвалях знік.
Старэчы сімвал з торбаю былога
Маліцца прыцемкам даўно адвык.
Ў бярэма згробшы дзедаўскія спадкі,
Ён збег з вачэй, зласлівы небарак, —
Багну дзярэ яго сухі кулак,
Склінаюць свет апошнія нашчадкі,
Стагоддзяў чорных плачуць груганы
І ў слёзах слоў палошчаць рызманы.
Так судзіць час. Адлюдкам „чыстай расы“
Нясе ён даўнія свае правы…
Каб, сцёршы след бяспраўнай галавы,
Сусвет прайшлі заводы і калгасы —
Жыццём ўладарыць новай грамадзе!
… На росны поплаў мяккі след кладзе
Празрысты вечар. Вецер — гарманіст
Абходзіць круг залатакосых хмарак.
Так круг дзяўчат, калгасніцкіх даярак,
Абходзіць часам ўдалы трактарыст.
Распаліць ён вачэй гуллівы жар —
І ў спрыце ног праходзіць адпачынак,
Як, за гектарам бяручы гектар,
Пад ім хадзіла спраўная машына —
Уцеха гордасці і цёплых мар.

V

Мы гадаванцы ўсе адной краіны,
Вартуем часу плынь адных суток.
Крок рэволюцыі — наш крок няспынны
Праз даль суровую, наперад крок.
За славу працы вольнай і за песні
Мы з кожным днём упарцей і балесней
Трымаем фронт — і трактарыст і бард…
І ў коле дзей, за строем дат і рубрык —
Ўстае любіць працоўны авангард
Абшар зямлі, Саюз сваіх рэспублік,
Найлепшую айчыну ўсіх айчын, —
Пад еднасці штандар і гімн адзін.
Наш рэйд і шлях праз шторм варожых шквалаў…
І — ў ладзе хат і гарадскіх кварталаў,
Перад агнём наступных барыкад
Ашчадным быць на кожны цвік і камень —
Шаную, край, твой баявы загад,
Напісаны руплівымі рукамі.
Ў тваіх штыкоў гартованым асці
Мы мусім дбаць аб грознай абароне,
Аб карных днях, калі ў паход ісці
Таму, як кроў гарыць і б‘е у скроні —
Каб наша рань спявала і цвіла,
Цвіла па ўсёй зямлі, давеку братняй, —
Я слаўлю ўзлёт чырвонага крыла
Праўдзівае вайны, вайны астатняй.

VI

Мой дбайны век шляхам вядзе дазор,
Ўсё зверана да дробязей, да рыскі.
Пішу вясну ў святле наступных зор
І свет увесь так родны мне, так блізкі.
Агонь жыцця душа вясной заве,
Каторая людской крывёй апета…
А ў плынях рэк, па залатой траве —
Крамянае такое ходзіць лета.
Ў аздобе сонечных жывых акрас
Яно звініць вясёлаю вадою.
Такое толькі можа быць у нас —
Здаровае, тугое, маладое.
Мяняюць твар палі і гарады
Кагортамі людзей, што робяць дзівы,
Вядуць капальні песеннай руды —
Яны у нас і толькі нам ўласцівы.
І хай пра іх не поўны спеў прапет.
І дням яшчэ нязграбны дадзен профіль, —
Каравыя жыць будуць нашы строфы
Ў крышталях дум, што новы дасць паэт.

VII

Так час ідзе… Імкліва і глыбока
Кладзецца цвёрдая яго ступа.
Не сходзіць вечна з вартавога вока
Прыдбаны скарб — ад думак да снапа…
Пад хмарны сквіл сусветнай непагоды
Расце і буйна каласуе рунь.
Да справы кроўнай волаты-заводы
Па ўзрушанай зямлі ўстаюць угрунь.
Ў пачуццях бура радаснай трывогі —
Так кожны міг вітае з новым нас…
Так кожны крок бліжэй да перамогі —
За следам след — прыводзіць творчы клас.
Так шчасцем мар мы першы раз кіпелі,
Цвіў бляск вачэй, каб сталым быць цяпер,
Каб кідаў з хмар на кожны наш прапелер
Апошні змрок смяротны свой ашчэр.
Ў блакіт зямлі прастор навек адчынен, —
Туды наш лёт, ў праменныя вякі.
Аб іх мы снім, як снілі аб дзяўчыне
Ў сваю пару, былыя юнакі.
Пра іх пяем, як пелі бур усплёскі
Краі, і панская трашчэла косць…
Як золак летні сонца і бярозкі —
Ўстае мая другая маладосць.
Ёсць толькі ёй ўласцівыя настроі,
З пражытым часам горды пераклік:
Грыміць мой край — рэволюцыйны воін,
Расце мой край — сусветны будаўнік!
І хай было, што сэрцу не далося,
Што згінула ў гадах, як гук пусты.
Я не засмучаны, што прыдзе восень
І ацярэбіць дрэвы і кусты.
Душа такой штогодняй змене рада —
(Хай ў ёй свой лёс варожы зброд кляне!) —
І пад суровы вецер лістапада
Мне добра жыць у роднай старане.
Мне добра пець акрэсленей і зычней,
І з новым крокам, новым днём турбот —
Семнаццаты успомніць добра год,
Адсвяткаваць семнаццаты Кастрычнік.

1934 г.