Перайсці да зместу

Радасны будзень (1935)/VI/Учора вецер біў у дзверы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зор ранніх знікла дыядэма Учора вецер біў у дзверы
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Учора пыл курэў ад гміны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Учора вецер біў у дзверы,
Злавала ноч, і дождж ішоў.
Прасіў узгоркаў мокры чэрап
Бярозавых капелюшоў.

Ад прудкасці гарэлі рамы,
Хрыпелі сцены хат старых.
На варце прошлай панарамы
Цмянеў ланцуг гарадавых.

Вітала горада прадмесце
Мудрэйшая з мудрэйшых хэнць:
За матку боскую — двадзесця,
За маршала — двадзесця пенць…

Учора смерць была, як тэма,
Як жаль, рыдалі хмызнякі.
І адцвіталі хрызантэмы
І нараджаліся ваўкі.

Труною тхло ад панскай цноты,
Як ад радкоў плюгавых строф…
Замежным кашлем кулямётаў
Канаў расійскі Саваоф.

З ражна разбітай райскай брамы
Звісаў архангела шкілет.
І быў жывым малюнкам драмы —
Раздзёрты напал эпалет.