Перайсці да зместу

Радасны будзень (1935)/IV/Напаткаліся вочы твае

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пад сталом злавіла кошка мыш Напаткаліся вочы твае
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Марудна і дбайна ішла

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Напаткаліся вочы твае
На распаленых вуліцах поўдня.
Усяго цяпер сэрцу стае,
І душа захлынаецца штодня.

Непадатлівых думак маток
Нікне хмаркай на горнай вяршыне…
Хай пра боль у вячэрні сузмрок
Не скажу я табе, як дзяўчыне.

Хай тваю неадчутую млосць
На паўстанку пачуцці паўтораць…
І паэты сваю маладосць
У радках не для кожнай падораць.

Гэта песня гарыць ад крыві,
Першы сон на апошнім парозе…
Калі слова зманіла — парві
І кавалкі рассып па дарозе.

Побач стаць ля сябе не дазволь
Нават кволай паэтавай цені…
Сэрца ведае радасць і боль —
Ў свеце іншага сэрца не стрэне.

Не усякім надвор‘ем імгла
Абнімае высокія скалы…
Каб ты ведаць ўсё гэта магла,
Ты-б давеку, як я, пакахала.

Ты-б адчула, што рэдка адчуць
Свету дбайнага выбраны можа…
Ты-б прышла, чаго безвач хачу, —
Неадчутай, крыштальнай, прыгожай…

Але зараз, хоць жартам прымай,
І калі мы раз‘едземся, — проста
Мой напрамак крадком прыгадай,
Спамяні маю дальнюю постаць.

Крым. Алупка-Сара,
1931 г.