Перайсці да зместу

Радасны будзень (1935)/IV/Пад сталом злавіла кошка мыш

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Не гавары апошнім словам Пад сталом злавіла кошка мыш
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Напаткаліся вочы твае

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пад сталом злавіла кошка мыш —
Хруст касцей напоўніў морак хаты.
Неяк модна ты ў акно глядзіш,
І настрой твой выдаўся — пракляты…

Кропка гледжання была твая —
Сумаваць за садам кожны вечар.
А цяпер (ў чаргу) сумую я…
Хто ж мяне (гаротнага) палечыць?

Не хачу цябе агітаваць,
Знаеш ты, чаго мне варты мітынг.
У цябе таксама галава, —
Каго хочаш, слухай і любі ты.

Да сяброў хацела — дык ідзі, —
Думаеш, шукаю я ахвяры?
І з табой ўсё роўна я адзін,
Розных душ суладдзе — толькі мары.

Пойдзеш ты, напэўна, праз раку:
Паглядзі ў люстэрак роднай плыні…
Некалі давала ты руку,
Што не здрадзіш ў нашай пуцявіне.

І тады я ведаў гэту… быль,
Я даўно слоў звонкіх знаю таннасць…
…Прашумелі ў досвітках дубы
Бедны верш пра шчырую адданасць.

У сэрцы смех тугой не апавіць
І напорнасць думак не расплёскаць.
Не затым, гарэць агнём крыві,
Расцвіталі раннія пялёсткі.

Не затым да зор ішлі і мы,
Каб стаяць на сходках прошлай раты…
…Пад сталом злавіла кошка мыш,
Хруст касцей напоўніў морак хаты.

1928 г.