Марудна і дбайна ішла,
Спынялася пошукам горным.
Усыпана сцежка была
Смарагдам блакітава-зорным.
Шумелі начамі трыма
Твае чорнаморскія косы.
Я нервы ў аброці трымаў,
Глытаючы дым папяросы.
Знайсці я не марыў прыпын
Тваёй і сваёй невыгодзе…
Грыз сэрца маё нікатын,
І ты — далікатна, па модзе.
Што зробіш у гэтакі час?
Язык ушчаміў я у зубы,
I мармур бялюткі пляча
Цмянеў, як чужы і не любы…
Знікала вачэй глыбіня,
Агні пераменныя тухлі.
І рук не магла ты разняць,
І вусны лінялі і пухлі.
А я, белы прывід начэй,
Выношваў гадзюку пагрозы…
І фарбу дзявочых брывей
Змывалі халодныя слёзы.
Лёд думак, узагрэты крывёй,
Душу маю мучыў да ранку…
Ты рвала пад хмурай гарой
Мае і свае абяцанкі.
Марудна і дбайна ішла,
Спынялася пошукам горным.
Усыпана сцежка была
Смарагдам блакітава-зорным.
1931 г.
|