Перайсці да зместу

Радасны будзень (1935)/I/У вячэрнім золаце праменняў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хай выюць ветры непагоды У вячэрнім золаце праменняў
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Каму, як не табе, паслухаць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ў вячэрнім золаце праменняў
Былых часоў мільгнула здань…
Яшчэ не ўсе пазбыты цені
З адвечнага свайго гнязда.

Яшчэ варушыцца часамі
Астатні зброд то там, то тут,
І чорны век у кожнай пляме
Знайсці спрабуе свой рэдут.

Як злыдзень, сочыць, хто падвые
Яму ў нутро на воўчы лад…
Не дрэмле светлы далягляд,
Не моўкнуць песні баявыя.

Паходамі бацькоў жыве
Герояў племя маладое…
Як войска перад першым боем,
Праходзяць думкі ў галаве.

Я да людзей душой прыкуты,
Хай душыць звера люты гнеў:
Над морам крыўды і пакуты
Магутны голас празвінеў.

Ён светлым днём да перамогі
Прывёў наш край, вядзе сусвет.
Мы пройдзем ўсе на край дарогі,
Хай свой крывёй азначым след.

Мы вытапчам вякоў дымы,
Нас рэволюцыя радзіла…
Апошніх ворагаў магілу
Убачыць будзем рады мы.

Таму і прагнасці багата,
І носіць гордасць кожны з нас
За ўсіх, хто лёг пад куляй ката,
Хто ў бой вядзе працоўны клас.

Таму й дажджом праменняў весніх
Прыемна змыць трывог акно
І цёплых слоў сабе на песні
Браць залатое валакно.