Перайсці да зместу

Радасны будзень (1935)/I/Над горадам вясенні ранак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Эпоха будням лік вядзе Над горадам вясенні ранак
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Хай выюць ветры непагоды

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Над горадам вясенні ранак
І ўдарнай працы баявік.
Мінае свой другі паўстанак
Бадзёры месяц красавік.

На скрыжаваннях вуліц людных
Вільготным смехам б‘е у твар.
Уверсе воблакі, як судны,
Плывуць ў падветраны абшар.

Гудзіць і вые шторм абапал…
Так з гор узнятая зіма
Збягае ўніз пакласці лапу
У снег, каторага няма.

Так прагне верш да формы сціслай,
Калі разыйдзецца рука.
Так пеніцца старая Свіслач,
Неўціхамірная рака,

Разлютаванасцю паводак
Губляе меру, траціць сэнс…
Расце героем пяцігодак
На варце часу скромны Менск.

З палёў вайны, з-пад смертнай ласкі
Ён вынес свой жывучы крок —
Былы бядак Расіі царскай,
Правінцыяльны гарадок.

Аддаўшы ганьбе і пагардзе
Хрып дробных здрад, як пыл гадоў, —
Ён стаў у першым авангардзе
Совецкіх нашых гарадоў.

І не адолеюць такога
Ніякі вораг, ні вякі.
Кладуць вялікую дарогу
Адважныя будаўнікі.

Вясёлым сонцам грае неба,
Глядзіць у даль вачэй цяпло…
У ім галоўная патрэба,
Каб маладым жыццё было.

Ў ім смерць і сну, што жыў ў народзе,
Дзе ёсць у першай чарадзе —
Настрой, каторы песню родзіць,
І песня, што ў паход вядзе.