Эпоха будням лік вядзе
На змест свайму календару.
Вітаю я, мой новы дзень,
Тваю гарачую пару.
Вітаю, пройдзены ў баях,
Пад новым сонцам, родны свет.
Ты з даляў змёў астатні прах
Старых правоў, хлуслівых мэт.
На гэтых далях мы стаім:
Нам працы ёсць і сіл стае —
Каб кіраваць жыццём тваім
І вартаваць шляхі твае.
Каб ў час, тваю узняўшы рань,
Быць ля старна крутых падзей —
І крыкнуць ўсёй зямлі: — Устань,
І кроўным правам валадзей!
Твой плён і лёс мой на раду
Адзінай зоркай зіхацяць.
Ты — дужых рук, вялікіх дум
Маё працоўнае дзіця.
З табою чулі мы не раз,
Як хрып начэй, як шторм вятроў:
Крывёй заліць рабочы клас
Варожых жыл шалела кроў.
І зараз тупяцца мячы,
І марны іх крывавы старт:
Нікому ў свеце не змагчы
Рэволюцыйны авангард.
Не запалохаць, не спыніць
Пары расплат, дзень новы мой:
Вялікай буры гром грыміць,
І хваль людскіх расце прыбой.
Краям выростаць і цвісці —
Гарыць блакітны далягляд.
Нам ў акіяне дум плысці
І не варочацца назад.
Хай мчаць наперад караблі…
Я на агні слядоў тваіх.
Аб бераг страчанай зямлі
Разбіта ярасць белых крыг.
І ноч аб камень нашых скал
Дарэмна гне свой медны лоб:
У пену падае луска
Чужых надзей, былых хвароб.
У моры згінуць банды хмар,
Прарве імглу суровы зрок, —
Каб стаў усёй зямлі ўладар
І твой і мой чарговы крок.
Каб смела ў даль дарог глядзець,
Змагаць вякоў варожых раць, —
Як можна больш нам трэба ўмець
І будаваць і ваяваць.
|