Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел сёмы. Першы каралеўскі абед Тома Раздзел восьмы. Пытанне пра пячатку
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел дзевяты. Парад на рацэ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

ПЫТАННЕ ПРА ПЯЧАТКУ

Каля пятай гадзіны Генрых VIII прачнуўся ад неасвяжаючай, цяжкай дрымоты і прамармытаў сам сабе:

— Трывожныя сны, трывожныя сны! Блізка мой канец, і сны прадракаюць яго. Мой аслабеўшы пульс пацвярджае прадраканні сноў.

Раптам злосны агонь бліснуў у вачах караля, і ён прамовіў ледзь чутна:

— Але той памрэ раней за мяне!

Прыдворныя заўважылі, што кароль прачнуўся, і адзін з іх спытаўся, ці будзе ласкавы яго вялікасць прыняць лорда-канцлера, які чакае ў суседнім пакоі.

— Няхай увойдзе! Няхай увойдзе! — горача крыкнуў кароль.

Лорд-канцлер увайшоў і, схіліўшы калені перад каралеўскім ложкам, сказаў:

— Я выканаў вашу волю. Па загаду вашай вялікасці, пэры каралеўства ў парадным адзенні ў гэтую мінуту стаяць у зале суда і, прыгаварыўшы да смерці герцага Норфолькскага, пачціва чакаюць вашых загадаў.

Твар караля асвяціўся лютай радасцю.

— Падыміце мяне! — сказаў ён. — Я сам стану перад маім парламентам і ўласнаю маёю рукою прылажу пячатку да прыгавара, які вызваляе мяне ад…

Голас яго абарваўся; чырвань на шчоках замянілася бледнасцю; прыдворныя апусцілі яго на падушкі і паспяшылі ачуліць яго лякарствамі. Крыху счакаўшы, кароль сумна сказаў:

— Як прагнуў я гэтай салодкай гадзіны, і вось яна прышла надта позна, і мне нельга ўжо пацешыцца гэтак жаданай падзеяй. Ідзі-ж, ідзі хутчэй, — няхай другія выканаюць гэты радасны абавязак, які я не маю сілы выканаць. Я давяраю маю вялікую пячатку асобай дзяржаўнай камісіі; выберы сам тых лордаў, з якіх будзе складацца гэта камісія, і зараз-жа прымайцеся за справу. Спяшайцеся, кажу табе! Перш чым сонца зойдзе і падымецца зноў, прынясі мне яго галаву, каб я мог паглядзець на яе.

— Воля караля будзе выканана. Ці не пажадае ваша вялікасць даць загад, каб мне зараз-жа далі вялікую пячатку, каб я мог выканаць гэту справу.

— Пячатку? Але-ж яна знаходзіцца ў цябе.

— Выбачайце, ваша вялікасць! Два дні назад вы самі ўзялі яе ў мяне і пры гэтым сказалі, што ніхто не павінен чапаць яе,

Прыдворныя апусцілі яго на падушкі.

пакуль вы сваёй каралеўскай рукой не зацвердзіце смяротны прыгавар герцагу Норфолькскаму.

— Але, памятаю: я сапраўды ўзяў яе, — памятаю… Але куды я дзеў яе?.. Я так аслабеў… У апошнія дні памяць так часта здраджвае мне… Нічога не разумею, не ведаю…

І кароль залепятаў нешта незразумелае, ківаючы сівой галавой і дарэмна стараючыся ўцяміць, што ён зрабіў з пячаткай. Нарэшце лорд Гертфорд адважыўся, схіліўшы калена, напомніць яму:

— Ваша вялікасць, асмелюся далажыць вам: тут многія, у тым ліку і я, памятаюць, што вы аддалі вялікую дзяржаўную пячатку яго вялікасці прынцу Уэльскаму, каб ён хаваў яе ў сябе да таго дня, калі…

— Так, сапраўды так! — усклікнуў кароль. — Прынясі-ж яе! Ды хутчэй, бо час ляціць!

Лорд Гертфорд з усіх ног пабег да Тома, але хутка вярнуўся збянтэжаны, з пустымі рукамі.

— З прыкрасцю павінен паведаміць майму валадару каралю непрыемную і горкую вестку, — сказаў ён, па волі боскай немач прынца яшчэ не прайшла, і ён не можа прыпомніць, ці была аддана яму вялікая пячатка. Я паспяшыў далажыць аб гэтым вашай вялікасці, мяркуючы, што наўрад ці варта шукаць яе ў шматлікіх пакоях і залах, належачых яго высокасці. Гэта было-б стратай каштоўнага часу.

Енк караля перарваў яго прамову. З глыбокім смуткам у голасе кароль прамовіў:

— Не турбуйце яго! Беднае дзіця. Рука боская абцяжэла на ім, і маё сэрца разрываецца ад любові і жалю да яго і сумуе, што я не магу ўзяць яго цяжар на свае старыя, змучаныя згрызотамі плечы, каб ён быў спакойны і шчаслівы.

Кароль сплюшчыў вочы, прамармытаў нешта незразумелае і змоўк. Праз некаторы час павекі яго зноў адкрыліся. Ён павёў навакол мутнымі вачыма і нарэшце спыніў іх на лордзе-канцлеры, які стаяў перад ім на калене. Раптам твар яго ўспыхнуў гневам.

— Як, ты яшчэ тут? Клянуся госпадам богам, калі ты сёння не скончыш са здраднікам, заўтра-ж ты заплоціш мне сваёй галавой!

Канцлер, трасучыся ўсім целам, усклікнуў:

— Злітуйцеся, ваша вялікасць, мой добры кароль! Я чакаю каралеўскай пячаткі.

— Ты, здаецца, звар’яцеў, мой любы! Малая пячатка, тая, што раней я вазіў з сабою ў чужыя краіны, ляжыць у мяне ў скарбніцы. І калі знікла вялікая, хіба табе нехапае малой? Ідзі! І не смей вяртацца без яго галавы.

Бедны канцлер з вялікай паспешнасцю ўцёк ад небяспечнага каралеўскага гневу; а камісія не марудзіла з зацвярджэннем прыгавара, вынесенага рабалепным парламентам, і назначыла на другую раніцу пакаранне смерцю першага пэра Англіі, злашчаснага герцага Норфолькскага.