Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел шосты. Том атрымоўвае інструкцыі Раздзел сёмы. Першы каралеўскі абед Тома
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел восьмы. Пытанне пра пячатку

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

ПЕРШЫ КАРАЛЕЎСКІ АБЕД ТОМА

А гадзіне папоўдні Том пакорліва перацярпеў пакуту пераапранання к абеду. Яго зноў убралі ў такі-ж раскошны касцюм, як і раней, але перамянілі на ім абсалютна ўсё — ад каўнерчыка да панчох. Затым з вялікай цэрамоніяй правялі яго ў абшырную, багата абсталяваную залу, дзе быў накрыты стол на аднаго чалавека. Уся пасуда была з літога золата і ўпрыгожана такімі ўзорамі, якія рабілі яе надзвычайна каштоўнай, бо гэта была работа Бенвенуто Чэлліні[1].

Пакой быў напалову заняты высокароднымі прыслужнікамі. Капелан[2] прачытаў малітву, і згаладалы Том гатоў быў ужо накінуцца на ежу, але яму перашкодзіў мілорд граф Берклі, які падвязаў яму на шыю сурветку; важны абавязак падвязваць сурветкі прынцам Уэльскім быў наследны ў сям’і гэтага лорда. Побач стаяў падчашнік, які папераджаў усе спробы Тома наліць сабе сваімі рукамі віна. Тут-жа знаходзіўся другі лорд — спрабавальнік. Ён быў пры яго высокасці прынцу Уэльскім выключна для таго, каб па першаму патрабаванню пакаштаваць усе падазроныя стравы, і такім чынам рызыкаваў быць атручаным. У той час спрабавальнік быў ужо непатрэбнай аздобай у каралеўскай сталовай, бо яму нячаста даводзілася выконваць свае абавязкі; але былі часы за некалькі пакаленняў да Генрыха VIII, калі пасада спрабавальніка была надзвычай небяспечная, і мала хто дамагаўся такой ганаровай пасады. Дзіўна, чаму гэты абавязак не ўсклалі на якога-небудзь сабаку або хіміка — але хто зразумее каралеўскія звычаі!

Быў тут і лорд д’Арсі, першы камергер. Навошта ён тут быў, дзеля якой патрэбы — невядома, але ён быў тут, і нічога з гэтым не зробіш! Быў тут і лорд-дварэцкі. Ён стаяў у Тома за спіной і сачыў, каб усе цэрамоніі выконваліся да малейшых дробязей. Цэраманіялам распараджаліся лорд галоўны лакей і лорд галоўны кухмістэр, якія стаялі паблізу. Апрача іх, у Тома было яшчэ трыста восемдзесят чатыры чалавекі прыслугі, але, вядома, не ўсе яны знаходзіліся ў сталовай — і чвэрці іх не прысутнічала на гэтым абедзе. Том нават не падазраваў, што яны існуюць на свеце.

Усе прысутныя перад гэтым былі вымуштраваны; ім загадалі не забываць, што ў прынца часовае пацямненне розуму, і не здзіўляцца яго дзівацтвам. Хутка гэтыя дзівацтвы выявіліся перад імі поўнасцю, але выклікалі ў слугах не смех, а толькі жаль. Ім горка было бачыць, што іх улюбёны прынц гэтак хварэе.

Бедны Том браў стравы проста рукамі, але ніхто не дазволіў сабе ўсміхнуцца або паказаць, што заўважыў яго паводзіны. Ён з цікавасцю і глыбокай дапытлівасцю разглядаў сваю сурветку, таму што тканіна яе была тонкая і прыгожая, і нарэшце прастадушна сказаў:

Том браў стравы рукамі.


Том браў стравы рукамі.

— Калі ласка, вазьміце яе прэч, каб я незнарок не запэцкаў яе.

Наследны падвязвальнік сурветкі без ніякіх супярэчанняў пачціва ўзяў яе прэч.

Том з цікавасцю разглядаў рэпу і салату, а потым спытаў, што гэта такое і ці можна гэта есці, бо рэпу і салату толькі нядаўна спынілі прывозіць з Галандыі, як асаблівы ласунак, і пачалі вырошчваць у Англіі[3]. На яго запытанне адказалі сур’ёзна і пачціва, не паказаўшы ні малейшага здзіўлення. Скончыўшы дэсерт, ён напхаў сабе кішэні арэхамі; ніхто не здзіўляўся такому ўчынку, і ўсе зрабілі выгляд, што не заўважылі гэтага.

Затое сам Том адчуў, што зрабіў нядобрае, і засароміўся, бо ў часе ўсяго абеда гэта было першае, што яму дазволілі зрабіць уласнымі рукамі, і ён не сумняваўся, што зрабіў нешта вельмі непрыстойнае, не належнае каралеўскаму сыну. У гэту хвіліну мускулы яго носа пачалі торгацца. Кончык носа зморшчыўся і задраўся ўгару. Гэта становішча зацягвалася, і трывога Тома расла. Ён з мальбою глядзеў то на аднаго, то на другога з лордаў світы; нават слёзы выступілі ў яго на вачах. Лорды кінуліся да яго з засмучанымі тварамі, просячы сказаць, што здарылася. Том сказаў са шчырай пакутай у голасе:

— Прашу міласці, мілорды: у мяне страшэнна свярбіць нос. Якія цэрамоніі і звычаі трэба выконваць у падобных выпадках? Калі ласка, адкажыце хутчэй, бо я ўжо не маю сілы цярпець!

Ніхто не ўсміхнуўся; ва ўсіх былі сумныя, заклапочаныя твары, усе сарамліва пазіралі адзін на аднаго, нібы просячы дапамогі і парады. Але перад імі была глухая сцяна, і ва ўсёй англійскай гісторыі нішто не паказвала, як праз яе перашагнуць. Галоўнага цэрамоніймейстэра не было, і ніхто не адважваўся пусціцца ў плаванне па гэтым невядомым моры, ніхто не асмельваўся развязаць на сваю рызыку гэту сур’ёзную і важную задачу. На вялікі жаль, наследнага казытальшчыка ў Англіі не было. Тым часам слёзы вышлі з сваіх берагоў і пацяклі ў Тома па шчаках. Яго нос свярбеў усё горш і ўсё настойлівей патрабаваў, каб яго палягчылі. Нарэшце прырода перавярнула ўсе перашкоды прыдворных прыстойнасцей, і Том, молячыся ў душы аб дараванні, калі ён парушыў этыку, пачасаў свой нос уласнаю рукою.

Абед скончыўся; адзін з лордаў паднёс Тому вялікі неглыбокі таз з чыстага золата, напоўнены араматнай ружовай вадой для паласкання рота і мыцця рук; наследны падвязвальнік сурветкі стаў побач, трымаючы напагатове ўціральнік.

Том з неўразуменнем разглядаў таз, потым узяў яго ў рукі, паднёс да губ з самым сур’ёзным выглядам, глынуў разок і зараз-жа вярнуў залатую пасудзіну лорду, які стаяў ля стала.

— Не, мілорд, гэта мне не да смаку. Пах прыемны, але моцнасці ніякай няма.

Гэты новы выбрык прынца пацвердзіў, што розум яго пашкоджаны, і таму ніхто не засмяяўся; усе толькі засмуціліся і хварэлі душой, бачачы такое сумнае з’явішча.

Услед за тым Том, сам таго не ведаючы, зрабіў яшчэ адну хібу: вышаў з-за стала акурат у тую мінуту, калі прыдворны поп падняўся з месца, стаў у яго за крэслам, падняў рукі і ўзвёў вочы ўгару, рыхтуючыся пачаць малітву. Але і тут ніхто нібы не заўважыў, што прынц парушае звычай.

Цяпер нашага маленькага прыяцеля, па яго настойлівай просьбе, адвялі ў кабінет прынца Уэльскага і пакінулі аднаго. Па сценах, па дубовых панелях у кабінеце віселі на асобых кручках розныя часткі бліскучай сталёвай зброі з цудоўнай залатой інкрустацыяй.

Том надзеў на сябе латы, рукавіцы, шлем з пер’ямі і ўсё іншае, што можна надзець без нічыёй дапамогі; яму нават прышло было ў галаву паклікаць каго-небудзь, каб яму

Том надзеў латы.

дапамаглі скончыць яго туалет, але ён успомніў пра арэхі, прынесеныя з абеда, і падумаў, як весела будзе грызці іх не на вачах натоўпа, без ніякіх наследных лордаў, якія мучаюць цябе няпрошанымі паслугамі, і паспяшыў павесіць усе гэтыя цудоўныя даспехі на месца. Скора ён ужо лузаў арэхі і адчуваў сябе бадай шчаслівым, у першы раз з таго часу, як бог у пакаранне за яго грахі ператварыў яго ў каралеўскага сына. Калі арэхі былі ўсе з’едзены, ён заўважыў у шафе некалькі кніг з прывабнымі загалоўкамі, у тым ліку адну аб этыкеце пры англійскім двары. Гэта была каштоўная знаходка! Ён улёгся на раскошную канапу і з самай добрасумленнай стараннасцю ўзяўся навучацца. Пакінем яго пакуль што там.


  1. Бенвенуто Чэлліні (1500-1571) — славуты італьянскі скульптар і разьбяр па металу.
  2. Прыдворны поп.
  3. Да канца царствавання Генрыха VIII у Англіі не садзілі ні салаты, ні морквы, ні рэпы, ні іншай гародніны. Уся гародніна прывозілася з Галандыі і Фландрыі і лічылася незвычайнай раскошаю. Калі каралеве Екацерыне хацелася пад’есці салаты, яна была вымушана пасылаць за ёю спецыяльнага пасланца ў Галандыю. (Юм, Гісторыя Англіі, т. III, стар. 314).