Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел восьмы. Пытанне пра пячатку Раздзел дзевяты. Парад на рацэ
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел дзесяты. Ліхія прыгоды прынца

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

ПАРАД НА РАЦЭ

У дзесяць гадзін вечара шырокі фасад палаца з боку ракі зазіхацеў вясёлымі агнямі. Рака, наколькі магло ахапіць вока ў кірунку да Сіці, была ўся пакрыта рыбацкімі баркамі і весяліцельнымі суднамі. Уся гэта флатылія, убраная рознакаляровымі ліхтарыкамі, ціха калыхалася на хвалях і была падобна на вялізны стракаты кветнік, які калышацца ад подыху летняга ветру. Якая жывапісная была тэраса з каменнымі ступенямі, што вялі ўніз к вадзе! Яна была настолькі вялікая, што на ёй магла-б змясціцца армія якой-небудзь нямецкай дзяржавы. На ёй выстраіліся рады каралеўскіх алебардшчыкаў у бліскучых даспехах, і цэлае войска слуг сноўдалася па ёй узад і ўперад, спешна канчаючы апошнюю падрыхтоўку.

Але вось пачуўся нечы загад, і на тэрасе ў адзін міг не асталося ніводнай жывой душы. Усё паветра, здавалася, замерла ад напружанага чакання. Уся рака была запоўнена людзьмі, якія стаялі ў лодках і, засланяючы вочы ад яркага святла ліхтароў і факелаў, глядзелі ў бок палаца.

К ступеням тэрасы падплывалі адно за адным залочаныя прыдворныя судны. Іх было сорак-пяцьдзесят, не меней. У кожнага судна высокі нос і карма былі пакрыты мастацкай разьбой. Адны з іх былі ўбраны флажкамі і сцягамі, другія — залатой парчой і рознакаляровай тканінай з вышытым на іх фамільным гербам, а некаторыя — шоўкавымі флагамі. Да гэтых шоўкавых флагаў было прывешана шмат сярэбраных званочкаў, з якіх так і сыпаліся ва ўсе бакі вясёлыя пырскі музыкі пры малейшым подыху ветру.

Лодкі, якія належалі лордам світы прынца Уэльскага, былі ўпрыгожаны яшчэ больш вычварна: іх барты былі абвешаны распіснымі шчытамі з ярка намалёванымі гербамі. Кожную каралеўскую барку цягнула на буксіры маленькае судна. Апрача грабцоў, на гэтых суднах сядзелі воіны ў бліскучых шлемах і латах ды музыканты.

У шырокіх варотах галоўнага ўвахода ўжо з’явіўся авангард чакаемай працэсіі — атрад алебардшчыкаў.

Алебардшчыкі былі адзеты ў паласатыя, чорныя з чырвоным, штаны, аксамітныя шапачкі, аздобленыя збоку сярэбранымі ружамі, і камзолы з цёмначырвонага і блакітнага сукна, з вышытымі золатам трыма пер’ямі — гербам прынца — на спіне і на грудзях. Дрэўкі іх алебард былі абцягнуты яркачырвоным аксамітам з залатымі цвічкамі і залатымі кутасамі.

Алебардшчыкі выстраіліся ў дзве даўгія шарэнгі, якія ішлі па абодвух баках лесніцы ад варот палаца да самай вады. Між гэтымі двума шарэнгамі лакеі прынца, у пунсова-залатых ліўрэях, разаслалі мяккі паласаты кавёр. Як толькі гэта было выканана, у палацы пачуліся гукі труб.

Хор музыкантаў на вадзе грымнуў вясёлую прэлюдыю, і два прывратнікі з белымі жэзламі вышлі павольнай і паважнай хадою з партала. За імі следаваў афіцэр з цывільным жэзлам і другі афіцэр, які нёс гарадскі меч; затым некалькі сержантаў гарадской варты ў поўнай параднай форме і са значкамі на рукавах; затым герольдмейстэр ордэна Падвязкі ў мантыі, надзетай на латы; потым некалькі рыцараў ордэна Лазні[1], усе з белымі мярэжамі на рукавах; за імі іхнія зброеносцы; потым суддзі ў пунсовых мантыях і шапачках; затым лорд-канцлер Англіі ў расхінутай наперадзе пурпуровай мантыі, абшытай вавёркавымі скуркамі; затым дэпутацыя ад гарадскога насельніцтва ў яркачырвоных плашчах і, нарэшце, старшыні розных грамадзянскіх таварыстваў у поўным парадзе. Далей з’явіліся дванаццаць французскіх вяльмож у раскошным убранні, якое складалася з шоўкавых белых камзолаў з залатымі палоскамі, кароткіх мантый з чырвонага аксаміту, абшытых ліловай тафтой, і сталі павольна спускацца па ступеньках. Усе яны належалі да світы французскага пасла. За імі ішлі дванаццаць кавалераў світы іспанскага пасла, апранутыя ў чорны аксаміт без ніякай аздобы. А за імі следавала некалькі энатнейшых англійскіх вяльмож, кожны са сваёй світай.

У палацы загрымелі трубы, і ў дзвярах з’явіўся дзядзька прынца, будучы вялікі герцаг Самерсецкі, у камзоле з чорнай у золаце парчы і ў малінавым атласным плашчы, затканым сярэбранай сеткай і залатымі кветкамі. Ён павярнуўся, прыпадняў шапачку з пер’ямі, выгнуў стан у нізкім, пачцівым паклоне і пачаў спускацца задам, кланяючыся на кожнай ступеньцы.

Услед за тым раздаліся працяглыя трубныя гукі і кліч: «Дарогу яго высокасці, магутнаму лорду Эдуарду, прынцу Уэльскаму!» Высока над сценамі палаца ўзвіліся чырвоныя агністыя языкі; пачуўся грукат, нібы гром пракаціўся; увесь вялізны натоўп народа на рацэ зароў, вітаючы прынца, і Том Кэнці, віноўнік і герой усёй гэтай цэрамоніі, з’явіўся на тэрасе, злёгку ківаючы царственнай галавой.

Том Кэнці з’явіўся на тэрасе.


Том Кэнці з’явіўся на тэрасе.

Ён быў раскошна ўбраны ў белы атласны камзол. У камзоле быў нагруднік з пунсовай парчы, усеяны адмазным пяском і аблямаваны гарнастаем. На камзол накінуты быў плашч з бела-залатой парчы, на якой быў герб з трох пер’яў; плашч быў абшыты блакітным атласам, усеяны жэмчугам і каштоўнымі камнямі і зашпілены брыльянтавай пражкай. На шыі ў прынца віселі ордэн Падвязкі і многія чужаземныя ордэны; кожны раз, калі на яго падала святло, каштоўныя камні ззялі асляпляючым бляскам. О, Том Кэнці, народжаны ў халупе, выгадаваны ў лонданскіх канавах, знаёмы з рыззём, брудам і жабрацтвам, якое відовішча прадстаўляў ён сабою!


  1. Рыцарскі ордэн, заснаваны каралём Генрыхам IV у 1399 годзе. Пасвячэнне ў гэты ордэн суправаджалася, паміж іншым, купаннем.