Прынц і жабрак (1940)/4
← Раздзел трэці. Сустрэча Тома з прынцам | Раздзел чацверты. Нягоды прынца пачынаюцца Раман Аўтар: Марк Твэн 1940 год Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881) Пераклад: Янка Маўр |
Раздзел пяты. Том у ролі патрыцыя → |
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ
НЯГОДЫ ПРЫНЦА ПАЧЫНАЮЦЦА
Народ цкаваў і праследаваў прынца на працягу многіх гадзін. А потым адвярнуўся і пакінуў яго аднаго. Пакуль у прынца хапала сілы люта адбівацца ад бязлітасных праследвальнікаў, пагражаючы ім сваім каралеўскім гневам, пакуль ён мог даваць загады натоўпу сваім царственным голасам, гэта цешыла людзей; але як толькі стома прымусіла прынца змоўкнуць, ён страціў для катаў усякую каштоўнасць, і яны пайшлі шукаць сабе другой пацехі. Тады ён стаў азірацца навакол, але не пазнаваў гэтай мясцовасці. Ён ведаў толькі, што знаходзіцца ў лонданскім Сіці. Ён пайшоў куды вочы глядзяць. Трохі счакаўшы, дамы пачалі радзець, і прахожых сустракалася ўсё меней. Ён апаласкаў скрываўленыя ногі ў ручаі, які працякаў там, дзе цяпер знаходзіцца Фарынгдон-стрыт, адпачыў некалькі мінут і зноў пусціўся ў дарогу. Хутка дабраўся ён да вялікага пустыра, дзе было толькі некалькі будынкаў, параскіданых без ніякага парадку, і вялізная царква. Ён пазнаў гэтую царкву. Яна ўся была ў рыштаваннях, і ўсюды кішэлі рабочыя. У ёй адбываўся шырокі рамонт. Прынц адразу павесялеў. Ён адчуў, што яго няшчасцям прышоў канец. Ён сказаў сабе: «Гэта старая царква Шэрых манахаў, якую кароль, мой бацька, адабраў ад іх і ператварыў ў прытулак для кінутых і бедных дзяцей і даў ёй новую назву «Хрыстовы манастыр». Тутэйшыя выхаванцы, вядома, з радасцю зробяць паслугу сыну таго, хто быў такім шчодрым і велікадушным да іх, тым болей, што сын гэты таксама пакінуты і бедны, як і тыя, хто цяпер знайшлі тут прытулак і знойдуць яго ў далейшыя дні».
Хутка ён апынуўся сярод чарады хлапчукоў, якія бегалі, скакалі, гулялі ў мяч, у чахарду, страшэнна шумелі, кожны забаўляўся, як умеў. Усе яны былі адзеты аднолькава, як адзяваліся ў тыя дні падмайстры і слугі. У кожнага на макаўцы была плоская чорная шапачка, велічынёю са сподак і ні да чаго не прыдатная, — яна не абараняла галавы, таму што была вельмі малая, і зусім ужо не ўпрыгожвала яе; з-пад шапачкі падалі на сярэдзіну ілба валасы, падстрыжаныя ў кружок і не падзеленыя праборам; на шыі — каўнер, як у асоб духоўнага звання; сіні камзол, шчыльна ахапляючы цела, і шырокі чырвоны пояс да кален, яркажоўтыя панчохі, перацягнутыя вышэй кален падвязкамі, і нізкія чаравікі з шырокімі металічнымі пражкамі. Гэта быў досыць нязграбны касцюм.
Хлопчыкі спынілі гульню і сабраліся вакол прынца. Той сказаў з уласцівай яму важнасцю:
— Добрыя хлопчыкі, скажыце вашаму начальніку, што з ім жадае гутарыць Эдуард, прынц Уэльскі.
Гэтыя словы былі сустрэты гучнымі крыкамі, а адзін непачцівы падлетак сказаў:
— Ты што-ж, галадранец, пасланы яго міласцю?
— Хай жыве яго каралеўская высокасць!
Твар прынца ўспыхнуў гневам, ён працягнуў руку да бядра, але нічога там не знайшоў. Усе бурна зарагаталі. Эдуард сказаў:
— Так, я прынц, — і не належыць вам, якія кормяцца з ласкі майго бацькі, так абыходзіцца са мною.
Сабакі ледзь не разарвалі яго.
Гэта здалося вельмі смешным, і натоўп дружна зарагатаў. Падлетак, што першы пачаў гутарку, крыкнуў сваім таварышам:
— Эй, вы, свінні, рабы, дармаеды царственнага бацькі яго міласці, хіба вы забылі звычаі? Хутчэй на калені, ды стукайце ілбамі памацней! Аддайце гонар яго каралеўскай постаці і яго каралеўскаму рыззю!
І з дружным рогатам яны ўсе кінуліся на калені, выказваючы перад сваёй афярай насмешлівую пашану.
Прынц штурхануў хлопчыка нагой і з абурэннем крыкнуў:
— Вось табе задатак да заўтра. А заўтра я цябе павешу на шыбеніцу.
А, гэта ўжо не жарт! Якія тут жарты! Смех адразу сцішыўся і замест весялосці з’явілася злосць. Дзесяць галасоў закрычала:
— Бяры яго! Валачы яго ў сажалку! Дзе сабакі? Леў, сюды! Сюды, Клыкасты!
Затым паследавала сцэна, якой ніколі яшчэ не бачыла Англія: плебеі паднялі руку на свяшчэнную асобу наследніка і парашылі зацкаваць яго сабакамі, якія ледзь не разарвалі яго.
К надыходу ночы прынц апынуўся ў самай заселенай частцы горада. Цела яго было ў сіняках, рукі ў крыві, лахманы запырсканы гразёю. Ён бадзяўся раз’юшаны па вуліцах, усё больш і больш не ўсведамляючы, дзе ён знаходзіцца, — змораны і слабы, ледзьве валочачы ногі. Ён ужо перастаў задаваць пытанні прахожым, бо тыя, замест адказу, лаялі яго. Ён мармытаў сам сабе:
«Двор аб’едкаў! Калі толькі ў мяне хопіць сілы дацягнуцца туды, перш чым я звалюся, — я выратаваны. Яго радня адвядзе мяне ў палац, дакажа, што я не належу да іхняй сям’і, што я — сапраўдны прынц, і зноў я стану, чым быў».
Час ад часу ён успамінаў, як яго пакрыўдзілі хлопчыкі з Хрыстова манастыра, і казаў сабе:
«Калі я зраблюся каралём, яны атрымаюць ад мяне не толькі ежу і прытулак, але будуць вучыцца па кнігах, бо сыты жывот мала варты, калі і розум галадае і сэрца. Трэба гэта добра запомніць, каб урок, атрыманы мною сёння, не прапаў дарма. Веды змякчаюць сэрца, выхоўваюць літасць і далікатнасць».
Агні пачалі мігаць, пайшоў дождж, узняўся вецер, надышла халодная, бурная ноч. Бяздомны прынц, беспрытульны наследнік англійскага трона, ішоў усё далей і далей, паглыбляючыся ў лабірынты брудных вуліц, дзе кішэлі вуллі беднасці і гора.
Раптам нейкі п’яны вялізнага росту груба схапіў яго за каўнер.
— Зноў прашвэндаўся да такога позняга часу, а дахаты не прынёс ніводнага меднага фартынга! Ну, глядзі, калі ты без грошай! Я паламаю ўсе твае нікчэмныя косці, каб я не быў Джон Кэнці!
Прынц вырваўся з рук п’яніцы, мімаволі выціраючы плячо, апаганенае яго дакрананнем, і горача сказаў:
— О, ты яго бацька? Слава добраму небу! Адвядзі мяне ў бацькаўскі дом, а яго выведзі адтуль!
— Яго бацька? Я не ведаю, што ты хочаш сказаць. Але я ведаю, што я твой бацька… і ты хутка ў гэтым пераканаешся…
— О, не жартуй, не хітруй і не марудзь! Я змарыўся, я паранены, я не магу больш цярпець. Адвядзі мяне да майго бацькі
П’яны схапіў яго за каўнер.
караля, і ён узнагародзіць цябе такімі багаццямі, якія табе ніколі і не сніліся. Вер мне, вер, я не маню табе, я кажу чыстую праўду! Працягні мне руку, выратуй мяне! Я сапраўды прынц Уэльскі!
Са здзіўленнем утаропіўся Джон Кэнці на хлопчыка і, ківаючы галавой, прамармытаў:
— Звар’яцеў, з глузду з’ехаў!
Потым ён зноў ухапіў яго за каўнер, хрыпла засмяяўся і вылаяўся.
— Але ці звар’яцеў ты ці не, а мы з бабуляй пералічым табе ўсе рэбры, — хай не буду я Джон Кэнці!
І ён павалок за сабой раззлаванага прынца, не гледзячы на яго супраціўленне, і знік разам з ім у адным з бліжэйшых двароў; а следам за імі чуліся вясёлыя крыкі чалавечых падонкаў…