Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел чацверты. Нягоды прынца пачынаюцца Раздзел пяты. Том у ролі патрыцыя
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел шосты. Том атрымоўвае інструкцыі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

ТОМ У РОЛІ ПАТРЫЦЫЯ

Потым выняў шпагу…


Потым выняў шпагу…

Том Кэнці, астаўшыся адзін у кабінеце прынца, вельмі добра скарыстаў сваё адзіноцтва. То так, то гэтак станавіўся ён перад вялікім люстэркам, любуючыся сваім раскошным убраннем; потым адышоўся, пераймаючы благародную постаць прынца і ўвесь час наглядаючы ў люстэрку, які з гэтага выходзіць эфект. Потым выняў з ножнаў прыгожую шпагу і з глыбокім паклонам пацалаваў яе і прыціснуў да грудзей, як рабіў гэта пяць ці шэсць тыдняў назад на яго вачах адзін благародны рыцар, калі аддаваў чэсць каменданту Тауэра пры перадачы яму знатных лордаў Норфолька і Суррэя для зняволення ў турме. Том гуляў з кінжалам, апраўленым каштоўнымі камнямі і вісеўшым у яго пры баку, разглядаў мастацкае і дарагое абсталяванне пакоя, садзіўся па чарзе ў кожнае з багатых крэслаў і думаў аб тым, як заганарыўся-б ён, каб хлапчукі з Двара аб’едкаў маглі зірнуць сюды хоць на міг і ўбачыць яго ў такім харастве. Ці павераць яны цудоўнай казцы, якую ён раскажа ім, калі вернецца дадому, або будуць ківаць галовамі і гаварыць, што ад празмернага напружання фантазіі ён нарэшце страціў розум?

Так прайшло з поўгадзіны.

Тут ён упершыню падумаў, што, прынца нешта доўга няма, і адчуў сябе адзінокім. Скора багатыя цацкі, якія акружалі яго, перасталі яго цешыць; ён прагна прыслухоўваўся да кожнага гуку; спачатку яму было няёмка, потым ён устрывожыўся, потым засумаваў. А што, калі раптам увойдуць якія-небудзь людзі і ўбачаць яго ў прынцавым убранні, а прынца няма, і ніхто не

П’яны схапіў яго за каўнер.

растлумачыць ім, у чым справа. Яны, чаго добрага, тут-жа павесяць яго, а потым ужо дабяруцца да ісціны. Трывога яго ўсё расла; увесь дрыжучы, ён ціхенька адчыніў дзверы ў прыхожую. Трэба хутчэй знайсці прынца. Прынц абароніць яго і вызваліць. Шасцёра багата ўбраных паноў, якія лічыліся слугамі прынца, ды два маладыя пажы знатнага роду, прыбраныя, нібы матылі, усхапіліся на ногі і нізка пакланіліся яму. Ён паспешна адступіў і захлопнуў за сабой дзверы.

«Яны смяюцца з мяне! — сказаў ён. — Яны зараз пойдуць і раскажуць… О, навошта я трапіў сюды на сваю пагібель!»

Ён зашагаў з кута ў кут у незвычайным жаху і стаў прыслухоўвацца, уздрыгваючы пры кожным шораху. Раптам дзверы расчыніліся, і шоўкавы паж далажыў:

— Лэдзі Джэн Грэй.

Дзверы зачыніліся, і да яго з падскокамі падбегла чароўная багата ўбраная дзяўчынка. Раптам яна спынілася і прамовіла з прыкрасцю:

— О! Чаму ты такі сумны, мой прынц?

Том абамлеў, але перамог сябе і пралепятаў:

— Ах, злітуйся нада мной! Я не прынц, я ўсяго толькі бедны Том Кэнці з Сіці, з Двара аб’едкаў. Прашу цябе, дазволь мне ўбачыць прынца, каб ён, па сваёй міласэрнасці, аддаў мне мае лахманы і дазволіў цэлым выйсці адсюль. О, пашкадуй, выратуй мяне!

Хлопчык упаў на калені, просячы не толькі словамі, але і вачыма і з мальбой працягваючы да яе рукі. Дзяўчынка, здаецца, анямела ад жаху, потым усклікнула:

— О, мілорд, ты на каленях — перада мной!

І са страхам уцякла, а Том у роспачы паваліўся на падлогу і сказаў сам сабе: «Няма дапамогі, няма надзеі! Зараз прыдуць і возьмуць мяне».

Між тым, пакуль ён ляжаў тут, дрантвеючы ад жаху, страшная вестка разнеслася па палацы. Яна пераходзіла ад слугі да слугі, ад лорда к лэдзі, — гучна аб гэтым гаварыць ніхто не адважваўся, — і па ўсіх доўгіх карыдорах, з паверха на паверх, з зала ў зал: «Прынц страціў розум! Прынц страціў розум!» Хутка ва ўсіх гасціных, ва ўсіх мрамарных вестыбюлях сабраліся групы бліскучых лордаў і лэдзі і іншых не меней асляпляльных, хоць і меней знатных асоб; усе яны жвава шапталіся адзін з адным, і на кожным твары быў смутак. Раптам між гэтымі групамі з’явіўся пышна разадзеты царадворац і мернымі крокамі абышоў усіх, урачыста абвяшчаючы:

Іменем караля!

Пад страхам смерці забараняецца слухаць гэтую хлуслівую і недарэчную вестку, абгаварваць яе і выносіць па-за сцены палаца!

Шушуканне адразу сціхла, нібы ўсе тыя, хто шапталіся, адразу знямелі.

Хутка па карыдорах пранеслася пчалінае гудзенне:

— Прынц! Глядзіце, прынц ідзе!

Бедны Том ціха ішоў міма нізка кланяючыхся прыдворных, стараючыся адказваць ім такімі-ж самымі паклонамі і пазіраючы навакол пакорнымі і збянтэжанымі вачыма. Па баках яго ішлі

Ён упаў на калені.

два вяльможы, падтрымліваючы яго пад рукі, каб надаць цвёрдасць яго хадзе. Ззаду ішлі прыдворныя ўрачы і некалькі лакеяў.

Хутка Том апынуўся ў багата абсталяваным пакоі і пачуў, як дзверы зачыніліся. Прышоўшыя з ім сталі поўкругам. Перад імі ляжаў на канапе вельмі грамоздкі, вельмі тоўсты мужчына з шырокім, абрузглым тварам і суровым позіркам. Вялізная галава яго была зусім сівая; бакенбарды па баках твара былі таксама сівыя. Плацце на ім было з багатага матэрыялу, але паношанае і месцамі крыху пацёртае. Ногі ў яго былі апухлыя; адна з іх была забінтаваная і ляжала на падушцы. У пакоі панавала цішыня, і ўсе, апрача гэтага чалавека, пачціва схілілі галовы. Гэты калека з суровым тварам быў грозны Генрых VIII.

Ён пачаў гаварыць, і твар яго раптам зрабіўся ласкавы.

— Ну, што мілорд Эдуард? Што, мой прынц? Што гэта табе прышло ў галаву абдурваць такімі нікчэмнымі жартамі мяне — твайго добрага бацьку-караля, які любіць цябе і песціць…

Бедны Том выслухаў, паколькі яму дазваляў яго настрой, пачатак гэтай прамовы, але калі словы: «твайго добрага бацьку-караля», дайшлі да яго вушэй, ён увесь змярцвеў і, як падстрэлены, упаў на калені. Ён падняў угару рукі і ўсклікнуў:

— Ты — кароль! Ну, тады я прапаў!

Караля нібы гром ударыў. Вочы яго збянтэжана перабягалі ад аднаго твара да другога і нарэшце спыніліся на хлопчыку. Тонам глыбокага расчаравання ён вымавіў:

— А я думаў, што чуткі не адпавядаюць сапраўднасці, але баюся, што памыліўся.

Ён цяжка ўздыхнуў і ласкава прамовіў:

— Падыйдзі да твайго бацькі, дзіця: ты хворы.

Тому памаглі падняцца на ногі, і, увесь дрыжучы, ён пакорліва падышоў да яго вялікасці караля Англіі. Кароль узяў у рукі яго спалоханы твар і любоўна, пільна ўглядаўся ў яго, нібы шукаючы ўцешных адзнакаў вяртаючагася розуму, потым прытуліў кучаравую галаву да сваіх грудзей і пяшчотна пагладзіў яе.

— Няўжо-ж ты не пазнаеш свайго старога бацьку, дзіця маё? — сказаў ён. — Не разбівай майго старыкоўскага сэрца, скажы, што ты пазнаў мяне! Ты-ж мяне ведаеш, хіба не?

— Так. Ты мой аўгусцейшы валадар, кароль, хай бароніць цябе бог!

— Верна, верна… Гэта добра… Супакойся-ж, не дрыжы; тут ніхто не пакрыўдзіць цябе; тут любяць цябе. Цяпер табе лепей? Дрэнны сон праходзіць, ці не праўда? І ты зноў пазнаеш самога сябе, — пазнаеш-жа? Толькі што, як мне паведамілі, ты назваў сябе чужым імем. Але болей ты не будзеш выдаваць сябе за кагосьці другога, так?

— Прашу цябе, будзь міласцівы, вер мне, мой аўгусцейшы валадар; я кажу толькі праўду; я ніжэйшы з тваіх падданых. Я радзіўся жабраком, і толькі прыкры выпадак прывёў мяне сюды, хоць я і не зрабіў нічога ганебнага. Паміраць мне рана. Я малады. І адно тваё слова можа выратаваць мяне. О, скажы гэта слова, сэр!

— Паміраць? Не кажы аб гэтым, мілы прынц, супакойся, — хай зыйдзе мір у тваю ўстрывожаную душу! Ты не памрэш.

Том з крыкам радасці ўпаў на калені.

— Хай узнагародзіць цябе бог за тваю дабрату, о мой кароль, і хай прадоўжыць ён жыццё тваё на карысць тваёй краіне!

Том ускочыў на ногі і з вясёлым тварам звярнуўся да двух лордаў, якія суправаджалі яго:

— Вы чулі? Я не памру, — гэта сказаў сам кароль!

Усе нахілілі галовы з панурай пачцівасцю, але ніхто не крануўся з месца і не сказаў ні слова. Том пачакаў, крыху засароміўшыся, потым павярнуўся да караля і баязліва спытаўся:

— Цяпер я магу выйсці?

— Выйсці? Вядома, калі ты жадаеш. Але чаму-б табе не пабыць тут яшчэ трохі? Куды-ж ты хочаш ісці?

Том апусціў вочы і пакорна адказаў:

— Магчыма, што я памыліўся; але я палічыў сябе вольным і хацеў вярнуцца ў свой катух, дзе радзіўся і рос у бядоце, дзе і цяпер жывуць мая маці, мае сёстры; той катух — мой дом, а ўся гэтая пышнасць і хараство, да якіх я не прывык… О, будзь літасцівы, гасудар, дазволь мне пайсці!

Кароль задумаўся і з хвіліну маўчаў. На твары яго адлюстроўвалася ўсё нарастаючая душэўная трывога і боль. Але ў голасе яго, калі ён загаварыў, гучэла надзея.

— Можа, ён звар’яцеў на адной гэтай думцы, а калі яго розум накіраваць на другія прадметы, то ён астанецца паранейшаму ясным. Дай божа, каб гэта было так! Мы праверым яго.

Ён задаў Тому пытанне па-латыні, і Том з грахом папалам адказаў яму лацінскай фразай. Кароль быў надзвычайна рады і не хаваў гэтага. Лорды і ўрачы таксама выказалі сваё задавальненне.

— Пры яго адукацыі і здольнасцях, — сказаў кароль, — ён мог-бы адказаць значна лепш, аднак гэты адказ паказвае, што яго розум толькі зацямніўся, але не пашкоджаны канчаткова. Як вы думаеце, сэр?

Урач, да якога былі накіраваны гэтыя словы, нізка пакланіўся і адказаў:

— Ваша здагадка верная, гасудар, і зусім згодная з маёй уласнай думкай.

Кароль, відаць, быў рады гэтай ухвале, якая выходзіла з вуснаў знаўцы, і ўжо весялей прадаўжаў:

— Добра! Слухайце ўсе. Мы будзем экзаменаваць яго далей.

Кароль звярнуўся да лордаў.

І ён задаў Тому пытанне па-французску. Том з хвіліну маўчаў, засаромлены тым, што ўсе вочы накірованы на яго, потым прамовіў:

— З вашага дазволу, сэр, мне гэта мова незнаёмая.

Кароль адкінуўся назад, на падушку канапы. Некалькі слуг кінуліся да яго на дапамогу, але ён адхіліў іх і сказаў:

— Не турбуйце мяне, — гэта мінутная слабасць, больш нічога. Падыміце мяне! Вось так, досыць! Падыйдзі сюды, дзіця; палажы бедную хворую галаву на грудзі твайго бацькі і супакойся! Ты скора паправішся: гэта мімалётны капрыз фантазіі, гэта пройдзе. Не палохайся! ты хутка будзеш здаровы.

Затым ён звярнуўся да ўсіх, і твар яго з ласкавага адразу зрабіўся грозным, а ў вачах зайгралі маланкі.

— Слухайце, вы ўсе! Сын мой вар’ят, але гэта вар’яцтва часовае. Яно выклікана непасільнымі заняткамі і надта

Урач нізка пакланіўся.

замкнёным жыццём. Далоў усе кнігі, далоў настаўнікаў! Забаўляйце яго гульнямі, асабліва на чыстым паветры, гэта верне яму здароўе!

Кароль прыпадняўся яшчэ вышэй на падушках і прадаўжаў энергічна:

— Ён вар’ят, але ён мой сын і наследнік англійскага прастола, і, нармальны ці вар’ят, ён будзе царстваваць! Слухайце далей і абвясціце гэта ўсюды: кожны, хто гаворыць аб яго хваробе, пасягае на мір і парадак Брытанскай дзяржавы і будзе адпраўлены на шыбеніцу! Дайце мне піць! Я ўвесь у агні: гора падрывае мае сілы… Так. Вазьміце прэч гэтую чашу! Падтрымайце мяне! Так, добра. Ён вар’ят? Дык што-ж? Хай ён будзе хоць тысячу разоў вар’ят, усё-ж ён прынц Уэльскі, і я, кароль, дам гэтаму публічнае пацвярджэнне. Сёння-ж ён будзе зацверджаны ў сваім каралеўскім сане з усімі фармальнасцямі і старадаўнімі звычаямі. Загадваю вам зараз-жа прыступіць да справы, мілорд Гертфорд!

Адзін з лордаў схіліў калена перад каралём і сказаў:

— Вашай каралёўскай вялікасці вядома, што наследны гоф-маршал Англіі пасаджан у Тауэр. Не можа зняволены…

— Замаўчы! Не абражай майго слуху ненавісным імем. Няўжо гэты чалавек будзе жыць вечна і вечна стаяць перашкодай для маіх жаданняў? Няўжо-ж прынцу аставацца незацверджаным у сваім сане толькі таму, што ў Англіі няма маршала, не замешанага ў здрадзе, годнага ўвесці яго ў гэты сан? Не, клянуся ўсемагутным богам! Папярэдзь мой парламент, каб ён вынес смяротны прыгавар Норфольку раней, чым узойдзе сонца: а то ён сурова паплоціцца[1]!

— Каралеўская воля — закон! — сказаў лорд Гертфорд і, устаўшы, вярнуўся на ранейшае месца.

Гнеў мала-па-малу знік з твара караля.

— Пацалуй мяне, мой прынц! — сказаў ён. — Вось так. Чаго-ж ты баішся? Я-ж твой бацька, я люблю цябе…

— Ты добры да мяне, нявартага, о магутны і міласэрны гасудар; гэта сапраўды так… Але… але мяне засмучае думка аб тым, хто павінен памерці дзеля…

— А, гэта падобна на цябе, гэта падобна на цябе! Я ведаў, што сэрца ў цябе асталося ранейшае, хоць розум твой і пашкоджаны; у цябе заўсёды было добрае сэрца. Але гэты герцаг стаіць паміж табою і тою пашанай, якую табе належыць атрымаць. Я назначу на яго месца другога, хто не запляміць свайго высокага сана здрадай. Супакойся, мой добры прынц, не турбуй дарэмна сваёй беднай галавы гэтай справай…

— Але я паскору яго смерць, мой валадар? Колькі мог-бы ён пражыць яшчэ, каб не я?

— Не думай аб ім, мой прынц! Ён няварты таго. Пацалуй мяне яшчэ раз і вярніся да сваіх гульняў і пацех! Мая хвароба змучыла мяне; я стаміўся; мне патрэбен адпачынак. Ідзі з тваім дзядзем Гертфордам і з тваёй світай і прыходзь зноў, калі цела маё падмацуецца адпачынкам!

Том вышаў з каралеўскай адпачывальні са сціснутым сэрцам, бо апошнія словы караля былі смяротным прыгаварам для надзеі, якую ён меў, — што цяпер яго адпусцяць на волю. І зноў ён пачуў гудзенне ціхіх галасоў: «Прынц, прынц ідзе!»

Чым далей ён ішоў паміж двух радоў бліскучых, нізка кланяючыхся яму прыдворных, тым больш ён падаў духам, адчуваючы, што ён тут палоннік і можа ніколі не вырвецца з гэтай залатой клеткі.

І, куды-б ён ні павярнуўся, усюды яму здавалася, што ляціць у паветры адсечаная галава і знаёмы твар вялікага герцага Норфолькскага з дакорам глядзіць на яго.

Яго мары былі такія чароўныя, а сапраўднасць аказалася такой хмурай і жудаснай!


  1. Кароль у гэты час дажываў ужо апошнія дні. Баючыся, што Норфольк выслізне ад яго, ён выказаў палаце абшчын жаданне, каб яна паскорыла прыгавар. Повадам паслужыла каралю тое, што Норфольк займаў пасаду обер-гофмаршала, і неабходна было назначыць на яго месца другога для прадстаячай цэрамоніі ўзвядзення прынца Уэльскага ў каралеўскі сан. (Юм, Гісторыя Англіі, т. III, стар. 307.)