Прынц і жабрак (1940)/3
← Раздзел другі. Дзяцінства Тома | Раздзел трэці. Сустрэча Тома з прынцам Раман Аўтар: Марк Твэн 1940 год Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881) Пераклад: Янка Маўр |
Раздзел чацверты. Нягоды прынца пачынаюцца → |
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
СУСТРЭЧА ТОМА З ПРЫНЦАМ
Том устаў галодны і вышаў галодны з дому, але ўсе яго думкі былі ахоплены зданнёвым хараством яго начных сноў. Ён безуважліва пасоўваўся па Сіці, нібы не бачачы, куды ён ідзе і што адбываецца навакол. Адны штурхалі яго, другія лаялі, але ён увесь быў адданы сваім марам, нічога не бачыў і не чуў. Нарэшце ён апынуўся ля варот Тэмпл Бара. Так далёка ён ніколі не заходзіў. Ён спыніўся і з хвіліну раздумваў, куды ён трапіў, потым мары зноў захапілі яго, і ён сам не заўважыў, як апынуўся па-за сценамі Лондана. У той час Стрэнд ужо не быў прасёлачнай дарогай і нават лічыў сябе вуліцай; але, трэба сказаць, гэта была досыць дзіўная вуліца, таму што, хаця па адным баку яе цягнуўся амаль суцэльны рад дамоў, дамы па другім баку былі параскіданыя на далёкай адлегласці адзін ад другога, — пышныя палацы багацейшых дваран, акружаныя раскошнымі садамі, якія спускаліся да ракі. У наш час на месцы гэтых садоў ціснуцца цэлыя акры панурых будынкаў з камня і цэглы.
Том дабраўся да вёскі Чэрынг і прысеў адпачыць ля падножжа прыгожага крыжа, пастаўленага ў даўнія часы адным развенчаным каралём; потым ён зноў ляніва павалокся па вельмі прыгожай пустыннай дарозе, абмінуў раскошны палац кардынала і накіраваўся да другога, яшчэ больш раскошнага і велічнага палаца — Вестмінстэрскага. Здзіўлены і шчаслівы, глядзеў ён на гэту каменную аграмадзіну з шырока раскінутымі флігелямі, на грозныя бастыёны і вежы, на велізарныя каменныя вароты з залачонымі рашоткамі, на каласальных гранітных ільвоў і іншыя сімвалы англійскай каралеўскай улады. Няўжо яго заветныя мары нарэшце збудуцца? Гэта-ж каралеўскі палац. Хіба не можа здарыцца, што, калі лёс будзе прыхільны да яго, ён убачыць і прынца — сапраўднага прынца, з касцей і цела?
Па абодвух баках залачоных варот стаялі дзве жывыя статуі — стройныя і нерухомыя воіны, закованыя ад галавы да ног у бліскучыя сталёвыя латы. На пачцівай адлегласці віднеліся групы сялян і гарадскіх абываталяў, прагнуўшых хоць адным вокам убачыць каго-небудзь з каралеўскай сям’і. Раскошныя экіпажы з багата ўбранымі панамі і такімі-ж убранымі слугамі на запятках прыязджалі і выязджалі праз многія другія вароты ў палацавай агарожы.
Бедны маленькі Том у сваіх лахманах далучыўся да натоўпу зявак і павольна, баязліва прайшоў міма вартавых; сэрца яго моцна застукала, і ў душы абудзілася надзея. І раптам ён убачыў праз залачоныя пруты рашоткі такое відовішча, што ледзь не ўскрыкнуў ад радасці. За агарожай стаяў прыгожы, стройны хлопчык, смуглявы і загарэлы ад гульняў і практыкаванняў на паветры, убраны ў шоўк і атлас, які блішчэў ад дарагіх камняў; пры баку ў яго вісела маленькая шабля, упрыгожаная самацветамі, за поясам быў кінжал; на нагах былі элегантныя боцікі з чырвонымі абсацамі, а на галаве — пунсовая шапачка З буйнымі каштоўнымі камнямі і пер’ямі, якія апускаліся на плечы. Побач стаяла некалькі пышна ўбраных паноў, — пэўна яго слуг. О, гэта, вядома, прынц — сапраўдны, жывы прынц! Тут не магло быць ніякага сумнення. Нарэшце была пачута малітва хлапчука-жабрака.
Том пачаў дыхаць часта-часта, вочы яго шырока раскрыліся ад здзіўлення і радасці. У гэтую мінуту яго помыслы былі ахоплены адным жаданнем, якое засланіла ўсе іншыя: падыйсці бліжэй да прынца і ўсмак наглядзецца на яго. Перш чым ён уразумеў, што ён робіць, як ужо прыціснуўся да рашоткі варот. Але ў той-жа міг адзін з салдат груба пацягнуў яго прэч і штурхануў у натоўп вясковых зявак і лонданскіх лодыраў з такой сілай, што хлопчык закруціўся, як мячык.
— Ведай сваё месца, брадзяга!
Натоўп зарагатаў, засмяяўся, але маленькі прынц падскочыў да варот з палаючым тварам і крыкнуў, гнеўна бліскаючы вачыма:
— Як ты смееш крыўдзіць гэтага беднага хлопчыка? Як асмельваешся ты так груба абыходзіцца з самым апошнім з падданых майго бацькі-караля? Адчыні вароты, і няхай ён увойдзе!
Паглядзелі-б вы, як увесь лёгкадумны натоўп адразу зняў шапкі; паслухалі-б, як радасна ўсе закрычалі: «Хай жыве прынц Уэльскі!»
Салдаты аддалі чэсць алебардамі, адчынілі вароты і зноў аддалі чэсць, калі міма іх прайшоў прынц Бядоты ў развяваючыхся лахманах і павітаўся за руку з прынцам Бязмежных Багаццяў.
— Ты, здаецца, галодны і змораны, — прамовіў Эдуард Тюдор. — Цябе скрыўдзілі. Ідзі за мной!
З поўдзесятка прыдворных лакеяў кінуліся наперад — не ведаю ўжо чаго, мабыць яны хацелі ўмяшацца і не пусціць Тома ў каралеўскі палац. Але прынц адхіліў іх сапраўды царственным рухам рукі, і яны мігам застылі на месцы, як статуі. Эдуард прывёў Тома ў палац, у раскошна ўбраны пакой, які ён называў сваім кабінетам. Па яго загаду быў прынесены пачастунак; такіх страў Том у жыцці сваім не бачыў, толькі чытаў аб іх у кнігах. З далікатнасцю і ласкавасцю, якая павінна быць у прынца, Эдуард выслаў з пакоя слуг, каб яны не бянтэжылі сарамлівага госця сваімі строгімі позіркамі, а сам сеў побач і, пакуль Том еў, задаваў яму пытанні:
— Як цябе завуць, хлопчык?
— Том Кэнці, з вашага дазволу, сэр.
— Дзіўнае імя[1]. Дзе ты жывеш?
— У Сіці, асмелюся далажыць вашай міласці. Двор аб’едкаў за Абжорным радам.
— Двор аб’едкаў! Яшчэ адно дзіўнае імя! Ёсць у цябе бацькі?
— Бацькі ў мяне ёсць, ёсць і бабуля, якую я не надта люблю, хай даруе мне бог, калі гэта грэх… І яшчэ ў мяне ёсць дзве сястры-блізняты — Нэн і Бэт.
— Мусіць, твая бабуля не вельмі ласкавая да цябе?
— Яна ні да каго не ласкавая, смею далажыць вашай светласці. У сэрцы яе няма дабраты, і ўсе свае дні яна робіць зло.
— Крыўдзіць яна цябе?
— Толькі тады яна не крыўдзіць мяне, калі спіць або затуманіць свой розум віном. Але як толькі ў галаве яе праясніцца, яна б’е мяне ў два разы мацней.
— Няхай ён увойдзе!
Вочы маленькага прынца бліснулі гневам.
— Як! Б’е? — ускрыкнуў ён.
— О, б’е! асмелюся далажыць вашай міласці.
— Б’е! цябе такога кволага, маленькага! Слухай! Перш чым прыдзе ноч, яе звяжуць і кінуць у Тауэр. Кароль, мой бацька…
— Вы забываеце, сэр, што яна нізкага звання. Тауэр — цямніца для знатных.
— Праўда! Гэта не прышло мне ў галаву. Але я падумаю, як пакараць яе. А твой бацька добры для цябе?
— Не дабрэй за маю бабку Кэнці, сэр.
— Бацькі, здаецца, усе аднолькавыя. І ў майго нораў не ціхі. Рука ў яго цяжкая, але мяне ён не чапае. Хоць лаянкі ён, праўду кажучы, не шкадуе. А як абыходзіцца з табою твая маці?
— Яна добрая, гасудар, і ніколі не робіць мне ні крыўды, ні смутку. і Нэн і Бэт таксама добрыя, як яна.
— Колькі ім гадоў?
— Пятнаццаць год — і той і другой, ваша міласць.
— Лэдзі Елізавеце, маёй сястры, чатырнаццаць. Лэдзі Джэн Грэй, мая дваюрадная сястра, мне равесніца; яны абедзве мілавідныя і ветлівыя, але мая другая сястра, лэдзі Мэры, у якой такі хмуры, злы твар і… Скажы, твае сёстры забараняюць служанкам смяяцца, каб яны не запаганілі сваю душу грахом?
— Мае сёстры? Ты думаеш, сэр, што ў іх ёсць служанкі?
Мінуту маленькі прынц глядзеў на маленькага жабрака з важнай задумлівасцю, потым прамовіў:
— Як-жа, скажы на ласку, могуць яны абыйсціся без служанак? Хто дапамагае ім здымаць з сябе нанач адзенне? Хто адзяе іх, калі яны ўстаюць раніцою?
— Ніхто, сэр. Можа ты хочаш, каб нанач яны раздзяваліся і спалі без адзення, як жывёлы?
— Без адзення? Хіба ў іх толькі па аднаму плаццю?
— Ах, гасудар, ды навошта-ж ім болей? Не два-ж у іх цела, у кожнай.
— Як усё-гэта дзіўна, незвычайна! Выбач мне гэты смех: я не думаў пакрыўдзіць цябе. У тваіх добрых сясцёр, Нэн і Бэт, будзе плаццяў і слуг досыць і вельмі скора: аб гэтым паклапоціцца мой казначэй. Не, не дзякуй мне, гэта глупства. Ты добра гаворыш, лёгка і хораша. Ты навучан навукам?
— Не ведаю, сэр. Добры поп Эндр’ю з ласкі навучаў мяне па сваіх кнігах.
— Ты ведаеш латынь?
— Баюся, што веды мае нязначныя, ваша светласць.
— Вывучыся, мой любы, — гэта нялёгка толькі спачатку. Грэчаскі цяжэй, але, здаецца, ні лацінскі, ні грэчаскі, ні іншыя мовы не цяжкія для лэдзі Елізаветы і маёй кузіны. Ты-б паслухаў, як
— Колькі ім гадоў?
гэтыя юныя дамы гавораць на чужых мовах. Але раскажы мне пра твой Двор аб’едкаў. Весела табе там жывецца?
— Сапраўды весела, сэр, калі, вядома, я сыты. Нам паказваюць Панча і Джэдзі[2], а таксама малпачак. О, якія пацешныя стварэнні, адзетыя страката і забаўна! Апрача таго, нам даюць прадстаўленні: акторы граюць, крычаць, б’юцца, а потым забіваюць адзін аднаго і валяцца мёртвымі; так цікава глядзець, і каштуе ўсяго толькі фартынг, — толькі іншы раз вельмі ўжо цяжка здабыць гэты фартынг, смею далажыць вашай міласці.
— Расказвай яшчэ!
— Мы, хлопчыкі, у Дварэ аб’едкаў часам ваюем паміж сабой на палках, як падмайстры.
У прынца бліснулі вочы.
— Ад гэтага і я не адмовіўся-б. Расказвай яшчэ!
— Мы бегаем навыперадкі, сэр, хто каго перагоніць.
— Мне было-б да спадобы і гэта! Далей!
— Улетку, сэр, мы ходзім па вадзе басанож, купаемся ў каналах і ў рацэ, пры гэтым пырскаем адзін на аднаго вадой, хапаем адзін аднаго за шыю і прымушаем ныраць, і плаваем, і крычым, і скачам…
— Я аддаў-бы ўсё каралеўства майго бацькі, каб хоць разок пазабаўляцца гэтак. Калі ласка, расказвай яшчэ.
— Мы спяваем і скачам вакол майскага слупа ў Чыпсайдзе; мы закопваем адзін аднаго ў пясок; мы робім з гразі пірагі, — о, любая гразь! ва ўсім свеце нішто не дае нам больш прыемнасцей. Мы проста так і качаемся ў ёй, хай не пакрыўдзіцца сэр!
— Ні слова болей, прашу цябе! Гэта-ж цудоўна! Каб я толькі мог апрануцца ў адзежу, падобную да тваёй, зняць з ног абутак, пацешыцца гразёю хоць раз, хоць адзінюсенькі разок, але каб ніхто мяне не лаяў і не стрымліваў, — я, здаецца, з радасцю аддаў-бы карону.
— А я… каб я хоць раз мог адзецца так, як вы, ваша светласць, толькі раз, адзін-адзіны разок…
— О, вось чаго захацелася! Што-ж, няхай будзе так! Здымай лахманы і апранай гэта раскошнае ўбранне. У нас будзе нядоўгае шчасце, але ад гэтага яно не зробіцца менш радасным! Пагуляем, пакуль можна, а потым зноў пераапранемся, перш чым прыдуць і перашкодзяць.
Праз некалькі мінут маленькі прынц Уэльскі ўбраўся ў рыззё, якое было адзеннем Тома, а маленькі прынц Бядоты — у раскошнае царскае плацце.
Абодва падышлі да вялікага люстэрка, і — о дзіва! — ім здалося, што яны зусім і не мяняліся касцюмамі! Яны ўтаропілі вочы адзін на аднаго, потым паглядзелі ў люстэрка, потым зноў, адзін на аднаго. Нарэшце здзіўлены прынц сказаў:
— Што ты думаеш аб гэтым?
— Ах, ваша міласць, не вымагайце, каб я адказаў на гэтае запытанне. Чалавеку майго звання не належыць гаварыць такія рэчы.
— Тады скажу аб гэтым я. У цябе такія самыя валасы, такія-ж вочы, такі-ж голас, такая хада, такі-ж рост, такая самая постаць, такі-ж твар, як у мяне. Каб мы вышлі голымі, ніхто не мог-бы сказаць, хто з нас ты, а хто прынц Уэльскі. Цяпер, калі на мне, твая адзежа, мне здаецца, я жывей адчуваю, што адчуў ты, калі гэты грубы салдат… Слухай, у цябе-ж на руцэ сіняк.
— Глупства, гасудар! Ваша светласць ведаеце, што гэты злашчасны вартавы…
— Маўчы! Ён абышоўся з табой ганебна, злосна! — усклікнуў маленькі прынц, тупнуўшы босай нагой. — Калі кароль… Не кратайся з месца, пакуль я не вярнуся! Такі мой загад!
У адзін міг ён схапіў са стала і схаваў нейкі прадмет, які меў дзяржаўнае значэнне, выскачыў за дзверы і паімчаўся ў патрапаных лахманах па пакоях палаца. Твар у яго разгарэўся, вочы заблішчэлі. Падбегшы да вялікіх варот, ён ухапіўся за жалезныя пруты і, торгаючы іх, закрычаў:
— Адчыні! Адчыні вароты!
Салдат, той самы, што скрыўдзіў Тома, зараз-жа выканаў гэтае патрабаванне; як толькі прынц, задыхаючыся ад царственнага гневу, выбег з высокіх варот, салдат пачаставаў яго такой звонкай аплявухай, што той кулём паляцеў на дарогу.
— Вось табе, жабрацкае адроддзе, за тое, што мне праз цябе дасталося ад яго высокасці!
Натоўп зароў, зарагатаў. Прынц апынуўся ў гразі. Ён ускочыў на ногі і гнеўна падляцеў да вартавога з крыкам:
— Я прынц Уэльскі! Мая асоба свяшчэнная, і цябе павесяць за тое, што ты асмеліўся дакрануцца да мяне.
Салдат аддаў яму чэсць алебардай і з усмешкай сказаў:
— Хай жыве яго каралеўская высокасць!
Потым сярдзіта:
— Ідзі ты прэч, дурная рвань!
Натоўп з рогатам абступіў няшчаснага маленькага прынца і пагнаў яго па дарозе з гікам і крыкам:
— Дарогу яго каралеўскай высокасці. Дарогу прынцу Уэльскаму!