Прынц і жабрак (1940)/33
← Раздзел трыццаць першы. Каранацыйная працэсія | Раздзел трыццаць трэці. Эдуард — кароль Раман Аўтар: Марк Твэн 1940 год Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881) Пераклад: Янка Маўр |
Заключэнне. Правасуддзе і адплата → |
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
ЭДУАРД — КАРОЛЬ
І да таго яшчэ, як Майлс Гендон трапіў у буяны натоўп, што запоўніў увесь Лонданскі мост, яго выгляд быў вельмі жывапісны, а калі ён вырваўся адтуль, то зрабіўся яшчэ больш жывапісным. У яго і раней было мала грошай, а цяпер і зусім не асталася. Злодзеі ачысцілі яго кішэні да апошняга фартынга.
Але не бяда, абы знайсці хлопчыка. Як сапраўдны воін, ён нічога не рабіў наўздагад, а перш за ўсё складаў план ваенных дзеянняў.
Што мог прадпрыняць хлопчык? Куды ён мог накіравацца? Відаць, думаў Майлс, для яго было найбольш натуральным наведаць першым чынам тое месца, дзе ён жыў раней; так робяць усе бяздомныя, пакінутыя людзі, усёроўна — вар’яты яны ці ў здаровым розуме. Дзе-ж ён мог раней жыць? Яго лахманы і яго блізкасць да грубага брадзягі, які, відаць, добра ведаў яго і нават называў яго сынам, паказвалі на тое, што ён жыў у адным з бяднейшых лонданскіх кварталаў. Ці доўга прыдзецца яго шукаць? Не, Майлс знойдзе яго лёгка і хутка. Ён будзе сачыць не за хлопчыкам, а за кожным вулічным зборышчам, вялікім ці маленькім, і ў цэнтры якога-небудзь зграмаджэння людзей, рана ці позна, знойдзе свайго маленькага прыяцеля; цёмныя людзі напэўна будуць здзеквацца з яго, бо ён, як звычайна, пачне абвяшчаць сябе каралём. І тады Майлс Гендон скалечыць каго-небудзь з гэтых грубых людзей і павядзе свайго выхаванца далей, уцешыць, супакоіць яго ласкавым сдовам і ніколі больш не разлучыцца з ім.
Такім чынам, Майлс адправіўся на пошукі. Гадзіну за гадзінай ён бадзяўся па гразкіх вуліцах і закавулках, вышукваючы зборышча людзей; ён знаходзіў іх на кожным кроку, але хлопчыка нідзе не было. Гэта вельмі засмуціла яго, але ён не траціў надзеі. У сваім плане ён не знаходзіў ніякіх недахопаў; проста ваенныя дзеянні зацягнуліся на больш даўгі час, як ён разлічваў.
Да світання ён абышоў, не адну мілю, сустрэў шмат усякіх людзей, але нарэшце адчуў толькі змору, голад, і яму вельмі захацелася спаць. Ён ахвотна паснедаў-бы, але на гэта мала было надзеі. Прасіць міласціну яму не прыходзіла ў галаву; залажыць шпагу — гэта ўсёроўна, што разлучыцца з чэсцю. Можна было-б прадаць што-небудзь з адзежы, але дзе знойдзеш пакупца на такую рвань?
У поўдзень ён усё яшчэ бадзяўся па вуліцах — з натоўпам, які следаваў за каралеўскай працэсіяй; ён лічыў, што маленькага вар’ята абавязкова пацягне зірнуць на такое відовішча. Ён прайшоў услед за працэсіяй увесь звілісты шлях ад Лондана да Вестмінстэра і да абацтва. Ён бясконца доўга сланяўся ў натоўпе, сярод паасобных груп, і нарэшце, нічога не дабіўшыся, заклапочаны адышоў прэч, абмяркоўваючы новы, лепшы план ваенных дзеянняў. Ён паглыбіўся ў свае мыслі і не адразу заўважыў, што горад астаўся далёка ззаду, і дзень падыходзіў к вечару. Вышаўшы нарэшце з задумлівасці, ён убачыў, што знаходзіцца за горадам, недалёка ад ракі. Гэта была жывапісная сельская мясцовасць, дзе знаходзяцца багатыя сялібы. Тут не любяць такіх абадранцаў, як ён.
Надвор’е было цёплае; ён расцягнуўся на зямлі каля плоту, каб адпачыць і падумаць. Хутка яго ахапіла дрымота; да яго дайшлі глухія далёкія гукі гарматных стрэлаў, ён сказаў сабе: «Каранацыя скончылася», і тут-жа заснуў. Перад тым ён не адпачываў больш за трыццаць гадзін. Прачнуўся ён толькі на другую раніцу, сярод белага дня.
Ён падняўся змораны, знясілены, ледзь не паміраючы ад голаду, памыўся ў рацэ і павалокся ў Вестмінстэр, лаячы сябе за тое, што патраціў столькі часу дарма. Голад падказаў яму новы план: ён перш за ўсё паспрабуе дабрацца да старога сэра Гэмфры Марло і пазычыць у яго некалькі шылінгаў, а потым… Але пакуль і гэтага досыць, потым будзе час удасканаліць і распрацаваць новы план; спачатку трэба выканаць яго першую частку.
Гадзіне а адзінаццатай ён апынуўся ля палаца і, хоць народа навакол было многа, ён не астаўся незаўважаным, дзякуючы свайму касцюму. Ён уважліва ўглядаўся ў твар кожнага сустрэтага, вышукваючы спагадлівага чалавека, які згадзіўся-б далажыць аб ім старому сэру Гэмфры; аб тым, каб паспрабаваць самому пранікнуць у палац у такім выглядзе, вядома, не магло быць і гутаркі. Раптам каля яго прайшоў «хлопчык для пабояў»; убачыўшы Майлса, ён вярнуўся і яшчэ раз прайшоў міма, пільна прыглядаючыся.
«Калі гэта не той самы брадзяга, аб якім так непакоіцца яго вялікасць, то я бязмозглы асёл… Хоць я, здаецца, і заўсёды быў аслом. Усе адзнакі ў наяўнасці. Не можа быць, каб прамудры гасподзь стварыў два такія страшыдлы адразу. Гэта было-б небяспечнай перавытворчасцю цудаў, бо цана на іх вельмі знізілася-б. Як-бы мне распачаць з ім гутарку!..»
Але тут сам Майлс Гендон дапамог яму. Ён адчуў, што на яго пільна глядзяць, і абярнуўся назад. Заўважыўшы цікаўнасць у вачах хлопчыка, Майлс Гендон падышоў да яго і сказаў:
— Вы толькі што вышлі з палаца; вы з прыдворных?
— Так, ваша міласць!
— Вы ведаеце сэра Гэмфры Марло?
Хлопчык уздрыгануўся ад нечаканасці і падумаў: «Божа! ён пытаецца аб маім нябожчыку бацьку!»
Голасна ён адказаў:
— Добра ведаю, ваша міласць.
— Ён там?
— Так, — сказаў хлопчык і сам сабе дадаў: «у магіле».
— Ці не будзеце вы так ласкавы паведаміць яму маё прозвішча і перадаць, што я жадаю сказаць яму два словы па сакрэту.
— Я ахвотна выканаю ваша даручэнне, ласкавы сэр!
— У такім разе скажыце, што яго чакае Майлс Гендон, сын сэра Рычарда. Я буду вам вельмі ўдзячны, мой добры хлопчык!
Хлопчык быў, відаць, расчараваны! «Кароль нешта не так называў яго, — сказаў ён сабе, — ну, ды ўсёроўна. Гэта, мабыць, яго брат, і я ўпэўнены, што ён можа даць звесткі яго вялікасці аб тым дзіваку». Ён папрасіў Майлса пачакаць крыху, пакуль ён прынясе адказ. Ён пайшоў, а Гендон астаўся чакаць яго ў вызначаным месцы, на каменнай лавачцы, унутры нішы ў сцяне
Быў арыштаваны як падазроная асоба.
палаца, дзе ў дрэннае надвор’е хаваліся звычайна вартавыя. Не паспеў ён усесціся, як міма прайшоў атрад алебардшчыкаў пад камандай афіцэра. Афіцэр убачыў чужога чалавека, спыніў сваіх людзей і загадаў Гендону выйсці з нішы. Той вышаў і зараз-жа быў арыштаваны, як падазроная асоба, якая туляецца надта блізка ля палаца. Справа пачынала прымаць нядобры абарот. Бедны Майлс хацеў быў растлумачыць, у чым справа, але афіцэр груба загадаў яму маўчаць і сказаў сваім людзям, каб яны абяззброілі і абшукалі яго.
— Можа вам бог дапаможа знайсці што-небудзь, — сказаў бедны Майлс. — Я многа шукаў і нічога не знайшоў, хоць мне так трэба было знайсці.
І сапраўды, у яго нічога не знайшлі, апрача запячатанага пісьма. Афіцэр разарваў канверт, і Майлс усміхнуўся, пазнаўшы «каракулі» свайго беднага маленькага друга. Гэта было пасланне, напісанае каралём у той памятны дзень у Гендонскім замку. У афіцэра аж твар пажоўк, калі ён прачытаў айглійскую частку пісьма, а Майлс, выслухаўшы яе, пабляднеў.
— Яшчэ адзін прэтэндэнт на прастол! — усклікнуў афіцэр. — Яны сёння размнажаюцца, як трусы. Вазьміце гэтага нягодніка і трымайце яго моцна, пакуль я занясу гэта каштоўнае пасланне да караля.
«Ну, цяпер усе мае злашчасці скончыліся, — мармытаў Майлс, — бо я напэўна хутка буду боўтацца на вяроўцы. Гэта запіска для мяне не пройдзе дарма. А што станецца з маім бедным хлопчыкам — гэта аднаму богу вядома!»
Праз некаторы час Майлс убачыў, што афіцэр шпарка вяртаецца назад, і сабраў усю сваю мужнасць, каб сустрэць немінучую смерць, як належыць мужчыне. Афіцэр зараз-жа загадаў салдатам вызваліць палонніка і аддаў яму яго шпагу; затым пачціва пакланіўся і сказаў:
— Прашу вас, сэр, следуйце за мной!
Гендон пайшоў за ім, гаворачы сам сабе:
«Каб я не ведаў, што іду на верную смерць і што з гэтай прычыны мне трэба менш грашыць, я-б, здаецца, прыдушыў гэтага нягодніка за яго здзеклівую ласкавасць».
Яны прайшлі праз двор, вельмі людны, да галоўнага пад’езда палаца, дзе афіцэр з такім-жа пачцівым паклонам здаў Гендона з рук на рукі расфранчонаму прыдворнаму, які ў сваю чаргу нізенька яму пакланіўся і павёў праз вялікую залу, між двума радамі пышна ўбраных лакеяў. Лакеі пачціва кланяліся Гендону, а за спіной у яго цішком аж клаліся ад смеху, бачачы такое велічнае «пудзіла». Прыдворны павёў Гендона па шырокай лесніцы, якая так і кішэла царадворцамі, і нарэшце прывёў у абшырны пакой, дзе былі сабраны ўсе англійскія магнаты; ён правёў Майлса наперад, яшчэ раз пакланіўся, напомніў яму, што трэба, зняць капялюш, і пакінуў яго пасярэдзіне пакоя. Вочы ўсіх прысутных накіраваліся на яго. Некаторыя сярдзіта нахмурыліся. Некаторыя насмешліва ўсміхнуліся.
Майлс Гендон быў ашаломлены. Перад ім, усяго за якіхнебудзь пяць крокаў, пад пышным балдахінам, сядзеў малады кароль; трохі адвярнуўшыся і нахіліўшы галаву, ён гутарыў з нейкай райскай птушкай у выглядзе чалавека, — напэўна з якім-небудзь герцагам. Гендон глядзеў і думаў, што і без таго горка памерці ў росквіце сіл, а тут яшчэ гэтак цябе зневажаюць. Яму хацелася, каб кароль хутчэй выказаў свой прыгавор. У гэты момант кароль падняў галаву, і Гендон убачыў яго твар. Убачыў — і ў яго дух заняло! Як зачараваны, глядзеў ён, не спускаючы вачэй з гэтага прыгожага маладога твара; ён казаў сабе:
«Божа, гэта-ж на троне — уладар царства мараў і зданяў!»
Ён глядзеў на караля з незвычайным здзіўленнем і мармытаў няскладныя словы. Потым азірнуўся навакол, уважліва аглядаючы пышную публіку і раскошную залу.
«Але-ж гэта праўда! Гэта не сон, а сапраўднасць!» сказаў ён сабе.
Потым зноў глянуў на караля і падумаў:
«Сон гэта ці не?.. Няўжо ён сапраўды валадар Англіі, а не бяздомны звар’яцелы брадзяга, за якога я прымаў яго? Хто разгадае мне гэту загадку?»
Раптам яму ў галаву прышла надзвычай удалая думка. Ён падышоў да сцяны, узяў крэсла, паставіў яго пасярэдзіне і сеў!
Натоўп прыдворных загудзеў ад гневу; чыясьці грубая рука апусцілася яму на плячо, нечы голас усклікнуў:
— Грубіян, невук, як ты смееш сядзець у прысутнасці караля!
Шум прыцягнуў увагу яго вялікасці, ён працягнуў руку крыкнуў:
— Пакіньце яго, не чапайце: гэта яго права!
Здзіўленыя прыдворныя адскочылі. А кароль прадаўжаў:
— Няхай будзе вам вядома, лэдзі, лорды і джэнтльмены, што гэта мой верны і любімы слуга, Майлс Гендон, які сваім добрым мечам выратаваў свайго гасудара ад ран, а можа і ад смерці, і за гэта воляю караля пасвечаны ў рыцары. Ведайце таксама, што ён зрабіў яму яшчэ больш важную паслугу: ён выратаваў свайго гасудара ад бізуноў і ганьбы, прыняўшы іх на сябе, і за гэта прызначаны пэрам Англіі і графам Кенцкім, і ва ўзнагароду яму будуць дадзены багатыя маёнткі і грошы, адпавядаючыя яго высокаму стану. Больш таго, прывілея, якую ён толькі што скарыстаў, падаравана яму каралём і астанецца за ім і яго патомкамі, і ўсе старэйшыя ў родзе яго будуць з века ў век мець права сядзець у прысутнасці англійскіх каралёў, пакуль будзе існаваць прастол. Не чапайце яго!
У зале знаходзіліся дзве асобы, якія спазніліся на каранацыю і прыбылі з вёскі ў палац толькі сёння. Усяго толькі пяць
— Узяць яго пад варту.
мінут знаходзіліся яны ў гэтай зале; яны слухалі з невыказным здзіўленнем, пазіраючы то на караля, то на «вароняе пудзіла». То былі сэр Г’ю і лэдзі Юдзіф. Але новы граф не бачыў іх. Ён усё глядзеў на караля і мармытаў:
«Божа, даруй мне! Дык гэта мой жабрак! Дык гэта мой вар’ят!.. А я яшчэ хацеў пахваліцца перад ім сваім багаццем — радавым маёнткам, у якім семдзесят пакояў і дваццаць сем чалавек прыслугі! Гэта аб ім я думаў, што ён ніколі не ведаў іншай адзежы, апрача рыззя, іншай ласкі, апрача штуршкоў ды пабояў, і іншай ежы, апрача аб’едкаў! Гэта яго я ўзяў за прыёмыша і хацеў зрабіць з яго чалавека! Божа, хоць-бы мне далі мяшок, каб сунуць галаву ад сораму!»
Але потым ён раптам апомніўся, упаў на калені і, покуль кароль паціскаў яму руку, кляўся ў вернасці і дзякаваў за дадзеныя яму тытулы і маёнткі. Затым ён устаў і пачціва адышоў убок; усе глядзелі на яго з цікавасцю і многія з зайздрасцю.
Том пацалаваў руку караля.
У гэты час кароль убачыў сэра Г’ю і, бліснуўшы вачыма, гнеўна ўсклікнуў:
— Пазбавіць гэтага разбойніка яго фальшывага тытула і скрадзеных ім маёнткаў і ўзяць пад варту да маіх далейшых распараджэнняў.
Быўшага сэра Г'ю вывелі.
Цяпер узнялася мітусня на другім канцы залы; натоўп расступіўся, і паміж двух жывых сцен прайшоў Том Кэнці, дзівосна і багата ўбраны. Перад ім ішоў камер-лакей, абавязкам якога было дакладваць аб наведвальніках. Том прыблізіўся да караля і апусціўся перад ім на калена.
— Я даведаўся, — сказаў кароль, — аб усім, што ты зрабіў у гэтыя некалькі тыдняў, і вельмі задаволены табою. Ты кіраваў маёй дзяржавай з царскай лагоднасцю і міласэрдзем. Ты, здаецца, знайшоў сваю маці і сясцёр? Вельмі добра! Мы паклапоцімся аб іх. А бацьку твайго павесяць, калі ты гэтага пажадаеш і калі дазволіць закон. Ведайце вы ўсе, хто можа чуць мяне, што ад гэтага часу хлопчыкі, што выхоўваюцца ў Хрыстовым прытулку[1] на каралеўскі кошт, будуць атрымоўваць не толькі цялесны, але і разумовы, духоўны харч; а гэты хлопчык будзе жыць там і зойме пачэснае месца сярод выхавальнікаў; як ён быў каралём, то яму належыць асобая пашана; заўважце яго адзенне: яно прысвоена яму аднаму, і ніхто не мае права насіць такое самае. Па гэтаму адзенню ўсе будуць пазнаваць яго, памятаючы, што некаторы час ён быў каралём, будуць выяўляць да яго належную пашану. Ён знаходзіцца пад асобай абаронай і апекай кароны, і няхай будзе ўсім вядома, што яму надаецца пачэсны тытул каралеўскага выхаванца.
Шчаслівы і горды, Том Кэнці падняўся з кален і пацалаваў руку караля; яму дазволена было адыйсці. Не трацячы часу, ён паімчаўся да сваёй маткі, каб расказаць і ёй і сёстрам усё, што здарылася, і падзяліцца з імі сваёй вялікай радасцю.
- ↑ Хрыстовы прытулак, або Школа сініх каптанаў, была, па водзывах тагочаснікаў, „благароднейшай установай у свеце“; Эдуард VI аснаваў гэты прытулак для навучання і выхавання сірот і дзяцей беднякоў.