Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/Заключэнне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел трыццаць трэці. Эдуард — кароль Заключэнне. Правасуддзе і адплата
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАКЛЮЧЭННЕ

ПРАВАСУДДЗЕ І АДПЛАТА

Калі ўсе тайны нарэшце высветліліся, Г’ю Гендон прызнаўся, што жонка яго адраклася ад Майлса па яго загаду. Спачатку ён пагражаў ёй, што, калі яна не адрачэцца ад Майлса Гендона, ёй прыдзецца разлучыцца з жыццём; яна сказала, што не шкадуе свайго жыцця і астанецца вернай Майлсу; тады муж сказаў, што яе пашкадуюць, але Майлс будзе забіты! Тады яна дала слова і стрымала яго.

Г’ю не праследавалі за гэтыя пагрозы і за прысваенне сабе маёмасці і тытула брата, бо Майлс і Юдзіф не хацелі сведчыць супроць яго; ды жонцы наогул у тыя часы было забаронена сведчыць супроць мужа. Г’ю кінуў жонку і паехаў на кантынент, дзе хутка памёр, а Майлс, граф Кенцкі, ажаніўся з яго ўдавой. Вялікая радасць і ўрачыстасць былі ў вёсцы Гендона, калі яны ўпершыню наведалі замак.

Аб бацьку Тома Кэнці так болей і не чулі.

Кароль адшукаў фермера, якога закляймілі і прадалі ў рабства, прымусіў яго пакінуць злачынную банду і даў яму магчымасць жыць заможна.

Ён вызваліў таксама з турмы старога законніка і зняў з яго накладзены на яго штраф. Ён прыстроіў дачок двух баптыстак, якіх на яго вачах спалілі на кастры, і сурова пакараў таго чыноўніка, які незаслужана збіў бізуном Гендона.

Ён выратаваў ад шыбеніцы падмайстра, які быў асуджаны за тое, што злавіў прыблуднага сокала; выратаваў жанчыну, што ўкрала адрэз сукна ў ткача; але не паспеў ужо выратаваць чалавека, асуджанага на смерць за забойства аленя ў каралеўскім лесе.

Ён увесь час быў прыхільны да суддзі, які пашкадаваў яго ў той час, калі яго абвівавачвалі ў крадзежы парасяці, і са шчырым задавальненнем бачыў, як гэты суддзя паступова набываў усеагульную павагу і зрабіўся вядомым і шаноўным чалавекам.

Да канца дзён сваіх кароль любіў расказваць гісторыю сваіх прыгод, пачынаючы з той мінуты, калі вартавы прагнаў яго ад варот палаца, і канчаючы ноччу, калі ён спрытна ўмяшаўся ў групу рабочых, прыбіраўшых абацтва, праслізнуў у сабор, схаваўся ў спавядальні і заснуў так моцна, што на другую раніцу ледзь не праспаў каранацыі. Ён гаварыў, што частыя пераказы гэтага каштоўнага ўрока падмацоўваюць яго ў імкненні атрымаць з яго карысць для свайго народа і што, пакуль жыве, ён будзе расказваць гэту гісторыю, ажыўляючы ў сваёй памяці сумныя ўражанні і ўмацоўваючы ў сваім сэрцы парасткі міласэрдзя.

Майлс Гендон і Том Кэнці ва ўсё яго кароткае царстваванне аставаліся яго любімцамі і шчыра аплаквалі яго, калі ён памёр. Добры граф Кенцкі быў досыць разважлівым і не надта злоўжываў сваёй асобай прывілеяй, але ўсё-ж ён скарыстаў яе два разы, апрача таго выпадку, які нам вядомы: адзін раз пры ўступленні на прастол каралевы Марыі і другі — пры ўступленні на прастол каралевы Елізаветы. Адзін з яго патомкаў скарыстаў тую-ж прывілею пры ўступленні на прастол Іакава І. Пакуль гэту прывілею сабраўся скарыстаць яго сын, прайшло каля чвэрці стагоддзя, і «прывілея Кентаў» была забыта большасцю прыдворных, так што, калі ў адзін прыгожы дзень тагочасны Кент дазволіў сабе сесці ў прысутнасці Карла І, падняўся страшэнны перапалох! Але справа хутка высветлілася, і прывілея была пацверджана. Апошні з графаў Кентаў быў забіты ў грамадзянскай вайне, б’ючыся за караля, і з ім скончылася гэта незвычайная прывілея.

Том Кэнці дажыў да глыбокай старасці; гэта быў прыгожы сівавалосы стары, велічавага і скромнага выгляду. Усе шчыра паважалі яго і выяўлялі пашану да яго незвычайнага адзення, якое напамінала аб тым, што «ў свой час ён сядзеў на прастоле». Перад ім усе расступаліся, давалі яму дарогу і шапталі адзін аднаму:

— Здымі капялюш, гэта каралеўскі выхаванец!

І ўсе кланяліся яму, а ён у адказ ласкава ўсміхаўся, і гэту ўсмешку цанілі высока, бо калі з ім здарыўся апісаны тут эпізод, ён вёў сябе з такім благародствам.

Так, кароль Эдуард Шосты жыў нядоўга, бедны хлопчык, але з чэсцю пражыў гэтыя гады. Не раз, калі які-небудзь важны саноўнік, які-небудзь раззалочаны каралеўскі васал папракаў яго ў залішняй мяккасці ці даводзіў, што той або іншы закон, які ён хацеў змякчыць, і без таго дастаткова мяккі і без таго нікога не сцясняе і не мучыць, юны кароль накіроўваў на яго свае вялікія, красамоўныя, поўныя смутнай спагадлівасці вочы і казаў:

— Што ты ведаеш аб прыгнечаннях і муках? Аб гэтым ведаю я, ведае мой народ, але не ты.

Для тых лютых часоў царстваванне Эдуарда VI было на дзіва міласэрным і лагодным.