Прынц і жабрак (1940)/32
← Раздзел трыццаць першы. Каранацыйная працэсія | Раздзел трыццаць другі. Дзень каранацыі Раман Аўтар: Марк Твэн 1940 год Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881) Пераклад: Янка Маўр |
Раздзел трыццаць трэці. Эдуард — кароль → |
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ДРУГІ
ДЗЕНЬ КАРАНАЦЫІ
Вернемся на некалькі гадзін назад і зоймем месца ў Вестмінстэрскім абацтве ў чатыры гадзіны раніцы ў памятны дзень каранацыі. Мы тут не адны: хоць знадворку яшчэ ноч, але асветленыя факеламі хоры ўжо поўныя народам; мноства людзей забралася сюды ўжо з вечара. Яны гатовы прасядзець шэсць-сем гадзін, абы ўбачыць відовішча, якое наўрад ці можна спадзявацца ўбачыць два разы ў жыцці, — каранацыю караля. Так, Лондан і Вестмінстэр узняліся на ногі з трох гадзін ночы, калі грымнулі першыя гарматы, і ўжо вялізны натоўп не знатных, але заможных грамадзян, заплаціўшы грошы за доступ на хоры, ціснецца ля ўваходаў, прызначаных для людзей іхняга саслоўя.
Гадзіны цягнуцца досыць нудна. Усякая мітусня мала-па-малу сціхла, бо хоры даўно ўжо паўнюткія. Прысядзем і мы: у нас досыць часу, каб агледзецца і падумаць. З усіх бакоў, куды ні глянеш вокам, са змроку, пануючага ў саборы, выступаюць часткі хораў і балконаў, усеяныя гледачамі; другія-ж часткі тых-жа хораў і балконаў схаваны ад вока калонамі і ляпнымі ўпрыгожаннямі. Мы ясна бачым увесь вялізны паўночны алтар сабора — пусты, пакуль прыдзе адборная публіка. Мы бачым таксама вялікі памост, засланы багатай тканінай. Пасярэдзіне яго, на ўзвышэнні, да якога вядуць чатыры ступені, стаіць трон. У сядзенне трона ўпраўлен неапрацаваны плоскі камень — Сконскі камень[1], на якім каранаваліся многія пакаленні шатландскіх каралёў; звычай і час настолькі асвяцілі яго, што цяпер на ім карануюцца англійскія каралі. І трон і яго падножжа абцягнуты залатой парчой.
Навакол пануе цішыня, факелы свецяць цьмяна, гадзіны паўзуць ляніва. Але вось, нарэшце, світае, факелы пагашаны, мяккае святло разліваецца па вялізным будынку. Цяпер ясна можна разгледзець усе абрысы гэтага благароднага храма, але яны вырысоўваюцца мякка, як у сне, бо сонца трохі прыкрыта хмарамі.
З’яўляецца першая знатная лэдзі.
У сем гадзін сонная аднастайнасць гэтага чакання ўпершыню парушаецца: з апошнім ударам у паўночнай прыбудове з’яўляецца першая знатная лэдзі, адзетая як Саламон у яго славе; распарадчык у шаўку і аксаміце вядзе яе на прызначанае для яе месца; другі, такі самы франт, падабраўшы даўгі шлейф лэдзі, ідзе за ёю і, калі яна ўселася, укладвае шлейф у яе на каленях. Затым ён падстаўляе ёй пад ногі табурэтку і кладзе пабач карону, каб лэдзі магла ўзяць яе, калі прыдзе час усім прадстаўнікам арыстакратыі ўскласці на сябе свае кароны.
Жонкі пэраў з’яўляюцца адна за адной, бліскучай чарадой, а між іх мільгаюць раскошна ўбраныя распарадчыкі, рассаджваючы і ўпарадкаваючы іх. Цяпер унутранасць храма мае досыць жвавы выгляд. Усюды жыццё, рух, яркія мільгаючыя фарбы. Праз некаторы час зноў устанаўляецца цішыня; лэдзі ўсе прышлі і ўсе паселі на свае месцы, цэлы акр чалавечых кветак, стракаты і, як Млечны шлях, зіхатлівы марозным пылам брыльянтаў. Тут перад вамі ўсе ўзросты: старыя, зморшчаныя, жоўтыя, сівыя, бадай стагоднія жанчыны, якія памятаюць каранаванне Рычарда III і яго трывожныя, даўно забытыя часы, і прыгожыя пажылыя дамы, і чароўныя маладзенькія жанчыны; ёсць і мілавідныя дзяўчыны з бліскучымі вачыма і свежымі шчакамі; лёгка можа стацца, што яны нават не здолеюць надзець сваіх усыпаных брыльянтамі каронак, калі прыдзе вялікая мінута: для іх гэта справа новая, і справіцца з хваляваннем ім будзе нялёгка. Але не, — мы жартуем, — гэтага не можа здарыцца, бо ва ўсіх гэтых дам прычоска зроблена такім чынам, каб можна было па першаму сігналу хутка і беспамылкова пасадзіць каронкі на належнае месца.
Мы ўжо казалі, што прыгожа ўбраныя лэдзі ўсыпаны брыльянтамі, мы ўжо ведаем, што гэта відовішча надзвычай прыгожае, аднак сапраўдныя цуды яшчэ наперадзе. Каля дзевяці гадзін неба раптам праясняецца, і струмені сонечнага святла заліваюць унутранасць сабора і лавы з багата прыбранымі дамамі; кожны рад гарыць асляпляючымі рознакаляровымі агнямі, і раптоўная яркасць гэтага відовішча працінае нас, як электрычны ток! Але вось у паласу святла ўступае надзвычайнае пасольства з нейкай дальняй усходняй зямлі, ідуць услед за іншымі чужаземнымі пасламі, — і ў вас захапляе дух, такі бляск яно разлівае вакол сябе: усё яно ад галавы да ног ўсыпана каштоўнымі каменнямі і пры кожным руху сыпле навакол зіхатлівыя снапы алмазных іскраў.
Прайшло гадзіны са дзве, дзве з палавінай; глухі артылерыйскі залп абвясціў аб прыбыцці караля і працэсіі; змораныя чаканнем людзі ўзрадаваліся. Усе ведалі, што прыдзецца яшчэ пачакаць, бо каралю трэба яшчэ адзецца і падрыхтавацца да ўрачыстай цэрамоніі; але цяпер чаканне можна будзе прыемна запоўніць разгледжваннем пэраў каралеўства, якія з’яўляліся ва ўсім сваім пышным убранні. Кожнага пэра распарадчыкі з пашанай адводзілі на месца і клалі каля яго карону; гледачы на хорах з вялікай цікавасцю наглядалі ўсё гэта: большасць з іх упершыню бачылі графоў, герцагаў і баронаў, імёны якіх гісторыя ўслаўляе ўжо на працягу пяцісот гадоў. Калі, нарэшце, усе пэры паселі, з хораў адкрылася такое дзівоснае відовішча, што сапраўды варта было зірнуць на яго, каб потым памятаць усё жыццё.
Цяпер на падмосткі ўзыходзілі адзін за адным епіскапы ў парадным адзенні, у мітрах, і займалі адведзеныя ім месцы; за імі ішоў лорд-пратэктар і іншыя важныя саноўнікі, а за саноўнікамі — гвардзейцы, закованыя ў сталь ад ног да галавы.
Надышла мінута напружанага чакання; нарэшце па сігналу грымнула ўрачыстая музыка, і Том Кэнці, у даўгой мантыі з залатой парчы, з’явіўся ў дзвярах і падняўся на падмосткі. Увесь натоўп, як адзін чалавек, устаў, і пачалася цэрамонія каранавання.
Усё абацтва напоўнілася гукамі ўрачыстага гімна, і пад гукі гэтага гімна Тома Кэнці падвялі да трона. Адзін за адным адбываліся здаўна ўстаноўленыя абрады, велічавыя і ўрачыстыя, і гледачы прагна сачылі за імі; алечым хутчэй набліжаўся канец цэрамоніі, тым блядней рабіўся Том Кэнці, тым больш мучылася ад каяння яго душа.
Нарэшце надышоў апошні абрад. Архіепіскап кентэрберыйскі ўзяў з падушкі карону Англіі і падняў яе над галавой дрыжачага ўсім целам мнімага караля. У той-жа міг нібы вясёлка азарыла ўнутранасць сабора, бо ўсе дваране, як адзін чалавек, узялі свае каронкі, усклалі сабе на галовы і замерлі.
Абацтва напоўнілася няясным гулам. У гэту ўрачыстую мінуту раптам узнікла новая дзеючая асоба, якую раней ніхто не заўважыў. То быў хлопчык, з непакрытай галавой, у рваных чаравіках, у грубым плябейскім адзенні. З урачыстасцю, якая зусім не падыходзіла да яго бруднай вопраткі і нікчэмнага выгляду, ён падняў руку і крыкнуў:
— Забараняю вам ускладаць карону Англіі на гэту злачынную галаву! Я — кароль!
У адзін міг хлопчыка схапіла мноства абураных рук. Але Том Кэнці ў сваім царскім убранні скокнуў наперад і звонкім голасам крыкнуў:
— Адпусціце яго і не рушце! Ён, сапраўды, кароль!
Паніка ахапіла ўсіх прысутных; усе прыпадымаліся на сваіх месцах, пераглядаючыся, і разглядалі галоўных дзеючых асоб гэтай дзіўнай сцэны, нібы не разумеючы, ці ўяве яны гэта бачаць ці ў сне. Лорд-пратэктар быў здзіўлены не менш за іншых, але хутка схамянуўся і ўсклікнуў уладарным голасам:
— Не звяртайце ўвагі на словы яго вялікасці: да яго зноў вярнулася хвароба. Вазьміце брадзягу!
Яго паслухаліся-б, каб мнімы кароль не тупнуў нагой і не крыкнуў:
— Пад страхам смерці забараняю вам чапаць яго, ён — кароль!
Рукі адсунуліся. Увесь сход замер: ніхто не рухаўся, ніхто не гаварыў; праўду кажучы, ніхто і не ведаў, што рабіць і што гаварыць, такім дзіўным і нечаканым было ўсё тое, што здарылася. Пакуль усе стараліся авалодаць сабою і апамятавацца, віноўнік перапалоху падыходзіў усё бліжэй і бліжэй, з гордай
Том упаў перад ім на калені…
асанкай і ўзнятай галавой; ён ні разу не спыніўся; і, пакуль усе вагаліся, не ведаючы, што рабіць, ён узышоў на падмосткі. Мнімы кароль з радасным тварам кінуўся яму насустрач, упаў перад ім на калені і ўсклікнуў:
— О, гасудар! Дазволь беднаму Тому Кэнці першаму прысягнуць на вернасць табе і сказаць: ускладзі на сябе сваю карону і ўступі ў свае правы!
Суровы позірк лорда-пратэктара спыніўся на твары прышэльца; але зараз-жа твар яго змякчыўся, і суровасць змянілася выразам бязмернага здзіўлення. Тое-ж здзіўленне з’явілася і на тварах іншых саноўнікаў. Яны пераглянуліся і мімаволі ўсе разам адступілі. У кожнага мільганула адна і тая-ж думка: «Якое дзіўнае падабенства!»
Лорд-пратэктар падумаў мінуту, потым прамовіў сур’ёзна і пачціва:
— З вашага дазволу, сэр, я хацеў-бы задаць вам некалькі пытанняў…
— Я адкажу на іх, мілорд!
Герцаг пачаў распытваць яго пра нябожчыка караля, пра двор, аб прынцы, аб прынцэсах. Хлопчык адказваў на ўсё беспамылкова і не задумваючыся. Ён апісаў парадныя пакоі ў палацы, апартаменты памершага караля і пакоі прынца Уэльскага.
Гэта было дзіўна, незвычайна і зусім незразумела; справа прымала добры для Тома Кэнці абарот, і ён спадзяваўся, што цячэнне ўжо нясе сапраўднага караля к трону, але лорд-пратэктар паківаў галавою і сказаў:
— Сапраўды гэта надзвычай дзіўна, але-ж яно не больш за тое, што можа зрабіць і гасудар наш кароль.
Заўвага лорда-пратэктара засмуціла Тома Кэнці — яго ўсё яшчэ называлі каралём, і ён адчуў, што траціць надзею.
— Гэта яшчэ не доказ, — дадаў лорд-пратэктар.
Хвалі пакінулі Тома Кэнці на троне, а сапраўднага караля адносілі ў адкрытае мора. Лорд-пратэктар апусціў галаву, ён падумаў: «І для дзяржавы і для ўсіх нас небяспечна доўга важдацца з гэтай фатальнай загадкай: гэта можа выклікаць разлад у народзе і падарваць асновы каралеўскай улады». Ён павярнуўся і сказаў:
— Сэр Томас, арыштуйце гэтага… не, пачакайце!
Твар яго праясніўся, і ён ашаламіў абадранага кандыдата на прастол пытаннем:
— Дзе дзяржаўная пячатка? Адкажы на гэтае пытанне, і загадка будзе развязана, бо на гэтае пытанне можа адказаць толькі прынц Уэльскі! Ад такога глупства залежыць цяпер лёс трона і дынастыі!
Гэта была шчаслівая думка, удалая думка. Так падумалі ўсе важныя саноўнікі, і ў іх заблішчэўшых вачах выразілася маўклівае ўхваленне. Так, толькі сапраўдны прынц мог разгадаць да гэтага часу не разгаданую тайну знікнення дзяржаўнай пячаткі. Маленькі самазванец добра вывучыў свой урок, але тут ён спатыкнецца, бо нават той, хто навучыў яго ўсяму, не можа адказаць на гэта пытанне. Добра! Вельмі добра! Цяпер мы хутка выйдзем з гэтага дзіўнага і небяспечнага становішча. Кожны ківаў галавой і ўсміхаўся ад задавальнення, спадзеючыся, што дзёрзкі хлапчук знямее ад сораму і сваёй віны.
— Прынясі яе сюды!
І як жа-ж усе былі здзіўлены, калі нічога падобнага не здарылася, калі хлопчык зараз-жа спакойна і цвёрда сказаў:
— У гэтай загадцы няма нічога цяжкага.
І, нават не спытаўшы дазволу, ён павярнуўся і даў загад з выглядам чалавека, які прывык загадваць:
— Мілорд Сент-Джон, ідзі ў мой кабінет у палацы, — ніхто не ведае яго лепш за цябе, — і там ля самай падлогі, у левым куце, самым далёкім ад дзвярэй, што выходзяць у пярэднюю, ты знойдзеш медны цвік; пацісні плешку цвіка, — і перад табой адчыніцца маленькі патаемнік, аб існаванні якога нават ты не ведаеш і ніводная жывая душа не ведае, апрача мяне ды таго майстра, які рабіў яго для мяне. Першае, што табе трапіцца на вочы, будзе вялікая дзяржаўная пячатка, — прынясі яе сюды!
Усе дзівіліся з гэтай прамовы і яшчэ больш дзівіліся з таго, што маленькі жабрак, не задумаўшыся, выбраў з усіх лордаў Сент-Джона і назваў яго па імені так проста і спакойна, як быццам ведаў яго ўсё сваё жыццё. Вяльможа ледзь было не кінуўся выконваць загад. Ён нават шагнуў наперад, але зараз-жа схамянуўся, і лёгкая чырвань з’явілася на яго твары. Том Кэнці павярнуўся да яго і рэзка сказаў:
— Чаго-ж ты марудзіш? Хіба ты не чуў каралеўскага загаду? Ідзі!
Лорд Сент-Джон зрабіў глыбокі паклон; многія заўважылі, што гэты паклон быў надзвычай асцярожны; каб як-небудзь не скампраметаваць сябе, лорд Сент-Джон не пакланіўся ніводнаму з каралёў паасобку, але абодвум разам, або, вярней, нейтральнаму месцу паміж іх двух. І вышаў.
У пышнай групе саноўнікаў, стаяўшых на падмостках, пачаўся рух, спачатку ледзь значны, але безупынны, як у калейдаскопе, калі дробныя часткі стракатай фігуры адпадаюць ад аднаго цэнтра і пераходзяць да другога, складаючы новую фігуру. Так і тут, паступова, ледзь прыкметна, бліскучы натоўп саноўнікаў, акружаўшых Тома Кэнці, перасунуўся да прышэльца. Том Кэнці астаўся амаль адзін. Пачалося напружанае чаканне, у часе якога нямногія мяккасардэчныя людзі, якія аставаліся каля Тома Кэнці, набраліся храбрасці, адзін за адным, шмыгнулі ўбок і далучыліся да большасці. І цяпер Том Кэнці, у царскай адзежы і ў каштоўных камнях, стаяў зусім адзінокі, акружаны пустатою.
Лорд Сент-Джон вярнуўся. Як толькі яго заўважылі каля ўвахода, усе гутаркі змоўклі, і ў саборы настала глыбокая цішыня; толькі яго крокі глуха адбіваліся пад высокімі зводамі. Усе, стоіўшы дыханне, з напружанай цікавасцю сачылі за ім; усе вочы, былі накіраваны на яго. Ён узышоў на падмосткі, пастаяў, крыху, потым нізка пакланіўся Тому Кэнці і сказаў:
— Гасудар, пячаткі там няма!
Каб на вуліцы раптам з’явіўся хворы на чуму, народ шарахнуўся-б прэч ад яго не з такой імклівасцю, з якой шарахнулася гэта зборышча пабляднеўшых, перапалоханых царадворцаў ад нікчэмнага маленькага прэтэндэнта на англійскі прастол. Міг — і ён застаўся зусім адзін пад гнеўнымі і пагардлівымі поглядамі прыдворных. Лорд-пратэктар з запалам крыкнуў:
— Выкіньце гэтага жабрака на вуліцу і праганіце пад бізунамі праз увесь горад! Гэты нахабнік не заслугоўвае нічога лепшага.
Гвардзейцы кінуліся к хлопчыку, але Том Кэнці ўладарна адстараніў іх рукой.
— Гасудар, пячаткі там няма.
— Назад! Хто дакранецца да яго, адкажа галавой!
Лорд-пратэктар не ведаў, што і думаць. Ён спытаў Сент-Джона:
— Ці добра вы шукалі? Але-ж аб гэтым няма патрэбы і пытацца. Надзвычай дзіўна! Калі дробныя рэчы знікаюць без сляда, гэтаму не здзіўляешся. Але якім чынам такая буйная рэч, як англійская дзяржаўная пячатка, магла знікнуць без сляда і так, што ніхто не можа знайсці яе? Такі цяжкі залаты круг…
У Тома Кэнці заблішчэлі вочы, ён падскочыў да лорда Сент-Джона і крыкнуў:
— Стойце! Якая яна была? круглая? тоўстая? На ёй былі выразаны літары і дэвізы? Так? О, цяпер я ведаю, што такое гэта вялікая пячатка, якую вы ўсе так доўга шукалі! Каб вы мне апісалі яе раней, вы-б атрымалі яе тры тыдні назад. Я вельмі добра ведаю, дзе яна ляжыць, але не я першы палажыў яе туды.
— А хто-ж, гасудар? — спытаў лорд-пратэктар.
— Той, хто стаіць перад вамі, — законны кароль Англіі! І ён сам скажа вам, дзе яна ляжыць, — тады вы паверыце, што ён ведаў гэта з самага пачатку. Падумай, гасудар! пастарайся прыпомніць! Гэта было апошняе, самае апошняе, што ты зрабіў у той дзень, перш чым выбег з палаца, пераапрануты ў мае лахманы, каб пакараць пакрыўдзіўшага мяне салдата.
Настала мёртвая цішыня — ні гуку, ні шэпту! Усе вочы былі накіраваны на таго, ад каго чакалі адказу; а ён стаяў, нахіліўшы галаву і зморшчыўшы лоб, і капаўся ў сваёй памяці, стараючыся сярод мноства не маючых вартасці ўспамінаў злавіць адну адзіную ўцякаючую дробязь, ведаючы, што, калі ён спаймае гэту дробязь, — ён будзе на троне, калі-ж не, — назаўсёды астанецца жабраком-выгнаннікам. Ішлі мінуты за мінутамі, хлопчык напружваў сваю памяць і маўчаў. Нарэшце, стрымаўшы ўздых, ён ціха паківаў галавой і прамовіў дрыжачымі губамі, з роспаччу ў голасе:
— Я прыпамінаю ўвесь той дзень, але што я зрабіў з пячаткай, — прыпомніць не магу.
Ён памаўчаў, потым падняў вочы і прамовіў скромна, але з гонарам:
— Мілорды і джэнтльмены, калі вы пазбавіце вашага законнага гасудара яго трона толькі з-за таго, што ў яго няма гэтага доказу, я не астануся тут, бо я бяссільны… Але…
— О, гасудар, якая недарэчнасць! — з жахам усклікнуў Том Кэнці. — Пачакай! Падумай! Не здавайся так хутка! Справа яшчэ не страчана! Слухай, што я табе скажу, сачы за кожным маім словам! Я аднаўлю ў тваёй памяці гэты дзень ва ўсіх падрабязнасцях, з усімі дробязямі. Мы гутарылі. Я расказваў табе аб сваіх сёстрах Нэн і Бэт, — ну вось, ты гэта помніш? І пра бабку, і пра тое, як мы, хлапчукі, гуляем на Дварэ аб’едкаў, — ты і гэта помніш? Вельмі добра! Сачы толькі за мной, — ты ўсё прыпомніш. Ты даў мне есці і піць і з царскай ласкавасцю адаслаў прыдворных, каб мне не было сорамна перад імі за сваю невыхаванасць… Ага, ты і гэта помніш!
Том пералічваў усе падрабязнасці адну за адной, і прынц ківаў галавою ў знак таго, што ён прыпамінае; а саноўнікі слухалі і дзівіліся: усё гэта было так падобна на праўду, а між тым адкуль магла ўзнікнуць гэта немагчымая дружба паміж прынцам і жабраком? Ніколі яшчэ ніякі натоўп не быў ахоплены такой цікавасцю і не адчуваў сябе гэтак ашаломленым, збянтэжаным.
— Дзеля жарту, гасудар, мы памяняліся адзеннем. Потым мы сталі перад люстрам і аказалася, што мы абодва так падобны адзін на аднаго, нібы і не пераапраналіся зусім, — ты помніш і гэта, так? Потым ты заўважыў, што салдат моцна пабіў мне руку, — глядзі, і да гэтага часу не магу нават трымаць ёю пяро, так здзервянелі мае пальцы. Убачыўшы гэта, твая высокасць ускочыў, пакляўшыся, што ты адпомсціш салдату, і пабег да дзвярэй. Табе трэба было прайсці каля стала. Гэта штука, якую вы называеце пячаткай, ляжала на стале, — ты схапіў яе, азіраючыся навакол, быццам шукаючы, куды яе палажыць, потым убачыў…
— Стой! Досыць! Дзякуй богу, я ўспомніў! — усклікнуў усхваляваным голасам абадраны прэтэндэнт на прастол. — Ідзі, мой добры Сент-Джон: у рукавіцы міланскага панцыра, што вісіць на сцяне, ты знойдзеш дзяржаўную пячатку!
— Верна, гасудар, верна! — усклікнуў Том Кэнці. — Цяпер англійская дзяржава твая, і таму, хто ўздумаў-бы супярэчыць, лепш-бы нарадзіцца нямым! Спяшайся мілорд Сент-Джон! Няхай твае ногі ператворацца ў крыллі!
Усе прысутныя былі цяпер на нагах. Яны нібы ашалелі ад непакою, трывогі і пякучай цікавасці. Увесь сабор гудзеў як пчаліны вулей. Усе адразу загаварылі ўзбуджана і палка, унізе і на падмостках — усюды. Ніхто нічога не чуў і не цікавіўся нічым, апрача таго, што крычаў яму ў вуха сусед або што ён сам крычаў у вуха суседу. Час праляцеў вельмі хутка.
Нарэшце па сабору пранёсся шэпт, і на падмостках з’явіўся Сент-Джон. У паднятай над галавой руцэ ён трымаў дзяржаўную пячатку. Адразу-ж грымнуў крык:
— Хай жыве сапраўдны кароль!
Мінут пяць у саборы стогн стаяў ад крыкаў і грому музыкі; насавыя хустачкі воблакам луналі ў паветры; а той, каго тычыліся ўсе гэтыя прывітанні, маленькі абадранец — ад гэтага часу першы чалавек у Англіі — стаяў на вачах ва ўсіх, пасярэдзіне падмосткаў, шчаслівы і горды; шчокі яго палалі чырванню, і васалы яго схілялі перад ім калені.
Затым усе ўсталі, і Том Кэнці ўсклікнуў:
— Цяпер, о гасудар, вазьмі назад тваё царскае адзенне і аддай беднаму Тому, слузе твайму, ягонае рыззё!
Лорд-пратэктар даў загад:
— Раздзеньце гэтага маленькага нягодніка і кіньце яго ў Тауэр!
Але кароль, сапраўдны, новы кароль, заявіў:
— Не дазволю! Толькі дзякуючы яму я атрымаў назад сваю карону, — не дазволю чапаць і крыўдзіць яго! А ты, даражэнькі дзядзя, ты, мілорд-пратэктар, няўжо ты не адчуваеш ніякай удзячнасці да гэтага беднага хлопчыка? Ён-жа, як я чуў, зрабіў цябе герцагам, — пратэктар пачырванеў, — але ён, аказваецца,
… лушчыў ёю арэхі…
не быў сапраўдным каралём — значыць, чаго варты твой гучны тытул?Заўтра ты праз яго будзеш хадайнічаць перада мной аб зацверджанні цябе ў гэтым сане, іначай табе прыдзецца развітацца з тваім герцагствам, і ты зноў астанешся простым графам.
Пасля такой адповедзі яго светласць герцаг Самерсецкі палічыў за лепшае часова адыйсці ўбок. Кароль павярнуўся да Тома і ласкава сказаў:
— Мой бедны хлопчык, як ты мог успомніць, куды я схаваў пячатку, калі я і сам не мог успомніць?
— Ах, гасудар, гэта было няцяжка, бо я не раз ужываў яе.
— Ужываў… і не мог сказаць, дзе яна знаходзіцца?
— Ды я-ж не ведаў, што яны яе шукаюць. Яны мне не казалі, якая яна, ваша вялікасць!
— Што-ж ты з ёю рабіў?
Шчокі Тома густа пачырванелі; ён апусціў вочы і маўчаў.
— Кажы, добры хлопчык, не бойся! — супакоіў яго кароль. — Што-ж ты рабіў з вялікай дзяржаўнай пячаткай Англіі? Том зноў запнуўся і нарэшце сарамліва вымавіў:
— Я лушчыў ёю арэхі!
Беднае дзіця! Гэтыя словы былі сустрэты такім рогатам, што ён ледзь утрымаўся на нагах. Але затое, калі хто-небудзь яшчэ, сумняваўся ў тым, што Том Кэнці не быў каралём Англіі, гэты адказ развеяў усе сумненні.
Тым часам з Тома знялі раскошную мантыю ў накінулі яе на плечы караля. Мантыя прыкрыла яго жабрацкія лахманы. Пасля таго перапыненая каранацыя аднавілася. Сапраўдны кароль быў памазан мірам[2], на галаву яго ўзлажылі карону, а гарматныя стрэлы абвясцілі гэту радасць гораду, і ўвесь Лондан гудзеў ад захаплення.