Прынц і жабрак (1940)/31
← Раздзел трыццаты. Поспехі Тома | Раздзел трыццаць першы. Каранацыйная працэсія Раман Аўтар: Марк Твэн 1940 год Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881) Пераклад: Янка Маўр |
Раздзел трыццаць другі. Дзень каранацыі → |
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
КАРАНАЦЫЙНАЯ ПРАЦЭСІЯ
На другую раніцу, калі Том Кэнсі прачнуўся, паветра было поўнае грамовым гулам. Усё навакол грымела. Для Тома гэты гул быў музыкай: ён азначаў, што ўся Англія дружна напружвае лёгкія, вітаючы вялікі дзень.
Том зноў заняў першае месца ў дзіўнай плывучай працэсіі на Темзе. Па даўняму звычаю, каралеўская працэсія павінна была прайсці праз увесь Лондан, пачынаючы ад Тауэра. І перш за ўсё Том адправіўся к Тауэру. Як толькі ён прыбыў у Тауэр, сцены старой крэпасці нібы раптам трэснулі ў тысячы месц разам, і з кожнай шчыліны выскачыў чырвоны вогненны язык і белы клуб дыму. Раздаўся аглушальны выбух, у якім на міг патанулі радасныя крыкі народа; ад гулу трэслася зямля; агонь, дым, трэск стрэлаў паўтараліся зноў і зноў з незвычайнай хуткасцю, так што праз мінуту стары Тауэр знік у густым воблаку дыму; толькі так званы Белы Тауэр — высокі шпіль, абвешаны флагамі, высіўся над гэтым морам дыму, як горная вяршыня над градой воблакаў.
Разадзеты Том Кэнці на статным баявым кані ў багатай папоне, якая апускалася бадай да зямлі, ехаў на чале працэсіі; зараз-жа за ім следаваў яго «дзядзя», лорд-пратэктар Самерсет, на такім-жа дзіўным кані; каралеўская гвардыя ў бліскучых латах суправаджала яго з абодвух бакоў; за пратэктарам следаваў бясконцы рад пышна ўбраных вяльмож у суправаджэнні сваіх васалаў; за імі лорд-мэр і ўсе олдэрманы[1] ў пунсовых аксамітных тогах, з залатымі ланцугамі на грудзях; за імі — дэпутацыі ўсіх лонданскіх гільдый, багата ўпрыгожаныя, са стракатымі сцягамі карпарацый. Працэсію заканчвала даўняя славутая артылерыйская брыгада, якая ў той час існавала ўжо каля трохсот год, адзіная вайсковая часць, меўшая прывілею (захаваную і да нашых дзён) не падпарадкавацца распараджэнням парламента. Гэта было выдатнае відовішча — брыгада велічна выступала сярод шматлікага народа, вітаючага яе на кожным кроку аглушальнымі крыкамі. Вось як расказвае аб гэтым летапісец:
«Калі кароль пад’ехаў да горада, народ сустрэў яго прывітальнымі крыкамі, малітвамі, добрымі пажаданнямі і іншымі выказваннямі шчырай любові вернападданых да свайго гасудара; і кароль, павярнуўшыся да народа светлым, радасным тварам і ласкава гутарачы з тымі, хто быў бліжэй да яго аўгусцейшай асобы, з лішкам узнагародзіў свой народ за яго пачуцці адданасці. У адказ на крыкі: «Хай жыве кароль Англіі!» — «Хай беражэ бог яго вялікасць Эдуарда Шостага!» — ён казаў прыхільна: «Хай беражэ бог вас усіх! Ад усяго сэрца дзякую майму добраму народу!» Ласкавыя словы расчулілі народ.
«У Фенчэрч-стрыце нейкае цудоўнае дзіця ў раскошным убранні ўзышло на падмосткі і віўала яго вялікасць вершамі:
Хай жыве кароль! — пяюць табе сэрцы. |
«Натоўп у адзін голас паўтараў словы дзіцяці».
Том Кэнці глядзеў на гэта ўсхваляванае мора радасных твараў, і сэрца яго весялілася; ён адчуваў, што калі варта жыць, дык толькі для таго, каб быць каралём і любімцам народа. Раптам ён убачыў воддалі двух маленькіх абадранцаў, яго былых таварышоў па Двару аб’едкаў (адзін з іх займаў пасаду лорда-адмірала пры яго пацешным двары, а другі — першага лорда адпачывальні), і яшчэ больш заганарыўся. О, каб яны маглі пазнаць яго цяпер! Якое невыказнае шчасце было-б, каб яны яго пазналі, каб убачылі, што пацешны кароль трушчоб і задворкаў зрабіўся сапраўдным каралём, што яму прыслужваюць герцагі і прынцы і ля ног яго ўвесь англійскі народ. Але ён павінен быў адрачыся ад сябе самога, ён павінен быў заглушыць сваё жаданне, бо такая радасць абышлася-б яму надта дорага. І Том адвярнуўся, а хлопчыкі прадаўжалі скакаць і крычаць, не падазраючы каму яны пасылаюць свае прывітанні.
— Слава! слава! — крычаў народ, і Том замест адказу кідаў у натоўп жмені новенькіх бліскучых манет. Летапісец расказвае: «На верхнім канцы Грэсчэрч-стрыта горад пабудаваў багатую арку, пад якой былі падмосткі, якія цягнуліся з аднаго боку вуліцы да другога. На гэтых падмостках былі выстаўлены статуі бліжэйшых продкаў караля. Там сядзела Елізавета Іоркская — пасярэдзіне вялікай белай ружы, пялёсткі якой звіваліся вакол яе вычварнымі фестонамі; побач з ёй, у чырвонай ружы, сядзеў Генрых VIII; рукі царскай пары былі злучаны, — на іх красаваліся выстаўленыя напаказ заручальныя пярсцёнкі. Ад белай і чырвонай ружы цягнулася сцябло да другіх падмосткаў, дзе Генрых VIII выходзіў з чырвона-белай ружы разам з Джэн Сеймур, маткаю новага караля. Ад гэтай пары зноў-жа цягнулася сцябло да трэціх падмосткаў, дзе стаяла статуя самога Эдуарда VI на троне, ва ўсёй яго царскай велічы. Усе падмосткі былі апавітыя гірляндамі руж, чырвоных і белых».
Гэта дзіўнае і прыгожае відовішча прывяло ў такое захапленне радасны народ, што яго крыкі зусім заглушылі слабы голас дзіцяці, якому даручана было растлумачыць значэнне гэтай карціны ў хвалебных вершах. Але Том Кэнці не шкадаваў аб гэтым: вернападданы рэў народа быў для яго саладзей за ўсякія вершы, нават самыя лепшыя. Калі Том павярнуў да народа свой шчаслівы юны твар, народ заўважыў падабенства яго са статуяй, і зноў загрымела бура воплескаў.
Працэсія ўсё пасоўвалася наперад, праходзячы пад трыўмфальнымі аркамі міма эфектных кампазіцый, выяўляючых розныя добрыя якасці, таланты і заслугі новага караля. «Па ўсім Чыпсайдзе з кожнага акна, з кожнага карніза звешваліся сцягі і флагі, а таксама багацейшыя каўры, дарагая тканіна і залатая парча — багацці, якія хаваліся ў куфрах; таксама былі ўпрытожаны і іншыя вуліцы».
— І ўсе гэтыя дзівоты, усе гэтыя цудоўнасці выстаўлены дзеля мяне, дзеля мяне! — мармытаў Том Кэнці.
Шчокі мнімага караля гарэлі ад узбуджэння, вочы блішчэлі, ён адчуваў шчасце, асалоду. Раптам, акурат у той момант, калі ён падняў руку, каб кінуць народу жменю манет, ён убачыў у натоўпе бледны, здзіўлены твар, які не адводзіў ад яго пільнага позірка. У яго пацямнела ў вачах: ён пазнаў сваю маці! Ён хутка засланіў вочы рукой, павярнуўшы яе далонню ад сябе — стары мімавольны жэст, узнікшы ад даўно забытых прычын і ўвайшоўшы ў прывычку. Праз міг жанчына прабілася наперад, скрозь натоўп, скрозь варту і апынулася каля яго. Яна абхапіла яго нагу, пачала цалаваць яе; зарыдала.
— Дзіця маё, любае дзіця! — і падняла да яго твар, асветлены радасцю і любоўю.
Адзін з ахоўнікаў з лаянкай павалок яе прэч і дужай рукой адштурхнуў назад. Словы: «Жанчына, я не ведаю цябе!» ужо гатовы былі сарвацца з вуснаў Тома; але крыўда, нанесеная яго матцы, укалола яго ў самае сэрца. І калі яна абярнулася, каб апошні раз зірнуць на яго, перш чым натоўп зусім засланіў яго ад яе вачэй, у яе быў такі смутны твар, што Тому зрабілася сорамна. І гэты сорам знішчыў яго гордасць і атруціў усю радасць крадзенай велічы. Уся пашана раптам здалася яму не маючай вартасці. Яна звалілася з яго, як сатлелае рыззё.
А працэсія ўсё ішла ды ішла; ўпрыгожанне вуліц рабілася ўсё раскошней; прывітальныя крыкі гучэлі ўсё мацней; але для Тома Кэнці ўсяго гэтага нібы і не было. Ён нічога не бачыў і не чуў. Каралеўская ўлада страціла для яго прывабнасць; у акружаючай пышнасці яму здаваўся папрок. Згрызота мучыла яго сэрца. Ён казаў сабе: «Хоць-бы бог вызваліў з гэтага палону!» Ён мімаволі паўтарыў тыя самыя словы, якія так часта паўтараў у першыя дні сваёй прымусовай велічы.
Пышная працэсія ўсё выгіналася па крывых вуліцах старога горада, як бясконцая змяя ў бліскучай скуры. Народ вітаў яе крыкамі; але кароль ехаў, звесіўшы галаву і нічога не бачачы
— Гасудар, цяпер не час марыць.
перад сабой, апрача абражанага твара сваёй маткі. І ў выстаўленыя рукі падданых ужо не сыпаліся бліскучыя манеты.
— Слава! слава! — але ён не слухаў гэтых крыкаў.
— Хай жыве Эдуард, кароль Англіі!
Здавалася, уся зямля ўздрыганулася ў адказ на гул; не адказаў толькі кароль. Да яго гэтыя крыкі даляталі, як далёкія раскаты грома, заглушаемыя іншымі гукамі, якія чуліся бліжэй, у яго ўласных грудзях, у яго ўласным сумленні, — голасам, паўтараўшым ганебныя словы: «Жанчына, я не ведаю цябе!»
Гэтыя словы гучэлі ў душы караля, як гучыць пахавальны звон у душы чалавека на пахаванні блізкага друга, якому ён пры жыцці вераломна здрадзіў.
На кожным завароце яго чакалі новыя знакі пашаны, новая пышнасць, новыя цуды, грукат прывітальных стрэлаў, радасныя крыкі народа; але кароль ні словам, ні жэстам не адгукаўся на іх, бо нічога не чуў у сваёй гаротнай душы, апрача дакорлівага голасу.
Мала-па-малу і ў гледачоў змяніліся твары і замест радасных зрабіліся заклапочанымі, і прывітальныя крыкі раздаваліся ўжо не так гучна. Лорд-пратэктар хутка заўважыў гэта і адразу зразумеў прычыну. Ён пад’ехаў да караля, зняў шапку, нізка пакланіўся і шапнуў:
— Гэта была мая маці.
— Гасудар, цяпер не час марыць! Народ бачыць тваю панікнуўшую галаву, твой спахмурнелы твар і прымае гэта за дрэнны знак. Паслухайся маёй рады! Хай зноў заззяе тваё каралеўскае сонца і асвеціць праменнямі свой народ. Падымі галаву і ўсміхніся народу!
З гэтымі словамі герцаг кінуў направа і налева па прыгаршчы манет і вярнуўся на сваё месца. Мнімы кароль машынальна выканаў тое, аб чым яго прасілі. У яго ўсмешцы не было душы, але толькі нямногія стаялі да яго настолькі блізка, толькі нямногія мелі настолькі востры зрок, каб заўважыць гэта. Ён так міла і зграбна нахіляў сваю аздобленую пер’ямі галаву, з такой царскай шчодрасцю сыпаў навакол новенькія бліскучыя манеты, што трывога народа рассеялася, і прывітальныя крыкі загрымелі таксама гучна, як і раней.
А ўсё-ж, незадоўга да прыбыцця, герцагу прышлося яшчэ раз пад’ехаць да караля і зрабіць яму заўвагу. Ён прашаптаў:
— Вялікі гасудар, страсані з сябе гэты пагібельны сум; вочы ўсяго свету накіраваны на цябе! — і з прыкрасцю дадаў. — Каб яна прапала, гэта няшчасная жабрачка! Гэта яна так расстроіла вашу вялікасць!
Расфранчоны кароль накіраваў на герцага патухшы позірк і сказаў бязгучным голасам:
— Гэта была мая маці!
— Божа мой… — прастагнаў пратэктар, ад’язджаючы назад. — Дрэнны знак не прайшоў дарма: ён зноў страціў розум!
- ↑ Олдэрман — член гарадской управы ў Англіі.