Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел дваццаць дзевяты. У Лондан! Раздзел трыццаты. Поспехі Тома
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел трыццаць першы. Каранацыйная працэсія

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ

ПОСПЕХІ ТОМА

Пакуль сапраўдны кароль бадзяўся па краіне поўголы, поўгалодны, то церпячы насмешкі і пабоі ад брадзяг, то седзячы ў турме са злодзеямі і забойцамі, пакуль усе лічылі яго вар’ятам і самазванцам, — мнімы кароль Том Кэнці вёў зусім інакшае жыццё.

Калі мы бачылі яго апошні раз, ён толькі што пачынаў знаходзіць прывабнасць у каралеўскай уладзе. Каралеўскі стан усё больш падабаўся яму, і нарэшце ўсё жыццё яго ператварылася ў радасць. Ён перастаў баяцца; яго непакой патрохі рассеяўся, пачуццё няёмкасці прайшло, ён стаў трымаць сябе спакойна і вольна. Як руду з шахты, здабываў ён усе патрэбныя звесткі ад хлопчыка для біцця.

Калі яму хацелася гуляць ці гутарыць, ён запрашаў да сябе лэдзі Елізавету і лэдзі Джэн Грэй, а затым адпускаў іх з такім выглядам, нібы для яго гэта справа звычайная. Ён ужо не сароміўся, калі прынцэсы цалавалі яму рукі на развітанне.

Цяпер яму падабалася, што яго з такімі цэрамоніямі ўкладваюць спаць нанач; яму падабаўся складаны і ўрачысты абрад ранішняга адзявання. Ён з гордым задавальненнем ішоў да абедзенага стала ў суправаджэнні пышнай світы саноўнікаў і варты; гэтай світай ён так ганарыўся, што нават загадаў падвоіць яе, і цяпер у яго, было сто чалавек. Ён любіў прыслухоўвацца да гукаў труб, што разыходзіліся па даўгіх карыдорах, і да далёкіх галасоў, крычаўшых: «Дарогу каралю!»

Ён навучыўся знаходзіць прыемнасць нават у паседжаннях совета ў троннай зале, хаця яму прыходзілася галоўным чынам толькі паўтараць словы, якія шаптаў яму лорд-пратэктар. Ён любіў прымаць велічных, акружаных пышнымі світамі паслоў з чужых зямель і выслухоўваць прыяцельскія прывітанні ад слаўных манархаў, называўшых яго «братам». О, шчаслівы Том Кэнці з Двара аб’едкаў!

Ён любіў свае раскошныя ўбранні і заказваў сабе новыя. Ён знайшоў, што чатырохсот слуг недастаткова для яго велічы, і патроіў іх лік. Ліслівасць прыдворных гучэла для яго вуха салодкай музыкай. Ён астаўся добрым і лагодным, стойкім абаронцам прыгнечаных і вёў безупынную барацьбу з несправядлівымі законамі; але пры выпадку, адчуўшы сябе зняважаным, ён умеў цяпер павярнуцца да якога-небудзь графа ці нават герцага і зірнуць на яго так, што таго кідала ў дрыжыкі. Аднаго разу, калі яго царственная «сястра», злая святоша лэдзі Мэры, пачала было даводзіць яму, што ён робіць неразумна, вызваляючы гэтулькі людзей, якія іначай былі-б кінуты

… загадаў ёй ісці да сябе…

ў турму, павешаны ці спалены, і напомніла яму, што пры іх аўгусцейшым нябожчыку бацьку ў турмах часам сядзела адначасова да шасцідзесяці тысяч зняволеных і што за ўвесь час свайго мудрага царствавання ён адправіў на той свет рукой ката семдзесят дзве тысячы злодзеяў і разбойнікаў, — хлопчык з благародным абурэннем загадаў ёй ісці да сябе і маліцца богу, каб ён выняў камень з яе грудзей і ўклаў у яе чалавечае сэрца.

Але-ж няўжо Тома Кэнці ніколі не трывожыла знікненне беднага маленькага законнага наследніка прастола, які абышоўся з ім так ласкава і з такой гарачнасцю кінуўся да варот палаца, каб абараніць яго ад дзёрзкага вартавога? Так! Яго першыя дні і ночы ў палацы былі атручаны цяжкімі мыслямі аб знікнуўшым прынцы; Том шчыра жадаў, каб ён вярнуўся і аднавіў свае правы. Але час ішоў, а прынц не вяртаўся; і новыя радасныя ўражанні паступова авалодвалі душою Тома, мала-па-малу згладжваючы ў ёй вобраз знікшага прынца; пад канец гэты вобраз стаў з’яўляцца толькі зрэдку, ды і то нежаданым госцем, бо тады Тому рабілася балюча і сорамна.

Няшчасную маці сваю і сясцёр ён таксама ўспамінаў усё радзей. Спачатку ён сумаваў па іх, нудзіўся, хацеў іх убачыць, але потым пачаў уздрыгваць пры думцы, што калі-небудзь яны з’явяцца перад ім у лахманах, брудныя, і выдадуць яго сваімі пацалункамі, і сцягнуць яго далоў з трона зноў назад, у гразь, у трушчобу, на голад і знявагу. Нарэшце ён амаль перастаў успамінаць аб іх і быў нават рады гэтаму, бо цяпер, калі іх журботныя і дакорлівыя твары ўставалі перад ім, ён сам сабе здаваўся агіднейшым за чарвяка, поўзаючага па зямлі.

Апоўначы дзевятнаццатага лютага Том Кэнці спакойна заснуў у сваёй раскошнай пасцелі ў палацы, пад аховай сваіх верных васалаў і акружаны ўсёй пышнасцю каралеўскага сана, — шчаслівы хлопчык: назаўтра назначана было яго ўрачыстае каранаванне.

У гэты самы час сапраўдны кароль, Эдуард, галодны, стомлены, змучаны даўгой дарогай, адзеты ў рыззё, з сінякамі, атрыманымі ў часе вулічнай бойкі, стаяў сярод людзей, якія з вялікай цікавасцю сачылі за мітуснёй і беганінай рабочых, якія капашыліся, бы мурашкі, каля Вестмінстэрскага абацтва. Яны канчалі падрыхтоўчыя работы да заўтрашняй каранацыі.