Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел дваццаць шосты. Не прызнаны Раздзел дваццаць сёмы. У турме
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел дваццаць восьмы. Афяра

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ

У ТУРМЕ

Усе камеры былі перапоўненыя, і двух сяброў прыкавалі на ланцуг у вялікім пакоі, дзе змяшчаліся звычайна дробныя злачынцы. Яны былі не адны: тут-жа знаходзілася яшчэ каля дваццаці скутых вязняў — маладых і старых, мужчын і жанчын — шумны і неахайны натоўп. Кароль горка скардзіўся на абразу яго каралеўскага сана, але Гендон быў пахмуры і маўклівы. Ён быў надта ўражаны. Ён, блудны сын, вярнуўся дадому, уяўляючы, што ўсе ашалеюць ад шчасця, убачыўшы яго; і раптам замест радасці — турма. Усё гэта было так непадобна на яго планы, што ён замяшаўся; ён не ведаў нават, як глядзець на сваё становішча: ці лічыць яго трагічным ці проста забаўным. Ён адчуваў сябе, як чалавек, які вышаў палюбавацца вясёлкай, а замест таго яго ўдарыла маланка.

Але мала-па-малу яго блытаныя мыслі прышлі ў парадак, і тады ён пачаў размышляць аб Юдзіфі. Ён абдумваў яе паводзіны, разглядаў іх з усіх бакоў, але ні да чога не дадумаўся. Пазнала яна яго ці не пазнала? Гэта труднае пытанне доўга займала яго розум; нарэшце ён прышоў да вываду, што яна яго пазнала і адраклася ад яго з-за матэрыяльных выгод. Цяпер ён гатоў быў асыпаць яе пракляццямі; але яё імя было так доўга для яго свяшчэнным, што ён не мог прымусіць сябе абразіць яе.

Загарнуўшыся ў турэмныя коўдры, парваныя і брудныя, Гендон і кароль правялі трывожную ноч. За хабар турэмшчык здабыў гарэлкі для некаторых арыштантаў, і, вядома, гэта скончылася лаянкай, калатнёй, непрыстойнымі песнямі. Пасля поўначы адзін з арыштантаў напаў на жанчыну, стаў біць яе па галаве кайданамі, і толькі падаспеўшы турэмшчык выратаваў яе ад смерці. Турэмшчык устанавіў згоду, ударыўшы па галаве нападаўшага. Тады бойка спынілася, і тыя, хто не звяртаў увагі на енк і скаргі абодвух раненых, маглі заснуць.

На працягу наступнага тыдня дні і ночы праходзілі з тамлівай аднастайнасцю. Днём з’яўляліся людзі (іх твары былі больш- менш знаёмыя Гендону), каб зірнуць на «самазванца», адрачыся ад яго і паздзеквацца з яго; а па начах паўтараліся папойкі і бойкі. Аднак пад канец нешта змянілася. Турэмшчык прывёў у камеру нейкага дзеда і сказаў яму:

— Злачынца ў гэтым пакоі. Разгледзь усіх сваімі старымі вачыма. Можа ты пазнаеш яго.

Гендон падняў вочы і першы раз за ўсё прабыванне ў турме ўзрадаваўся.

Ён сказаў сабе:

«Гэта Блэк Эндрус. Ён усё жыццё служыў сям’і майго бацькі; ён добры, чэсны чалавек, сэрца ў яго добрае. Вярней, раней у яго было добрае сэрца. А цяпер чэсных людзей зусім не асталося; усе сталі ілгунамі. Гэты чалавек пазнае мяне і адрачэцца ад мяне, як і ўсе іншыя».

Стары абвёў вачыма пакой, паглядзеў у твар кожнаму вязню і нарэшце сказаў:

— Я не бачу тут нікога, апрача нізкіх нягоднікаў, вулічнага зброду. Каторы ён?

Турэмшчык засмяяўся.

— Вот! — сказаў ён. — Прыгледзься добра да гэтага вялікага звера і скажы мне, што ты аб ім думаеш.

Стары падышоў, доўга і пільна глядзеў на Гендона, потым паківаў галавой і сказаў:

Стары пільна глядзеў на Гендона.

— Не, гэты не Гендон і ніколі Гендонам не быў!

— Правільна! Твае старыя вочы яшчэ добра бачаць. Каб я быў на месцы сэра Г’ю, я ўзяў-бы гэтага паганага пса і…

Турэмшчык стаў на наскі, нібы зацягваючы вакол шыі пятлю, і захрыпеў, нібы задыхаючыся. Стары злосна прагаварыў:

— Хай дзякуе бога, калі з ім не абыйдуцца яшчэ горш. Каб трапіў гэты нягоднік у рукі мне, я-б засмажыў яго жыўцом!

Турэмшчык зарагатаў зларадным смехам гіены. І сказаў:

— Пагутары з ім, стары! Усе з ім гутараць. Гэта цябе пазабавіць.

З гэтымі словамі ён завярнуўся і вышаў.

Стары ўпаў на калені і зашаптаў:

— Дзякуй богу, ты вярнуўся нарэшце, мой добры пан! Я думаў, што ты ўжо сем гадоў назад памёр, а ты жывы! Я пазнаў цябе ад першага разу; цяжка мне было прыкідвацца і маніць, нібы я не бачу тут нікога, апрача дробных злодзеяў і машэннікаў. Я стары і бедны, сэр Майлс; але скажы адно слова, — і я пайду і абвяшчу праўду, хоць-бы мяне задушылі за гэта.

— Не, — сказаў Гендон, — не трэба. Ты толькі загубіш сябе, а мне не паможаш. Але ўсё-такі дзякую табе, ты часткова вярнуў мне маю страчаную веру ў чалавечы род.

Стары слуга быў вельмі карысны каралю і Гендону; ён заходзіў па некалькі разоў у дзень, нібы паздзеквацца з ашуканца, і заўсёды прыносіў што-колечы смачнае, каб палепшыць хоць трохі ўбогую турэмную ежу; апрача таго, ён прыносіў бягучыя навіны. Ласункі Гендон пакідаў для караля: без іх яго вялікасць, магчыма, не выжыў-бы, бо ён не мог есці грубую, агідную страву, якую прыносіў турэмшчык. Каб не выклікаць падазрэнняў, Эндрус вымушаны быў прыходзіць на кароткі час; але кожны раз ён ухітраўся паведаміць што-небудзь новае — шэптам, каб яго чуў толькі Гендон, голасна-ж ён толькі лаяўся.

Так мала-па-малу Майлс узнаў гісторыю сваёй сям’і. Артур памёр шэсць гадоў назад. Гэта страта і адсутнасць вестак аб Майлсе вельмі падарвалі здароўе бацькі; чакаючы хуткай смерці, бацька хацеў абавязкова ажаніць Г’ю і Юдзіф; але Юдзіф усё адкладвала вяселле, спадзеючыся на зварот Майлса; тут-та і прышло пісьмо з паведамленнем аб тым, што Майлс памёр; гэты ўдар улажыў у пасцель сэра Рычарда; стары парашыў, што канец яго блізка, і стаў патрабаваць, каб хутчэй спраўлялі вяселле; Г’ю, вядома, падтрымліваў яго. Юдзіф выпрасіла яшчэ месяц адтэрміноўкі, потым другі і, нарэшце, трэці; іх абвянчалі ля смяротнага ложка Рычарда. Шлюб выдаўся не з шчаслівых. Хадзілі чуткі, што неўзабаве пасля вяселля маладая знайшла ў паперах мужа некалькі чарнавікоў злашчаснага пісьма і вінаваціла яго ў гнуснай падробцы, якая паскорыла іхні шлюб і смерць сэра Рычарда. Расказы аб зверскім абыходжанні новага пана з жонкай і слугамі пераходзілі з вуснаў у вусны; пасля смерці бацькі сэр Г’ю скінуў маску і стаў бязлітасным дэспатам для ўсіх, хто жыў у яго ўладаннях і колькі-небудзь залежаў ад яго.

Адзін з расказаў Эндруса жыва зацікавіў караля.

— Ходзяць чуткі, што кароль страціў розум. Але толькі, прашу вас, не кажыце, што чулі гэта ад мяне, бо аб гэтым забаронена гаварыць пад страхам смерці.

Яго вялікасць паглядзеў на старога і сказаў:

— Кароль не страціў розум, добры чалавек, і лепш-бы табе займацца сваімі справамі, чым перадаваць бязглуздыя чуткі.

— Што ён такое гаворыць, гэты хлопчык? — спытаў Эндрус, здзіўлены такім рэзкім і нечаканым нападам.

Гендон даў старому знак маўчаць, і той прадаўжаў свой расказ:

— Пахаванне нябожчыка караля будзе ў Віндзоры праз два дні, шаснаццатага, а дваццатага новы будзе каранавацца ў Вестмінстэры.

— Мне здаецца, трэба спачатку знайсці яго… — прамармытаў кароль; потым упэўнена дадаў: — Ну, аб гэтым яны паклапоцяцца, і я таксама.

— Растлумач мне… — пачаў стары і запнуўся, убачыўшы знакі, якія рабіў яму Гендон. І зноў пачаў балбатаць:

— Сэр Г’ю таксама едзе на каранацыю і многа чакае ад яе. Ён спадзяецца вярнуцца дадому пэрам, бо мае вялікую ласку ў лорда-пратэктара.

— Якога лорда-пратэктара?

— Яго міласці герцага Самерсецкага.

— Якога герцага Самерсецкага?

— Як якога? У нас толькі адзін — Сеймур, граф Гертфорд.

Кароль сярдзіта спытаў:

— З якога гэта часу ён герцаг і лорд-пратэктар?

— Ад апошняга дня студзеня.

— Скажы, калі ласка, хто яму даў гэты тытул?

— Ён сам, ды вярхоўны совет з дапамогай караля.

Яго вялікасць дзіка ўздрыгануўся.

— Караля? — ускрыкнуў ён. — Якога караля, добры чалавек?

— Якога караля? (Даруй, божа, што гэта такое сёння з хлопчыкам?) На гэтае пытанне адказаць няцяжка: кароль жа-ж у нас толькі адзін — яго вялікасць, аўгусцейшы манарх, кароль Эдуард Шосты, хай бароніць яго бог! Так! Маладзенькі ў нас кароль, зусім хлопчык, а які добры і ласкавы; не ведаю, звар’яцелы ён ці не, — кажуць, ён папраўляецца з кожным днём, — але ўсе ў адзін голас хваляць яго, усе благаслаўляюць і моляць бога падоўжыць дні яго царствавання, бо ён пачаў з добрай справы, памілаваў герцага Норфолька, а цяпер хоча скасаваць найбольш суровыя законы, ад якіх церпіць народ.

Пачуўшы гэтыя весткі, кароль знямеў ад здзіўлення і так паглыбіўся ў свае невясёлыя думы, што не слухаў больш, аб чым расказвае стары. Ён пытаў сябе: няўжо гэты кароль — той самы маленькі жабрак, якога пакінуў ён тады ў палацы пераапранутым у сваё адзенне? Гэта здавалася яму немагчымым: каб той хлопчык захацеў разыграць з сябе прынца Уэльскага, яго зараз выдала-б яго мова і манеры, яго прагналі-б з палаца і пачалі-б шукаць сапраўднага прынца. Няўжо совет пасадзіў на яго месца якога-небудзь хлапчука знатнага рода? Не, яго дзядзя не дапусціў-бы гэтага, — ён усемагутны і мог-бы расстроіць і, пэўна, расстроіў-бы такую змову.

Размышленні караля не прывялі ні да чога; чым больш ён стараўся разгадаць гэтую тайну, чым больш ён ламаў сабе галаву над ёй, тым мацней балела ў яго галава, і тым горш ён спаў. Яго нецярплівае жаданне трапіць у Лондан расло з кожнай гадзінай, і зняволенне рабілася нясцерпным.

Гендон, як ні стараўся, не мог уцешыць караля; гэта лепш удалося двум жанчынам, прыкованым недалёка ад яго. Іх ціхае ўгаварванне вярнула спакой яго душы і навучыла яго цярплівасці. Ён быў ім вельмі ўдзячны, шчыра палюбіў іх, блізасць іх была для яго жыватворнай. Ён спытаўся, за што іх пасадзілі ў турму, і жанчыны адказалі: за тое, што яны баптысткі[1]. Кароль усміхнуўся і спытаў:

— Хіба гэта такое злачынства, за якое саджаюць у турму? Вы засмуцілі мяне: я, значыць, хутка з вамі расстануся, бо вас не будуць доўга трымаць тут за такое глупства.

Жанчыны нічога не адказалі, але твары іх устрывожылі яго. Ён паспешна сказаў:

— Вы не адказваеце? Будзьце добрыя, скажыце мне — вам не пагражае другая кара? Калі ласка, скажыце мне, што вам нічога не пагражае.

Жанчыны паспрабавалі перамяніць гутарку, але кароль ужо не мог супакоіцца і прадаўжаў пытацца:

— Няўжо вас будуць біць бізунамі? Не, не! Яны не могуць быць такімі бязлітаснымі. Скажыце, што вас не крануць! Так, не крануць? Не крануць, праўда?

Жанчыны, збянтэжаныя і расстроеныя, не маглі, аднак, ухіліцца ад адказу, і адна з іх сказала голасам, дрыжачым ад хвалявання:

— О, добрая душа! Тваё спачуванне раздзірае нам сэрца. Памажы нам, божа, знесці наша…

— Вы прызналіся!.. — перапыніў яе кароль. — Значыцца, гэтыя бязлітасныя каты будуць цябе біць бізунамі! О, не плач! Я не магу бачыць твае слёзы. Не траць мужнасці: я своечасова вярну сабе свае правы, каб вызваліць цябе ад гэтай знявагі, убачыш!

Калі кароль прачнуўся раніцою, жанчын ужо не было.

— Яны выратаваны! — радасна ўсклікнуў ён і з сумам дадаў: — Але гора мне, яны так усцяшалі мяне!

Кожная з жанчын, выходзячы, прыкалола да яго вопраткі на памяць кавалак істужкі. Кароль сказаў, што назаўсёды захавае гэты падарунак і хутка знойдзе сваіх прыяцелек, каб узяць іх пад сваю абарону.

У гэту мінуту ўвайшоў турэмшчык са сваімі памочнікамі 1 загадаў усіх зняволеных вывесці на турэмны двор. Кароль быў у захапленні: якое шчасце ўбачыць нарэшце блакітнае неба і падыхаць свежым паветрам. Ён хваляваўся і злаваў на марудных вартаўнікоў, але нарэшце прышла і яго чарга. Яго адвязалі ад жалезнага кальца ля сцяны і загадалі яму ісці следам за другімі разам з Гендонам.

Квадратны двор быў выбрукаваны каменнымі плітамі. Вязні прайшлі пад вялікай каменнай аркай і выстраіліся ў шарэнгу, спіной да сцяны. Перад імі была працягнута вяроўка; па баках стаяла варта. Раніца была халодная, хмурная, уначы выпаў сняжок; вялізны двор быў увесь белы і ад гэтай белаты здаваўся яшчэ больш пахмурным. Часамі зімовы вецер урываўся ў двор і гнаў па зямлі струменьчыкі снегу.

Сярод двара стаялі дзве жанчыны, прыкаваныя к слупам. Кароль з першага погляду пазнаў у іх сваіх прыяцелек. Ён уздрыгануўся і сказаў сабе:

«На жаль, я памыліўся, іх не выпусцілі на волю. Падумаць толькі, што такія мілыя, добрыя жанчыны павінны паспрабаваць бізуна! — у Англіі! — не ў варварскай краіне, а ў хрысціянскай Англіі! Іх будуць біць бізуном; а я, каго яны ўцяшалі і з кім былі такія ласкавыя, павінен глядзець на гэту вялікую несправядлівасць. Гэта дзіўна, так дзіўна! Я, крыніца ўлады

Яе зноў адцягнулі.

ў гэтай абшырнай дзяржаве, бяссільны памагчы ім. Але беражыцеся, каты, прыдзе дзень, калі я за ўсё запатрабую справаздачу! За кожны ўдар, які вы нанясеце зараз, вы атрымаеце па сто ўдараў».

Шырокія вароты расчыніліся, і ўварваўся натоўп гаражан. Яны акружылі жанчын і засланілі іх ад караля. Затым увайшоў поп; натоўп прапусціў яго і зноў ссунуўся, зноў схаваў жанчын ад вачэй караля. Кароль пачуў нейкія пытанні і адказы, але ні слова не мог разабраць. Затым пачалася падрыхтоўка. Варта забегала, замітусілася, то знікаючы сярод людзей, то зноў з’яўляючыся; народ мала-па-малу змоўк, і зрабілася глыбокая цішыня.

Раптам, па камандзе, людзі расступіліся, і кароль убачыў відовішча, ад якога кроў застыла ў яго жылах. Вакол жанчын былі пакладзены кучы галля і паленаў, і нейкі чалавек, стоячы на каленях, распальваў гэты касцёр!

Жанчыны стаялі, апусціўшы галовы і закрыўшы твары рукамі; галлё ўжо патрэсквала; жоўтыя агеньчыкі палезлі ўжо ўгару, і клубы блакітнага дыму распаўзаліся па ветру. Поп падняў рукі к небу і пачаў чытаць малітвы. У гэты момант праз вароты прыбеглі дзве маладзенькія дзяўчыны і з прарэзлівым лямантам кінуліся да жанчын, што прысуджаны былі згарэць на кастры. Варта адразу схапіла іх; адну трымалі моцна, але другая вырвалася; яна казала, што хоча памерці разам з маткаю. І, перш чым паспелі яе спыніць, яна ўжо зноў абхапіла шыю маткі. Яе зноў адцягнулі, але плацце яе ўжо гарэла. Двое ці трое трымалі яе; запалены падол плацця адарвалі і кінулі ўбок, а дзяўчынка ўсё кідалася, вырывалася і крычала, што цяпер яна астанецца адна ва ўсім свеце, і ўпрашала дазволіць ёй памерці разам з маткаю. Абедзве дзяўчыны ўвесь час галасілі і вырываліся з рук вартаўнікоў; але раптам раздзіраючы душу крык смяротнай мукі заглушыў увесь іхні лямант. Кароль адвёў вочы ад рыдаўшых дзяўчат, паглядзеў на касцёр, потым адвярнуўся, прыціснуў смяртэльна бледны твар да сцяны і ўжо не глядзеў болей. Ён казаў сабе:

«Тое, што я бачыў тут, ніколі не згладзіцца з маёй памяці; я буду помніць гэта ва ўсе дні майго жыцця, а па начах я буду бачыць гэта ў сне да самай смерці. Лепей-бы я аслеп».

Гендон назіраў за каралём. Ён з задавальненнем казаў сабе:

«Ён прыкметна папраўляецца; ён змяніўся, стаў мякчэй. Раней ён пэўна накінуўся-б на турэмшчыкаў, пачаў-бы бушаваць, крычаць, што ён кароль, патрабаваць, каб жанчын аслабанілі. Ён хутка забудзецца на свой брэд, і яго бедная галава будзе зноў здаровая. Дай, божа, каб хутчэй!»

У той-жа дзень у турму прывезлі нанач некалькі арыштантаў, якіх на другую раніцу павінны былі адправіць у розныя гарады адбываць кару за свае злачынствы. Кароль доўга гутарыў з імі, — ён з самага пачатку рашыў параспытаць вязняў, каб падрыхтаваць сябе да свайго будучага царствавання. Аповесць іхніх пакут мучыла яго сэрца. У ліку зняволеных была адна бедная прыдуркаватая жанчына, украўшая каля двух ярдаў[2] сукна ў ткача, — яе за гэта прыгаварылі павесіць. Другі арыштант раней абвінавачваўся ў тым, што ён украў каня; супроць яго не было ніякіх доказаў, і ён ужо быў выратаваўся ад пятлі; але не паспелі яго выпусціць, як зноў арыштавалі за тое, што ён забіў аленя ў каралеўскім парку; на гэты раз віна яго была даказана, і яго чакала вяроўка. Больш за ўсё расстроіў і засмуціў караля расказ аднаго падмайстра; гэты юнак сказаў, што ён аднаго разу вечарам знайшоў сокала, які ўцёк ад свайго гаспадара, і прынёс яго дахаты, думаючы, што мае на тое права. Але суд абвінаваціў яго ў крадзежы і прысудзіў к смерці.

Раз’юшаны такім бесчалавеччам, кароль упрашаў Гендона разбіць свае путы і ўцякаць з ім у Вестмінстэр, каб ён мог хутчэй вярнуць сабе прастол; узышоўшы на трон, ён зараз-жа падніме свой скіпетр у абарону гэтых няшчасных і выратуе ім жыццё.

«Беднае дзіця! — уздыхаў Гендон. — Гэтыя гаротныя расказы зноў звялі яго з розуму. А я-то спадзяваўся, што ён хутка паправіцца».

Сярод арыштантаў быў стары законнік, чалавек з суровым тварам і непахіснай воляй. Тры гады назад ён выступіў супроць лорда-канцлера, абвінаваціўшы яго ў несправядлівасці; за гэта яго прыкавалі да ганебнага слупа, адсеклі яму вушы, выключылі з адвакацкага саслоўя, спагналі з яго штраф у тры тысячы фунтаў стэрлінгаў і прыгаварылі да турэмнага зняволення. Нядаўна ён паўтарыў свой праступак, і цяпер яму павінны былі адсячы рэшткі вушэй, спагнаць з яго пяць тысяч фунтаў стэрлінгаў, высмаліць яму кляймо на абодвух шчаках і да канца жыцця трымаць яго ў турме.

— Гэта пачэсныя рубцы, — казаў ён, адкідаючы назад сівыя валасы і паказваючы абрубкі вушэй.

У караля вочы гарэлі гневам. Ён сказаў:

— Ніхто не верыць мне, і ты не паверыш. Але ўсёроўна — праз месяц ты будзеш вольны, і самыя законы, што зганьбавалі цябе і зняслаўляюць Англію, будуць выкрэслены з дзяржаўных актаў. Свет дрэнна наладжаны: каралям варта было-б час ад часу на сабе выпрабаваць свае законы і вучыцца міласэрдзю.


  1. Баптыстамі называюцца паслядоўнікі рэлігійнага вучэння, якое адхіляе хрышчэнне дзяцей і лічыць правільным толькі хрышчэнне дарослых.
  2. Ярд — 0,9 метра.