Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел дваццаць пяты. Замак Гендона Раздзел дваццаць шосты. Не прызнаны
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел дваццаць сёмы. У турме

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ

НЕ ПРЫЗНАНЫ

Кароль пасядзеў трохі, падумаў, потым паглядзеў на Майлса і сказаў:

— Дзіўна, надзвычай дзіўна! Не разумею, што гэта значыць:

— Зусім не дзіўна, гасудар! Я яго ведаю, ад яго нічога іншага і чакаць нельга, — ён быў нягоднікам ад дня нараджэння.

— О, я кажу не аб ім, сэр Майлс!

— Не аб ім? Дык аб кім-жа? Што тут дзіўнага?

— Што аб каралі да гэтага часу не схамянуліся…

— Як? Што такое? Я цябе не разумею.

— Не разумееш? Хіба не здаецца табе дзіўным, што па ўсёй краіне не рыскаюць ганцы, шукаючы мяне, і не вывешана аб’ява з апісаннем маёй асобы? Хіба можна не хвалявацца і не сумаваць, ведаючы, што галава дзяржавы знік без сляда, што я прапаў?

— Зусім правільна, мой кароль. Я забыў аб гэтым.

Гендон уздыхнуў і прамармытаў сам сабе:

«Бедны вар’ят! Ён усё яшчэ ахоплены сваёй наіўнай марай».

— Але ў мяне ёсць план, які дапаможа нам абодвум аднавіць свае правы. Я напішу паперу на трох мовах: па-лацінску, па-грэчаску, па-англійску, — а ты заўтра раніцою скачы з ёю ў Лондан! Не аддавай нікому, апрача майго дзядзькі, лорда Гертфорда; калі ён убачыць паперу, то адразу пазнае, што пісаў я. Ён прышле па мяне.

— Ці не лепей нам будзе, мой прынц, пачакаць тут, пакуль я дакажу свае правы і аўладаю сваімі маёнткамі? Мне тады будзе куды зручней…

Кароль уладарна перапыніў яго:

— Маўчы! Што такое твае нікчэмныя маёнткі і твае мізэрныя інтарэсы, калі справа ідзе аб карысці нацыі і недатыкальнасці прастола!

І дадаў ужо мякчэй, нібы шкадуючы аб сваёй суровасці:

— Слухайся мяне без баязні! Я аднаўлю цябе ў тваіх правах. Я вярну табе ўсё, што ў цябе было, і нават павялічу твае ўладанні. Я прыпомню твае паслугі і ўзнагароджу цябе.

З гэтымі словамі ён узяў пяро і прыняўся за работу. Гендон з любоўю глядзеў на яго і думаў:

«Каб тут было цёмна, я мог-бы падумаць, што са мною сапраўды гаворыць кароль; калі ён разгневаны, ён грыміць і бліскае, як сапраўдны кароль. Дзе ён гэтаму навучыўся? Вунь ён там крэмзае бязглуздыя крывулі, уяўляючы сабе, што гэта лацінскія і грэчаскія словы! Калі толькі мне не ўдасца прыдумаць якую-небудзь хітрасць, каб адвесці яго ад гэтай справы, мне прыдзецца заўтра прытварыцца, нібы я адпраўляюся ў дарогу выконваць яго недарэчнае даручэнне».

Праз мінуту мыслі сэра Майлса ўжо вярнуліся да нядаўніх падзей. Ён быў так заняты сваімі думамі, што, калі кароль падаў яму спісаную паперу, ён узяў яе і машынальна паклаў ў кішэню.

— Як незвычайна дзіўна яна трымала сябе! — мармытаў ён. — Яна нібы пазнала мяне, а можа і не пазнала. Я разумею, што адно супярэчыць другому; я не магу прымірыць гэтых мыслей і ў той-жа час не магу адагнаць іх; дзе-ж праўда? Здавалася-б усё так проста: яна павінна была пазнаць мой твар, маю постаць, мой голас, — ці магло быць іначай? — а між тым яна сказала, што не пазнае мяне, — значыцца, яна сапраўды мяне не пазнала, бо яна не ўмее ілгаць. Пачакай, я, здаецца, пачынаю разумець. Яна гэта рабіла па прымусу! Загадка развязана. Яна здавалася поўмёртвай ад страху, — ну, вядома, яна дзейнічала па прымусу. Я яе знайду. Я знайду яе: цяпер, калі яго няма, яна нічога не ўтоіць ад мяне. Яна прыпомніць былыя часы, калі мы разам гулялі дзецьмі; гэта змякчыць яе сэрца, і яна не будзе больш хітраваць, яна ва ўсім прызнаецца мне. У ёй няма вераломства, яна заўсёды была чэсная і праўдзівая. У тыя дні яна любіла мяне. Гэта служыць мне парукай; яна не ашукае таго, каго любіла.

Ён паспешна накіраваўся да дзвярэй; але ў той-жа міг дзверы адчыніліся, і ўвайшла лэдзі Юдзіф. Яна была вельмі бледная, але ішла цвёрдымі крокамі; постаць у яе была грацыёзная і паважная, а твар паранейшаму быў смутны.

Майлс кінуўся да яе з давер’ем, але яна адхіліла яго ледзь значным жэстам, і ён спыніўся. Яна села і папрасіла яго таксама сесці. Гэтым яна прымусіла яго забыць, што яны старыя прыяцелі, прымусіла яго адчуць сябе чужым, госцем. Гэта было для яго нечаканасцю, і ён ад здзіўлення так збянтэжыўся, што сам гатоў быў усумніцца, ці сапраўды ён той, за каго сябе выдае. Лэдзі Юдзіф сказала:

— Сэр, я прышла перасцерагчы вас. Звар’яцелых, здаецца, нельга пераканаць у тым, што яны памыляюцца; але іх можна ўгаварыць, каб яны ўхіляліся небяспекі. Я думаю, вы верыце ў праўдзівасць сваёй выдумкі, я думаю, вы не злачынца; але не гаварыце пра свае заблуджэнні тут, бо гэта небяспечна.

Яна пільна паглядзела Майлсу ў вочы, потым дадала, падкрэсліваючы словы:

— Гэта тым больш небяспечна, што вы вельмі падобны на нашага беднага загінуўшага хлопчыка, якога ўжо няма на свеце.

— Божа мой, сударыня, ды ён жа-ж гэта я!

— Я шчыра веру, што вы гэта думаеце, сэр. Я не сумняваюся ў вашай чэснасці, — я толькі перасцерагаю вас. Мой муж — поўнаўладны гаспадар ва ўсёй тутэйшай мясцовасці; яго ўлада бадай неабмежаваная; ён можа ўзбагаціць каго захоча і каго захоча збядніць. Каб вы не былі падобны на чалавека, за якога сябе выдаеце, ён можа і дазволіў-бы вам спакойна цешыцца вашай марай; але верце мне, я добра яго ведаю; я ведаю, што ён зробіць: ён скажа ўсім, што вы звар’яцелы самазванец, і ўсе будуць верыць яму.

Яна зноў пільна паглядзела на Майлса і дадала:

— Каб вы нават сапраўды былі Майлсам Гендонам, і муж мой ведаў-бы гэта, і ведала-б уся акруга, — абдумайце мае словы і ўзважце іх, — вам пагражала-б тая самая небяспека, і таксама вы не ўніклі-б кары; ён адрокся-б ад вас і данёс на вас, і тут не знайшлося-б аніводнага чалавека, у якога хапіла-б смеласці падтрымаць вас.

— Хто я? Майлс Гендон?

— Гэтаму я зусім веру, — з прыкрасцю сказаў Майлс. — Калі ён мае ўладу загадаць чалавеку, які ўсё жыццё быў маім другам, здрадзіць мне і адрачыся ад мяне, і чалавек гэты яго слухаецца, то тым больш яго будуць слухаць тыя, хто не звязаны са мной дружбай, хто баіцца страціць кавалак хлеба, а можа і жыццё.

Шчокі лэдзі Юдзіф трохі пачырванелі, яна апусціла вочы; але голас яе паранейшаму гучэў цвёрда:

— Я перасцёрагла вас і перасцерагаю яшчэ раз: ад’язджайце адсюль! Іначай гэты чалавек вас загубіць. Гэта тыран, не ведаючы літасці. Я яго рабыня, я гэта ведаю. Бедны Майлс і Артур, і мой любы апякун, сэр Рычард, вызваліліся ад яго і цяпер спакойныя, — лепей-бы вам быць з імі, чым астацца тут, у кіпцях гэтага зладзея. Вашы дамаганні — замах на яго тытул і багацце; вы напалі на яго ў яго ўласным доме, і вы загінеце, калі астанецеся тут. Ідзіце, не марудзьце! Калі вам патрэбны грошы, прашу вас, вазьміце гэты кашалёк і падкупіце слуг, каб яны прапусцілі вас. Паслухайце мяне, няшчасны, і бяжыце, пакуль ёсць час.

Майлс адхіліў рукою працягнуты яму кашалёк.

— Выканайце адну маю просьбу, — сказаў ён. — Паглядзіце мне прама ў вочы, я хачу бачыць, ці вытрымаеце вы мой позірк. Так. Цяпер адказвайце мне. Хто я? Майлс Гендон?

— Не. Я вас не ведаю.

— Пакляніцеся.

Адказ прагучэў ціха, але выразна:

— Клянуся!

— Непраўдападобна!

— Уцякайце! Навошта вы марнуеце каштоўнейшы час? Уцякайце, ратуйцеся!

У гэту мінуту ў пакой уварваліся салдаты, і пачалася шалёная барацьба; але Гендона хутка асілілі і павалаклі. Караля таксама забралі; абодвух звязалі і павялі ў турму.