Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел дваццаць сёмы. У турме Раздзел дваццаць восьмы. Афяра
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел дваццаць дзевяты. У Лондан!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ

АФЯРА

Тым часам Майлс вельмі стаміўся ад турмы і бяздзейнасці. Калі нарэшце надышоў дзень суда, ён быў вельмі задаволены і казаў сабе, што будзе рады ўсякаму прыгавару, абы толькі яго не засудзілі на далейшае зняволенне ў турме. Але ён горка памыліўся. Ён раз’юшыўся, калі яго прызналі «буйным брадзягай» і прыгаварылі да ганебнай кары: ён павінен быў на працягу двух гадзін сядзець у «калодах» ля ганебнага слупа за абразу ўласніка Гендонскага замка. Калі ён заявіў на судзе, што ён родны брат абражанага і законны наследнік усіх тытулаў і зямель памершага сэра Рычарда, то да яго слоў аднесліся так пагардліва, што нават не палічылі іх вартымі абгаварэння.

Па дарозе да ганебнага слупа ён бушаваў і пагражаў, але гэта не памагала; паліцэйскія валаклі яго ды яшчэ час ад часу частавалі кулакамі за непакорнасць.

Кароль не мог праціснуцца праз натоўп. Ён ішоў ззаду, далёка ад свайго добрага друга і слугі. Самога караля таксама ледзь было не прыгаварылі да ганебнага слупа за дружбу з такой падазронай асобай, але з прычыны яго маленства, зрабіўшы яму належнае навучанне, адпусцілі. Калі людзі нарэшце спыніліся, ён пачаў кідацца, каб праціснуцца наперад; і пасля доўгіх намаганняў гэта яму ўдалося. Ля ганебнага слупа, пад насмешкамі цёмнага народа, сядзеў няшчасны рыцар — бліжэйшы слуга караля Англіі! Эдуард на судзе чуў прыгавар, але не зусім зразумеў яго значэнне. Гнеў хлопчыка рос па меры таго, як ён пачынаў разумець усю глыбіню гэтай новай абразы, нанесенай яго каралеўскаму сану; ён зусім ашалеў, калі ўбачыў, як у паветры праляцела яйка, разбілася аб шчаку Гендона і натоўп зарагатаў ад радасці. Не памятаючы сябе ад гневу, ён падскочыў да слупа і накінуўся на начальніка:

— Пасаромся! — крыкнуў ён. — Гэта мой слуга. Выпусці яго зараз-жа! Я…

— Змоўкні! — з жахам усклікнуў Гендон. — Ты загубіш сябе! Не звяртай на яго ўвагі, пане, ён вар’ят!

— Супакойся, добры чалавек, я і не падумаю звяртаць на яго ўвагі; але мне хочацца трохі правучыць яго.

Паліцэйскі абярнуўся да свайго памочніка і сказаў:

— Сцебані гэтага маленькага дурня разы са два бізуном, навучы яго далікатнасці.

— Усып яму поўтузіна, — параіў сэр Г’ю, пад’ехаўшы ў гэту мінуту паглядзець на свайго скаванага брата.

Караля схапілі. Ён нават не працівіўся, так ён быў ашаломлены той страшэннай абразай, што пагражала яго свяшчэннай

Ён падскочыў да слупа.

асобе. На старонках гісторыі ўжо запісан расказ аб кары бізуном аднаго з англійскіх каралёў, — Эдуарду нясцерпна было думаць, што ён паўторыць гэтую ганебную старонку. Але не было чаго рабіць, і дапамогі чакаць не было адкуль: прыходзілася або цярпець кару, або прасіць аб дараванні. Выбар цяжкі: сцярпець удары кароль можа, але прынізіцца да мальбы ён не мае сілы.

Але Майлс Гендон выручыў яго.

— Адпусціце дзіця! — узмаліўся ён. — Лютыя псы, хіба вы не бачыце, які ён маленькі і кволы? Адпусціце яго, я бяру яго бізуны на сябе.

— Вельмі добрая думка! — усклікнуў сэр Г’ю, і яго твар

азарыўся задаволенай усмешкай. — Адпусціце жабрака і ўсыпце тузін гэтаму малайцу, ды глядзіце, добры тузін.

Кароль хацеў быў супярэчыць, але сэр Г’ю адразу ўціхамірыў яго:

Бедны кароль адвярнуўся…

— Гавары, гавары, не саромся! — сказаў ён. — Але памятай, што за кожнае тваё слова яму прыдзецца яшчэ шэсць удараў.

Гендона вынулі з калоды і агалілі яму спіну; калі бізун захадзіў па ёй, бедны маленькі кароль адвярнуўся і ўжо не стрымліваў слёз, што каціліся па яго твары.

«Добрае, смелае сэрца! — казаў ён сабе. — Гэты доказ адданасці ніколі не згладзіцца з маёй памяці. Я не забуду… Ім таксама прыдзецца ўспомніць!» — дадаў ён гнеўна.

Велікадушша Гендона ўсё расло ў яго вачах, а разам з тым расла і яго ўдзячнасць да яго. Ён сказаў сабе:

«Хто выратоўвае свайго гасудара ад ран і смерці, робіць яму вялікую паслугу. Ён выратаваў мяне ад смерці. Але ўсё гэта глупства ў параўнанні з гэтым подвігам! Ён выратаваў свайго гасудара ад ганьбы

Гендон без крыку, без енку зносіў удары, стойка, як салдат. Гэта велікадушная стойкасць, з якой ён узяў на сябе бізуны, прызначаныя хлопчыку, мімаволі выклікала пашану нават у грубых, цёмных зявак, што сабраліся падзівіцца на цікавае відовішча; насмешкі змоўклі, і нічога не было чуваць, апрача ўдараў бізуна. Цішыня панавала на плошчы, калі Гендона зноў пасадзілі ў калоду; а яшчэ так нядаўна гэту плошчу напаўняў шум здзекаў. Кароль ціхенька падышоў да Гендона і сказаў яму на вуха:

— Ніякі кароль не можа аблагародзіць цябе, добрая, вялікая душа, бо той, хто вышэй за каралёў, ужо стварыў цябе благародным; але кароль можа ўзвялічыць цябе перад людзьмі.

Ён падняў з зямлі кінуты бізун, ціхенька дакрануўся ім да скрываўленых плеч Гендона і шапнуў:

— Эдуард, кароль Англіі, надае табе тытул графа!

Гендон быў расчулены, слёзы пацяклі па яго шчаках, але ў той-жа час ён так выразна адчуваў горкі юмар свайго становішча, што ледзь мог устрымацца ад усмешкі. Узляцець адразу, адным махам, ад ганебнага слупа на недасяжную вышыню графскага стана — што можа быць смяшней.

«Як мне шанцуе! — казаў ён сабе. — Фантазійны рыцар царства лятуценняў ператварыўся цяпер у фантазійнага графа — галавакружальны ўзлёт, асабліва для крыл без пер’яў! Калі так будзе ісці далей, мяне хутка ўпрыгожаць, як кірмашовы слуп, мішурнымі цацкамі і неіснуючай пашанай; але хоць яны самі і не маюць вартасці, я буду цаніць у іх любоў таго, хто дарыць мяне імі. Лепш гэта бедная, смешная пашана, якую нечакана і няпрошана дае мне чыстая рука ад чыстага сэрца, чым сапраўдная пашана, якую даводзіцца купляць прыніжэннем у зайздросных і прагных улад».

Грозны сэр Г’ю павярнуў каня; жывая сцяна маўкліва расступілася перад ім і таксама маўкліва самкнулася. Па-ранейшаму было ціха, ніхто не адважваўся сказаць слова ў абарону ці ў пахвалу асуджаных; але ўжо адна адсутнасць насмешак была знакам павагі да яго мужнасці. Запаздалы глядач, які не бачыў таго, што адбывалася тут раней, захацеў пасмяяцца з асуджанага і запусціць у яго здохлай кошкай, але адразу быў збіты з ног і выкінуты вон; а затым зноў настала тая-ж глыбокая цішыня.