Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел дваццаць чацверты. Уцёкі Раздзел дваццаць пяты. Замак Гендона
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел дваццаць шосты. Не прызнаны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ

ЗАМАК ГЕНДОНА

Як толькі паліцэйскі знік з вачэй, Гендон папрасіў яго вялікасць ісці за горад і там чакаць, пакуль ён сходзіць у тракцір і расплоціцца па рахунку. Праз поўгадзіны два прыяцелі ўжо весела скакалі на ўсход. Каралю цяпер было цёпла і выгодна, бо ён скінуў свае лахманы і апрануўся ў паношанае плацце, купленае Гендонам на Лонданскім мосце.

Гендон не хацеў, каб хлопчык надта змарыўся; ён лічыў, што дарожная змора, несвоечасовае харчаванне і недастатковы сон могуць яшчэ болей пашкодзіць яго хвораму розуму, a спакой, правільнае жыццё і свежае паветра бясспрэчна паскораць яго выздараўленне; ён вельмі жадаў убачыць свайго маленькага сябра здаровым, жадаў вызваліць яго мозг ад хваравітых мар; таму ён рашыў пасоўвацца да роднага дома, якога так даўно не бачыў, не спехам, маленькімі пераходамі, замест таго, каб, слухаючыся сваёй нецярплівасці, скакаць туды дзень і ноч.

Праехаўшы міль дзесяць, нашы падарожнікі дабраліся да вялікай вёскі і спыніліся там нанач у добрай карчме. Між імі зноў наладзіліся ранейшыя адносіны: у часе абеда Гендон стаяў за крэслам караля і прыслужваў яму; раздзяваў яго, укладваў у пасцель, а сам лажыўся на падлозе ля парога, загарнуўшыся ў коўдру.

На другі дзень і ў наступны яны ехалі павольна, размаўляючы аб тым, што з імі было пасля разлукі, і вельмі забаўлялі адзін аднаго сваімі расказамі, Гендон апісаў падрабязна свае вандраванні ў пошуках караля; расказаў, як архангел вадзіў яго, нібы дурня якога, па ўсім лесе і нарэшце, пераканаўшыся, што ад яго не так лёгка адчапіцца, прывёў яго зноў у халупу. Тут стары пайшоў прама ў спальню і вышаў адтуль

Яны ехалі павольна.

хістаючыся, са смутным выглядам, кажучы, што ён спадзяваўся застаць хлопчыка ўжо дома ў пасцелі, але не знайшоў яго. Гендон прачакаў у халупе цэлы дзень, а потым страціў усю надзею на зварот караля і зноў адправіўся на пошукі.

— А стары святоша быў сапраўды вельмі засмучоны, што ваша вялікасць не вярнуліся да яго, — сказаў Гендон, — гэта было відаць па яго твары.

— У гэтым я не сумняваюся, — сказаў кароль і ў сваю чаргу расказаў, што было з ім; выслухаўшы яго, Гендон вельмі шкадаваў, што не забіў архангела.

У апошні дзень падарожжа Гендон быў вельмі ўзбуджаны. Ён балбатаў, не сціхаючы. Ён гаварыў аб сваім старым бацьку, аб сваім браце Артуры, прыводзіў розныя прыклады іх велікадушша і благародства, з любоўю расказваў пра сваю Юдзіф, і быў так шчаслівы, што нават пра Г’ю гаварыў ласкава, як брат. Ён голасна марыў аб прадстаячым спатканні з сям’ёй, аб тым, якім будзе яго прыезд у Гендонскі замак і якую бурную радасць ён выклікае.

Яны ехалі па прыгожай мясцовасці, міма домікаў і фруктовых садоў; дарога ішла шырокім лугам; пакатыя ўзвышшы былі падобны на марскія хвалі. Пасля поўдня блудны сын усё часцей адхіляўся ад сваёй дарогі, узбіраўся на які-небудзь узгорак і стараўся разгледзець удалечы дах роднага дома. Нарэшце ён разгледзеў яго і ўсхвалявана крыкнуў:

— Вось вёска, мой прынц, а вось і замак з ёй побач! Адсюль відаць вежы; а вунь той лес — гэта парк майго бацькі. Цяпер ты ўбачыш, што такое знатнасць і раскоша! У доме семдзесят пакояў — падумай толькі! — і дваццаць сем слуг. Нядрэнны дом для такіх, як мы з табой, а? Ну, спяшайся, я не магу больш стрымліваць сваё нецярпенне!

Але, як яны ні спяшаліся, было ўжо болей за тры гадзіны, калі яны даехалі да вёскі. Пакуль яны праязджалі праз яе, Гендон не змаўкаў ні на хвіліну.

— Вось і царква, апавітая ўсё тым-жа плюшчам. Усё па-ранейшаму, нічога не змянілася. А вось гасцініца «Стары Чырвоны Леў», вось рыначная плошча. Вось майскі слуп, вунь вадакачка, — нічога не змянілася, апрача людзей, вядома; за дзесяць год людзі павінны змяніцца; некаторых я як быццам пазнаю, але мяне не пазнае ніхто.

Так ён балбатаў, не спыняючыся. Хутка яны даехалі да канца вёскі і павярнулі на вузкую, звілістую дарогу, абнесеную з двух бакоў высокім плотам, быстра праскакалі па ёй з поўмілі, затым праз раскошныя вароты на высокіх каменных слупах з вылепленымі на іх гербамі заехалі ў сад, поўны кветак. Перад імі быў велічны замак.

— Вітаю цябе ў Гендон-холе, кароль! — усклікнуў Майлс. — О, сёння вялікі дзень! Мой бацька і мой брат, і лэдзі Юдзіф напэўна так ашалеюць ад радасці, што ў першыя мінуты ў іх не будзе ні вачэй ні вушэй ні для каго, апрача мяне, так што цябе, мусіць, прымуць холадна. Але ты не звяртай увагі, — гэта хутка пройдзе. Варта мне сказаць, што ты мой выхаванец, што я шчыра люблю цябе, і, ты ўбачыш, яны абнімуць цябе дзеля Майлса Гендона і назаўсёды дадуць табе прытулак і ў сваім доме і ў сваім сэрцы!

Гендон, саскочыў на зямлю ля пад’езда, памог каралю сыйсці, потым узяў яго за руку і паспешна ўвайшоў. Некалькі ступенек прывялі іх у абшырны пакой. Гендон быстра і бесцэрамонна пасадзіў караля, а сам пабег да маладога чалавека, які сядзеў за пісьмовым сталом, ля каміна, дзе палаў яркі агонь.

— Абнімі мяне, Г’ю, — усклікнуў ён, — і скажы, што ты рады майму звароту! Папрасі нашага бацьку, бо родны дом для мяне не дом, пакуль я не ўбачу яго, не дакрануся да яго рукі, не пачую зноў яго голаса.

Але Г’ю, трохі здзіўлены, толькі адхіснуўся назад і спыніў на прышоўшым доўгі, пільны позірк. Гэты позірк спачатку быў поўны зняважанага гонару, затым змяніўся пад уплывам мільгануўшай мыслі і забліскаў здзіўленнем, змешаным са шчырым ці няшчырым спачуваннем. Потым ён мякка прамовіў:

— У цябе, відаць, галава не ў парадку, бедны незнаёмец; ты пэўна многа цярпеў, і людзі абыходзіліся з табою няласкава, гэта відаць і па твары тваім і па адзенні. За каго ты мяне прымаеш?

— За каго я цябе прымаю? За таго, хто ты ёсць. Я прымаю цябе за Г’ю Гендона, — рэзка сказаў Майлс.

Той прадаўжаў таксама мякка:

— А сябе ты кім уяўляеш?

— Уяўленне тут не пры чым! Як быццам ты не пазнаеш ва мне свайго брата, Майлса Гендона?

Г’ю, здавалася, быў радасна здзіўлены і ўсклікнуў:

— Як, ты не жартуеш? Хіба мёртвыя ажываюць? Дай бог, каб гэта было так! Наш бедны загінуўшы хлопчык вярнуўся ў нашы абдымкі пасля столькіх гадоў цяжкай разлукі. Ах, гэта занадта добра і таму не можа быць праўдай! Упрашаю цябе, не жартуй са мною! Хутчэй, ідзем к святлу, — дай мне разгледзець цябе бліжэй!

Ён схапіў Майлса за руку, пацягнуў яго да акна і пачаў пільна разглядаць ад ног да галавы, паварочваючы ва ўсе бакі і сам абыходзячы навакол, каб агледзець яго з усіх бакоў; а блудны сын радасна смяяўся, ківаў галавой і гаварыў:

— Глядзі, брат, глядзі, не бойся; ты не знойдзеш ніводнай рысы, якая не магла-б вытрымаць іспыту. Разглядай мяне, колькі душа твая пажадае, мой добры, стары Г’ю! Я сапраўды

Г’ю адхіліў яго рукой.

ранейшы Майлс, твой Майлс, якога вы лічылі загінуўшым. Ах, сёння вялікі дзень, — я казаў, што сёння вялікі дзень! Дай мне тваю руку, дай пацалаваць цябе ў шчаку. Я, здаецца, памру ад радасці.

Ён хацеў абняць брата, але Г’ю адхіліў яго руку, сумна апусціў галаву на грудзі і з хваляваннем сказаў:

— Божа міласэрны, дай мне сілу перанесці гэтае цяжкае расчараванне!

Майлс ад здзіўлення ў першую мінуту не мог вымавіць ні слова; затым усклікнуў:

— Якое расчараванне? Хіба я не брат твой?

Г’ю смутна паківаў галавой і сказаў:

— Малю неба, каб гэта было так і каб іншыя вочы знайшлі падабенства, якога не знаходжу я. Але баюся, што пісьмо казала страшную праўду.

— Якое пісьмо?

— Атрыманае з заморскіх краёў гадоў сем ці шэсць назад. У ім было сказана, што брат мой загінуў у бойцы.

— Гэта няпраўда! Папрасі бацьку, — ён пазнае мяне.

— Нельга паклікаць таго, хто памёр.

— Памёр? — голас Майлса загучэў глуха, і губы яго задрыжалі. — Мой бацька памёр! О, горкая вестка! Радасць мая атручана. Калі ласка, правядзі мяне да майго брата Артура, — ён пазнае мяне, — пазнае і ўсцешыць.

— Ён таксама памёр.

— Божа, будзь літасцівы да мяне, няшчаснага! Памерлі, абодва памерлі! Годныя памерлі, а я, нягодны, астаўся жыць! Ах, пашкадуй мяне, не кажы, што і лэдзі Юдзіф

— Памерла? Не, яна жыва.

— Ну, дзякуй богу! Цяпер я зноў шчаслівы! Паспяшы-ж, брат, пакліч яе сюды да мяне! І калі яна скажа, што я не я… Але яна гэтага не скажа; не, не, яна пазнае мяне. Я дурны, што сумняваюся ў гэтым. Пакліч яе, пакліч і старых слуг; яны таксама пазнаюць мяне.

— Усе яны памерлі, апрача пяцёх: Пітэра, Гэлсі, Дэвіда, Бернарда і Маргарыты.

З гэтымі словамі Г’ю вышаў з пакоя. Майлс падумаў крыху, потым пачаў хадзіць з кута ў кут, мармочучы сам сабе:

— Дзіўная рэч: пяцёра нягоднікаў жывуць, а дваццаць два чэсных чалавекі памерлі.

Ён усё хадзіў узад і ўперад і мармытаў сам сабе: ён зусім забыўся на караля. Нарэшце яго вялікасць пажадала са шчырым спачуваннем вымавіць словы, якія аднак можна было прыняць і за насмешку.

— Не сумуй аб сваёй няўдачы, бедны чалавек: ёсць і другія на гэтым свеце, чыя асоба і чыі правы астаюцца непрызнанымі. У цябе ёсць таварышы па няшчасцю.

— Ах, гасудар, — усклікнуў Гендон, крыху пачырванеўшы, — не асуджай мяне хоць ты! Пачакай — і ты ўбачыш. Я не ашуканец, — яна сама гэта скажа; ты пачуеш гэта з прыгажэйшых вуснаў. Я ашуканец? Ды я-ж ведаю гэтую старую залу, гэтыя партрэты маіх продкаў, як дзіця ведае свой дзіцячы пакой. Тут я радзіўся і вырас, гасудар, я кажу праўду; я не стаў-бы ашукваць цябе; і, калі ніхто іншы мне не паверыць, прашу цябе, ты не сумнявайся ва мне: я гэтага не мог-бы знесці.

— Я не сумняваюся ў табе, — сказаў кароль з дзіцячай прастатой і даверлівасцю.

— Дзякую табе ад усёй душы! — горача ўсклікнуў Гендон. Ён быў шчыра расчулены. А кароль дадаў таксама проста:

— Ты-ж не сумняваешся ва мне?

Гендону стала сорамна, і ён быў рады, калі, адчыніўшы дзверы, увайшоў Г’ю і вызваліў яго ад неабходнасці адказаць.

Услед за Г’ю ўвайшла прыгожая дама, багата ўбраная, а за ёю некалькі слуг у ліўрэях. Дама ішла павольна, апусціўшы галаву і гледзячы ў падлогу. Твар яе быў надзвычайна сумны. Майлс Гендон кінуўся да яе, усклікнуўшы:

— О, мая Юдзіф, дарагая мая!..

Але Г’ю спакойна адстараніў яго і сказаў даме:

— Паглядзіце на яго, — вы пазнаёце?

Пачуўшы голас Майлса, красуня крыху ўздрыганулася, і шчокі яе трохі пачырванелі; цяпер яна трэслася ўсім целам. Доўга стаяла яна нерухома і ціха, потым павольна падняла галаву і паглядзела прама ў вочы Гендону напалоханым, нібы скамянелым позіркам; кропля за кропляй уся кроў сышла з яе твара, і ён зрабіўся смяртэльна бледным. Голасам, такім самым мярцвяцкім, як і яе твар, яна сказала:

— Я не ведаю яго.

Затым яна павярнулася, стрымліваючы стогн, і няцвёрдымі крокамі вышла з пакоя.

Майлс Гендон упаў на крэсла і закрыў твар рукамі. Памаўчаўшы, брат яго сказаў слугам:

— Вось гэты чалавек. Ён вам вядомы?

Яны паматалі таловамі. Тады іх пан сказаў:

— Слугі не пазнаюць вас, сэр. Баюся, што тут нейкае непаразуменне. Вы бачылі, мая жонка таксама не пазнала вас.

— Твая жонка… — У адзін міг Г’ю быў прыціснуты да сцяны, і жалезная рука ўхапіла яго за горла. — Ах, ты, раб з сэрцам ліса! Цяпер я ўсё разумею! Ты сам напісаў тое ілжывае пісьмо, каб украсці ў мяне бацькаўскую спадчыну і нявесту. Маеш! Цяпер ідзі, пакуль я не запэцкаў сваёй чэснай салдацкай рукі забойствам такога нікчэмнага стварэння.

Г’ю, увесь чырвоны, задыхаючыся, ледзьве дайшоў да бліжэйшага крэсла і паваліўся ў яго, загадаўшы слугам схапіць і звязаць разбойніка. Слугі марудзілі. Адзін з іх сказаў:

— Ён узброены, сэр Г’ю, а мы бяззбройныя.

— Узброены? Дык што-ж! Ён адзін, а вас многа. Кажу вам, вяжыце яго!

Але Майлс параіў ім быць паасцярожней.

— Вы мяне ведаеце: які я быў, такі і астаўся. Паспрабуйце толькі да мяне падыйсці!

Гэтыя словы не дадалі храбрасці слугам. Яны пасунуліся назад.

— Прэч, трусы! Узбройцеся і ахоўвайце ўсе выхады, пакуль я пашлю каго-небудзь па варту, — сказаў Г’ю.

На парозе ён абярнуўся да Майлса і дадаў:

— А вам раю не пагаршаць свайго становішча бескарыснымі спробамі ўцячы.

— Уцячы? Хай гэта цябе не трывожыць. Майлс Гендон — гаспадар у Гендонскім замку і ва ўсіх яго ўгоддзях. Ён тут астанецца, не сумнявайся!