Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел семнаццаты. Кароль Фу-Фу Першы Раздзел восемнаццаты. Прынц у брадзяг
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел дзевятнаццаты. Кароль у сялян

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ВОСЕМНАЦЦАТЫ

ПРЫНЦ У БРАДЗЯГ

Увесь табар падняўся на світанні і рушыў у дарогу. Над галавой нізка навісла неба, зямля пад нагамі была слізкая, у паветры павявала зімнім холадам. Банда зажурылася; адны

Табар рушыў у дарогу.

былі панурыя і маўклівыя, другія сярдзітыя і раздражлівыя; усе былі не ў гуморы, кожны хацеў апахмяліцца.

Атаман аддаў «Джэка» на догляд Гуго, коратка загадаў Джону Кэнці трымацца ў баку і не чапаць сына; а Гуго ён загадаў не надта груба абыходзіцца з хлопчыкам.

Праз некаторы час надвор’е праяснілася, і хмары навісалі ўжо не так нізка. Брадзягі больш не дрыжалі ад холаду і павесялелі. Яны пачалі жартаваць і чапаць прахожых, што трапляліся ім насустрач. Гэта паказвала, што яны зноў сталі цаніць жыццё і яго радасці. Іх, відаць, баяліся: ім усе давалі дарогу і пакорна цярпелі іхнія дзёрзкасці і насмешкі, баючыся пярэчыць. Яны здымалі з плоту развешаную для сушкі

Яны кідалі косткі і гародніну.

бялізну, часам на вачах гаспадароў, якія не толькі не супярэчылі, але нават былі яшчэ нібы ўдзячныя, што брадзягі не захапілі і агарожу.

Неўзабаве яны ўварваліся ўсёй грамадой да аднаго небагатага фермера і размясціліся на ферме як дома, пакуль дрыжачы ад страху фермер і яго сям’я спусташалі кладоўку, каб згатаваць гасцям снеданне. Яны пляскалі па падбародку фермерыху і яе дачок, калі тыя падносілі ім ежу, і з рогатам, падобным на конскае іржанне, называлі іх абразлівымі прозвішчамі. Яны кідалі косткі і гародніну ў фермера і яго сыноў, прымушаючы іх ухіляцца, і шумна пляскалі ў далоні, калі траплялі ў цэль. Нарэшце яны вымазалі маслам галаву адной з гаспадарскіх дачок, якая вельмі абурылася ад іхніх нахабных жартаў. Адыходзячы, яны пагражалі прыйсці зноў і спаліць дом разам з гаспадарамі, калі тыя пасмеюць данесці начальству аб іхніх штуках.

Апоўдні, пасля доўгай і ўтомнай хады, брадзягі зрабілі прывал пад плотам, на ваколіцы досыць вялікай вёскі. Вырашана было адпачыць з гадзіну, і брадзягі разбрыліся ў розныя бакі, каб увайсці ў вёску адначасова ў некалькіх месцах і заняцца кожны сваім рамяством. «Джэка» паслалі з Гуго. Яны пабадзяліся па вуліцы, і нарэшце Гуго, не знаходзячы, да чаго прылажыць сваё майстэрства, сказаў:

— Няма чаго ўкрасці. Мізэрная вёска. Нам прыдзецца прасіць міласціну.

— Нам? Ну, не! Ты прасі, гэта тваё рамяство, а я прасіць міласціны не буду.

— Ты не будзеш прасіць міласціны? — усклікнуў Гуго, са здзіўленнем вытарашчыўшы вочы на караля. — Скажы, ад якога гэта часу ты так змяніўся?

— Я цябе не разумею.

— Не разумееш? Ды ты-ж усё сваё жыццё прасіў міласціну на лонданскіх вуліцах.

— Я? Дурны!

— Паберажы свае ласкавасці, — надалей хопіць. Твой бацька кажа, што ты ўсё сваё жыццё займаешся жабрацтвам. Можа ён хлусіць? У цябе, вядома, хопіць духу сказаць, што ён брэша, —паддражніваў Гуго.

— Ты яго называеш маім бацькам? Так, ён схлусіў.

— Ну, добра, прыяцель! Годзе табе дурня ламаць і прыкідацца вар’ятам, павесяліўся і хопіць, а то каб не наклікаў бяды. Калі я раскажу яму, ён з цябе скуру здзярэ.

— Можаш не турбавацца, — я і сам яму скажу.

— Мне падабаецца твая храбрасць, далібог падабаецца. А вось разважаеш ты па-дурному. Пабояў, штуршкоў, тычкоў і без таго досыць, няварта здабываць іх яшчэ і самому. Але досыць аб гэтым! Я веру твайму бацьку. Я не сумняваюся, што ён здольны збрахаць, не сумняваюся, што ён часам і брэша, — і лепшыя з нас гэта робяць; але тут яму няма сэксу брахаць. А разумны чалавек не траціць дарма такой зручнай рэчы, як хлусня. Але-ж ідзем! Калі табе не падабаецца прасіць міласціну, чым-жа мы зоймемся? Будзем абкрадваць кухні?

Кароль сказаў нецярпліва:

— Кінь балбатаць глупствы, ты мне надакучыў!

Гуго адказаў, раззлаваўшыся:

— Слухай, прыяцель, ты не хочаш красці, не хочаш прасіць міласціны; хай будзе па-твойму. Але вось што я прымушу цябе рабіць. Я буду прасіць міласціну, а ты заманьвай прахожых. Паспрабуй толькі адмаўляцца!

Кароль з пагардай паглядзеў на яго і хацеў нешта адказаць, але Гуго перапыніў яго:

— Тс-сс! Вось ідзе чалавек з добрым тварам. Я зараз упаду на зямлю, нібы ў прыпадку. Калі гэты чалавек падбяжыць да мяне, ты пачні лемантаваць, стань на калені, прыкінься, нібы плачаш, крычы, нібы д’ябал у цябе ў пузе, і скажы: «О, сэр, гэта мой бедны, няшчасны брат; у нас няма сяброў, — імем бога ўпрашаю цябе: будзь міласэрны, злітуйся над хворым, усімі пакінутым, няшчасным бедаком: адпусці адзін маленькі грошык ад дастатку твайго пакрыўджанаму богам, гінучаму чалавеку!» І памятай: не пераставай выць і не сунімайся, пакуль не выманіш у яго пені, іначай табе прыдзецца раскаяцца.

Гуго адразу заенчыў, заплакаў, пачаў закатваць вочы пад лоб, круціцца, выгінацца; а калі прахожы падышоў бліжэй, Гуго з крыкам упаў на зямлю і пачаў кідацца, тузацца ў гразі, нібы паміраючы.

— О, божа! — усклікнуў добры прахожы. — О, бядак, як ён пакутуе! Я памагу табе.

— Ах, не, мой добры пан, не чапай мяне, — дай табе божа ўсякага дабра! Мне вельмі балюча, калі да мяне дакранаюцца ў часе прыпадку. Вось мой брат раскажа вашай міласці, што са мной робіцца, калі мяне пачынае во гэтак корчыць. Дай пені, добры сэр, адзін пені, каб толькі купіць чаго-небудзь з’есці, і пакінь мяне мучыцца.

— Адзін пені! Ды я дам табе цэлых тры, бедны ты чалавек!

І прахожы паспешна палез у кішэню па грошы.

— Вось, галубок, бяры на здароўе! Хадзі сюды, хлопчык, памажы мне перанесці твайго беднага брата вунь у той дом, дзе…

— Ён зусім мне не брат… — перапыніў яго кароль.

— Як! Ён табе не брат?

— Во! Вы чуеце? — застагнаў Гуго, скрыгочучы на караля зубамі. — Ён адракаецца ад роднага брата, ад брата, які адной нагой стаіць у магіле!

— Калі ён твой брат, у цябе сапраўды бязлітаснае сэрца, хлопчык! Як табе не сорамна! Ён-жа не можа паварушыць ні рукой, ні нагой! Калі ён не брат твой, хто-ж ён такі?

— Жабрак і злодзей! Ён узяў у цябе грошы і ў той-жа самы час залез табе ў кішэню. Калі хочаш вылечыць яго цудам, няхай твой кій пройдзецца па яго плячах, — а потым можаш спадзявацца на бога.

Але Гуго не стаў чакаць цуда. У адзін міг ён усхапіўся на ногі і паімчаўся, як вецер, а прахожы за ім, крычучы ва ўсё горла. Кароль, горача падзякаваў неба за сваё вызваленне, пабег у процілеглы бок, не прыпыняючыся, пакуль не апынуўся па-за небяспекай. Ён завярнуў на першую абы якую дарогу і хутка пакінуў вёску далёка за сабой. Некалькі гадзін ён шпарка ішоў, кожную хвіліну з трывогай азіраючыся, ці не гоняцца за ім, але нарэшце ён перастаў баяцца, і яго ахапіла радасць, што небяспекі ўжо няма. Цяпер толькі ён адчуў, што галодны і вельмі стаміўся. Ён пастукаўся быў у бліжэйшую ферму, але яму не далі нават слова сказаць і груба выгналі вон. Яго адзенне не выклікала давер’я.

Разгневаны і абражаны, ён зашагаў па дарозе наперад, вырашыўшы, што болей ён не будзе ставіць сябе пад знявагу. Але голад дужэйшы за гонар, і пад вечар ён яшчэ раз паспрабаваў знайсці прытулак на ферме. Аднак, тут яго сустрэлі яшчэ горш: вылаялі ды паабяцалі арыштаваць як брадзягу, калі ён не пойдзе прэч зараз-жа.

Надышла ноч, цёмная і халодная. А кароль усё яшчэ валокся на змораных нагах. Яму мімаволі прыходзілася ісці без адпачынку, бо як толькі ён прысядаў на мінуту, холад працінаў яго да касцей. Усе гэтыя адчуванні і ўражанні ў часе вандравання сярод урачыстай цемры па пустынных дарогах і палях былі для яго новыя і дзіўныя. Часамі ён чуў галасы, якія набліжаліся, гучэлі зусім блізка і паступова знікалі. Ён не мог разгледзець людзей, а бачыў толькі няясныя, слізгучыя цені, і ў гэтым было нешта фантастычнае, страшнае, і ён уздрыгваў ад жаху. Часам ён бачыў мігацеючае святло — далёка, нібы ў іншым свеце; часам чуў бразганне званочкаў авечага статку — далёкае, глухое, невыразнае; прыглушанае мычанне кароў, далятаючае да яго з начным ветрам, было журботнае; часамі з-за нябачных палёў і лясоў даносілася жаласнае сабачае выццё. І маленькаму каралю здавалася, што ўсё жывое далёка ад яго, што ён стаіць адзінокі, згублены ў самым цэнтры бязмежнай пустыні.

Спатыкаючыся, ён ішоў усё наперад. Злавесныя, незнаёмыя уражанні ахапілі яго. Часам над галавой у яго ледзь чутно шамацела сухое лісце; ён уздрыгваў ад гэтага шолаху; яму здавалася, што гэта шэпчуцца нейкія людзі. Ішоў ён, ішоў і нарэшце нечакана ўбачыў паблізу святло ад бляшанага ліхтара. Ён адступіў назад у цень і чакаў, што будзе. Ліхтар стаяў каля гумна, ля адчыненых дзвярэй. Кароль пачакаў крыху — а ні гуку, ні шолаху. Ён так змерз, а гасціннае гумно так вабіла да сябе, што ён нарэшце адважыўся ўвайсці. Ён быстра, бясшумна пракраўся да дзвярэй і акурат у тую мінуту, як пераступіў парог, ён пачуў за сабой галасы.

Ён хутчэй шмыгнуў за бочку і прысеў на карачкі. Увайшлі два парабкі з ліхтаром і прыняліся за работу, гутарачы паміж сабой. Пакуль яны хадзілі з ліхтаром, кароль паспеў агледзець сярэдзіну гумна і, заўважыўшы на другім канцы нешта накшталт вялікага стойла, парашыў дабрацца да яго, як астанецца адзін. Ён заўважыў таксама, што куча папон ляжыць на поўдарозе да стойла, і надумаўся скарыстаць іх у гэту ноч для служэння англійскай кароне.

Парабкі скончылі сваю работу і пайшлі з ліхтаром, зачыніўшы за сабой дзверы. Дрыжучы ад холаду, кароль спешна дабраўся да папон; захапіў іх, колькі мог, і затым шчасліва прабраўся ў стойла. З двух папон ён зрабіў сабе пасцель, а другімі двума накрыўся. Цяпер ён быў шчаслівым каралём, хоць яго коўдры былі старыя, тонкія і не вельмі грэлі, ды ў дадатак ад іх яшчэ непрыемна пахла конскім потам.

Кароль змерз, яго мучыў голад, але ўсё-ж ён так змарыўся, што хутка яго ахапіла дрымота. Але акурат у тую мінуту, калі ён гатоў быў заснуць, як мае быць, ён выразна адчуў, што нехта дакрануўся да яго! Ён адразу прачнуўся і перастаў дыхаць. У яго ледзь сэрца не разарвалася, так спалохала яго гэта таямнічае дакрананне ў цемры. Ён ляжаў нерухома і прыслухоўваўся, стрымліваючы дыханне. Але ўсё было ціха і спакойна. Ён слухаў, як яму здавалася, вельмі доўга, але ўсё па-ранейшаму было ціха і нерухома. Ён зноў пачаў дрымаць, але раптам зноў адчуў таямнічае дакрананне. Як жудасна, калі дакранецца нехта маўклівы і нябачны! Хлопчык адчуў страшэнны жах. Што яму рабіць? Пакінуць гэту досыць выгодную пасцель і ўцякаць ад невядомага ворага? Але куды бегчы? З гумна ўсёроўна выбрацца нельга — яно запёрта; а швэндацца ў цямноце з кута ў кут у чатырох сценах, як у турме, калі за вамі туляецца невядомая здань, якая можа кожную мінуту дакрануцца да вашага пляча або рукі, — не, гэта яшчэ страшней. Але ляжаць тут усю ноч, паміраючы ад жаху, хіба гэта лепш? Не! Што-ж тады рабіць? Аставалася толькі адно, — ён добра ведаў, што аставалася зрабіць, — трэба працягнуць руку і выявіць хто да яго дакранаўся.

Гэта лёгка было падумаць, але цяжка выканаць. Тры разы ён са страхам працягваў руку ўпоцемках і зараз-жа сударгава адсоўваў назад, — не таму, што яна дакранулася ўжо да чаго-небудзь, а таму, што ён адчуваў, што яна зараз да чаго-небудзь дакранецца. Але ў чацверты раз ён працягнуў руку крыху далей, і рука яго лёгка дакранулася да чагосьці цёплага і мяккага. Ён скамянеў ад жаху, — розум яго быў у такім стане, што яму здалося, нібы перад ім яшчэ не астыўшы мярцвяк. Ён падумаў, што хутчэй памрэ, чым дакранецца да яго яшчэ раз. Але ён памыліўся, не ведаючы непераможнай сілы чалавечай цікавасці. Хутка яго рука, дрыжучы, ужо зноў цягнулася ў той бок, — насуперак яго рашэнню, амаль супроць волі, але ўсё-ж настойліва цягнулася. Ён намацаў пучок даўгіх валос. Ён уздрыгануўся, але правёў рукой па валасах і дакрануўся да чагосьці, падобнага на цёплую вяроўку; правёў рукой па вяроўцы і намацаў нявіннейшае цялё! Вяроўка была зусім не вясроўкай, а цялячым хвастом.

Каралю стала сорамна перад самім сабой за тое, што ён нацярпеўся столькі страху і пакуты з-за такога глупства; але яму не было чаго вельмі сароміцца, ён-жа спалохаўся не цяляці, а чагосьці страшнага, неіснуючага, што ён уявіў сабе замест цяляці; кожны другі хлопчык у тыя забабонныя часы спалохаўся-б не менш за яго.

Кароль быў надзвычай рады не толькі таму, што страшыдла аказалася простым цялём, але і таму, што ў яго знайшоўся таварыш; ён адчуваў сябе такім адзінокім і пакінутым, што нават блізкасць гэтай ціхамірнай жывёліны была яму прыемнай. Людзі так крыўдзілі яго, так груба з ім абыходзіліся, што для яго сапраўды было ўцехай мець нарэшце каля сябе таварыша, у якога хоць і няма глыбокага розуму, але затое ёсць прынамсі добрае сэрца і рахманы нораў. Ён палічыў за лепшае забыцца на свой высокі сан і пасябраваць з цялём.

Гладзячы рукой яго цёплую, гладкую спіну, — цялё ляжала зусім блізка, — кароль сцяміў, што цялё можа даць яму карысць. Ён узяў сваю пасцель і палажыў яе побач з цялём; потым скруціўся ў камячок і палажыў галаву на спіну цяляці; тады нацягнуў папону на сябе і на свайго сябра, і праз мінуту яму было таксама цёпла і ўтульна, як на пухавіках у каралеўскім палацы ў Вестмінстэры.

І адразу прышлі прыемныя думкі; жыццё стала здавацца больш радасным. Цяпер ён вызвалены ад няволі і злачынства, вызвалены ад кампаніі нізкіх і грубых брадзяг. Ён знайшоў прытулак, яму цёпла, словам — ён шчаслівы. Дзьмуў начны вецер; налятаў парывамі, ад якіх дрыжала і трэслася старае гумно; заміраў, потым зноў стагнаў і выў у кутах і пад страхой; але ўсё гэта было музыкай для караля цяпер, калі яму стала хораша і ўтульна: няхай дзьме і злуе вецер, няхай плача і свісціць, і стогне, — яму было ўсёроўна. Ён толькі мацней прыціскаўся да свайго прыяцеля, адчуваючы асалоду ад яго цеплыні, і непрыкметна заснуў шчаслівым сном, ясным, спакойным, без ніякіх сноў. Воддаль вылі сабакі, тужліва мычалі каровы, бушаваў вецер, дождж люта стукаў па страсе, а яго вялікасць, уладар Англіі, спакойна спаў, і побач з ім спала цялё, простае стварэнне, якое не саромілася спаць побач з каралём.