Прынц і жабрак (1940)/17
← Раздзел шаснаццаты. Парадны абед | Раздзел семнаццаты. Кароль Фу-Фу Першы Раман Аўтар: Марк Твэн 1940 год Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881) Пераклад: Янка Маўр |
Раздзел восемнаццаты. Прынц у брадзяг → |
РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ
КАРОЛЬ ФУ-ФУ ПЕРШЫ
Майлс Гендон шпарка ішоў па масту, накіроўваючыся да саутворкскага берага. Ён пільна прыглядаўся да кожнага прахожага, спадзеючыся дагнаць і захапіць тых, каго шукаў. Але надзея яго была дарэмная. На мосце паказалі яму, куды гэтыя людзі накіраваліся, і ён мог прасачыць частку іхняга шляху ў Саутворку, але там сляды абрываліся, і ён зусім не ведаў, што яму рабіць далей. І ўсё-ж да самага вечара ён прадаўжаў свае пошукі. Ноч застала яго знясіленым, галодным. Мэта, да якой ён так, прагна імкнуўся, была таксама далёка ад яго, як і раніцай. Ён павячэраў у таверне Табарыда і лёг спаць, парашыўшы на другі дзень устаць раней і вышныраць усе куткі горада. Ён доўга раздумваў, што яму рабіць, і нарэшце прышоў да такога вывада:
«Хлопчык, пры першай магчымасці, уцячэ ад нягодніка, які выдае сябе за яго бацьку. Ці вернецца ён у Лондан, у сваё старое жыллё? Не! Таму што ён будзе баяцца, каб яго зноў не спаймалі. Што-ж ён будзе рабіць? Ва ўсім свеце ў яго ёсць адзін друг і абаронца, Майлс Гендон, і ён, натуральна, паспрабуе знайсці свайго друга, калі толькі для гэтага яму не трэба будзе вяртацца ў Лондан і рызыкаваць новымі небяспекамі. Ён пэўна пойдзе ў кірунку да Гендон-хола, бо ведае, што Майлс збіраўся ісці туды, у свой родны дом. Так, справа ясная, — трэба, не трацячы часу тут, у Саутворку, адпраўляцца праз Кент у Монкс-Голм, шукаючы па дарозе ў лясах і распытваючы прахожых аб хлопчыку».
Вернемся цяпер да згінуўшага маленькага караля.
Абадранец, які, па словах слугі, падышоў нібы тут-жа на мосце да караля і маладога чалавека, на самай справе не падыходзіў да іх, а следаваў услед за імі. У гутарку з імі ён не ўступаў. Левая рука яго была на перавязі, і на левае вока быў налеплены шырокі зялёны пластыр. Абадранец трохі кульгаў і апіраўся на тоўсты дубовы кій. Малады чалавек павёў караля ў абход праз Саутворк, паступова набліжаючыся да бальшака. Кароль пачынаў злаваць, казаў, што далей не пойдзе. Што не прыпадае яму хадзіць да Гендона, што Гендон павінен з’явіцца да яго. Ён не пацерпіць такой дзёрзкай абразы. Ён астанецца тут.
Малады чалавек сказаў:
— Ты хочаш астацца тут, калі твой прыяцель ляжыць ранены ў лесе? Добра, аставайся!..
Кароль адразу загаварыў інакш:
— Ранены? — усклікнуў ён. — Хто пасмеў яго раніць? Ну, ды не ў гэтым справа. Вядзі-ж мяне да яго! Хутчэй, хутчэй! Што ў цябе, свінцовыя гіры на нагах? Ранены? Ну і паплаціцца за гэта вінаваты, хай ён будзе хоць сынам герцага!
Да лесу было яшчэ досыць далёка, але яны хутка прайшлі гэтую адлегласць. Малады чалавек агледзеўся, знайшоў утыркнуты ў зямлю сук, да якога была прывязана нейкая анучка, і павёў караля ў лес; час ад часу ім трапляліся такія самыя суччы, якія, як відаць, служылі ўказальнымі знакамі. Нарэшце яны дайшлі да паляны, дзе стаяў абгарэлы дом. Побач з ім віднелася разбуранае гумно. Нідзе не было ніякіх адзнакаў жыцця. Навакол панавала поўная цішыня. Малады чалавек увайшоў у гумно, кароль бягом паследаваў за ім. І тут ні душы. Кароль здзіўлена, з падазрэннем зірнуў на маладога чалавека.
— Дзе-ж ён?
У адказ пачуўся насмешлівы рогат. Кароль раз’юшыўся, ухапіў палена і хацеў кінуцца на ворага, але ў гэту хвіліну над самым яго вухам зарагатаў нехта з другога боку. То быў кульгавы брадзяга, што ішоў за імі ўслед. Кароль павярнуўся да яго і сярдзіта спытаў:
— Хто ты такі? Чаго табе трэба тут?
— Кінь гэтыя жарты і годзе бушаваць! — сказаў брадзяга. — Не так ужо добра я змяніў свой выгляд, каб ты не мог пазнаць свайго роднага бацьку.
— Ты не бацька мне… Я цябе не ведаю… Я кароль… Калі ты схаваў майго слугу, знайдзі і аддай яго мне, а то горка раскаешся.
Джон Кэнці адказаў суровым, мерным голасам:
— Я бачу, што ты вар’ят, і мне няма ахвоты караць цябе; але калі ты прымусіш мяне, я цябе пакараю… Тут твая балбатня не пагражае небяспекай, бо тут няма каму цябе слухаць, няма каму крыўдзіцца на твае вар’яцкія словы; але ўсё-ж табе належыць трымаць язык за зубамі, каб не пашкодзіць нам на новых месцах, там, дзе мы будзем жыць. Я забіў чалавека і не магу аставацца дома, і цябе не пакіну, бо мне патрэбна твая дапамога. З мудрай перасцярогі я змяніў сваё імя, — цяпер мяне завуць, Джон Гобс, а цябе — Джэк, запомні гэта раз назаўсёды! Цяпер кажы: дзе твая маці, дзе сёстры? Яны не прышлі на дагаворанае месца, вядома табе, дзе яны?
Кароль панура адказаў:
— Не лезь да мяне са сваімі загадкамі! Мая маці памерла, мае сёстры ў палацы.
Малады чалавек збіраўся зноў зарагатаць; абражаны кароль ледзь было не кінуўся на яго з кулакамі, але Кэнці, або Гобс, як ён цяпер называў сябе, стрымаў свайго спадарожніка:
— Цішэй, Гуго, не дражні яго: ён не ў сваім розуме, а ты яшчэ больш яго раздражняеш. Сядай, Джэк, і супакойся; зараз я дам табе есці.
Гобс і Гуго пачалі ціха нешта гаварыць паміж сабой, а кароль, каб унікнуць гэтай непрыемнай кампаніі, адышоў у самы далёкі кут гумна. Тут быў змрок, і падлога была на цэлы фут пакрыта саломай. Не маючы коўдры, каб накрыцца, кароль зарыўся ў салому і аддаўся сваім думкам. У яго было многа прыкрасцей, але ўсе гэтыя дробныя няшчасці былі нішто перад вялікім горам страты бацькі. Імя Генрыха VIII прымушала трапятаць увесь свет; пры гэтым імені кожны ўяўляў сабе тырана, дыханне якога ўсё разбурае, рука якога ўмее толькі караць
Непрывабную карціну ўбачыў ён.
і забіваць; але для хлопчыка з гэтым іменем былі звязаны толькі прыемныя ўспаміны, і вобраз, які ён выклікаў у сваёй памяці, дыхаў любоўю і ласкай. Ён прыпамінаў даўгі шэраг сардэчных гутарак з бацькам, з любоўю думаў аб іх, і нястрымныя слёзы, што ліліся па яго шчаках, паказвалі ўсю глыбіню яго гора. Дзень хіліўся к вечару, і хлопчык, стомлены сваімі нягодамі, патрохі заснуў спакойным, здаровым сном.
Праз значны час — ён не мог сказаць, колькі іменна, — яшчэ не зусім прачнуўшыся, лежачы са сплюшчанымі вачыма і пытаючы сябе, дзе ён і што з ім здарылася, ён пачуў над сабой нудны, часты стук дажджу па даху. Яму зрабілася добра і ўтульна, але праз хвіліну прыемнае пачуцце было сапсавана гучнай гаворкай і хрыплым, грубым смехам. Гэта непрыемна ўразіла яго, ён вызваліў галаву, каб паглядзець, што здарылася. Страшную і непрывабную карціну ўбачыў ён. На другім канцы гумна, на падлозе ярка палаў касцёр, вакол кастра ў злавесным чырвоным святле ляжала, выцягнуўшыся, ці барахталася на зямлі рознашэрснае зборышча брадзяг і галадранцаў. Нават у сне не бачыў ён падобных мужчын і жанчын. Тут былі дарослыя людзі, высокія, загарэлыя, з даўгімі валасамі, адзетыя ў фантастычнае рыззё; былі падлеткі са злымі тварамі, у такім самым адзенні; былі сляпыя жабракі з павязкамі або пластырамі на вачах; былі калекі з кастылямі і дзеравяшкамі; хворыя з гнойнымі ранамі, якія выглядвалі з-пад павязак, нічога па сутнасці і не хаваўшых; быў падазронага выгляду разносчык са сваім таварам, быў тачыльшчык нажоў, лудзільшчык, цырульнік, кожны са сваёй прыладай ці інструментам. Сярод жанчын былі зусім маладыя, амаль дзяўчынкі, былі і старыя, зморшчаныя ведзьмы. Усе яны крычалі, шумелі, бессаромна лаяліся, усе яны былі брудныя і неахайныя. Было тут трое малых дзяцей з нейкімі болькамі на тварах, была пара галодных сабак з вяроўкамі на шыі: яны служылі павадырамі для сляпых.
Ноч ужо надышла, пір толькі што скончыўся, пачыналася оргія. Збан з гарэлкай пераходзіў з рук у рукі. Раздаўся дружны крык:
— Песню! Песню! Спявай, Кажан, слявай, Дзік, спявай, Дот аднаногі.
Адзін з сляпых падняўся на ногі і нарыхтаваўся спяваць, сарваўшы і кінуўшы на падлогу пластыры, якія закрывалі яго зусім здаровыя вочы. Услед за пластырамі на падлогу паляцела дошка, якую ён насіў на грудзях. На гэтай дошцы вельмі чулліва было апісана, пры якіх акалічнасцях ён страціў зрок. Дот аднаногі вызваліўся ад драўлянай нагі і стаў побач са сваімі таварышамі, прычым ногі яго аказаліся зусім здаровымі. Затым абодва загарланілі зладзейскую вясёлую песню. Кожная страфа канчалася прыпевам, які ўся кампанія падхоплівала бязладным хорам.
К апошняй страфе захапленне поўп’янага зборышча дайшло да такой вышыні, што ў спевах прынялі ўдзел усе і паўтарылі песню з самага пачатку, напаўняючы гумно такімі аглушальнымі гнусавымі гукамі, што нават бэлькі задрыжалі.
Затым пайшла гутарка, але ўжо не на зладзейскай мове, на якой спявалі песню, — зладзейская мова ўжываецца толькі тады, калі ёсць небяспека, што падслухоўваюць варожыя вушы. З гутаркі высветлілася, што Джон «Гобс» не быў тут навічком, а і раней вадзіўся з гэтай бандай. Патрабавалі, каб ён расказаў, што з ім было за апошні час, і, калі ён сказаў, што «выпадкова» забіў чалавека, усе былі задаволены; калі-ж ён дадаў, што забіты — поп, усе пачалі дружна апладыраваць і прымусілі яго выпіць з кожным па чарзе. Старыя знаёмыя радасна віталі яго, новыя ганарыліся магчымасцю паціснуць яму руку. Яго спыталі, дзе ён прападаў столькі месяцаў. Ён адказаў:
— У Лондане лепш, як у правінцыі, і спакайней, асабліва за апошнія гады, калі законы сталі такія суровыя і іх так старанна рыконваюць. Каб не гэта забойства, я астаўся-б у Лондане. Я хацеў назаўсёды астацца ў Лондане і не збіраўся зноў бадзяцца па вёсках, але з-за гэтага забойства ўсё пайшло інакш.
Ён спытаў, колькі цяпер чалавек у бандзе. Атаман адказаў:
— Дваццаць пяць аўчын, варштатаў, напілкаў, кулакоў, карзіншчыкаў, ды яшчэ старыя і дзеўкі[1]. Большасць тут. Рэшта пайшлі на ўсход, па зімняй дарозе; на золаку і мы пойдзем за імі.
— У гэтай чэснай кампаніі я не бачу Вэна. Дзе ён?
— Небарака цяпер у пекле і жывіцца там серай, якая надта гарачая для яго спешчанага густу. Ён быў забіты ў бойцы гэтым летам.
— Сумна мне гэта чуць. Вэн быў дзелавы хлапец і храбры:
— Гэта праўда! Чорная Бэс, яго прыяцелька, усё яшчэ з намі, але толькі зараз яе няма, — пайшла на ўсход валацужыць, прыгожая дзяўчына, прыстойная і благародных паводзін: ніхто не бачыў яе п’янай больш чатырох разоў на тыдзень.
— Яна заўсёды трымала сябе строга, — я памятаю, — добрая дзяўчына, вартая ўсякай пахвалы. Маці яе была куды больш распушчаная і не ўмела сябе стрымліваць. Нязносная баба і злюшчая, але-ж затое разумная надзвычайна.
— Праз розум яна і прапала. Яна была такой добрай варажбіткай і так спрытна прадракала будучае, што ўсе лічылі яе ведзьмай. Яе сасмажылі, як патрабуе закон, на павольным агні. Я быў нават расчулены, калі ўбачыў, з якой мужнасцю яна сустрэла свой горкі лёс; яна лаяла і кляла да апошняй мінуты натоўп, які дзіваваўся на яе, а вогненныя языкі ўжо лізалі ёй твар, і яе сівыя кучмы ўжо трашчалі вакол старэчай яе галавы.
Прывыжуць да цялегі і б’юць бізунамі.
Лаяла іх — я сказаў? Так, лаяла іх! А ўжо-ж лаялася яна — можна тысячу гадоў пражыць і не пачуць такой артыстычнай лаянкі. На жаль, яе майстэрства памерла разам з ёй. Асталіся слабыя і нікчэмныя пераймальнікі, але сапраўднай лаянкі не пачуеш.
Атаман уздыхнуў; слухачы таксама спачувальна ўздыхнулі; на мінуту кампанія зажурылася, бо нават такія закаранелыя адшчапенцы не пазбаўлены чуласці і часам, пры асабліва спрыяючых умовах, адчуваюць мімалётнае гора і радасць, як, напрыклад, цяпер, калі талант і майстэрства гінуць, ні да каго не пераходзячы ў спадчыну. Як-бы там ні было, здаровы глыток са збана, зноў абышоўшага ўсю кампанію, хутка падбадзёрыў журботных.
— А болей ніхто не папаўся з нашых сяброў? — спытаў Гобс.
— Так, сёй-той папаўся. Асабліва пападаюцца навічкі, дробныя фермеры. Астанецца такі фермер без прытулку і без кавалка хлеба, калі казна забярэ ад яго ферму і ператворыць яе ў авечую пашу, і пачне прасіць міласціну; яго прывяжуць да колаў, здымуць з яго кашулю і б’юць бізунамі да крыві або закуюць у калоду і адлупцуюць; ён зноў ідзе прасіць міласціну, — яго зноў пачастуюць бізунамі і адрэжуць яму вушы; за трэцюю спробу жабраваць — што-ж яму, беднаму д’яблу, астаецца рабіць? — яго кляймяць распаленым жалезам і прадаюць у рабства; ён уцякае, яго ловяць і вешаюць. Казка кароткая, і расказваць яе нядоўга. Паплаціліся і яшчэ сёй-той з нашых, але не так дорага. Устаньце, Іокель, Бэрнс і Годж, пакажыце вашы аздобы!
Тры чалавекі ўсталі і, сцягнуўшы з сябе лахманы, паказалі спіны, спаласаваныя старымі загоенымі ранамі, што асталіся ад бізуноў; адзін адкінуў валасы і паказаў месца, дзе калісьці было левае вуха; другі паказаў кляймо на плячы — літару V — і скалечанае вуха; трэці сказаў:
— Імя маё Іокель. Калісьці быў я заможным фермерам, меў добрую жонку і дзяцей; цяпер і завуць мяне інакш, і стан мой не той; жонка і рэбяты памерлі; можа яны ў раі, а можа і ў пекле, але толькі, дзякуючы богу, не ў Англіі! Мая добрая, чэсная старая маці даглядала хворых, каб зарабіць на хлеб; адзін хворы памёр, дактары не ведалі з чаго, — і маю маці спалілі на кастры, як ведзьму, а мае дзеткі глядзелі і плакалі. Англійскі закон! Падыміце кубкі, усе разам! Вып’ем за міласэрны англійскі закон, які вызваліў яе з англійскага пекла! Дзякую, браточкі, дзякую вам усім! Пачалі мы з жонкай хадзіць з хаты ў хату, просячы міласціну, цягнучы за сабой галодных рэбят; але ў Англіі лічыцца злачынствам быць галодным, і нас лавілі і білі ў трох гарадах. Вып’ем яшчэ раз за міласэрны англійскі закон! Бізуны хутка выпілі кроў маёй Мэры і наблізілі дзень яе вызвалення. Яна ляжыць у зямлі, не ведаючы крыўды і гора. А дзеці — вядомая рэч, пакуль мяне, па закону, ганялі бізунамі з горада ў горад, яны памерлі ад голаду. Вып’ем, браткі, — адзін толькі глыток, — адзін глыток за бедных малышоў, якія ніколі нікому не зрабілі зла! Я зноў стаў жыць міласцінай, — працягваў руку за чэрствай скарынкай, а атрымаў калоду і страціў адно вуха, — глядзіце, бачыце гэтую рэштку; я зноў пачаў прасіць міласціну — і вось след другога вуха, каб я не забываўся на англійскі закон; але я ўсё-такі прадаўжаў прасіць, і нарэшце мяне прадалі ў рабства — вось на маёй шчацэ пад гэтым брудам кляймо; калі змыць гэты бруд, вы ўбачыце чырвонае Р, выпечанае распаленым жалезам. Раб! Ці зразумела вам гэтае слова? Англійскі раб! — вось ён стаіць перад вамі. Я ўцёк ад свайго пана і, калі мяне зловяць, — будзь проклята краіна, стварыўшая такія законы! — я буду павешаны.
Звонкі голас прагучэў у цемры:
— Ты не будзеш павешаны! Ад сёнешняга дня гэты закон касуецца!
Усе павярнуліся туды, адкуль пачуўся голас, і ўбачылі фантастычную фігуру маленькага караля, які шпарка набліжаўся да іх; калі ён вышаў на святло і быў выразна відаць, з усіх бакоў паляцелі пытанні:
— Хто гэта? Што гэта? Хто ты такі, пудзіла?
Хлопчык стаў спакойны і ўпэўнены сярод гэтых здзіўленых, запытальных вачэй і адказаў з царскім гонарам:
— Я Эдуард, кароль Англіі.
Раздаўся дзікі рогат, часткай насмешлівы, часткай задаволены, — вельмі ўжо забаўным здаваўся жарт. Кароль пакрыўдзіўся. Ён сказаў рэзка:
— Вы непрыстойныя брадзягі! Дык вось ваша ўдзячнасць за каралеўскую ласку, якую я вам абяцаў!
Ён прадаўжаў іх папракаць гнеўна і ўсхвалявана, але яго словы губляліся сярод рогату і насмешлівых усклікаў. Джон Гобс некалькі разоў прабаваў перакрычаць крыкуноў, і нарэшце гэта яму ўдалося:
— Сябры, гэта мой сын, лятуценнік, дурань, вар’ят, — не звяртайце на яго ўвагі: ён уяўляе сабе, што ён кароль.
— Вядома, я кароль, — звярнуўся да яго Эдуард, — і ты ў свой час пераканаешся ў гэтым на справе. Ты прызнаўся, што забіў чалавека, — цябе падчэпяць за гэта на шыбеніцу.
— Ты збіраешся выдаць мяне? Ты? ды я сваімі рукамі задушу цябе…
— Цішэй, цішэй! — перапыніў яго асілак-атаман. Ён кінуўся на дапамогу каралю і адным ударам кулака зваліў Гобса на зямлю. — Ты, здаецца, не паважаеш ні каралёў, ні атаманаў? Калі ты яшчэ раз дазволіш сабе забыцца ў маёй прысутнасці, я сам павешу цябе на першым суку.
Потым звярнуўся да яго вялікасці:
Атаман зваліў Гобса на зямлю.
— А ты, малы, не пагражай таварышам, і нідзе не распускай пра сваіх таварышоў нядобрай славы. Будзь сабе каралём, калі табе здуру прышла такая ахвота, але няхай ад гэтага нікому не будзе крыўды. І не называй сябе каралём Англіі, бо гэта здрада; мы можа часам робім нядобра, але сярод нас няма ніводнага падлюгі, здольнага здрадзіць свайму каралю; усе мы любім яго і адданыя яму. Зараз убачыш, ці праўду я кажу. Эй, усе разам: хай жыве Эдуард, кароль Англіі!
— Хай жыве Эдуард, кароль Англіі!
Гэты кліч абадранцаў прагучэў, як гром, і трухлявы будынак
На трон яго!
задрыжаў. Твар маленькага караля на міг азарыўся радасцю, ён крыху нахіліў галаву і паважна сказаў:
— Дзякую табе, мой добры народ!
Гэты нечаканы адказ выклікаў нястрымны рогат. Калі нарэшце крыху сцішылася, атаман прамовіў цвёрда, але дабрадушна:
— Кінь гэта, хлопчык, гэта неразумна і нядобра!.. Калі табе так ужо хочацца памарыць, выберы сабе які-небудзь другі тытул.
Нейкі лудзільшчык прапанаваў:
— Фу-фу Першы, кароль блазнаў!
Тытул адразу спадабаўся, і кожны пачаў драць горла:
— Хай жыве Фу-фу Першы, кароль блазнаў!
Пры гэтым яны гікалі, свісталі, мяўкалі, рагаталі.
— Давайце яго сюды, мы яго карануем!
— Мантыю яму!
— Скіпетр яму!
— На трон яго!
Усе гэтыя ўскрыкі і дваццаць іншых пасыпаліся разам, і не паспеў няшчасны хлопчык перавесці дух, як яго каранавалі бляшанай каструляй, захінулі яго, як у мантыю, у парваную коўдру, пасадзілі, як на трон, на бочку і далі ў руку, замест скіпетра, паяльную трубу лудзільшчыка. Потым усе кінуліся перад ім на калені з насмешлівым лямантам і пачалі галасіць, нібы выціраючы слёзы рванымі, бруднымі рукавамі і фартукамі.
— Злітуйся над намі, о саладзейшы кароль!
— Не тапчы нагамі тваіх нікчэмных чарвякоў, о благародны манарх!
— Пашкадуй тваіх рабоў і суцеш іх штуршком каралеўскай нагі!
— Прыласкай і прыгрэй нас праменнямі тваёй міласці, о палючае сонца на троне!
— Асвяці зямлю дакрананнем тваёй нагі, каб мы маглі з’есці гэтую гразь і зрабіцца благароднымі!
— Зрабі ласку, плюнь на нас, о гасудар, і дзеці дзяцей нашых будуць шчаслівыя і з гонарам будуць успамінаць тваю царскую ласку!
Але над усімі ўзяў верх лудзільшчык, вынаходца новага тытула. Ён падпоўз на каленях і зрабіў выгляд, што цалуе нагу караля; той з абурэннем адштурхнуў яго нагой; тады ён стаў падыходзіць да кожнага па чарзе і прасіць трапку, каб завязаць тое месца на твары, да якога дакранулася каралеўская ножка, кажучы, што пасля такога гонару гэтае месца трэба берагчы ад грубага ўплыву паветра і што цяпер ён разбагацее, усюды паказваючы яго па сто шылінгаў за адзін раз. Лудзільшчык здаваўся такім дасціпным, штё ўсе захапляліся ім і зайздросцілі яму.
Вочы маленькага манарха былі поўныя слёз ад сораму і гневу.
«Каб я іх цяжка пакрыўдзіў, яны не маглі-б быць са мной больш лютымі; а я-ж абяцаў ім міласць, — і вось як яны падзякавалі мне!»
- ↑ Зладзейскія словы, якія азначаюць розныя катэгорыі злодзеяў, жабракоў і брадзяг.