Прынц і жабрак (1940)/19
← Раздзел восемнаццаты. Прынц у брадзяг | Раздзел дзевятнаццаты. Кароль у сялян Раман Аўтар: Марк Твэн 1940 год Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881) Пераклад: Янка Маўр |
Раздзел дваццаты. Прынц і пустэльнік → |
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
КАРОЛЬ У СЯЛЯН
Прачнуўшыся раніцою, кароль заўважыў, што мокры, але здагадлівы пацук пракраўся ўначы да яго і знайшоў сабе прытулак у яго на грудзях. Калі ён паварушыўся, пацук уцёк. Хлопчык з усмешкай сказаў:
— Дурны, чаго ты баішся? Я такі-ж бяздомны, як ты. Сорамна мне было-б пакрыўдзіць безабароннага, калі я сам такі безабаронны. Я ўдзячны табе за добры знак, бо калі кароль апусціўся так нізка, што нават пацукі кладуцца спаць у яго на грудзях, — гэта верная адзнака, што скора лёс яго павінен змяніцца, бо ясна, што ніжэй апусціцца нельга.
Ён устаў, вышаў з стойла і ў тую-ж мінуту пачуў дзіцячыя галасы. Дзверы свірна адчыніліся, і ўвайшлі дзве маленькія дзяўчынкі. Убачыўшы яго, яны адразу перасталі балбатаць і смяяцца і спыніліся, як укопаныя, разглядаючы яго з вялікай цікавасцю; потым пачалі шаптацца; потым падышлі бліжэй і зноў спыніліся; зноў паглядзелі на яго і зашапталіся. Мала-па-малу яны набраліся храбрасці і пачалі гаварыць аб ім досыць гучна. Адна сказала:
— У яго твар прыгожы.
Другая дадала:
— І валасы кучаравыя.
— Але ён адзеты вельмі дрэнна.
— І які галодны на выгляд.
Яны падышлі бліжэй, сарамліва абышлі некалькі разоў вакол яго, уважліва яго разглядаючы, нібы ён быў нейкім дзіўным, нябачным зверам; баязліва і пільна назіралі за ім, нібы баючыся, што гэты звер, чаго добрага, можа і ўкусіць. Нарэшце яны спыніліся перад ім, трымаючыся за рукі, нібы шукаючы абароны адна ў адной, і вытарашчылі на яго свае прастадушныя вочы; потым старэйшая, сабраўшы ўсю храбрасць, прама спыталася:
— Хто ты такі?
— Я кароль, — адказаў ён з гонарам.
Дзеці трохі адхінуліся, шырока раскрыўшы вочы, і поўмінуты не маглі выгаварыць ні слова; потым дапытлівасць узяла верх.
— Кароль? Які кароль?
— Кароль Англіі.
Дзяўчынкі паглядзелі адна на адну, потым на яго, потым зноў адна на адну — здзіўлена, збянтэжана.
Затым адна з іх сказала:
— Ты чуеш, Мэрджэры? Ён гаворыць, што ён кароль. Ці праўда гэта?
— Як-жа гэта можа быць няпраўдай, Прыссі? Хіба ён будзе маніць? Ты-ж разумееш, Прыссі, калі гэта няпраўда, значыць, гэта мана. Мана, вядома! Ты падумай! Усё, што няпраўда, тое — мана; з гэтым ужо нічога не зробіш.
Довад быў слушны і бясспрэчны, — сумненні Прыссі адразу рассеяліся.
Яна падумала хвіліну і, усклаўшы адказнасць на чэснасць караля, прастадушна сказала:
— Калі ты сапраўды кароль, я табе веру.
— Я сапраўды кароль.
Такім чынам справа наладзілася. Каралеўскі стан яго вялікасці быў прызнаны без далейшых спрэчак, і дзяўчынкі пачалі распытваць яго, як ён трапіў сюды і чаму ён так не па-каралеўску ўбраны, і куды ён ідзе. Кароль і сам быў рады палягчыць душу, расказаўшы пра свае злашчасці каму-небудзь, хто не будзе з яго смяяцца або сумнявацца ў праўдзівасці яго слоў; ён горача расказаў сваю гісторыю, на некаторы час забыўшыся нават пра голад, і добрыя дзяўчынкі выслухалі яго з глыбокім спачуццём. Але калі ён дайшоў да апошніх сваіх няшчасцяў і яны даведаліся, як даўно ён нічога не еў, яны перапынілі яго на поўслове і пабеглі дахаты, каб дастаць яму снеданне.
Цяпер кароль быў шчаслівы і вясёлы.
«Калі я вярнуся ў палац, — казаў ён сабе, — я буду заўсёды добра адносіцца да маленькіх дзяцей, у памяць таго, як гэтыя дзяўчынкі добра аднесліся да мяне і паверылі мне, калі я быў у няшчасці, а тыя, хто старэйшыя ад іх і, значыцца, павінны-б быць разумнейшымі, толькі здзекваліся з мяне, лічачы мяне манюкай».
Маці дзяўчынак прыняла караля ласкава і з жалем; яе добрае жаночае сэрца было расчулена горкім лёсам бяздомнага хлопчыка ды яшчэ у дадатак страціўшага розум. Яна была ўдава і зусім небагатая; яна сама досыць нацярпелася гора і ўмела спачуваць няшчасным. Яна падумала, што звар’яцелы хлопчык уцёк ад сваіх блізкіх ці даглядальнікаў, і ўсё дапытвалася, адкуль ён прышоў, каб вярнуць яго радне; яна называла суседнія гарады і вёскі, але ўсе яе роспыты былі дарэмныя. Па твары хлопчыка і па яго адказах яна бачыла, што яму незнаёма тое, аб чым яна гаворыць. Ён проста і ахвотна гаварыў аб прыдворным жыцці, разы са два ўсплакнуў, успомніўшы нябожчыка-караля, «свайго бацьку»; але як толькі гутарка пераходзіла на больш нізкія тэмы, хлопчык пераставаў цікавіцца і маўчаў.
Жанчына была азадачана, але не здавалася. Гатуючы абед, яна пускалася на ўсялякія хітрыкі, каб выведаць, хто такі гэты хлопчык. Яна загаварыла з ім пра кароў — ён астаўся роўнадушным; завяла гутарку пра авечак — тое самае; такім чынам, яе здагадкі наконт таго, што ён быў пастухом, аказаліся памылковымі. Яна загаварыла пра млыны, пра ткачоў, лудзільшчыкаў, кавалёў, пра ўсякія майстэрствы і прафесіі; потым пра дом для вар’ятаў, пра турму, дабрачынныя прытулкі — дарэмна: яна ўсюды пацярпела няўдачу. У такім разе ён чый-небудзь слуга? Але, цяпер яна была ўпэўнена, што натрапіла на верны след: напэўна ён служыў у якім-небудзь доме. Яна пачала аб гэтым гутарку, Але і тут нічога не дабілася. Гутарка аб падмятанні пакояў і паленні пячэй, відаць, стамляла яго; частка пасуды не выклікала ў ім ніякага захаплення. Тады добрая жанчына, ужо трацячы надзею, на кожны выпадак пачала гутарку
Маці дзяўчынак прыняла караля ласкава
аб кухарстве. На яе здзіўленне і радасць, твар караля раптам ажывіўся! Ага, нарэшце яна спаймала яго; яна ганарылася, што аказалася такой хітрай і спрытнай.
Яе змораны язык мог нарэшце адпачыць, бо кароль, ахоплены страшэнным голадам і прывабнымі пахамі, што ішлі ад гаршкоў ды каструль, пусціўся ў даўгія, красамоўныя апісанні розных смачных страў. Праз тры мінуты жанчына ўжо казала сабе:
«Ну, вядома, я была права: ён служыў на кухні!»
А кароль называў усё новыя і новыя стравы і абгаварваў іх з такім уздымам і веданнем справы, што жанчына казала сабе:
«Адкуль ён ведае столькі страў ды яшчэ такіх далікатных, якія падаюцца толькі за сталом багачоў і вяльмож? А, разумею! Цяпер ён абадранец, але раней, пакуль не сышоў з розуму, мабыць, служыў у палацы; магчыма, ён нават быў на кухні ў самога караля! Трэба праверыць яго!»
Каб праверыць сваю здагадку, яна загадала каралю даглядаць страву, намякнуўшы, што ён можа і сам гатаваць, калі ў яго ёсць ахвота, і дадаць да абеда адну-дзве стравы лішніх. Потым вышла з пакоя, зрабіўшы знак сваім дзецям следаваць за ёю. Кароль прамармытаў:
«У былыя часы такое самае даручэнне было дадзена другому англійскаму каралю; няма нічога ганебнага для майго гонару заняцца справай, якую ўважыў сам Альфрэд Вялікі[1]. Але я пастараюся лепш за яго апраўдаць давер’е сваёй гаспадыні, бо ў яго піражкі падгарэлі».
Жаданне было добрае, але выкананне аказалася значна горшым; хутка і гэты кароль, як той, паглыбіўся ў свае думкі, і здарылася такая самая бяда: страва падгарэла. Жанчына вярнулася ўпару, каб выратаваць снеданне ад канчатковай пагібелі, і хутка вывела караля з задумення, вылаяўшы яго па шчырасці і без ніякіх цэрамоній. Затым, убачыўшы, што ён сам засмучоны тым, што не апраўдаў яе давер’я, памякчэла і зноў зрабілася добрай і ласкавай.
Хлопчык смачна і сытна паснедаў, і пасля яды падбадзёрыўся і павесялеў. Гэтае снеданне было цікавае тым, што і гаспадыня і госць глядзелі адзін на аднаго звысака, і ў той-жа час ні госць не ведаў, што яму робяць ласку, ні гаспадыня. Жанчына збіралася пакарміць гэтага брадзягу аб’едкамі дзе-небудзь у кутку, як кормяць брадзяг або сабак; але яе мучыла сумленне, што яна вылаяла яго, і ёй хацелася чым-небудзь гэта загладзіць, і яна пасадзіла яго за адзін стол з сабой і сваімі дзецьмі і, знарок падкрэсліваючы гэта, абыходзілася з ім як з роўным. Кароль, з свайго боку, папракаў сябе за тое, што не апраўдаў давер’я сям’і, якая аднеслася да яго так ласкава, і каб загладзіць сваю віну, захацеў зрабіць ласку і не патрабаваць ад фермершы і яе дзяцей, каб яны стаялі і прыслужвалі яму, пакуль ён будзе есці адзін за сталом, як належыць яго стану. Кожнаму з нас карысна часам адкласці ўбок сваё чванства. Добрая жанчына ўвесь дзень была шчаслівая і хваліла сябе за тое, што не пагарджала маленькім брадзягай; а кароль таксама быў задаволены сабой, сваёй пакорнасцю і ласкавым абыходжаннем з простай сялянкай.
Калі снеданне было скончана, фермерша загадала каралю вымыць пасуду. Гэты загад у першую хвіліну збянтэжыў яго, і ён хацеў быў адмовіцца, але потым сказаў сабе:
«Альфрэд Вялікі даглядаў піражкі; бясспрэчна ён вымыў-бы і пасуду, каб яго папрасілі. Паспрабую і я!»
Спроба вышла няўдалай; ён сам быў вельмі здзіўлены, бо думаў, што вымыць драўляныя лыжкі і міскі — глупства. Справа гэта аказалася нуднай і клопатнай; але ўсё-ж кароль сяк-так справіўся з ёй. Яму вельмі хацелася ісці далей, але не так лёгка была адчапіцца ад дамавітай фермершы. Яна давала яму то адну, то другую работу; ён усё выконваў добрасумленна і досыць паспяхова. Яна пасадзіла яго, паміж іншым, разам з дзяўчынкамі чысціць зімовыя яблыкі; але гэта ў яго так не ладзілася, што яна загадала яму замест таго навастрыць кухонны нож. Потым прымусіла яго расчэсваць воўну, і ён хутка прышоў да вываду, што даўно перавысіў добрага караля Альфрэда ў розных паказных геройствах, якія выходзяць такімі занятнымі ў апавяданнях і гістарычных кнігах; ён парашыў, што для яго будзе ўжо досыць. І калі пасля абеда фермерша дала яму ў рукі кошык з кацянятамі і загадала іх ўтапіць, ён адмовіўся. Вярней, ён збіраўся адмовіцца, бо адчуваў, што трэба-ж дзе-небудзь паставіць кропку і што зручней за ўсё адмовіцца іменна тапіць кацянят; але яму перашкодзілі. Ён праз акно ўбачыў Джона Кэнці, з корабам разносчыка за спіной, і Гуго!
Кароль убачыў абодвух нягоднікаў, якія набліжаліся да варот, раней чым яны паспелі заўважыць яго; не сказаўшы ні слова, ён узяў кошык з кацянятамі і ціхенька вышаў праз заднія дзверы. Ён пакінуў кацянят у сенцах, а сам пусціўся з усіх ног па вузкім завулку.
- ↑ Альфрэд Вялікі (840-901) — кароль саксаў. У Англіі ходзіць легенда, што ён, ратуючыся ад праследавання датчан, схаваўся ў хаце дрывасека, жонка якога, не ведаючы, хто ён, даручыла яму прыгледзець за піражкамі і дала яму наганяй, калі піражкі прыгарэлі.