Прынц і жабрак (1940)/16
← Раздзел пятнаццаты. Том — кароль | Раздзел шаснаццаты. Парадны абед Раман Аўтар: Марк Твэн 1940 год Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881) Пераклад: Янка Маўр |
Раздзел семнаццаты. Кароль Фу-Фу Першы → |
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
ПАРАДНЫ АБЕД
Час абеда набліжаўся, але — дзіўная рэч! — гэта бадай што не трывожыла Тома і не палохала яго ані трохі. Ранішнія падзеі замацавалі ў ім упэўненасць у сябе; беднае, бруднае кацянё за гэтыя чатыры дні зусім асвоілася з тым дзіўным падстрэшшам, куды яго закінуў лёс. Даросламу і за месяц не зрабіць-бы такіх поспехаў. Ніколі яшчэ не было больш бліскучага прыклада здольнасці дзяцей лёгка прыстасоўвацца да любых умоў.
Паспяшым-жа — калі нам дадзена гэтае права — у вялікую абедзеную залу і паглядзім, што там робіцца ў той час, як Том рыхтуецца да вялікай урачыстасці. Гэта — вялізны пакой з залачонымі калонамі і пілястрамі, з размаляванымі сценамі, размаляванай столлю. Ля дзвярэй стаяць рослыя вартавыя, нерухомыя, бы статуі, у раскошным і жывапісным убранні. У руках у іх алебарды. На высокіх хорах, што ідуць вакол усёй залы, змяшчаецца аркестр; хоры паўнюткі багата адзетых грамадзян абодвага полу. Пасярэдзіне пакоя, на ўзвышаным месцы, стол Тома. Але дадзім слова даўняму летапісцу:
«У залу ўваходзіць джэнтльмен з жэзлам у руцэ і за ім другі, са скацеркай, якую ён, набожна скланіўшы калені тры разы, пасцілае на стол; затым яны абодва зноў схіляюць калені і выходзяць. Тады прыходзяць два другія — адзін зноў-жа з жэзлам, другі — з салянкай, талеркай і хлебам. Скланіўшы калені, як і першыя, яны ставяць прынесеныя рэчы на стол і адыходзяць з тымі-ж цэрамоніямі, што і першыя. Нарэшце прыходзяць двое прыдворных у багацейшым адзенні; у аднаго з іх у руках сталовы нож; распасцершыся тры разы на падлозе самым элегантным чынам, яны падыходзяць да стала і пачынаюць церці яго хлебам і соллю з такой пачцівасцю, нібы за гэтым сталом ужо сядзіць кароль».
Так заканчваецца ўрачыстая падрыхтоўка да самога абеда. Але вось па гулкіх карыдорах разносяцца гукі рога і невыразныя крыкі: «Разыйдзіся! Кароль ідзе! Дарогу яго вялікасці!» Гэтыя выгукі паўтараюцца штохвілінна — усё бліжэй і бліжэй; нарэшце амаль у твар раздаюцца гукі ваяўнічага марша і крык: «Дарогу каралю»! і вось у расчыненыя насцеж дзверы мерным крокам уступае ўрачыстая, пышная працэсія. Слова зноў мае летапісец:
«Наперадзе ідуць джэнтльмены, бароны, графы і кавалеры ордэна Падвязкі. Усе раскошна ўбраныя, з адкрытымі галовамі; далей ідзе канцлер між двума лордамі; адзін нясе каралеўскі скіпетр, а другі — дзяржаўны меч у чырвоных ножнах з выціснутымі на іх залатымі ліліямі, сцябламі ўгару. Далей ідзе сам кароль. Пры яго набліжэнні дванаццаць труб і столькі-ж барабанаў граюць прывітальны туш, а на хорах усе ўстаюць з месц і крычаць: «Божа, беражы караля!» Услед за каралём ідуць дваране, прыстаўленыя да яго асобы, а па правую і па левую руку яго пачэсная варта з пяцідзесяці джэнтльменаў, інвалідаў з залачонымі бердышамі ў руках».
Усё гэта было прыгожа і вельмі прыемна. Сэрца Тома моцна стукала, і вочы блішчэлі ад радасці. Ва ўсім яго абліччы было многа элегантнасці. Гэтая элегантнасць дасягалася іменна тым, што Том не рабіў ні малейшых намаганняў, каб дасягнуць яе, зачараваны і паглынуты вясёлым відовішчам і мажорнымі гукамі, што акружалі яго. Ды і няцяжка быць элегантным у прыгожым ў ёмка сшытым адзенні, асабліва, калі гэтага адзення нават і не заўважаеш.
Том помніў зробленыя яму навучанні і адказваў на агульныя прывітанні лёгкім схіленнем галавы і ласкавымі словамі:
— Дзякуй табе, мой добры народ!
Ён сеў за стол, не здымаючы капелюша і зусім не саромячыся гэтай вольнасці, бо абедаць ў капелюшы быў адзіны старадаўні звычай, аднолькава ўласцівы і каралям і Кэнці.
Світа караля падзялілася на некалькі жывапісных груп і асталася з непакрытымі галовамі.
Затым, пад гукі вясёлай музыкі, увайшла асабовая гвардыя — «самыя рослыя і дужыя людзі ва ўсёй Англіі, спецыяльна адабраныя для службы ў палацы». Але, зноў-жа дадзім слова летапісцу:
«Увайшлі асабовыя вартаўнікі з непакрытымі галовамі, у пунсовым адзенні з залатымі ружамі на спінах; яны выходзілі і прыходзілі зноў, кожны раз прыносячы новую перамену стравы на сярэбраным блюдзе. Гэтыя блюды прымаў джэнтльмен у тым самым парадку, як іх прыносілі, і ставіў іх на стол, між тым як лорд, прызначаны для каштавання страў, даваў кожнаму з вартаўнікоў крыху пакаштаваць тае стравы, якую ён прынёс, каб не было атруты».
Том вельмі добра паабедаў, хоць і адчуваў, што сотні вачэй сочаць за кожным кавалкам, які ён падносіць да рота, і глядзяць, як ён глытае яго, з такой велізарнай цікавасцю, нібы гэта не ежа, а порах, які разарве іхняга манарха на кавалкі. Ён стараўся не спяшацца і нічога самому не рабіць для сябе, а чакаць, пакуль спецыяльна прыстаўленая для гэтага асоба апусціцца на калена і зробіць за яго ўсё, што трэба. За ўвесь абед у яго не было ніводнай памылкі — бліскучы, незвычайны поспех!
Калі абед скончыўся і Том вышаў, акружаны пышнай світай, пад вясёлыя гукі барабанаў і труб, сярод грома прывітальных крыкаў, — ён мімаволі падумаў, што калі абедаць публічна не такая ўжо лёгкая справа, ён усё-ж гатоў перацярпець гэту пакуту па некалькі разоў у дзень, абы пазбавіцца іншых, больш цяжкіх і непрыемных абавязкаў свайго каралеўскага стану.