Прынц і жабрак (1940)/15
← Раздзел чатырнаццаты. Кароль памёр — хай жыве кароль | Раздзел пятнаццаты. Том — кароль Раман Аўтар: Марк Твэн 1940 год Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881) Пераклад: Янка Маўр |
Раздзел шаснаццаты. Парадны абед → |
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
ТОМ — КАРОЛЬ
На другі дзень з’явіліся чужаземныя паслы з бліскучай світай, і Том прымаў іх, засядаючы на троне; з пышнай і нават грознай урачыстасцю. Спачатку пышнасць гэтай сцэны цешыла яго і распальвала фантазію, але прыём быў даўгі і нудны, прамовы таксама былі даўгія і нудныя, так што прыемнасць пад канец ператварылася ў абрыдлую павіннасць. Час ад часу Том гаварыў словы, падказаныя яму Гертфордам, і добрасумленна стараўся выканаць усю цэрамонію; але гэтая справа была для яго яшчэ новая, і ён спраўляўся з ёю не надта ўдала. Выгляд у яго быў каралеўскі, але адчуваць сябе каралём ён не мог. Таму ён быў шчыра рады, калі цэрамонія скончылася.
Большая частка дня была «змарнавана», — як выразіўся ён у думках, — патрачана на розныя пустыя заняткі, да якіх прымушала яго каралеўская пасада. Нават дзве гадзіны, вылучаныя для царскіх забаў, былі для яго цяжкія, а не радасныя, бо ён быў скаваны па руках і па нагах напышлівым і строгім этыкетам. Затое потым ён адпачыў душою адзін са сваім «пажам для пабояў». Гэта гутарка прынесла яму нямалую карысць, бо даставіла яму і забаву і карысныя звесткі.
Трэці дзень царствавання Тома Кэнці прайшоў таксама, як і першыя дні, з тою розніцаю, што цяпер яму было лягчэй, і ён адчуваў сябе не так няёмка, як спачатку; ён пачынаў прывыкаць да свайго становішча і да новага асяроддзя; з кожнай гадзінай заўсёдная блізкасць знатнейшых лордаў і іхняе пракланенне перад ім усё меней сароміла і прыгнятала яго.
Адно толькі перашкаджала яму спакойна чакаць набліжэння наступнага, чацвертага, дня — страх за свой першы публічны абед, які быў назначаны на той дзень.
У праграме чацвертага дня былі і больш сур’ёзныя рэчы: Тому трэба было ўпершыню старшынстваваць у дзяржаўным совеце і выказваць свае меркаванні і пажаданні адносна той палітыкі, якой павінна прытрымлівацца Англія ў дачыненні розных чужаземных народаў, блізкіх і далёкіх, раскіданых па ўсім свеце; у той-жа дзень чакалася фармальнае назначэнне Гертфорда лордам-пратэктарам, і яшчэ шмат важнага павінна было адбыцца ў той дзень; але для Тома ўсё гэта было глупствам у параўнанні з пакутай, якая чакала яго на публічным абедзе, калі ён будзе адзінока сядзець за сталом пад мноствам накірованых на яго цікаўных вачэй, у прысутнасці мноства ратоў, шэптам выказваючых розныя заўвагі пра кожны яго малейшы рух і пра яго хібы, калі ён будзе настолькі няшчасны, што зробіць якую-небудзь хібу.
Але нішто не магло затрымаць наступлення чацвертага дня, і вось гэты дзень прышоў. Ён застаў беднага Тома прыгнечаным, безуважлівым. Дрэнны настрой трымаўся ў ім доўга і ўпарта. Том не меў сілы страсануць з сябе гэту хандру. Звычайныя ранішнія працэдуры здаліся яму асабліва непрыемнымі. Ён зноў адчуў усю тугу свайго палону.
Пасля поўдня яго прывялі ў абшырную аудыенц-залу, дзе ён, у гутарцы з графам Гертфордам, павінен быў чакаць, пакуль прыдзе вызначаны час афіцыйнага прыёму значнай колькасці важнейшых саноўнікаў і царадворцаў.
Крыху счакаўшы, Том падышоў да акна і пачаў з цікавасцю наглядаць жвавы рух на гасцінцы, што праходзіў ля варот палаца, шкадуючы, што ён сам не можа прыняць удзелу ў гэтай вольнай і вясёлай мітусні. Раптам ён пачуў тупат ног і ўбачыў натоўп простых людзей, якія з крыкам і свістам беглі ўніз па дарозе.
— Хацеў-бы я ведаць, што там адбываецца! — усклікнуў ён з дзіцячай цікавасцю.
— Вы — кароль… — нізка кланяючыся, сказаў яму граф. — Ваша вялікасць дазволіце мне выканаць ваша жаданне?
— Так! так! Калі ласка, я буду вельмі рады! — усхвалявана крыкнуў Том і сам сабе дадаў, вельмі задаволены: «Праўду кажучы, быць каралём не так ужо і дрэнна: цяжкасці гэтага стану часам пакрываюцца і некаторымі выгодамі».
Граф клікнуў пажа і паслаў яго да начальніка варты:
— Няхай затрымаюць людзей і даведаюцца, куды яны бягуць і чаго. Па загаду караля…
Праз некалькі хвілін шматлікі атрад каралеўскіх гвардзейцаў у бліскучых сталёвых панцырах вышаў чарадой з варот і, выстраіўшыся на дарозе, перагарадзіў шлях натоўпу. Пасланы вярнуўся і далажыў, што народ ідзе за жанчынай, мужчынай і дзяўчынкай, якіх вядуць на смерць за злачынствы супроць спакою і велічы Англіі.
Смерць — гвалтоўная лютая смерць — чакае трох няшчасных. У сэрцы Тома нібы нешта абарвалася. Жаль ахапіў яго цалкам і выцесніў усе іншыя пачуцці; ён не падумаў аб парушэнні закона, аб тых пакутах і стратах, якія гэтыя злачынцы можа быць нанеслі сваім афярам: ён не мог думаць ні аб чым, апрача шыбеніцы і жудаснага лёсу, які чакае асуджаных на смерць. У сваім хваляванні ён нават забыў на хвіліну, што ён не сапраўдны кароль, і, перш чым паспеў ён падумаць, у яго вырваўся з вуснаў загад:
— Прывесці іх сюды!
Зараз-жа ён пачырванеў да вушэй і ўжо хацеў быў папрасіць выбачэння. Але, заўважыўшы, што ні граф, ні дзяжурны паж не здзівіліся яго загаду, прамаўчаў. Паж, як звычайна, нізенька пакланіўся і задам вышаў з пакоя, каб выканаць каралеўскую волю. Том адчуў прыліў гонару і яшчэ раз падумаў сабе, што званне караля мае свае перавагі.
«Сапраўды, — думаў ён, — здзейснілася ўсё, аб чым я нядаўна марыў, чытаючы старыя кнігі і ўяўляючы сябе каралём, які дыктуе законы і загадвае ўсім вакол сябе: зрабіце тое, зрабіце гэтае. Ніхто не асмеліцца не паслухацца мяне ці пярэчыць маёй волі».
Дзверы расчыніліся; адзін за адным абвяшчаліся гучныя тытулы, і ўваходзілі вяльможы, насіўшыя іх; палова залы напоўнілася знатнымі людзьмі ў раскошным убранні. Але Том бадай што не заўважыў гэтых паноў, бо быў захоплены другой, больш цікавай справай. Ён безуважна апусціўся на троннае крэсла і ўпіўся вачыма ў дзверы, не хаваючы сваёй нецярплівасці; лорды, убачыўшы, што кароль кагосьці чакае, не адважваліся трывожыць яго і пачалі ціхенька гутарыць аб розных дзяржаўных справах разам з прыдворнымі плёткамі.
Праз некаторы час пачуўся мерны тупат салдат; у залу ўвайшлі злачынцы ў суправаджэнні памочніка шэрыфа і ўзвода каралеўскай гвардыі. Памочнік шэрыфа схіліў перад Томам калена, падняўся і адышоў убок; трое асуджаных як упалі на калені, так і асталіся; гвардзейцы сталі за тронам. Том з цікавасцю разглядаў злачынцаў. Нейкая дэталь у касцюме ці вобліку мужчыны абудзіла ў ім няяснае ўспамінанне.
«Гэтага чалавека я быццам недзе ўжо бачыў, — падумаў ён, — але дзе і калі — не прыпомню».
Акурат у гэту хвіліну мужчына быстра падняў галаву, зіргнуў на Тома і таксама быстра апусціў яе на грудзі, нібы аслеплены бляскам каралеўскай велічы; але для Тома было досыць на адзін міг убачыць увесь яго твар.
«Цяпер я ведаю, — сказаў ён сабе: — гэта той самы незнаёмец, што выцягнуў Джайлса Уітта з Темзы і выратаваў яму жыццё ў першы дзень новага года; дзень быў такі непагодлівы, ветраны. Самаадданы чалавек, благародны і смелы. Шкада, што ён зрабіўся злачынцам і замешаны ў такую прыкрую справу…
Том разглядаў злачынцаў.
Я добра памятаю, у які дзень і нават у якую гадзіну гэта было, бо гадзінай пазней, калі на вежы прабіла адзінаццаць, бабуля Кэнці задала мне такую цудоўную па сваёй лютасці ўзбучку, у параўнанні з якой усе ранейшыя і пазнейшыя могуць здацца пяшчотнымі ласкамі».
Том загадаў вывесці часова жанчыну з дзяўчынкай і звярнуўся да памочніка шэрыфа:
— Добры сэр, у чым віна гэтага чалавека?
Шэрыф апусціўся на калена.
— Смею далажыць вашай вялікасці, ён загубіў жыццё аднаго з вашых падданых з дапамогай атруты.
Жаль Тома да злачынцы, а таксама захапленне яго смелым учынкам перацярпелі цяжкі ўдар.
— Яго віна даказана?
— Зусім даказана, ваша вялікасць!
Том уздыхнуў і сказаў:
— Выведзіце яго, — ён заслужыў смерць… Гэта шкада, бо ён чалавек храбры… э-э… я хачу сказаць, што ў яго такі выгляд…
Асуджаны раптам адчуў прыліў энергіі і, у роспачы ламаючы рукі, пачаў упрашваць «караля» перарывістым, спалоханым голасам:
— О, гасудар, калі табе шкада загінуўшага, пашкадуй і мяне! Я невінаваты, і доказы супроць мяне вельмі слабыя; але я кажу не аб гэтым; суд нада мной ужо скончаны, і скасаваць прыгавар нельга, але я прашу толькі адной ласкі, бо тая кара, да якой я прысуджаны, перавышае мае сілы. Літасці, літасці, о добры кароль! Змілуйся, звярні ўвагу на маю мальбу: загадай, каб мяне павесілі!
Том быў надзвычайна здзіўлены. Ён не чакаў, што просьба закончыцца такімі словамі.
— Якая дзіўная ласка! Хіба цябе вядуць не на шыбеніцу?
— О, не, мой добры гасудар. Я прысуджаны быць звараным у вары.
Пры гэтых нечаканых і жудасных словах Том ледзь не зваліўся з трона. Апамятаўшыся ад здзіўлення, ён усклікнуў:
— Няхай будзе па-твойму, небарака! Каб нават ты атруціў сто чалавек, цябе не павядуць на такую лютую смерць!
Асуджаны прыпаў галавой да падлогі, палкімі словамі выказваючы падзяку, і скончыў так:
— Калі з табой калі-небудзь здарыцца, не дай божа, бяда, няхай табе залічыцца твая ласка да мяне.
Том павярнуўся да графа Гертфорда.
— Мілорд, ці магчыма, каб гэтага чалавека такой лютай смерці?
— Такі закон, ваша вялікасць, для атручвальнікаў. У Германіі фэльшываманетчыкаў вараць жывымі ў алеі — і не адразу, а паступова, спускаючы іх на вяроўцы ў кацёл, спачатку ступню, потым ногі, потым…
— О, прашу цябе, мілорд, змоўкні! Я не магу гэтага вытрымаць! — усклікнуў Том, закрыўшы твар рукамі, каб адагнаць ад сябе гэту жудасную карціну. — Упрашаю цябе, мілорд, аддай загад, каб гэты закон скасавалі. Няхай няшчасных больш не мучаюць такім агідным спосабам.
На твары графа з’явілася жывое задавальненне; ён быў чалавек спачувальны і здольны на велікадушныя парыванні, што не так часта сустракалася сярод знатных паноў у тыя бязлітасныя часы. Ён сказаў:
— Благародныя словы вашай вялікасці — смяротны прыгавар гэтаму закону. Яны будуць занесены на старонкі гісторыі на гонар вашага каралеўскага дома.
Памочнік шэрыфа хацеў быў ужо вывесці асуджанага, але Том знакам спыніў яго.
— Добры сэр, я хацеў-бы бліжэй азнаёміцца з гэтай справай. Чалавек кажа, што доказы супроць яго вельмі слабыя. Скажы мне, што ты ведаеш аб ім?
— Асмелюся далажыць вашай каралеўскай міласці, на судзе высветлілася, што чалавек гэты ўваходзіў у нейкі дом, дзе ляжаў нейкі хворы, у пасёлку Айлінгтоне; трое сведкаў паказваюць, што гэта было роўна ў дзесяць гадзін раніцы, а двое, што гэта было некалькімі мінутамі пазней. Хворы быў у гэты час адзін і спаў; а гэты чалавек неўзабаве вышаў і пайшоў сваёй дарогай. Праз гадзіну хворы памёр у страшных пакутах, прычым у яго калола ў кішках і ён бляваў.
— Што-ж, ці бачыў хто, як гэты чалавек даваў яму атруту? Атрута знойдзена?
— Не, ваша вялікасць!
— Скуль-жа вы ведаеце, што хворы быў атручаны?
— Асмелюся далажыць вашай вялікасці, дактары гавораць, што такія спазмы бываюць толькі ад атруты.
Важкі доказ — для тых часоў. Том сцяміў гэта адразу і сказаў:
— Дактары ведаюць сваё рамяство. Відаць, яны былі правы. Кепскія твае справы, небарака!
— Гэта яшчэ не ўсё, ваша вялікасць! Ёсць і другія, больш цяжкія доказы. Шмат хто сцвярджае, што чараўніца, якая пасля таго знікла з вёскі невядома куды, прадракала па сакрэту ўсім і кожнаму, што хворы будзе атручаны і памрэ, і болей яшчэ — што атруту дасць яму незнаёмы цёмнавалосы прахожы ў простым паношаным адзенні. Асуджаны поўнасцю падыходзіць пад гэтыя адзнакі. Прашу вашу вялікасць аднесціся з належнай увагай да гэтага сур’ёзнага доказу з прычыны таго, што ўсё гэта было напрарочана загадзя.
У тыя забабонныя дні гэта быў наймацнейшы довад. Том адчуў, што такі доказ вырашае ўсю справу, і віна бедняка даказана, калі надаваць якую-небудзь вартасць такім доказам. Але ўсё-ж яму хацелася даць небараку яшчэ адну магчымасць апраўдацца, і ён звярнуўся да яго са словамі:
— Калі можаш сказаць што-небудзь у сваё апраўданне, кажы!
— Нішто мяне не выратуе, судар! Я невінаваты, але даказаць гэта не магу. У мяне няма ні сяброў, ні блізкіх, іначай я мог-бы даказаць, што ў той дзень я нават не быў у Айлінгтоне. Я мог-бы даказаць, што ў той час я быў за цэлую мілю ад гэтага месца, на Уопінг-Олд-Стэрс[1]. Больш таго, гасудар, я мог-бы даказаць, што ў той самы час, калі я, як яны гавораць, загубіў чалавека, я выратаваў чалавека. Тапіўся хлопчык…
— Пачакай! Шэрыф, у які дзень гэта было?
— У дзесяць гадзін раніцы або на некалькі мінут пазней у першы дзень новага года, мой аўгусцейшы…
— Адпусціць яго на волю — такі мой каралеўскі загад!
Вымавіўшы гэта, Том зноў страшэнна пачырванеў і паспяшыў загладзіць, як мог, свой некаралеўскі парыў, дадаўшы:
— Мяне злосць бярэ, што чалавек ідзе на шыбеніцу праз такія пустыя, несур’ёзныя доказы!
Шэпт здзіўлення і захаплення пранёсся па зале. Захапляліся не прыгаварам, бо мала хто з прысутных захацеў-бы ўхваліць памілаванне выкрытага атручвальніка, — захапляліся розумам і знаходчывасцю, выяўленымі ў гэтым выпадку Томам. Чуліся такія заўвагі, выказаныя напоўголас:
— Не, ён не вар’ят, наш кароль! Ён пры поўным розуме.
— Як разумна ён ставіў пытанні і як гэта падобна на яго ранейшую манеру — гэта крутое, уладарнае рашэнне.
— Дзякуй богу, яго хвароба прайшла! Гэта не слабае птушанё, а кароль. Ён трымае сябе зусім, як яго нябожчык-бацька.
Гул ухвалення, што насіўся ў паветры, не мог не дайсці да вушэй Тома, і ў яго з’явілася адчуванне поўнай свабоды, лёгкасці, і па ўсім яго целе разліліся нейкія прыемныя пачуцці.
Як-бы там ні было, маладая дапытлівасць прымусіла яго забыцца на гэтыя радасныя адчуванні і мыслі: Тому захацелася даведацца, якое злачынства маглі зрабіць жанчына і маленькая дзяўчынка, і па яго загаду абедзве яны, напалоханыя і плачучыя, прадсталі перад ім.
— А гэтыя што зрабілі? — спытаў ён шэрыфа.
— Ваша вялікасць, яны зрабілі паганае злачынства, і віна іх ясна даказана; суд, паводле закона, прысудзіў іх павесіць. Яны прадалі душу д’яблу — вось у чым іхняе злачынства.
Том уздрыгануўся. Яго прывучылі брыдзіцца тых людзей, якія робяць такія жудасныя рэчы. Але яго агіда была пераможана цікавасцю, і ён спытаўся:
— Дзе-ж гэта было і калі?
— А поўначы, у снежні месяцы, у руінах царквы, ваша вялікасць.
Том зноў уздрыгануўся.
— Хто быў пры гэтым?
— Толькі гэтыя дзве жанчыны, ваша вялікасць, і той другі.
— Яны прызналіся ў сваёй віне?
— Не, гасудар, адмаўляюць.
— У такім разе, як жа-ж гэта стала вядомым?
— Нейкія сведкі, ваша вялікасць, бачылі, як яны ўваходзілі туды. Гэта выклікала падазрэнне, якое потым і пацвердзілася. У прыватнасці даказана, што з дапамогай улады, атрыманай імі ад д’ябла, яны выклікалі буру, якая спустошыла ўсю ваколіцу. Каля сарака сведак даказалі, што бура сапраўды была. Такіх сведак знайшлося-б і тысяча. Яны ўсе добра памятаюць буру, бо ўсе пацярпелі ад яе.
— Вядома, гэта справа сур’ёзная! Том крыху падумаў і, памаўчаўшы, спытаў: — А жанчына таксама пацярпела ад буры?
Некалькі старых, што былі ў зале, заківалі галовамі ў знак ухвалення мудрага пытання. Але шэрыф, не падазраючы, куды ідзе справа, прастадушна адказаў:
— Сапраўды так, ваша вялікасць. Яна пацярпела і, як усе гавораць, па заслузе… Яе хату знесла бура, і яна з дзіцем асталася без прытулку.
— Дорага-ж яна заплаціла за тое, каб зрабіць шкоду самой сабе. Нават каб яна заплаціла ўсяго толькі фартынг, і то я
Старыя заківалі галовамі ў знак ухвалення.
сказаў-бы, што яе ашукалі; а яна-ж загубіла сваю душу і душу дзіцяці для таго, каб разбурыць свой дом. Значыцца, яна вар’ятка; а калі яна вар’ятка, яна не ведае, што робіць, і, значыцца, ні ў чым не вінавата.
Старыя зноў заківалі галовамі, захапляючыся прамудрасцю Тома. Адзін лорд ціха прамармытаў:
— Калі чуткі справядлівыя, і кароль вар’ят, не шкодзіла-б гэтым вар’яцтвам заразіцца якому здароваму: яно дадало-б яму болей розуму.
— Колькі год дзяўчынцы? — спытаў Том.
— Дзевяць год, ваша вялікасць.
— Ці можа дзіця, паводле англійскіх законаў, заключаць якія-небудзь кантракты і прадаваць сябе, мілорд? — звярнуўся Том з пытаннем да аднаго вучонага суддзі.
— Закон не дазваляе малалетнім заключаць якія-небудзь кантракты або прымаць у іх удзел, міласэрны кароль, з прычыны таго, што іх няспелы розум не можа спаборнічаць з больш спелым розумам і злачыннымі намерамі старэйшых. Толькі д’ябал можа купіць душу дзіцяці, калі захоча і калі дзіця згадзіцца. Д’ябал, але ніяк не англічанін. У апошнім выпадку дагавор несапраўдны.
— Ну, гэта дрэнная выдумка, несправядлівая, злая! Як жа-ж гэта англійскі закон дае д’яблу такія перавагі, у якіх адмаўляе англійскім грамадзянам? — усклікнуў Том у благародным парыве.
Гэты новы погляд на рэчы выклікаў у многіх усмешку, і многія потым паўтаралі гэтыя словы ў доказ таго, якое своеасаблівае і самабытнае мышленне Тома і як праясніўся яго памутнелы розум.
Старэйшая злачынніца перастала рыдаць і прагна, з усё большай надзеяй усмоктвала ў сябе кожнае слова. Том гэта заўважыў, і яму стала яшчэ больш шкада гэту, безабаронную жанчыну, якая стаяла на краі гібелі. Ён спытаў:
— Што-ж яны рабілі, каб выклікаць буру?
— Яны сцягвалі з сябе панчохі, гасудар!
Гэта надзвычайна здзівіла Тома і распаліла яго дапытлівасць аж да дрыжыкаў.
— Дзіўна! — усклікнуў ён горача. — Няўжо-ж заўсёды гэта мае такія жудасныя вынікі?
— Заўсёды, гасудар! Прынамсі, калі жанчына таго пажадае і прагаворыць пры гэтым патрэбныя словы ў думках ці голасна.
— Пакажы сваю ўладу! Я хачу бачыць буру! — звярнуўся Том да жанчыны.
Шчокі прысутных раптам збялелі ад забабоннага страху, і ў большасці з’явілася жаданне, хоць і не выказанае, выйсці хутчэй з залы; але Том нічога не заўважыў, ён быў цалкам захоплены чакаемай катастрофай. Бачачы здзіўленне і замяшанне на твары жанчыны, ён паспешна дадаў:
— Не бойся, ты не будзеш адказваць за гэта. Нават больш: цябе адпусцяць на волю, і ніхто цябе пальцам не кране. Пакажы тваю ўладу!
— О, міласцівы кароль, у мяне няма такой улады! Мяне абвінавацілі дарэмна.
— Цябе стрымлівае страх. Супакойся! Табе ніхто нічога не зробіць. Выклікай буру, хоць самую маленькую, — я-ж не патрабую вялікай і шкоднай, я нават аддам перавагу няшкоднай, — зрабі гэта, і жыццё тваё будзе выратавана: ты пойдзеш адсюль вольная разам са сваёй дачкой, памілаваная каралём, і ніхто ва ўсёй Англіі не адважыцца асудзіць або пакрыўдзіць цябе.
Жанчына распасцёрлася на падлозе і са слязмі паўтарала, што ў яе няма ўлады зрабіць гэты цуд, іначай яна, вядома, з радасцю выратавала-б жыццё свайго дзіцяці і лічыла-б за шчасце страціць сваё ўласнае жыццё, выканаўшы каралеўскі загад, які абяцае такую вялікую міласць.
Том настойваў. Жанчына паўтарала свае запэўненні. Нарэшце Том сказаў:
— Я думаю, што жанчына кажа праўду. Каб мая маці была на яе месцы і атрымала-б ад д’ябла такую вялікую ўладу, яна не задумалася-б ні на хвіліну выклікаць буру і зруйнаваць ўсю краіну, абы толькі выратаваць гэтай цаной маё жыццё! Трэба думаць, што і ўсе маткі створаны таксама. Ты вольная, добрая жанчына — і ты, і тваё дзіця, — я лічу цябе невінаватай. Цяпер, калі табе даравалі, і табе ўжо няма чаго баяцца, здымі з сябе, калі ласка, панчохі, і калі ты для мяне выклікаеш буру, я дам табе незлічоныя багацці.
Выратаваная жанчына гучна выказвала сваю ўдзячнасць і, выконваючы загад караля, пачала здымаць з сябе панчохі.
Том сачыў за яе рухамі з вялікай цікавасцю, да якой далучалася і крыху трывогі; прыдворныя пачалі выразна выяўляць непакой. Жанчына зняла панчохі з сябе і з дзяўчынкі і, відаць, гатова была зрабіць усё, што ад яе залежала, каб землетрасеннем аддзякаваць каралю за яго велікадушную міласць, але з гэтага роўна нічога не вышла. Том расчаравана ўздыхнуў і сказаў:
— Ну, добрая душа, годзе турбаваць сябе дарэмна: відаць, твая ўлада здрадзіла табе… Ідзі сабе з мірам. Калі-ж чартоўская сіла калі-небудзь вернецца да цябе зноў, калі ласка, не забудзься на мяне — зрабі для мяне добрую буру.
- ↑ Даўняя прыстань на Темзе.