Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел трынаццаты. Знікненне прынца Раздзел чатырнаццаты. Кароль памёр — хай жыве кароль
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел пятнаццаты. Том — кароль

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

КАРОЛЬ ПАМЁР — ХАЙ ЖЫВЕ КАРОЛЬ!

У гэтую самую раніцу, на світанні, Том Кэнці прачнуўся ад цяжкага сну і адкрыў вочы ў цямноце. Некалькі хвілін ён ляжаў моўчкі, спрабуючы разабрацца ў блытаніне мыслей і пачуццяў і прыйсці да якога-небудзь вывада, і раптам усклікнуў з захапленнем, але ціха:

— Я зразумеў! Я зразумеў! Цяпер я зусім прачнуўся. Вітаю цябе, радасць! Знікні, смутак! Эй, Нэн, Бэт! Скіньце з сябе салому, бяжыце хутчэй да мяне: я зараз раскажу вам самы дзікі сон, які толькі могуць навеяць на чалавека начныя духі! Эй, Нэн, Бэт, што-ж вы?

Чыясьці цёмная фігура з’явілася ля яго пасцелі, нечы голас сказаў:

— Што пажадаеш загадаць?

— Загадаць?.. О гора мне, я пазнаю твой голас! Кажы… хто я такі?

— Яшчэ ўчора ты быў прынц Уэльскі, сёння-ж ты мой аўгусцейшы ўладар, Эдуард, кароль Англіі.

Том схаваў галаву ў падушкі і жаласна пралепятаў:

— На жаль, гэта быў не сон! Ідзі, адпачывай, добры сэр! Пакінь мяне аднаго з маім горам!

Том зноў заснуў, і хутка яму сасніўся прыемны сон. Яму снілася, што на дварэ лета і нібы ён гуляе адзін на прыгожай палянцы, якая завецца Гудмэнсфілд[1], як раптам да яго падыходзіць карлік, гарбаты, з даўгімі рыжымі бакенбардамі і гаворыць:

— Капай ля гэтага пня!

Том паслухаўся і знайшоў цэлых дванаццаць бліскучых новых пенсаў — казачнае багацце! Але лепшае было наперадзе, бо карлік сказаў:

— Я цябе ведаю. Ты добры, варты хлопчык; тваё гора скончылася, прышоў дзень узнагароды. Капай на гэтым самым месцы кожны тыдзень, і ты кожны раз будзеш знаходзіць тут багацце — дванаццаць бліскучых, новых пенсаў. Толькі хавай гэта ў тайне, не кажы нікому.

Затым карлік знік, а Том са сваёй здабычай панёсся ў Двор аб’едкаў, кажучы сабе: «Цяпер я кожны вечар буду даваць бацьку па аднаму пені; ён будзе думаць, што я сабраў іх, просячы міласціну, гэта будзе весяліць яго сэрца, і ён пакіне мяне біць. Адзін пені ў тыдзень я буду даваць добраму папу, які вучыць мяне, а астатнія чатыры — матцы, Нэн і Бэт. Мы не будзем болей галадаць і хадзіць галадранцамі. Бывай, беднасць, вечны страх і пабоі!»

У сне ён мігам апынуўся ў сваім брудным жыллі; прыбег туды запыхаўшыся, але вочы ў яго так і скакалі ад радасці; ён кінуў чатыры манеты на калені матцы, крыкнуўшы:

— Гэта табе!.. Усё табе, усё да апошняга! Табе і Нэн, і Бэт… Гэта чэсна заробленыя грошы, не выпрашаныя і не ўкрадзеныя!

Шчаслівая, здзіўленая маці прыціснула яго да сваіх грудзей і ўсклікнула:

— Час ужо позні. Ці не пажадае ваша вялікасць устаць?

Ах! Ён не чакаў такога адказу. Сон рассеяўся. Том прачнуўся і адкрыў вочы.

Ля яго пасцелі стаяў раскошна ўбраны першы лорд адпачывальні. Радасць, выкліканая сном, адразу знікла: бедны хлопчык убачыў, што ён усё яшчэ палоннік і кароль. Пакой быў перапоўнены царадворцамі ў пурпуровых мантыях — жалобны колер — і знатнымі прыслужнікамі манарха. Том сеў на пасцелі і з-за цяжкага шоўкавага занавеса глядзеў на ўвесь гэты пышны натоўп.

Затым пачалася многатрудная цэрамонія апранання, прычым увесь час прыдворныя адзін за адным станавіліся на калені, вітаючы маленькага караля і выказваючы яму спачуванне з прычыны яго цяжкай страты. Першы ўзяў сарочку лорд обер-шталмейстэр і перадаў яе першаму лорду-егермейстэру, той перадаў яе другому лорду адпачывальні, гэты, у сваю чаргу, — галоўнаму ляснічаму Віндзорскага лесу, той — трэцяму обер-камергеру, гэты — каралеўскаму канцлеру герцагства Ланкастэрскага, той — загадчыку гардэробам, гэты — герольдмейстэру, той — каменданту Тауэра, гэты — лорду загадчыку ўнутраным распарадкам палаца, той — наследнаму падвязвальніку сурветкі, гэты — першаму лорду-адміралу Англіі, той — архіепіскапу кентэрберыйскаму, і нарэшце, архіепіскап — першаму лорду адпачывальні, які надзеў сарочку — або, вярней, што ад яе асталося на Тома. Усё гэта напомніла хлопчыку перадачу з рук у рукі вёдраў у часе пажару.

Кожная прыналежнасць туалета праходзіла гэты марудны і ўрачысты працэс; нарэшце гэта цэрамонія так надакучыла Тому, што ён ледзь не ўскрыкнуў ад радасці, убачыўшы, што даўгія шоўкавыя панчохі ўжо канчалі вандраванне ўздоўж лініі, значыцца, набліжаўся канец цэрамоніі. Але радасць яго была дачасная. Першы лорд адпачывальні атрымаў панчохі і ўжо нарыхтаваўся надзець іх на ногі Тома, але раптам пачырванеў і паспешна сунуў панчохі назад у рукі архіепіскапа кентэрберыйскага, прамармытаўшы са здзіўленнем:

— Глядзіце, мілорд!

Відаць, з панчохамі было нешта нядобрае. Архіепіскап пабляднеў, потым пачырванеў і перадаў панчохі адміралу, прашаптаўшы:

— Глядзіце, мілорд!

Адмірал у сваю чаргу перадаў панчохі наследнаму падвязвальніку сурветкі, прычым у яго ледзь хапіла сілы прашаптаць:

— Глядзіце, мілорд!

— Глядзіце, мілорд!

Такім чынам, панчохі правандравалі назад уздоўж усёй лініі, праз рукі лорда-сенешала, каменданта Тауэра, герольдмейстэра, загадчыка гардэробам, каралеўскага канцлера герцагства Ланкастэрскага, трэцяга обер-камергера, галоўнага ляснічага Віндзорскага лесу, другога лорда адпачывальні, першага лорда-егермейстэра, з адным і тым-жа здзіўленым і спалоханым шэптам: «глядзіце, глядзіце!» пакуль, нарэшце, не трапілі ў рукі обер-шталмейстэра. Той, бледны, як палатно, з хвіліну разглядаў прычыну агульнага замяшання, затым хрыпла прашаптаў:

— Даруй, божа! Ад кончыка падвязкі адскочыў бляшаны наканечнік! У Тауэр галоўнага хавальніка каралеўскіх панчох! — і знясілены прытуліўся да пляча першага егермейстэра.

Тым часам прынеслі другія панчохі, у якіх падвязкі былі цэлыя.

Але ўсё на свеце раней ці пазней канчаецца. Том Кэнці атрымаў нарэшце магчымасць выбрацца з пасцелі. Адзін саноўнік, спецыяльна прызначаны для гэтай справы, наліў вады ў таз, другі саноўнік кіраваў умываннем, трэці трымаў напагатове ручнік. Том шчасліва скончыў абрад умывання і паступіў у распараджэнне каралеўскага цырульніка. З рук гэтага мастака ён вышаў грацыёзным і харошанькім, як дзяўчынка, — у накідцы і штанах з пурпуровага атласу і ў капелюшы з пурпуровымі пер’ямі. З адпачывальні ён урачыста прайшоў у сталовую скрозь натоўп прыдворных; усе яны расступаліся, даючы яму дарогу, і схілялі калена.

Пасля снедання яго правялі з адпаведнымі цэрамоніямі, у суправаджэнні галоўных саноўнікаў дзяржавы і ганаровай варты з пяцідзесяці інвалідаў з залочанымі бердышамі ў руках, у тронную залу, дзе яго «дзядзя», лорд Гертфорд, стаў ля трона, каб памагаць каралю сваімі мудрымі парадамі.

Перш за ўсё з’явіліся знатныя лорды, назначаныя нябожчыкам каралём выканаўцамі завяшчання, каб атрымаць згоду Тома на розныя свае распараджэнні. Гэта была пустая фармальнасць, але не зусім, бо ў той час яшчэ не было лорда-пратэктара. Архіепіскап кентэрберыйскі далажыў пастанову выканаўцаў завяшчання аб пахаванні нябожчыка манарха і ў заключэнне прачытаў подпісы выканаўцаў, а іменна: архіепіскап кентэрберыйскі; лорд-канцлер Англіі; Вільям лорд Сент-Джон; Джон лорд Рассел; Эдуард граф Гертфорд; Джон віконт Ліслі; Кетберт, епіскап дургэмскі…

Том не слухаў. Яго яшчэ раней здзівіў адзін пункт у гэтым дакуменце. Ён павярнуўся да лорда Гертфорда і шэптам спытаў:

— На які дзень, ён кажа, назначана пахаванне?

— На шаснаццатае чысло будучага месяца, гасудар!

— Гэта-ж незразумелае дзівацтва! Хіба ён пратрымаецца да такога часу?

Бедны хлопчык! Каралеўскія звычаі былі яму яшчэ невядомы. Ён прывык бачыць, што на Дварэ аб’едкаў нябожчыкаў выправаджвалі куды хутчэй, Двума-трыма словамі лорд Гертфорд супакоіў яго.

Затым статс-сакратар далажыў аб пастанове дзяржаўнага совета, назначыўшага на другі дзень у адзінаццаць гадзін прыём чужаземных паслоў. Патрабавалася згода караля.

Том паглядзеў на лорда Гертфорда. Той шапнуў:

— Няхай ваша вялікасць будзе ласкавы згадзіцца. Яны з’явяцца для таго, каб выказаць спачуванне іхніх царственных валадароў па поваду цяжкой страты, якую пацярпела ваша вялікасць і ўся дзяржава.

Том зрабіў так, як яму было сказана. Другі статс-сакратар пачаў чытаць запіску аб выдатках на штат памершага караля, дасягнуўшых за апошняе паўгоддзе дваццаці васьмі тысяч фунтаў

Статс-сакратар далажыў аб пастанове дзяржаўнага совета.

стэрлінгаў; сума была такая вялікая, што ў Тома Кэнці дух захапіла; яшчэ болей здзівіўся ён, калі даведаўся, што з гэтых грошай дваццаць тысяч яшчэ не заплочана, і зусім разявіў рот, калі выявілася, што каралеўская скарбніца бадай што пустая, а яго тысяча дзвесце слуг даўно ўжо не атрымоўваюць пенсіі. Том не стрымаўся і горача выказаў свой непакой:

— Гэтак мы разарымся ўшчэнт. Усё наша дабро пойдзе к сабакам. Гэта ясна. Нам трэба наняць дом меншы і распусціць нашых слуг, бо яны ўсёроўна нікуды няварты, толькі знясільваюць наша сэрца і ганьбяць нашу душу, калі робяць нам такія паслугі, якія непатрэбны нават ляльцы, не маючай ні розуму, ні рук, каб самой справіцца са сваімі справамі. Добра было-б наняць невялікі домік, што стаіць насупроць рыбнага рынка ля Білінгсгэта… Я яго помню… Ён…

«Дзядзя» моцна сціснуў Тома руку, каб спыніць яго; той пачырванеў і адразу абарваў сваю бязглуздую прамову; але ніхто не паказаў на сваім твары здзіўлення, нібы ніхто нічога не заўважыў.

Нейкі сакратар далажыў, што нябожчык кароль у сваім завяшчанні загадаў даць графу Гертфорду герцагскі тытул, зрабіць яго брата, сэра Томаса Сеймура, пэрам, а сына Гертфорда — графам, таксама павысіць чыны і іншых знатных слуг кароны. Совет пастанавіў назначыць паседжанне на шаснаццатае лютага для абгаварэння і выканання волі памёршага. А як нябожчык кароль не пакінуў пісьмовага загаду адпусціць каму-небудзь з памянёных асоб зямель і маёнткаў, патрэбных для падтрымання такога высокага звання, то совет, ведаючы асабовыя жаданні яго вялікасці ў гэтых адносінах, палічыў патрэбным назначыць Сеймуру «зямель на пяцьсот фунтаў стэрлінгаў», а сыну Гертфорда «на восемсот фунтаў стэрлінгаў», дадаўшы да гэтага ўчастак зямлі за трыста фунтаў стэрлінгаў, належачы суседняму епіскапу, «бо гэты ўчастак павінен вызваліцца пасля смерці епіскапа», — калі на гэта будзе згода цяперашняга караля.

Том ледзь было зноў не адпаліў, што лепей было-б спачатку заплаціць даўгі нябожчыка-караля, а потым ужо траціць адразу столькі грошай; але прадбачлівы Гертфорд паспеў крануць яго за плячо і выратаваў яго ад такой неасцярожнасці, так што ён на словах даў сваю каралеўскую згоду, хоць у душы быў вельмі незадаволены.

З хвіліну ён сядзеў і раздумваў, як лёгка і проста ён цяпер вырабляе ўсялякія дзіўныя цуды, і раптам у яго мільганула думка: чаму-б не зрабіць сваю маці герцагіняй Двара аб’едкаў і не падараваць ёй маёнткаў? Але ў той-жа міг адна горкая мысль знішчыла гэтую выдумку: ён-жа кароль толькі па імені, а сапраўды ён у руках гэтых важных і велічавых вяльмож. Для іх яго маці — толькі выдумка хворай фантазіі. Яны выслухаюць яго недаверліва і пашлюць за доктарам — і больш нічога.

Нудныя заняткі прадаўжаліся. Чыталіся розныя многаслоўныя, надакучлівыя, сумныя петыцыі, указы і іншыя паперы, усё пра дзяржаўныя справы; нарэшце Том з засмучэннем уздыхнуў і прамармытаў сам сабе:

— Чым я ўгнявіў госпада бога, што ён адабраў ад мяне свежае паветра і сонца і запёр мяне тут, і зрабіў мяне каралём, і нарабіў мне столькі прыкрасці?

Тут бедная, стомленая яго галава пачала хіліцца ў дрымоце і ўпала на плячо. Справы каралеўства прыпыніліся за адсутнасцю аўгусцейшага рухавіка, маючага ўладу ператвараць кожнае жаданне лордаў у закон. Цішыня абкружыла задрымаўшага хлопчыка, і мудрацы дзяржавы перарвалі абгаварэнне спраў.

Перад абедам Том, з дазволу сваіх турэмшчыкаў, Гертфорда і Сент-Джона, адпачыў душою ў кампаніі лэдзі Елізаветы і маленькай лэдзі Джэн Грэй, хоць прынцэсы былі вельмі засмучаны цяжкай стратай у каралеўскай сям’і. Пад канец яму нанесла візіт «старэйшая сястра», пазней атрымаўшая ў гісторыі імя «Крывавай Марыі»[2]. Яна замарозіла яго сваёй чапурыстай і напышлівай гутаркай, якая ў яго вачах мела толькі адну вартасць — кароткасць. На некалькі мінут яго пакінулі аднаго, затым да яго быў дапушчаны худзенькі хлопчык гадоў дванаццаці, адзенне якога, за выключэннем мярэжаў на каўняры і рукавах, было ўсё чорнае — камзол, панчохі і ўсё іншае. У яго адзежы не было ніякіх адзнакаў жалобы, толькі чырвоны бант на плячы. Ён ішоў нясмела, схіліўшы галаву і, падышоўшы, стаў перад Томам на адно калена. Том з хвіліну сур’ёзна глядзеў на яго і нарэшце сказаў:

— Устань, хлопчык! Што табе трэба? Хто ты такі?

Хлопчык устаў на ногі. Ён стаяў перад Томам у элегантнай, вольнай позе, але на твары яго было неўразуменне.

— Ты, вядома, памятаеш мяне, мілорд? Я — твой «паж для пабояў».

— Паж для пабояў?

— Так. Я Гэмфры… Гэмфры Марло.

Том падумаў, што яго апекунам не шкодзіла-б расказаць яму аб гэтым пажы. Становішча было няёмкае. Што рабіць? Прытварацца, быццам ён пазнае хлапчука, а потым кожным сваім словам выяўляць, што ён ніколі і ў вочы не бачыў яго? Не, гэта не гадзіцца. Удалая думка прышла яму ў галаву — такія-ж выпадкі будуць, відаць, часта. Лордам-жа Гертфорду і Сент-Джону прыдзецца часта адлучацца ад яго па справах, у якасці членаў совета выканаўцаў завяшчання. Нядрэнна было-б самому прыдумаць спосаб, як выкручвацца з падобнага становішча.

Хлопчык устаў.

«Так, гэта — добрая думка, трэба праверыць яе на хлопчыку… Паглядзім, што з гэтага выйдзе», падумаў Том; ён заклапочана пацёр сабе лоб і сказаў:

— Цяпер, мне здаецца, я прыпамінаю цябе; але мае мазгі затуманены хваробай…

— О, мой бедны гаспадзін! — са шчырым жалем усклікнуў «паж для пабояў», а сам падумаў: «Мне казалі праўду: ён не ў сваім розуме, небарака. Але, чорт вазьмі, які-ж я забыўчывы! Загадана-ж- было не падаваць выгляду, што заўважаеш, быццам у яго галава не ў парадку».

— Дзіўна, як памяць здраджвае мне ў апошнія дні, — сказаў Том. — Але ты не звяртай увагі! Я хутка папраўлюся; часам мне бывае досыць аднаго намёку, каб я прыпомніў імёны і падзеі, выслізнуўшыя з маёй памяці. («А часам і такія, аб якіх я раней нічога не чуў», дадаў ён сам сабе.) — Кажы-ж, што табе трэба!

— Справа няважная, гасудар, але ўсё-ж я асмельваюся напомніць аб ёй, з дазволу вашай міласці. Два дні назад, калі ваша вялікасць мелі ласку зрабіць тры памылкі ў грэчаскім перакладзе на ранішнім уроку… Вы памятаеце гэта?..

— Замест яго б’юць мяне…


— Замест яго б’юць мяне…

— Так, здаецца, памятаю… («Гэта нават не зусім хлусня: каб я стаў вучыцца па-грэчаску, я напэўна зрабіў-бы не тры памылкі, а сорак».) Так, цяпер памятаю, прадаўжай!

— Настаўнік, разгневаўшыся на вас за такую — як ён выразіўся — неахайную і слабую на розум работу, прыстрашыў моцна пабіць мяне за яе і…

— Пабіць цябе? — ускрыкнуў Том з надзвычайным здзіўленнем. — З якой-жа рацыі яму біць цябе за мае памылкі?

— Ах, ваша міласць, зноў забываеце!.. Ён заўсёды б’е мяне бізунамі, калі вы дрэнна вывучыце ўрок.

— Праўда, праўда! Я і забыўся. Ты памагаёш мне вучыць урокі, і, калі потым я раблю памылкі, ён лічыць, што ты дрэнна падрыхтаваў мяне…

— О, што ты гаворыш, мой гасудар? Я, нікчэмнейшы з тваіх слуг, ці пасмеў-бы вучыць цябе?!

— Дык у чым-жа твая віна? Што гэта за дзікая загадка? Альбо я сапраўды з глузду з’ехаў? Альбо гэта ты страціў розум? Кажы-ж, растлумач хутчэй!

— Але-ж, ваша вялікасць, нічога не можа быць прасцей. Ніхто не можа наносіць пабоі асобе прынца Уэльскага, таму, калі прынц правініцца, замест яго б’юць мяне. Так яно і павінна быць, бо такая мая пасада, і я ёю кармлюся[3].

Хлопчык прагаварыў усё гэта зусім спакойна. Том глядзеў на яго і дзівіўся:

«Дзіўная рэч! Вось дык рамяство! Вось дык прафесія! Дзіўлюся, як гэта яны не нанялі хлопчыка — прычэсваць і адзяваць замест мяне. Дай божа, каб яны гэта зрабілі… Тады я прынамсі папрашу, каб білі мяне самога і буду рады, бо гэта надасць рознастайнасць майму тужліваму жыццю».

Голасна ён спытаў:

— І што-ж, небарака, цябе пабілі паводле абяцання?

— Не, ваша вялікасць, у тым-та і гора, што кару дзень за днём адкладваюць і можа зусім адменяць з прычыны жалобы, хоць напэўна я не ведаю; таму я і асмеліўся прыйсці сюды і напомніць вашай вялікасці аб вашым ласкавым абяцанні заступіцца за мяне.

— Перад настаўнікам? Каб цябе не білі?

— Ах, гэта вы памятаеце?

— Ты бачыш, мая памяць папраўляецца. Супакойся: тваёй спіны ўжо не кране бізун. Я паклапачуся аб гэтым.

— О, дзякую вам, мой добры кароль! — усклікнуў хлопчык, зноў скланіўшы калена. — Можа я занадта смелы, але ўсё-ж…

Бачачы, што Гэмфры не адважваецца казаць далей, Том падахвоціў яго, заявіўшы, што сёння ён «хоча рабіць дабро».

— У такім выпадку я выкажу ўсё, што здаўна ляжыць у мяне на душы. Дзеля таго, што вы ўжо не прынц Уэльскі, а кароль, вы можаце загадаць, што вам захочацца, і ніхто не асмеліцца адказаць вам «не»! Вы, вядома, не будзеце больш мучыць сябе ўрокамі, кінеце ў печку кнігі і зоймецеся чым-небудзь меней нудным. Тады я прапаў, і са мной мае асірацелыя сёстры.

— Прапаў? Чаму?

— Мая спіна — хлеб мой, о міласэрны мой валадар! Калі яна не атрымае ўдараў, я памру з голаду. А калі вы кінеце вучэнне, мая пасада скасуецца, бо вам ужо будзе непатрэбны «паж для пабояў». Злітуйцеся, не праганяйце мяне.

Том быў расчулены гэтым шчырым горам. З царскім велікадушшам ён прамовіў:

— Не сумуй, мой друг! Я замацоўваю тваю пасаду за табою і за ўсім тваім родам.

Ён лёганька ўдарыў хлопчыка па плячу шпагай плашмя і ўсклікнуў:

— Устань, Гэмфры Марло! Ад гэтага часу твая пасада робіцца наследнай назаўсёды. Адгані смутак! Я зноў вазьмуся за мае кнігі і буду вучыцца так дрэнна, што тваю пенсію, па ўсёй справядлівасці, прыдзецца патроіць, — настолькі павялічыцца твая праца.

— Дзякую вам, благародны валадар! — усклікнуў Гэмфры з гарачай удзячнасцю. — Гэта царственная шчодрасць перавышае ўсе мае мары. Цяпер я буду шчаслівы да канца маіх дзён; і ўсе мае патомкі будуць шчаслівыя.

Том сцяміў, што гэты хлопчык можа быць яму вельмі карысным. Ён прымусіў Гэмфры разгаварыцца і не пашкадаваў аб гэтым. Хлопчык быў у захапленні, што можа садзейнічаць «выздараўленню» Тома; кожны раз пасля яго расказа аб розных здарэннях у класнай і ў палацы варта было толькі напомніць «хвораму розуму» караля аб падрабязнасцях, як той сам ясна прыпамінаў іх. Гэта гутарка дала Тому шмат вельмі каштоўных звестак аб норавах і звычаях у палацы, і ён захацеў чэрпаць штодзень з гэтай-жа крыніцы і загадаў дапускаць да яго Гэмфры кожны раз, як той да яго прыдзе, калі толькі яго вялікасць не будзе гутарыць у той час з іншымі. Не паспеў Гэмфры выйсці, як з’явіўся Гертфорд, прынесшы Тому новыя турботы і прыкрасці.

Ён паведаміў, што лорды совета, баючыся, каб перавялічаныя расказы аб нездароўі караля не пашыраліся ў народзе і за граніцай, палічылі патрэбным, каб яго вялікасць праз дзень-другі зрабіў ласку абедаць публічна. Яго здаровы колер твара, бадзёры поступ, спакойства, натуральнасць і ласкавая абыходлівасць лепш за ўсё рассеюць сумненні і супакояць усіх — на выпадак, калі непажаданыя чуткі ўжо праніклі ў шырокія колы насельніцтва.

Граф пачаў далікатнейшым чынам навучаць Тома, як трэба яму трымацца ў часе гэтых парадных абедаў. Пад выглядам «напамінаў» аб тым, што Тому нібы было вельмі добра вядома, ён паведаміў яму вельмі каштоўныя звесткі. На вялікае задавальненне графа, выявілася, што Тому патрэбна ў гэтай справе зусім невялікая дапамога. Здагадлівы хлопчык паспеў

— Калі ваша вялікасць напружыць памяць…

атрымаць усе неабходныя інструкцыі ад Гэмфры Марло, таму што быстракрылая гаворка аб гэтых публічных абедах даўно ўжо хадзіла па палацу, і Гэмфры паведаміў гэта Тому некалькі мінут назад. Том, вядома, палічыў за лепшае змаўчаць аб сваёй гутарцы з Гэмфры.

Бачачы, што памяць караля значна ўзмацнела, граф захацеў, нібы выпадкова, яшчэ больш праверыць яе, каб ведаць, наколькі пасунулася наперад яго выздараўленне. Вынікі атрымаліся прыемныя — не заўсёды, а ў паасобных выпадках: там, дзе аставаліся сляды ад гутарак з Гэмфры. Мілорд астаўся вельмі задаволены і сказаў голасам, поўным надзеі:

— Цяпер я ўпэўнены, што, калі ваша вялікасць напружыце сваю памяць яшчэ трошкі, вы развяжаце нам тайну вялікай дзяржаўнай пячаткі. Яшчэ ўчора гэта вялікая пячатка мела вельмі важнае значэнне, сёння ўжо страчанае, бо яе служба скончылася з жыццём нашага манарха. Ці будзе ласкава ваша вялікасць зрабіць намаганне?

Том замяшаўся. Вялікая пячатка — гэта было нешта зусім яму невядомае. Пасля мінутнага вагання ён глянуў нявіннымі вачыма на Гертфорда і прастадушна спытаў:

— А якая яна з выгляду?

Граф ледзь прыкметна ўздрыгануўся і прамармытаў сам сабе:

— На жаль, розум яго зноў памуціўся. Неразумна было прымушаць яго напружваць сваю памяць…

Ён спрытна перавёў гутарку на другое, каб Том і думаць забыў пра злашчасную пячатку. Дасягнуць гэтага яму было вельмі няцяжка.


  1. Гэта азначае: „палянка добрага чалавека“.
  2. Марыя Тюдор, каралева англійская (1516-1558). Яе царстваванне адзначана рэлігійнымі праследавайнямі і шматлікімі забойствамі пратэстантаў.
  3. Джэмс І і Чарльз ІІ у дзяцінстве таксама мелі пры сабе такіх хлопчыкаў, якіх каралі замест іх, калі яны дрэнна вучылі ўрокі; таму я дазволіў сабе надзяліць і майго прынца такім таварышам, дзеля маіх уласных патрэб. (Заўвага Марка Твена).