Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел дванаццаты. Прынц і яго збавіцель Раздзел трынаццаты. Знікненне прынца
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел чатырнаццаты. Кароль памёр — хай жыве кароль

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

ЗНІКНЕННЕ ПРЫНЦА

Пасля вячэры абодвух таварышоў ахапіла цяжкая дрымота.

— Здымі з мяне гэтыя лахманы! — сказаў кароль.

Гендон без ніякага супярэчання раздзеў яго і ўлажыў у пасцель, потым агледзеў пакой і з сумам сказаў сам сабе:

«Ён зноў забраў мой ложак. Што-ж я буду рабіць?»

Маленькі кароль заўважыў яго недаўменне і прамовіў сонным голасам:

— Ты ляжаш ля дзвярэй і будзеш ахоўваць мяне.

Праз мінуту ён ужо забыўся на ўсе свае трывогі ў глыбокім сне.

«Небарака! Яму сапраўды варта было-б радзіцца каралём! — з захапленнем прамармытаў Гендон. — Ён грае сваю ролю дасканала». І ён расцягнуўся на падлозе, ля дзвярэй, вельмі задаволены, гаворачы сам сабе:

«На працягу гэтых сямі гадоў у мяне было яшчэ меней выгод; скардзіцца на цяперашняе сваё становішча значыла-б гнявіць бога».

Ён заснуў на світанні, а ў поўдзень устаў, раскрыў свайго моцна спаўшага гадаванца і ў адзін міг зняў з яго мерку вяровачкай.

Кароль у гэту мінуту прачнуўся. Расплюшчыўшы вочы, кароль паскардзіўся на холад і спытаў у свайго прыяцеля, што ён робіць. — Я ўжо скончыў, гасудар, — сказаў Гендон. — У мяне ёсць справа ў горадзе, але я скора прыду; засні зноў: табе патрэбен адпачынак. Дай, я накрыю цябе з галавой так ты хучэй сагрэешся.

Не паспеў ён дагаварыць, як кароль вярнуўся ў соннае царства. Майлс на цыпках вышаў з пакоя і праз трыццаць ці сорак мінут так-жа ціхенька вярнуўся — з касцюмам для хлопчыка. Касцюм быў з таннай матэрыі, паношаны, але чысты і цёплы. Майлс сеў і прыняўся разглядаць сваю пакупку, мармочучы сабе пад нос: «Каб быў у мяне кашэль падаўжэйшы, можна было-б дастаць касцюм лепшы; але, калі ў кішэні нягуста, цяжка быць надта пераборлівым.

Красуня жыла ў гарадку у нас,
У нас у гарадку жыла…

заспяваў ён, але зараз-жа абарваў сваю песню. — Ён, здаецца, паварушыўся, — трэба спяваць цішэй, каб не парушаць яго сон; яго чакае падарожжа, а ён і так змарыўся, небарака… Камзол нішто, нядрэнны сям-там падшыць і будзе гадзіцца. Штаны яшчэ лепшыя, хоць і тут прапусціць іголку не будзе лішнім… Чаравікі выдатныя, моцныя, трывалыя; у іх будзе суха і цёпла, я думаю. Гэта будзе для яго здзіўляючай навіной, бо ён пэўна прывык бегаць басанож і ўзімку і ўлетку. Эх, каб хлеб быў

такі-ж танны, як ніткі! Вось за які-небудзь фартынг я забяспечаны ніткамі на цэлы год, ды яшчэ такую слаўную, вялікую іглу далі мне ў дадатак… Толькі як мне зацягнуць у яе нітку? Гэта будзе надзвычайна цяжка».

І сапраўды гэта было надзвычайна цяжка. Майлс рабіў, як звычайна робяць мужчыны і, мусіць, будуць рабіць да канца свету: трымаў нерухома іголку і стараўся прасунуць нітку ў вушка, тады як жанчыны робяць акурат наадварот. Нітка слізгала міма іголкі то з правага боку, то з левага, то складвалася ў дзве столкі, але рыцар быў цярплівы; ужо не раз даводзілася яму рабіць такія вопыты: нездарма ён быў салдатам. Нарэшце яму ўдалося ўцягнуць нітку; ён узяў касцюм, які ляжаў у яго на каленях, і прыняўся за работу.

«За гасцініцу заплочана, за снеданне, якое нам пададуць, таксама; грошай яшчэ хопіць на тое, каб купіць пару аслоў ды нам абодвум пракарміцца два-тры дні, пакуль мы дабярэмся да Гендон-хола…

Кахала яна мужанька…

«О-о! Я загнаў іголку сабе пад ногаць! Хоць яно не бяда і не навіна, але ўсё-такі непрыемна… Эх, любы, мы з табой так зажывем, што лепш не трэба! Усе твае злашчасці забудуцца, і смутак міне…

Кахала яна мужанька свайго,
Але яе кахаў…

«Во які благародны, шырокі шоў. — Ён падняў камзол уверх і з захапленнем глядзеў на яго. — У ім ёсць нешта паважнае і гордае, побач з ім дробны, скнарны шоў краўца здаецца вульгарным і мізэрным…

Кахала яна мужанька свайго,
Але яе кахаў другі…

«Ну, вось і гатова! Слаўная работа і, галоўнае, хутка зроблена. Цяпер я разбуджу яго, адзену яго, падам яму памыцца, накармлю яго; а затым мы з ім паспяшым на рынак, што ля таверны Табарыда, у Саутворку».

— Растлумач, што гэта значыць!

— Калі ласка, уставайце, ваша вялікасць!.. — голасна сказаў ён. — Не адказвае!.. Эй, ваша вялікасць!..

«Здаецца, мне такі прыдзецца абразіць яго свяшчэнную асобу дакрананнем, калі сон яго глухі да чалавечых слоў. Што гэта?»

Ён адкінуў коўдру. Хлопчык знік!

Гендон знямеў ад здзіўлення, агледзеўся навакол і тут толькі заўважыў, што лахманы хлопчыка таксама зніклі. Ён страшэнна раззлаваўся, пачаў бушаваць, клікаць гаспадара гасцініцы. У гэту мінуту ўвайшоў слуга са снеданнем.

— Ты, чортава адроддзе, растлумач, што гэта значыць, або развітайся са сваім паганым жыццём! — загрымеў воін і так люта падскочыў да слугі, што той ад здзіўлення і спалоху не мог вымавіць ні слова. — Дзе хлопчык?

У адрывістых, няскладных словах слуга даў тлумачэнне.

— Не паспелі вы выйсці адсюль, ваша міласць, як прыбег нейкі малады чалавек і кажа, што ваша міласць зараз патрабуе хлопчыка да сябе, на канец моста, на Саутворкскі бераг. Я прывёў яго ў пакой, ён разбудзіў хлапчука і перадаў яму даручэнне. Той пабурчаў трохі, навошта яго патрывожылі так рана. Але зараз-жа надзеў на сябе свае лахманы і пайшоў з маладым чалавекам, сказаўшы пры гэтым, што было-б прыстойней, каб ваша міласць прышлі-б за ім самі і не пасылалі чужога, а то выходзіць…

— А то выходзіць, што ты ідыёт! Ідыёт і балван, і ашукаць цябе нічога не варта, — павесіць-бы ўсіх тваіх сваякоў! Але можа бяды яшчэ няма. Можа хлопчыка не хацелі пакрыўдзіць. Я пайду за ім і прывяду яго сюды. А ты тым часам накрый стол. Пачакай! Коўдра на ложку паложана так, нібы пад ёй нехта ляжыць, — гэта наўмысля?

— Не ведаю, мой добры пан! Я бачыў, як малады чалавек вазіўся ля ложка, — той самы, што прыходзіў за хлопчыкам.

— Тысяча смерцяў! Гэта было зроблена, каб ашукаць мяне, каб выйграць час… Слухай! Малады чалавек быў адзін?

— Адзін, ваша міласць.

— Ты ўпэўнены ў гэтым?

— Упэўнены, ваша міласць.

— Падумай, сабяры свае мыслі, не спяшайся!

Падумаўшы крыху, слуга сказаў:

— Прыходзіў-та ён адзін, з ім нікога не было; але цяпер я прыпамінаю, што, калі ён з хлопчыкам вышаў на мост, туды, дзе народа больш, аднекуль выскачыў разбойніцкага выгляду мужчына і акурат у тую мінуту, калі ён падбег да іх…

— Ну, што-ж тады? Дагаварвай! — загрымеў нецярпліва Гендон.

— Акурат у тую мінуту натоўп паглынуў іх, і болей ужо я не бачыў іх, бо мяне гукнуў гаспадар, які раззлаваўся за тое, што натарыусу забыліся падаць заказаную ім баранюю нагу, хаця я бяру ўсіх святых у сведкі, што вінаваціць у гэтым мяне — усёроўна, што судзіць толькі што народжанае дзіцянё за грахі яго…

— Прэч з маіх вачэй, бязмозглы!.. Ад тваёй балбатні звар’яцець можна! Стой! Куды-ж ты бяжыш? Не можаш пастаяць і мінуты на месцы! Што-ж, яны пайшлі ў Саутворк?

— Так, ваша міласць!.. Таму, як я вам дакладваў, я ў гэтай бараняй назе невінаваты, як дзі…

— Ты ўсё яшчэ тут? І ўсё яшчэ вярзеш бязглуздзіцу? Выходзь, пакуль цэлы!

Слуга знік. Гендон пабег за ім, перагнаў яго і ў адзін міг апынуўся ўнізе лесніцы, пераскокваючы праз дзве ступенькі адразу.

«Гэта той подлы нягоднік, які зваў яго сваім сынам… Я згубіў цябе, мой бедны, маленькі, страціўшы розум валадар! Якая горкая мысль! Я так палюбіў цябе! Не! Клянуся ўсімі святымі, я цябе не згубіў! Не згубіў, бо я ператрасу ўсю краіну і ўсё-ж знайду цябе. Беднае дзіця! Там асталося яго снеданне — і маё, — ну, ды мне цяпер не да ежы! Хай ядуць яе цяпер пацукі! Хутчэй, хутчэй, — марудзіць нельга!»

І, спешна прабіраючыся скрозь шумны натоўп на мосце, ён некалькі разоў паўтараў (нібы гэтая мысль была яму асабліва прыемная):

«Ён пабурчаў, але пайшоў, пайшоў таму, што думаў, што яго кліча Майлс Гендон. Мілы хлопчык! Ён-бы гэтага не зрабіў ні для каго іншага, — ужо-ж я яго ведаю!»