Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/6/У тылу расійскае арміі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пад новым начальнікам У тылу расійскае арміі
Раман
Аўтар: Карэл Ванек
1932 год
Пераклад: Кузьма Чорны
А калі надышла восень

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




10

У ТЫЛУ РАСІЙСКАЕ АРМІІ

Палкоўнік Галаваценка вярнуўся з Віцебску з добрымі весткамі. Ён атрымаў загад перавесьці рабочую дружыну ў вёску Вітунішкі, дзе другая партыя інжынэраў была занята папраўкаю шашы і дарог. Пад загад гэтай партыі ён і павінен быў перадаць дружыну, каб яна магла ўзяцца там за работу.

Аднак палкоўнік не сьпяшаў адразу выконваць загад. Яго дама паведаміла яго, што ўся дружына хворая на каросту і што доктар, якога яна прасіла прыехаць з Будслава, дакляраваў прыслаць мазь і вылячыць хворых. Аўгіньня Васільлеўна адзначыла, што без належнага лячэньня кароста гэтак-бы пашыралася, што людзей давялося-б накіраваць у шпіталь, адтуль іх больш-бы ўжо не вярнулі ў дружыну, і палкоўнік, такім чынам, страціў-бы крыніцу сваіх прыбыткаў. Таму яна прапанавала даць дружыне яшчэ крыху адпачыць, а сама ўзяла на сябе нагляд, каб пацыенты няўхільна і як мае быць націраліся чорнаю, сьмярдзючаю мазьзю, якую нарэшце прыслалі з Будславу.

Тымчасам палкоўнік адзін паехаў у Вітунішкі, каб дагаварыцца з інжынэрамі пра заработную плату. Ён вярнуўся ў ружовым настроі, бо там плацілі па паўрубля за дзень на чалавека, і з радасьці адважыўся адразу пабудзіць сваю даму.

Жэня, паслухай! Там плацяць паўрубель! Я буду пасылаць кожны дзень дзьвесьце чалавек на работу, а гэта значыцца, што ў нашу кішэню кожны дзень будзе класьціся сто рублёў. Эх, добра мы з табою пажывём! Дай божа, каб вайна яшчэ цягнулася дзесяць год!

Нарэшце, аднойчы, з Астраўкоў пацягнуўся цэлы караван. Наперадзе ехаў конна палкоўнік з дзьвёхвёрсткай у руках, з шашкаю на баку і з рэвольвэрам за поясам. Поруч з ім, таксама конна і таксама з дзьвёхвёрсткаю і рэвольвэрам падскаквала на кані ў чаркесцы Аўгіньня Васільлеўна. За імі тарахцелі некалькі фурманак, што былі нагружаны чамаданамі і пакункамі, і ішоў узвод расійскіх салдат, за якімі, як працэсія старцоў, цягнуліся па чатыры чалавекі ў рад ваеннапалонныя, абарваныя, босыя, аброслыя валасамі, няголеныя і нямытыя. У кожнага за плячыма тырчэў ранец з усялякаю драбязою; у руках у ва ўсіх былі калы з платоў, ці выразаныя з ядлоўцу кіі.

«Вяршкі» ваеннапалонных ішлі па самым задзе колёны: гэта былі абодва «дактары», Пісклявы, Гаршына і Швэйк. Марэк расказваў, што ён прачытаў у газэце «Чэхо-славяне», якую яму прыслалі з Кіеву, пра перамогі генэрала Брусілава на фронце, і паведаміў, што рускія зноў глыбока падаліся ў Галіцыю.

— Ну, цяпер, вядома, канец! — стала абазваўся Ванэк. — Зімою больш ваяваць ужо ня будуць. Гэтага-ж ня вытрымае ніводная дзяржава. Нават калі Нямеччына і вытрымае, Аўстрыя няйначай здасьць!

— Добра было-б, каб мы маглі дапамагчы расійцам, — сказаў Марэк. — «Чэхо-славяне» вельмі-ж агітуюць за ўступленьне ў чэскі легіён.

Ён выцягнуў з кішэні газэту і прачытаў голасна артыкул пра тое, якою папулярнасьцю карыстаюцца ў Кіеве чэскія легіянэры, якія прыгожыя яны ў сваёй новенькай форме, якім посьпехам яны карыстаюцца ў паненак і як ахвотна гэтыя паненкі ходзяць з імі гуляць у парк. Гэта быў гэтакі спакусьлівы артыкул, якія звычайна былі прамовы вярбоўшчыкаў у армію ў тыя часы, калі маладых людзей прываблівалі ў армію віном і грашыма, і лёгкаю перамогаю над жанчынамі.

— Я так думаю, — уставіў сваё слова Швэйк, калі Марэк скончыў, — што нам варта было-б туды падацца. Бо крыху вайсковае славы — гэта рэч добрая! І вельмі нават вядома, што яны сябе расхвальваюць, калі форма прыгожая.

— Тут справа ідзе не пра форму, — сумна заявіў Марэк, — а пра чэскую армію. І мы павінны з свайго боку што-небудзь зрабіць, каб гэтая вайна была апошняя. Да-душы, я ахвотна падаўся-б у чэскі легіён. Тут-жа можна падохнуць з нуды. З дня на дзень усё адно: нуда, пустэча. Зусім ясна, што вінны ў вайне цэнтральныя дзяржавы. Дык чаму-ж ня ўзяць удзелу ў змаганьні, у якім яны павінны быць разьбітыя, каб гэтая вайна была апошняя?

— У «Флека», — абазваўся Швэйк, — я спатыкаў аднаго суб’екта, які заўсёды разыгрываў у лётэрэю скрынку нейкіх ласункаў. Ён прадаў ужо, напрыклад, дзевяноста білетаў, але ўсё хадзіў ад століка да століка і прадаваў «апошні» білет. «Пакуль яго не прадам, — казаў ён, — не магу разыграць латарэю». І адразу-ж выцягаў яшчэ білет, і гэты быў у яго зноў «апошні», і гэтак без канца. Гэта было да вайны, калі людзі былі куды больш паважныя. Усё-такі, выходзіць, і тады было шмат жулікаў на сьвеце.

— Не, як хочаце, а ў стары час было лепш, — стала заўважыў Гаршына. — У тыя часы льга было яшчэ верыць людзям. А цяпер унь у газэтах пішуць, якая ў нас дарагоўля на ўсё: піва каштуе ўжо шэсьцьдзесят хэльлераў, мяса не дастаць, а падноскі пачалі рабіць з дрэва. От, мусіць, стукаюць яны ў часе танцаў!

— Мой бацька таксама заўсёды хваліў стары час, — пацьвердзіў Швэйк. — Ну, а мой дзед, калі пачынаў, бывала, успамінаць бывальшчыну, дык ледзь ня плакаў. Ён часта расказваў мне, што тады было за жыцьцё. Ня жыцьцё, а маліна! Вось ён, напрыклад, служыў у гаспадара і паехалі яны раз на кані ў Прагу, і мой дзед купіў сабе там на адзін крэйцар, гэта значыцца, на два хэльлеры, булку і кілбасу на сьняданьне. Калі яны выехалі за заставу, дзед мой разламаў булку і глядзіць, што ў ёй запечана. Выявілася — кажушок, і як дзед быў рад! Справа-ж была ўжо ў кастрычніку, і падыходзілі халады. Ды што гаварыць! У тыя часы булкі былі куды большыя ад цяперашніх… Або зноў-жа, мая бабуля купіла мужу фуфайку, добрую фуфайку, за дзьве кроны сорак хэльлераў на нашы грошы. Яна была дзеду повяліка, а калі яе вымылі, яна яшчэ выцягнулася, так што прышлося адрэзаць кавалак і з яго вышла цэлая спадніца. Калі памылі фуфайку яшчэ раз, прышлося адрэзаць яшчэ кавалак, і з яго баба пашыла дзьве коўдры, ды майму бацьку асталося яшчэ на гарнітурчык, хоць дзеду фуфайка была ўсё яшчэ даволі вялікая… Так, так, даўней было лепш. Тавар тады вырабляўся куды лепшы…

Марэк замахаў на яго рукою.

— Ты вярзеш ліха цябе ведае што! А я, — гукнуў ён, і роспач пачуўся ў яго голасе, — я яшчэ крышку пагляджу, куды ўсё пойдзе, а тады падамся ў легіён. Бо ад нашага жыцьця толькі трэба хіба павесіцца: чай, каша, хлеб; хлеб, каша, чай…

— Унь у газэтах пішуць, што легіянеры атрымліваюць на абед гуляш, — з зайздрасьцю сказаў Пісклявы, — а кожную нядзелю смажаную гусь з капустаю і яблыкамі і добры мясны крупнік з рысам. Калі не давядзецца мне адказваць сваёю галавою, дык я туды падамся.

— Мне таксама вельмі абрыдзела гэтая гульня ў доктара, — горача сказаў Ванэк. — Але вы чулі, што ў Аўстрыі канфіскуюць маемасьць легіянераў. Езус-Марыя, гэта можа быць! У мяне-ж у Кралупах гандаль аптакарскімі таварамі.

— Ты мог-бы астацца ў Расіі, — парадзіў яму Марэк, — і выпісаць сюды жонку. Тут твая справа таксама пашла-б!

Але Ванэк з жахам глянуў на яго.

— Як? Перабрацца на край сьвету? Гэта ніяк ня можна! У мяне мэбля палітураваная, а пры перавозцы яе ўсю-б падрапалі. А ўмывальнік белы, з мрамарнаю дошкаю. А што калі зломяць дошку?

Заместа адказу, Швэйк адно плюнуў і, гледзячы сабе на ногі, сказаў:

— Унь да нас сам палкоўнік едзе. Можа ён нам скажа што-небудзь добрае?

Так яно і здарылася. Палкоўнік сказаў ім, каб яны паддалі ходу, бо да таго месца, дзе будуць начаваць, яшчэ двадцаць вёрст, так што прыйсьці туды можна не раней вечару. З гэтае прычыны не пасьпеюць прыгатаваць абеду, і абеду ў гэты дзень ня будзе. Таксама ня будзе і хлеба, бо ў інтэнданцтве хлеба ня выдалі. Але затое, калі палонныя прыдуць на месца, ім будзе выдана трайная порцыя ўсяго, што ім належыць.

Гэтая прамова была спаткана жудаснаю маўчанкаю. Колёна ня ішла, а ледзьве-ледзьве цягнулася наперад, і палкоўнік паехаў поруч з ёю, стараючыся падбадзёрыць людзей:

— Расія — цудоўная краіна! Вось ужо два гады, як нашы адважныя ваякі ваююць за яе. Мы пераможам немцаў, а вашага Франца мы прывядзем на вяроўцы перад ясныя вочы нашага бацюшкі-цара. У гэтым будзе частка і вашых заслуг. Вось, бачыце, гэта — справа рук вашых братоў, ваеннапалонных!

І ён паказаў рукою направа, дзе ішла пад гору вуліца.

Там было выкапана восем радоў акопаў; на дзевяты палонныя раскопвалі зямлю, а ў дзесятым насыпалі бруствэр, у той час як іншыя нацягвалі паміж каламі калючы дрот. Людзі, што працавалі, калі заўважылі колёну, якая прайходзіла паўз іх, кінулі рыдлёўкі і дрот і пабеглі, кідаючы нагамі нібы павукі, ёй на спатканьне.

Калі дружына палкоўніка Галаваценкі падобна была да натоўпу басякоў, дык тым небаракам, што цяпер да яе набліжаліся, наогул няма назвы на чалавечай мове. Хутчэй малпы — чым чалавека-падобныя істоты зьмяшаліся з людзьмі 208-й дружыны, распытваючы, адкуль тыя прышлі, і выпрошваючы ў іх скарынку хлеба, або на раз закурыць тутуню. Яны выглядалі гэтакімі няшчаснымі і абшарпанымі, гэтакімі змучанымі і хворымі, што шмат хто з дружыны, падумаўшы сабе, што можна абыйсьціся адзін дзень і бяз хлеба, цягнуў ціхенька акрайчык з ранца і аддаваў яго галоднаму земляку. Той прагна накідаўся на хлеб і гаварыў:

— Ведаеш, у нас тут гэтакі голад, што мы нават асьлеплі. Гэта ўжо больш ня чысьцец, а сапраўднае пекла! У сібіру, у лягэры, напроці гэтага быў рай зямны!

— А вам плацяць? — запытаў Пісклявы.

— Яшчэ што скажы! Ты-ж ведаеш, як нам плацяць! — засьмяяўся палонны. — От глядзі!

Ён зьняў шапку і паказаў гузы на галаве.

— Мы працуем зьдзельна. Адзін пагонны сажань трэба выкапаць да абеду і адзін да вечара. А калі ня справішся, дык цябе вось як аддзякуюць.

Ён правёў рукою па гузох, узлажыў на галаву шапку і, уздыхнуўшы, сказаў:

— Калі-б льга было, прынамсі, падзьмухаць сабе на галаву… Ведаеце, браткі, я малюся богу, каб нас тут захапіў немец, каб я мог помсьціцца за ўсё… Я — добры чэх і «сакол», але каб мне яшчэ раз давялося ісьці на фронт, я перастраляў-бы гэтых «братоў-славян» з гарматы або з кулямёту… Пабіць-бы іх усіх, гадаў, разам з іхнім паршыўцам-царом! — з жорсткасьцю скончыў ён.

Але тут стары славянін, палкоўнік Галаваценка, прыўзьняўшыся на сірымёнах, зноў пачаў гаварыць:

— Браты-славяне, паглядзеце, як вашы браты будуюць умацаваньне супроць нямецкага паходу! Аб гэтае ўмацавацьне зломіць сабе зубы Гіндэнбург! А Вільгешку мы загонім у сібірскую тайгу!.. Браты, усе — за Расію, усе — за бацькаўшчыну!

— Бач, як ён разьліваецца, — скрыпнуў зубамі палонны. — Мусіць, таксама здорава крадзе! Чым, больш нам тут плятуць пра славянскае братэрства і замілаваньне, тым больш нас абкрадваюць! Наш начальнік дружыны цюцелька ў цюцельку гэтакі-ж! Кліча нас няйначай як «браты-славяне», на вялікдзень хрыстосаваўся з намі і заўсёды чытае нам газэты, якія ў цара наконт нас намеры, калі ён зойме Чэхію. Але есьці ён нам не дае, а ўсё прапускае з бабамі, як і ваш стары гэты падла. Ён зьняў з нас і прадаў боты; ён прадае нават выданую нам цыбулю. Я, таварыш, з Прагі, з Вышаграду, але гэтакае сволачы, як тут, я не спатыкаў нават у Аўстрыі.

— Ну, калі ты з Вышаграду, хлопец, — заявіў Швэйк, — дык вось табе яшчэ акраец хлеба. Мы з табою, значыцца, землякі. Я жыву на вуліцы «На Боішці!». Ты, мусіць, з 28-га палка?

— Але, я з гэтага паскуднага палка, які сам здаўся рускім у Карпатах. А яны перавялі нас у лягер у Краснаярск і назначылі да нас камэнданта з немцаў, які паказаў нам, дзе ракі зімуюць. Браткі, — гукнуў ён, заламаўшы рукі, — няўжо-ж гэта праўда, што існуе чэскі легіён, які змагаецца за тое, каб расійскі цар увайшоў у Градшын? Вы нічога пра гэта ня чулі? Езус-Марыя, што-б ён з намі зрабіў! Ён-жа пачаў-бы з нашых сьпін рамяні вырэзваць.

Марэк выцягнуў з-за пазухі нумар «Чэха-славян», але ў вачох палоннага адлюстравалася гэтулькі шчырага жаху, а таксама і роспачы, што Марэку стала нядобра. Ён схаваў газэту і нехаця адказаў:

— Кажуць. Але хто ведае, наколькі гэта праўда і хто гэтым усім арудуе?.. А пасьля, расійскі ўрад, можа, нават і не падазрае, як тут з намі абыходзяцца.

— Што-ж, вельмі можа быць, што тут ёсьць нейкае непаразуменьне, — умяшаўся ў гаворку Швэйк. — Расійскі ўрад паслаў нас на работу, каб нам было лепш, а гэтыя панове зразумелі гэтак, каб нам было горш.

— Будзе, хлопцы, нагаварыліся! — гукнуў у гэты момант палкоўнік Галаваценка. — Марш далей! Наперад, марш!

А Аўгіньня Васільлеўна, заўважыўшы, што вочы ўсіх накіраваны на яе, праехала ўздоўж паўз колёну, ветліва запрашаючы:

— Ну, хлопчыкі, падымайцеся! Хутка прыдзем у вёску і нап’емся чаю!

Палонныя пашлі далей, спрачаючыся пра Расію і політыку. І адно Марэк думаў сваю думу і ўпарта маўчаў.


*

Праца, што чакала палонных у Вітунішках, як сваёю мэтаю, таксама і сваёю практычнаю організацыяй, мала чым адрозьнівалася ад тэй, якою яны займаліся на пабудове чыгункі. Яны павінны былі папраўляць дарогі, што ішлі берагам ракі праз лясы і бяздонныя нетры балот.

У вёску яны прышлі ўночы. Палкоўнік прывёў іх да памяшканьня, што стаяла наводшыбе і сам адчыніў дзьверы вялікага хлява; праз дзіравую страху туды заглядвалі месяц і зоры.

— От добрае памяшканьне! — пахваліў палкоўнік. — Тут вам вельмі добра будзе спаць. Паветра чыстае і сьвежае, і горача вам тут таксама ня будзе.

— Гад, мы тут усе памерзьнем, — ляснуў у яго за плячыма зубамі Пісклявы, бо ноч была сапраўды халодная. А Швэйк, з выглядам знаўцы паглядваючы праз шчыліны ў страсе на ўкрытае зорамі неба, сказаў:

— Нічога, мы цяпла насапом.

Змучаныя ўтомаю, палонныя кінуліся на раскіданую па хляве гарохавую салому і адразу заснулі. Пад раніцу яны прачнуліся з холаду і пачалі бегаць навыперадкі з расійскімі салдатамі, якія таксама пракліналі палкоўніка, мацюгаліся і абложвалі яго самымі страшнымі словамі.

Хтосьці прапанаваў раскласьці агонь; адразу за дваром быў лес, дзе лому было колькі хочаш. У адну хвіліну туды зьбегала чалавек дваццаць і нацягнулі дроў, сукоў і нават цэлых невялікіх дрэў. Усё гэта склалі за хлявом, і агонь запалаў. Палонныя разьмясьціліся навокал яго і пачалі гаварыць пра свае справы і лаяць Расію. Раптам у гутарку ўмяшаўся голас, якога раней ніхто ня чуў:

— Але, браткі, мне давялося пабыць ва ўсім сьвеце, але гэтакіх парадкаў, як тут, я нідзе ня бачыў. Гэтая Расія — сапраўдны вар’яцкі дом. Праклятая банда! Чаго толькі не давялося мне выцерпець у акопах!

— Правільна, таварыш, — падхапіў Швэйк. — Але толькі скажы мне, будзь ласкаў, адкуль ты да нас папаў? Я цябе яшчэ ні разу ня бачыў у нашай дружыне.

— Ды ты і ня мог мяне бачыць, бо я працаваў у тэй, што капала акопы. Ну, але як вы мне спадабаліся, дык я і пашоў з вамі.

Заўважыўшы, што ўсе з цікавасьцю глядзяць на яго, навічок засьпяшаўся растлумачыць:

— Гэта-ж так проста! Што адзін сабака, што другі, і што палонны, што другі! Дадому мне ня было па што хадзіць, бо мы заўсёды бралі ўсё з сабою, усёадно няйначай хто-небудзь украў-бы апошняе. Ах, як мы там галадалі, браткі! Бывала, нам цэлы тыдзень не выдавалі хлеба, а цукру і званьня ня было, — забылі нават, як ён выглядае! Вось я і падумаў: а ці не паспрабаваць у гэтай дружыне, можа, тут будзе лепш? А калі не спадабаецца, я яшчэ куды-небудзь пайду. Я ўжо з самай зімы так гуляю, але добрага нічога не знайшоў.

— А ну, ўстань, браце, — сказаў яму Гаршына, — каб мы бачылі, які ты ёсьць. Паводле гаворкі твае, ты як-бы хлопец спрытны.

Незнаёмец падняўся з месца і стаў гэтак, каб яго асьвятліла полымя ад вогнішча. Гэта быў абарванец, які з выгляду нязвычайна абкапцанеў, але ня ў трантах, бо гарнітур яго складаўся з тысячы лат. Маленькія, вялікія, усялякіх колераў і ўсялякага матэрыялу, яны ляпіліся адна на адну, як бранявыя пліты на лінейныя караблі. Больш-жа — дык ні ў яго твары, ні ў постаці ня было нічога адмысловага, чым-бы ён адрозьніваўся ад іншых.

Відаць ён валодаў гумарам. Ён здагадаўся, што яго латы абуджаюць цікаўнасьць тых, з якіх лахманы зьвісалі, як жалобныя сьцягі, і сказаў:

— Я таксама хадзіў раней гэтакім абарванцам, а пасьля пачаў прыстаўляць латкі. Браткі, гэтая вайна працягнецца яшчэ дзесяць год. Яна скончыцца толькі тады, калі нідзе больш ня будзе ні лыжкі бульбы, ні голкі, ні кавалачка палатна і ні абрэзку скуры. Людзі будуць хадзіць голыя, як сабакі, будуць граць на сваіх рэбрах, як на клявішох, і каму пашэнціць прыкрыць свае цела старым мяшком, той будзе ганарыста паглядаць на ўсіх іншых. І тады…

— Ведаю, гэта — прароцтва «Сьляпога хлопчыка», якому ў нас у Празе пастаўлен статуй, — перарваў яго Швэйк.

— …тады вайна скончыцца, — ня спыняў гаворкі той, не бянтэжачыся, — тады народы зразумеюць, якія яны дурныя, і зададуць перцу сваім урадам. Вось чаму я і стаўлю латы, каб не саромецца таго, што я голы.

Голас гэтага чалавека гучэў па-прароцку, і слухачы ў роспачы, замахалі рукамі.

— Езус-Марыя, яшчэ дзесяць год! Ды ты ўзвар’яцеў, ці што! Валі яго, браткі, у агонь!

Але гэтага чалавека ня гэтак лёгка было прымусіць змоўкнуць. Ён дадаў некалькі пераканаўчых довадаў, што вайна будзе цягнуцца да поўнага ўпадку Эўропы. Нарэшце яму пачалі верыць, і, калі ён заўважыў, што да яго ўсё больш і больш прыслухоўваюцца, ён заявіў, што надышоў час узьняць мяцеж і вярнуцца дадому, перабіўшы ўсіх, хто-б гэтаму працівіўся.

Ён увайшоў у настрой і пачаў тупаць нагамі і крычаць:

— От убачыце, што мае словы спраўдзяцца. Гэта праўда, як тое, што маё прозьвішча — Смачок! Я чалавек з вышэйшаю асьветаю і мог-бы быць цяпер ужо за маёра. Але я аддаўся п’янству і плюю на ўсіх «сталых» людзей. Усе яны сволачы! Я будаваў чыгункі ў Вэнгрыі, удзельнічаў у пабудове Сімпленскага тунэлю… І вось я вам кажу: перш трэба пабіць усю гэтую сволач! Няхай паможа нам у гэтым бог-айцец, бог-сын, бог-дух сьвяты!

Эфэктны канец яго прамовы выклікаў авацыі, падтрыманыя расійскімі салдатамі. Ён зноў зьвярнуўся да сваіх таварышаў:

— Спадзяюся, браткі, вы-ж будзеце маўчаць, што я перайшоў да вас? На поліўцы я вас не аб’ем, а хлеба я сабе на першы час як-небудзь прыстараюся.

Пасьля гэтага ён выцягнуў ногі да агню і да раніцы не сказаў больш ані слова.

А шостай гадзіне ў хлеў прышоў палкоўнік Галаваценка, а з ім і Аўгіньня Васільлеўна, што хацела пазнаёміцца з інжынэрамі. Палкоўнік быў салодкі як цукер; яго дама, ўсёадно як мёду дала, пацікавілася:

— Ну, як вы спалі, хлопчыкі? Добра. Зьмерзьлі? Ну, нічога, нічога. Неўзабаве надыйдзе лета, і тады ад гарачыні ўночы не заснуць. Чаю ўжо напіліся, га? Гэта добра! А цяпер пара за работу брацца. Інжынэры чакаюць вас у сем гадзін. Станавецеся адно ў шэрагі, хлопчыкі.

Грозная маўчанка, якою было спаткана ў часе паходу начальніцкае паведамленьне, што палонным ня будзе выдана ў дарозе ні хлеба, ні абеду, набыла цяпер больш выразную форму. Палонныя пачалі шушукацца, а Смачок гукнуў:

— Давайце, выберам пяць чалавек, якія будуць гаварыць ад імя ўсёй дружыны. Але толькі ўся дружына, як адзін чалавек, павінна іх падтрымліваць.

— Гэй, хлопцы, цяпер ня час бібікі біць, — пачаў падганяць іх палкоўнік. — Дзьвесьце чалавек павінны накіравацца на работу! Начальства гэтак загадала. Я тут ні прычым. І нашы-ж працуюць у вас, і ім яшчэ горш, як вам. Іх там запрагаюць у плугі, а вы тут адно рыдлёўкамі калупаецеся. А вы, — зьвярнуўся ён да канваіраў, — выстрайце іх, сучыных дзяцей, у шэрагі, каб я іх мог падлічыць. Гэй, браты-славяне, на работу! Гэтак загадвае закон!

— Праваліся ты з сваім законам! — гукнула ў адзін голас амаль уся дружына, і да палкоўніка вышлі пяць дэлегатаў, якія заявілі:

— На работу мы ня пойдзем да таго часу, пакуль нам не дадуць хлеба і абеду. А таксама і за тыя дні, што мы былі ў дарозе. Інтэнданцтва выплачвае вам грошы за ўвесь час, так што мы павінны іх атрымаць. Вось што напісана ў законе!

— Значыцца, вы — бунтаваць? — гукнуў палкоўнік, пабялеўшы. — Адмаўленьне падначальвацца, мяцеж? Расстраляю кожнага пятага! Сам пушчу яму кулю ў лоб!

Ён з прывычкі хапіўся за кабуру, але яна была пустая. Тады ён крыкнуў да канвойных:

— Патроны ў вас ёсьць? Закладвай у стрэльбы. Гэй, аўстрыякі, сучыны дзеці, зараз страляць будзем!

Канвойныя нарыхтавалі стрэльбы і тупа ўтаропіліся на ўзводнага. Той паціснуў плячыма і шапнуў палкоўніку:

— Ваша высокаблагародзьдзе, вам самім страляць ня можна. Вы павінны спачатку прасіць па начальству, каб сюды прыслалі камісію дасьледаваць справу. А, апроч таго, у нас усяго па два патроны на чалавека. Калі мы іх выстраляем, нас заб’юць як сабак.

— Набівай! — скамандваў палкоўнік і стаў глядзець, як няспрытна засоўвалі салдаты патроны ў стрэльбы. Пасьля ён зьвярнуўся да дружыны:

— Хто аднадумец з гэтымі людзьмі, з гэтымі пяцерма? Хто ня хоча ісьці на працу? Выходзь наперад! Будзеце расстраляны разам з імі!

Шэрагі захісталіся. Кожны паглядваў на іншага. Раптам пачуўся швэйкаў голас:

— Таварышы, няхай нас расстраляюць, каб мы памерлі як салдаты! — і Швэйк цьвёрда выступіў наперад і заявіў: — Так што, дазвольце далажыць, я хачу загінуць ад кулі, а ня здохнуць як старая баба.

— Браткі, — крыкнуў сваім высокім голасам кравец, — ня здрадзім-жа мы сваім таварышам. Выходзьце ўсе!

Шэрагі як-бы разарваліся, калі то тут, то там выступіла некалькі груп. І тады загрымеў Смочакаў бас:

— Чаго вы баіцеся, ліха на вас? Няхай нас расстраляюць! Няўжо вы думаеце, што гэта будзе горш, чым здохнуць з голаду! Хіба вы ня ведаеце, што гэты стары абармот нас абкрадвае? Салдаты вы, ліха на вас, ці не? Кожная шлюха сьмялей за вас!

Гэта памагло. Уся дружына выступіла наперад.

Да палкоўніка кінулася перапалоханая Аўгіньня Васільлеўна.

— Дарагі мой, любы, — зашаптала яна, — не расстрэльвай іх. Каго-ж ты тады будзеш слаць на работу! Сам-жа ты не зарабляеш гэтулькі грошай, колькі нам трэба! Дакляруй ім хлеба, мяса, нават тутуню ты ім можаш паабяцаць. Яны добрыя, яны пойдуць на работу. А ты памятаеш, што абяцаў мне сто рублёў у дзень?

Здавалася, што яна вось-вось упадзе перад ім на калені. З вачэй яе цяклі сьлёзы і Смочак крыкнуў:

— Ды вы адно паглядзеце на яго, на гэтага гада! Ён нават наш заработак хоча скруціць! Але мы да таго часу ня пойдзем на работу, пакуль інжынэры не гарантуюць нам, што грошы будуць выдавацца нам на рукі.

Палкоўнік, узнэрваваны, пабег у хлеў, а за ім сьледам — яго дама, уся ў сьлёзах. Нарэшце ён вярнуўся з салодкаю ўсьмешкаю на твары і сказаў:

— Нашто гэта ўсё, галубочкі? Нібы вы не франтавікі і самі ня ведаеце, што часамі нават, пры ўсім жаданьні, нельга мець усяго што трэба… Падумаеш, якое гора: ўчора ня было хлеба і сёньня яго ня будзе! Затое заўтра хлеба прывязуць, колькі захочаце, слова гонару! Так што сёньня вы адпачывайце, напецеся чаю, памыйце сабе кашулі…

Ён узяў Аўгіньню Васільлеўну пад-руку і пашоў, як-бы нічога і ня здарылася. Як толькі ён пашоў, была выбрана новая дэлегацыя, каб паведаміць інжынэраў, што заработная плата павінна выплачвацца палонным непасрэдна ім на рукі і што яны будуць працаваць толькі пры ўмове, што гэта будзе ім гарантавана.

Гэта ім сапраўды абяцалі і нават пацьвердзілі словам гонару, бо па ўсёй Расіі кожны гатоў быў дакляроўваць і гарантаваць другому ўсё, што толькі хочаш, хоць-бы нумараванае месца з правае рукі бога на небе.