Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/6/Пад новым начальнікам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
За лініяй фронту Пад новым начальнікам
Раман
Аўтар: Карэл Ванек
1932 год
Пераклад: Кузьма Чорны
У тылу расійскае арміі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




9

ПАД НОВЫМ НАЧАЛЬНІКАМ

Новы начальнік, якім лёс ашчасьлівіў 208-ю дружыну, быў чалавек, якому ў жыцьці не пашэньціла. Прымушаны дваццаць год таму кінуць службу ў арміі з прычыны нейкіх грашовых няпрыемнасьцяй, ён жыў невядома як, і таму, калі ў часе першае мобілізацыі яго прынялі на службу ў чыне падпалкоўніка, ён з радасьці ахвяраваў на царкву таго сяла, каля якога ён тады жыў, новы абраз.

Але гэта было ў першы і апошні раз, што шчасьце Ўсьміхнулася яму на старасьці год. Полк, якім ён камандваў, быў узяты немцамі ў палон без аніводнага стрэлу, а яму, камандзіру, што выратаваў сваю волю дзеля інтарэсаў Расіі, давялося адказваць за гэта перад ваенным судом. Пасьля яго назначылі за начальніка нейкага кансэрвнага заводу, з якога ў той час, калі ён ім кіраваў, на фронт ішлі толькі напалову напакаваныя бляшанкі кансэрваў, а цягнікі з мясам кудысьці гінулі; такім чынам, яму зноў давялося езьдзіць у Пецярбург і апраўдвацца. Суд і гэты раз прызнаў яго нявіннасьць, і ў выглядзе компэнсацыі, яму павысілі чын на палкоўніка і назначылі за начальніка двух сотняў абарванцаў — ваеннапалонных, што працавалі на пабудове чыгункі. У Астраўкі ён прыехаў уночы, адразу-ж прыняў камандваньне і выкінуў небараку Баранава з яго кватэры, а назаўтра зранку яго дзяншчык шукаў ужо па ўсёй вёсцы цырульніка, каб пагаліць яго высокаблагародзьдзе яшчэ перад тым, як ён зьявіцца перад сваёю дружынаю.

Дарэмна Швэйк ратаваўся, гаворачы, што ён голіць толькі самога сябе, дарэмна стараўся ўпэўніць, што стрыгчы ён наогул ня ўмее зусім. Калі ён рашуча адмовіўся ісьці, дзяншчык схапіў яго за каўнер і пацягнуў за сабою, злосна прыгаворваючы:

— Ведаем, браце: ты ня пойдзеш, а мне палкоўнік усю морду расквасіць!

У вызначанай пад канцылярыю хаце Швэйк застаў новага начальніка за працаю. Швэйк спыніўся ля дзьвярэй і з пашанаю ўзяў пад казырок.

— Здароў! — ласкава сказаў палкоўнік.

— Так што, дазвольце далажыць, маю гонар зьявіцца пагаліць вас! — адрапартаваў Швэйк з лісьліваю ўсьмешкаю, на што палкоўнік жортка глянуў на яго і куды халадней сказаў яшчэ раз:

— Здароў!

— Так што я магу вас і пастрыгчы, ваша высокаблагародзьжзе, — адказваючы кіўком на прывітаньне, дадаў Швэйк. — Гэта я ўмею. У Празе мне даводзілася часта стрыгчы сабак, але я больш люблю стрыгчы нажніцамі, бо машынка часамі моцна скубе.

— Здароў! — трэці раз сказаў палкоўнік, а пасьля раўнуў: — Вон! Увайдзі яшчэ раз, як належыць!

За фіранкаю, што закрывала ў кутку палкоўнікаў ложак, штосьці заварушылася. Хтосьці пазяхнуў, а пасьля адтуль высунулася рука — жаночая, як адразу заўважыў Швэйк. Ён нейк адразу павярнуўся ў той кутак, але палкоўнік яшчэ раз раўнуў:

— Вон! Аглух, ці што! І ўвайдзі як чалавек!

За дзьвярыма Швэйк аглядзеў свой туалет. Усё як-бы ў парадку: брытва ў футарале, мыла ў кубачку, нажніцы цэлыя, не зламаныя… Але, можа, палкоўнік чакаў, каб да яго ўвайшлі з сарвэткаю? Швэйк зьбегаў да сябе і прынёс ручнік. Перад дзьвярыма ён яшчэ раз уважліва аглядзеў сябе зьверху да нізу, паглядзеўшы ў люстэрку і памацаў падэшвы.

— Ці ня ўступіў я ў якое-небудзь паскудзтва? — падумаў ён пра сябе і далікатна пастукаў. — Ну, маці божая, выратуй!

— Увайдзеце! — пачуліся з сярэдзіны адначасна бас і сопрано.

Швэйк увайшоў. Палкоўнік сядзеў на ложку, на якім ляжала маладая жанчына з растрапанымі валасамі і голымі грудзьмі. Швэйк выцягнуўся ў фронт і ўзяў пад казырок, а палкоўнік зноў добразычліва сказаў:

— Здароў!

Швэйк выцягнуўся як струна.

— Так што, пане палкоўнік, ваша высокаблагародзьдзе, дазвольце далажыць, што я явіўся згодна вашаму загаду пагаліць і пастрыгчы ваша прэвасхадзіцельства.

— Назад за дзьверы! — зноў раўнуў палкоўнік, і Швэйк выляцеў з пакою, з непаразуменьнем пытаючыся сябе:

— Чаго яму, старому хрэну, трэба?

Ён пачысьліў ногі, зноў пастукаў і зноў увайшоў, калі пачуў адказ: «увайдзеце». І зноў яго спаткала халоднае: «Здароў», за якім амаль адразу пашло зноў: «Вон! Марш за дзьверы!»

— Гэтак мы да вечара будзем гаварыць, — сказаў сам сабе Швэйк, робячы «кругом». Але тут умяшалася жанчына.

— Пачакайце! А ты яго ня муч. Станьце вось гэтак, як вы стаялі і адказвайце палкоўніку: «Здравія желаю ваше высокаблагородіе».

— Здра-жла-ва-ска-бродзь! — гукнуў Швэйк, як гэта ён чуў ад расійскіх салдат, і палкоўнік літасьціва ўсьміхнуўся яму і сказаў:

— Вось як трэба адказваць на прывітаньне! Значыцца, ты прышоў мяне пагаліць? А хіба ў вас начальства ня вітаюць? Што-ж у вас робяць у дачыненьні да начальства? — гаварыў ён, паказваючы Швэйку на крэсла, якое паставіў Швэйк насупроць царскага партрэту. Швэйк прадэманстраваў тое, што ад яго патрабавалася і растлумачыў:

— Вось як у нас вітаюць начальства. Але гаварыць пры гэтым ня можна, і яно таксама нічога не гаворыць.

— Гэта значыцца, — зьняважліва сказаў палкоўнік, — што афіцэры ў вас жывёла і абыходзяцца з вамі па-сьвінску!

Швэйк, намыліўшы палкоўніцкія шчокі, накіраваў брытву і некалькімі ўзмахамі выгаліў іх, у той час як дзяншчык падрыхтоўваў ваду, каб мыцца. Палкоўнік сунуў руку ў кішэню і выцягнуў адтуль трохрублёўку.

— Два рублі здачы! У цябе знойдзецца?

— Ня знойдзецца, ваша высокаблагародзьдзе, — адказаў Швэйк, шнарачы ў кішэні. — Толькі адзін рубель.

— Аляксандра Аляксеевіч, — умяшалася ў гаворку дамачка, — любенькі, учора вы мне казалі, што ў вас ні капейкі, а ў самога тры рублі! Ну, а мне трэба купіць пудры і яна каштуе чатыры. Чаму вы мне не даеце грошай?

Палкоўнік у нерашучасьці спыніўся. Пасьля ён узяў з Швэйкавых рук рублёўку і перадаў яе разам з трохрублёўкаю жанчыне, пагардліва кінуўшы цырульніку:

— Ну вось, я пазычу ў цябе гэты рубель. Мне якраз нехапае рубля. Значыцца, я табе вінен цяпер два. У наступны раз, калі ты прыдзеш галіць мяне, будзе ўжо тры, і я аддам усё зараз.

Вярнуўшыся ў барак, Швэйк глянуў у лазарэт і паведаміў сваіх таварышоў:

— Добрую штучку прыслалі! І з ім яшчэ нейкая дзеўка!

Але стары Галаваценка зрабіў на дружыну добрае ўражаньне. Ён загадаў ёй выстраіцца і зьвярнуўся да яе з цікаваю абяцанкаю не пасылаць людзей на работу, пакуль інжынэры не дакляруюць плаціць ім па дваццаць капеек у суткі, як трэба паводле закону. А калі інжынэры не захочуць плаціць, дык няхай робяць самі. Ён-жа будзе абараняць інтарэсы сваіх палонных да апошняй кроплі крыві. І ён стрымаў сваё слова і выгнаў з канцылярыі дзесятнікаў, што прышлі прасіць яго паслаць палонных на пабудову.

Назаўтра зранку па вёсцы пашоў урачысты голас палкоўніка, што склікаў сваіх падначаленых:

— Адзявайцеся, хлопчыкі! Грошы вы атрымаеце! Інжынэр згадзіўся і прыслаў паведамленьне.

Цяпер было ўжо куды прыямней ісьці на работу. Рабілася цёпла, поле падсыхала, на бярозах зьявіліся пупышкі. І над распачатаю будоўляю чыгункі весела праляталі жоравы і плавалі нямецкія «таубэ».

У тыя дні шмат салдат накіроўвалася на фронт. Сьвежыя, маладыя, здаровыя, ішлі яны на захад, адкуль праз некалькі дзён санітарныя цягнікі вязьлі іх разьбітых і скалечаных. Расійцы рыхтаваліся да наступу.

Газэты падрыхтоўвалі сваіх чытачоў да нязвычайных падзей. Марэк і Ванэк гадзінамі чыталі газэты і абменьваліся меркаваньнямі пра тое, як скончацца ваенныя операцыі і сярод палонных распаўсюдзілася думка, што гэта — апошні год вайны, што цяпер нарэшце надышоў рашучы момант. І вось у адзін вечар расійцы пад прыкрыцьцём свае артылерыі, сапраўды рушылі наперад. Далягляд гарэў ад гранат і шрапнеляй, што з таго, і з другога боку сыпаліся туды. Зямля дрыжала, і дзынкалі шыбы. У ва ўсёй вёсцы ніхто не заплюшчваў вачэй.

— Ну, цяпер Габзбургскай дынастыі капут! — заўважыў Гаршына. — Цяпер рускія раней Вены ня спыняцца. Яны яе зоймуць яшчэ раней за Бэрлін.

— Ды ім даўно ўжо трэба было быць там! — падхапіў Пісклявы, — Даўно ўжо трэба было ім выгнаць адтуль гэтую сволач!.. Ды дзе там! З усёй гэтай гісторыі таксама ня выйдзе. Толькі рэволюцыя можа дапамагчы народам! Паўстаньні, з якіх родзяцца рэспублікі!

Гарматы раўлі, як у дзень страшнага суда. Усе напружана слухалі. Стрэлы набліжаліся і льга было ўжо распазнаць дробны сокат кулямётаў. Гаршына ўздыхнуў:

— Ой, браткі, дрэнная справа! Б’юць! Аб што ў заклад, што мы пабяжымо!

Ён пачаў зьбіраць свае рэчы. Але артылерыйская стральба пакрысе пачала заціхаць, а пасьля і зусім сьціхла; неўзабаве яна аднавілася дзесьці далёка. Рускія, відаць, з посьпехам разьвівалі наступ. Марэк прышоў у барак зусім прыбянтэжаны.

— У гэтую хвіліну, браткі, — сказаў ён, — паварочваецца калясо гісторыі. Або яно ўзьнімае нас на ўзвышша, або мы пападом пад яго і яно нас раздушыць. Як ты думаеш Швэйк?

Але адказу ня было, бо Швэйк спаў пад гукі канонады моцна і нявінна, як дзіцянё.

Энэргія, з якой палкоўнік Галаваценка сыскваў плату за работу ваеннапалонных, была патрачана не дарма. Ён сапраўды атрымаў грошы.

— Інжынэры мерыліся былі выплаціць грошы непасрэдна палонным, але палкоўнік на гэта не згадзіўся. Ён раскапаў недзе артыкул закону, які забараняў выдаваць грошы на рукі палонным, і заявіў, што будзе загадваць гэтымі грашыма да таго часу, пакуль аўстрыякі паедуць пасьля вайны дадому.

Ён зьнік на тыдзень, на працягу якога займаўся нейкімі таемнымі справамі ў Пецярбургу, і прывёз адтуль некалькі скрынь з жаноцкім адзеньнем, капялюшамі і ўсялякаю драбязою. Аўгіньня Васільлеўна, што жыла з ім, пачала франціць у раскошным убраньні.

Палкоўнік купіў сабе каня, купіў каня і Аўгіньні Васільеўне, і яны вечарамі выяжджалі насустрэчу галодным палонным, якія ледзь перасоўвалі ногі пасьля цяжкае работы; і маладая жанчына кожны раз прымушала іх расступіцца і выстраіцца шпалерамі па бакох дарогі.

У канцылярскім памяшканьні адбываліся папойкі, у якіх удзельнічалі спачатку толькі інжынэры, а пасьля і афіцэры суседніх часьцей. Аўгіньня Васільлеўна ўсім адкрывала сваё сэрца і свае абдымкі і разьяжджала па гасьцёх; тут яе часамі праводзіў цэлы гурт, не саромячыся панурых, раззлаваных салдат, што накіроўваліся ў перадавыя акопы, дзе ім было суджана скласьці свае галовы. Дайходзіла да таго, што з тэй ці іншай групы ніжэйшых чыноў кідаліся ўсьлед бліскучай кавалькадзе злосныя выклікі і заўвагі. Салдаты бурчэлі: «Панове афіцэры тут з дзеўкамі блядуюць, а ты ідзі за радзіму ўміраць!» Або: «Бач, як яны бацькаўшчыне верай і праўдай служаць!» А адзін раз хтосьці папусьціў у Аўгіньню Васільлеўну каменем, і палкоўніку, што ўздумаў быў за яе заступіцца, не засталося нічога іншага, як адразу падацца назад, калі ён не хацеў падпасьці пад немалую небясьпеку. Салдаты лаяліся ўсё мацней, і ў Аўгіньню Васільлеўну паляцела яшчэ некалькі каменьняў.

— Пачакайце, Расія не абыдзецца без рэволюцыі, — заўважыў з гэтага выпадку Марэк.

Пісклявы весела ляпнуў сябе па ляжках.

— Браткі, гукнуў ён, — дык гэта-ж яшчэ толькі ўвэртура. А вось вы зьдзівіцеся, як сапраўдная музыка пачнецца! Увесь сьвет яе пачне слухаць, і ў ва ўсіх буржуяў на зямной кулі звон у вушшу стаяць будзе!

— Няхай сабе граюць, што хочуць, абы нам быць да таго часу дома, — сказаў, пачухваючы сьпіну, Гаршына. — Дрэнна нам прыдзецца, калі нас прымусяць да тэй музыкі падыгрываць.

— Кожны робіць толькі тое, што можа і на што яго вучылі, — абазваўся задумённа Швэйк. — Кожная штука ў што-небудзь ды абходзіцца, а людзі заўсёды спрабуюць, ці ня можа той, хто зьнізу, выбрацца нагару. Праўда, тут любяць пагаварыць, паразважаць, але ўсё-ж доўга не важдаюцца. Ды гэта яно і павінна быць. Выказаць усё адразу і справе канец! Вось як гэтыя Іегеры ў Лібушы. Стары рабіў дома, а сын вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Празе. Праўду сказаць, ён найбольш гуляў, як вучыўся, і ўсё пісаў дадому каб яму прыслалі грошай. А стары, добры гэтакі, усе слаў ды слаў, а пра сына ўсім гаварыў гэтак: «Дорага мне каштуе весьці гаспадарку, але даражэй за ўсё абыходзіцца трымаць асла». І вось раз гэты сынок зноў гуляў цэлую ноч з таварышамі, а калі ў іх пад раніцу не хапіла грошай расплаціцца з гаспадаром таго месца, дзе яны гулялі, дык, каб ён іх не затрымаў, паслаў старому тэлеграму: «Егану Іегеру. Лібуш. Грошай. Сын». Праз гадзіну прыходзіць адказ: «Францу Іегеру. Прага. Дуля. Бацька».

— У цябе заўсёды нейкія дзіўныя параўнаньні, — заўважыў «доктар» Ванэк. — Нашто з-за гэтае штукі забіваць людзей? Ёсьць-жа і іншыя спосабы. Можна, напрыклад, скардзіцца.

— Калі я яшчэ адбываў вайсковую павіннасьць, — сказаў Швэйк, — у нас у палку радавы Прахаска задумаў паскардзіцца на фэльдфэбеля Бляшэка. Справа ў тым, што фэльдфэбель выцяў яго нагою ў жывот нібы за тое, што ён дрэнна вымыў падлогу. Ну, Прахаска вырашыў дакласьціся ротнаму. Стаіць ён на самым флянгу, а як ротны падышоў, Прахаска выступіў наперад, рукі па швох, і кажа па-чэску: «Так што, пане ротны, дазвольце далажыць, я скарджуся на тое, што пан фэльдфэбель Бляшэк ўбрыкнуў мяне нагою ў жывот».

Ротны яму на гэта: «Скажэце, — кажа, — гэта самае па-нямецку!»

Але Прахаска па-нямецку ня ўмеў, дык ротны на яго як накінецца: «Па-нямецку ня ўмееце, а дакладвацца ўмееце? А што гэта завецца начышчаная бляха? А што — вычышчаныя боты?» І — трах яму ў зубы! Той пашоў дакладвацца батальённаму. Але батальённы і слова яму ня даў выгаварыць. «Хіба гэтак чэсьць аддаюць? — раўнуў ён на яго. — Чэсьць аддаваць ня ўмееце, а паклёпнічаць умееце? Нягоднік, смаркач, падла гэтакая! Што-ж, начальства гэтакага ўжо і пальцам не крані? Я не ахвотнік да жорсткіх пакараньняў, але за гэтакую нахабнасьць атрымайце трыццаць сутак арышту пры казарме». Пасьля гэтага Прахаска нікуды больш скардзіцца не хадзіў, але праз некалькі дзён у піўніцы нейкія цывільныя гэтак зьбілі фэльдфэбеля Бляшэка, што на ім жывога месца не засталося, а калі выкідалі яго адтуль вон на вуліцу, дык сказалі: «Гэта табе за тое, што салдат нагамі б’еш!» А ротнаму нейк уночы пад аркадамі закацілі гэтакую аплявуху, што ў яго выскачыла шэсьць зубоў і ён ня мог нават гукнуць «гвалт», бо ў той-жа момант выявілася, што ў яго вывіхнена сківіца… Так, усялякія ў людзей бываюць спосабы, — скончыў сваё апавяданьне Швэйк, — і справядлівасьць бярэ верх неаднолькава. Што-ж, правасудзьдзе, кажуць, сьляпое, дык яго і абходзяць то так, то гэтак.

З прычыны жорсткіх рэпрэсыйных захадаў, баявы дух расійскай арміі і адданасьці ніжэйшых чыноў сваім афіцэрам узрасьлі нагэтулькі, што афіцэры не адважваліся больш выходзіць увечары і ўночы з дому, або езьдзіць па адным. Раз-по-разу заўважаліся выпадкі нападу на сёстраў міласэрднасьці, і нават Аўгіньня Васільлеўна, жанчына не баязьлівая, што прайшла агонь і ваду і медзяныя трубы, была вельмі ўстрывожаная і неадступна прыставала да свайго старога каханка, каб ён пастараўся перавесьціся з рабочай дружынай куды-небудзь глыбей у тыл, дзе было сьмялей.

Палкоўнік Галаваценка таксама пачуў, што паветра тут ня чыстае ад шкодных здароўю мікробаў, а калі кавалак чыгункі быў зусім скончаны і грошы ваеннапалонных перайшлі ў яго кішэню, ён паехаў у Віцебск з рапартам, што дружына яго стаіць без работы, і што яе варта было-б перавесьці ў ішшае месца, каб палонныя маглі зноў крыху падзарабіць.

Ад’яжджаючы, ён перадаў загадваньне канцылярыяй Аўгіньні Васільлеўне, і яго гэтая сяброўка, сапсаваная, распусная, дадумалася пабыць палонным заместа маці. Цяпер, калі яны не працавалі, яна пачала хадзіць з хаты ў хату, наглядаючы, як яны мыюць сабе кашулі, пішуць лісты, спрачаюцца пра вычытанае ў газэтах. Пасьля ёй раптам здалося, што «дактары» ня вельмі добра даглядаюць хворых і абыходзяцца з імі груба, дык яна загадала, каб ранішні прыём хворых адбываўся ў яе, бо на ёй ляжыць абавязак сачыць за здароўем людзей і ахоўваць іх ад усялякіх захворваньняў.

Зранку Ванэк і Марэк, у белых халатах, явіліся ў канцылярыю, дзе засталі Аўгіньню Васільлеўну за працаю: яна канчала свой туалет.

— Добрае раніцы, — ласкава прывітала яна іх. — А я ўсю ноч ня спала. Ах, якія страхі мне сьніліся! Палкоўнік ня едзе, і нават ня піша. Гэта ён усё дзеля вас стараецца, дзеля вас працуе. Што, сёньня шмат хворых?

І яна з цікавасьцю пачала глядзець, як абодва «вучоныя» выстуквалі, абмацвалі і выслухоўвалі хворых. А пасьля яна паклікала людзей да сябе бліжэй:

— Ну, падыдзеце, я вас таксама агледжу. Сёе-тое і я разумею ў хваробах; я-ж вучылася на мэдычных курсах у Маскве. Пачакай, галубок, ты кажаш, што ў цябе сэрца баліць, што табе дыхаць цяжка? Дыхай, галубок, я цябе выслухаю.

Яна абняла яго за стан і прыклала вуха да яго брудных грудзей, казлычучы яго сваімі пасмамі валасоў.

— Глупства, просты катар. Нічога страшнага. Прыдзеш дадому, жонка пакладзе цябе ў цёплую пасьцель, напоіць чаем, ты прапацееш і ўстанеш, як нічога ня было. Ну, а што ў цябе?

Яна бяз упынку балбатала, думаючы, што гэта ёй да твару. І хоць у яе з роту патыхала салолам і яшчэ чымсьці няпрыемным, яна як мае быць паблісквала вочкамі перад палоннымі і гаварыла да «дактароў»:

— От бачыце. Я і парашкоў ім не давала, і ёдам іх ня мазала, а вылячыла іх толькі маім мяккім жаноцкім сэрцам. Хіба гэта ня дзіва, доктар? Доктар, ды скажэце-ж, хіба я не найлепшая дапаможніца?

— Найлепшая! — сьмяючыся адказаў Ванэк, а Марэк прамармытаў:

— Гэтакая добрая, што пакрысе ўся дружына пачне цягацца сюды дзеля сьмеху.

І Аўгіньня Васільлеўна не пакідала абмінаць хворых, нічога не баючыся і ня спыняючыся перад гэтакімі рэчамі, якіх другая жанчына, з больш слабымі нэрвамі, ня вытрымала-б.

У той час сярод ваеннапалонных раптам зьявілася кароста; ад яе, як скардзіліся палонныя, быў страшэнны сьверб, вельмі-ж у прамежнасьцях і на ляжках, і Ванэк заявіў Аўгіньні Васільлеўне, што ён адмаўляецца аглядаць сваіх пацыентаў пры жанчыне. Але тая зазлавала і рашуча адказала яму:

— Чаму гэта? Вы начальнік дружыны ці я? Памятайце, што я павінна ведаць пра ўсё, што да палонных. А што калі яны заразіліся ад усялякіх патаскух? Гэта часта бывае, у нас у Расіі ўсё можа быць.

І, падфарбаваўшы сабе губы нейкаю парфумай, яна напудравала нос і катэгарычна заявіла:

— Заўтра зранку я ўсіх агледжу сама. Я люблю іх як сваіх дзяцей. Я-ж не дзяўчынка, якая ніколі ня бачыла мужчыны.

Дык Ванэк паслаў Швэйка па хатах з загадам, каб ўсе, што нядаўна захварэлі на каросту, а таксама і тыя, што ўжо лечацца сваімі сродкамі, напрыклад, мыюцца сваёю мачою, або націраюцца каламазьзю ці газаю, — зьявіліся назаўтра зранку ў канцылярыю на агляд. А з тэй прычыны, што Швэйк не забыўся паведаміць, што аглядаць іх будзе дамачка, у канцылярыю ў вызначаны час прышла ўся дружына.

Аўгіньня Васільлеўна яшчэ спала. Калі дзяншчык далажыў ёй, што хворыя ўжо чакаюць, яна адразу адзелася і, праціраючы вочы, загадала:

— Упусьці іх. А дактаром скажы, каб яны прышлі сюды. Гэткая хвароба — ня дзіцячыя цацкі. Тут патрэбна консультацыя.

— Добры дзень! — кінула яна «дактаром», калі тыя апынуліся ля яе. — Загадайце людзям разьдзецца. Я сама агляджу іх, а пасьля паеду ў Будслаў да старшага доктара, каб ён выпісаў нам якога-небудзь добрага лякарства.

— Першае аддзяленьне, слухай! — скамандаваў Ванэк. — Штаны — далоў! — Па парадку падходзь!

Людзі, ледзь стрымліваліся, каб не зарагатаць, пачалі падыходзіць. Аўгіньня Васільлеўна абмацвала іхныя ляжкі, расьцірала пухіркі і выконвала ўсялякія маніпуляцыі, абсыпаючы пацыента пытаньнямі:

— Раскажы, як было? Дзе пачало перш за ўсё сьвярбець? Паміж пальцаў?

— Паміж пальцаў, — адказваў пацыент.

— А пасьля? Ляжкі балелі, га?

— Балелі.

— А цяпер таксама баліць? Усё яшчэ сьвярбіць?

Усе страшэнна весяліліся, а Аўгіньня Васільлеўна, закончваючы агляд і перайходзячы да наступнага, гульліва гаварыла:

— Нічога, браце, неўзабаве вайна скончыцца, і ты паедзеш дадому. Жонцы яшчэ даволі застанецца… Ну, добра, ідзі… А што ў цябе? Раскажы, як была справа. Дзе пачало перш за ўсё сьвярбець?

Пачынаючы у соценны раз спачатку гэтую валаводзіну, яна матывавала сваю шчырасьць гэтак:

— Здароўе — самае добрае з усяго, што ёсьць на сьвеце. Трэба заўсёды пра яго клапаціцца. Калі, напрыклад, чалавеку адарве руку або нагу знарадам, дык ён вернецца дадому з крыжам, або з мэдалем, і жонка будзе ганарыцца гэтакім героем. А калі чалавек вернецца дадому з прычыны хваробы, дык з яго пачнуць сьмяяцца ўсе, а жонка яго кіне.

У адказ ёй грануў агульны рогат. Яна таксама засьмяялася, а пасьля гаварыла далей:

— Каб зьменшыць ваенныя бядоты, кожны павінен рабіць усё, на што мае сілы. Калі мужчыны ваююць, дык жанчыны павінны быць, прынамсі, солідарныя паміж сабою… Ну, далей. Раскажы, як была справа, галубок?

У яе спосабах аглядаць хворых і ўстанаўляць падрабязнасьці кожнага выпадку было гэтулькі навіны, што ніхто ня мог стрымацца. Людзі, у якіх каросты яшчэ ня было, прыходзілі да яе і скардзіліся, што ў іх таксама сьвярбяць ляжкі. Аўгіньня Васільлеўна дзівілася:

— Бачыш, якая гэта дзіўная хвароба. Пухіроў няма, скура не разьедзена, а ўсё-такі сьвярбіць. Ну, а як у цябе тут? Нічога? Усё ў парадку? Ну, ідзі.

Гэтыя агляды былі для ваеннапалонных гэткаю добраю разрыўкаю, што некаторыя з іх не задавальняліся адным разам, а заварочваліся ля дзьвярэй назад і спускалі нагавіцы, каб яшчэ раз даць аглядзець. Але тут Аўгіньня Васільлеўна выяўляла дзіўную памяць. Ня ўзьнімаючы вачэй, і ня гледзячы палоннаму ў твар, яна толькі кідала вокам на тыя месцы, якія ў яго сьвярбелі, а таксама і на цэнтральнае месца і казала:

— Ты ў мяне ўжо быў. Ня дурыся, я ўсё памятаю!

— Чаму ты прыходзіш трэці раз? — запытала яна Швэйка, які палічыў парэбным узяць яе памяць пад досьлед. — Сьмяешся з мяне, ці што? Доктар, паклічце старшага унтэр-афіцэра!

— Так што, дазвольце далажыць, — адказаў Швэйк, — я павінен быў зьявіцца. Я адчуваю, як кажуць, бязьлітаснае імкненьне, бо яно гэтак прыемна казлычыцца і…

— Добра, добра! — кінула Аўгіньня Васільлеўна і загадала расійскаму ўнтэр-афіцэру, што ўвайшоў у канцылярыю: — Насып у ранец роўна два пуды пяску і дай вось гэтаму чалавеку прастояць з ім кожны дзень па дзьве гадзіны. А ты, — зьвярнулася яна з сьмехам да Швэйка, — прыходзь да мяне праз тыдзень пасьля таго, як скончыш адбываць кару і раскажаш, як цябе пры гэтым прыемна казытала.

Значыцца, Швэйк стаяў пасьля абеду на выцяжку перад вокнамі канцылярыі; у ранцы ў яго было насыпана добрых трыццаць два кілё пяску. Навокал яго стаялі натоўпам, выскаляючы зубы, таварышы, а Аўгіньня Васільлеўна, падкучараўленая і напарфумленая, выглядала з акна, вельмі здаволеная сабою, сваёю справядлівасьцю і сваім умельствам трымаць у руках цэлую дружыну. Але Швэйк стаяў як каменны статуй, і гэта ёй хутка надакучыла. Яна загадала асядлаць каня і заявіла, што паедзе ў Будслаў да старшага доктара парадзіцца і па мэдыкамэнты.

Ужо седзячы ў сядле, яна яшчэ ўсё аддавала загады ўнтэр-афіцэру, які з пашанаю слухаў яе. Ён выправадзіў яе за вёску і, убачыўшы, што яна сапраўды паехала ў кірунку да будслаўскай царквы, што бялела на сонцы, проста накіраваўся да пакаранага аўстрыяка.

— Ну, браце, кідай пясок, — сказаў ён да Швэйка. — Я чалавек праваслаўны і ня буду мучыць палонных з-за гэткае сьцервы. Яна, сьвіньня тупарылая, заўтра ўжо і ня ўспомніць пра гэта. А калі і ўспомніць, дык я накладу табе ў ранец сена, каб у цябе плечы не балелі. Ідзі чай піць, брацішка.