Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/6/А калі надышла восень
← У тылу расійскае арміі | А калі надышла восень Раман Аўтар: Карэл Ванек 1932 год Пераклад: Кузьма Чорны |
Сем кар эгіпэцкіх → |
11
А КАЛІ НАДЫШЛА ВОСЕНЬ
Старшы інжынэр ваенна-інжынэрнага кіраўніцтва, якое рамантавала дарогі за лініяй фронту, быў чалавек сумленны. Раз ён дакляраваў выдаць палонным іх заработак на рукі, ён не хацеў, каб казалі, што ён ня стрымаў слова. Дык ён згаварыўся з сваім братам, артылерыйскім капітанам, што стаяў у той момант у Менску, каб той у суботу (у гэты дзень палкоўнік Галаваценка быў запрошаны з Аўгіньняй Васільлеўнай на банкецік у штаб суседняга палка) прыехаў да яго ў аўтомобілі, і, чакаючы яго прыезду, загадаў падрыхтаваць грошы і выплатныя ведамасьці і занесьці іх, разам з невялікім столікам, у лес, каля якога працавалі палонныя.
У гэты дзень палонныя зноў зрабілі дзіўную працу. Дарога была ўжо выслана жэрдкамі і маладымі дрэўцамі, на якія насыпалі пясок. Але з тэй прычыны, што з-пад іх і з-пад калёс пырскамі разьляталася балотная вада, інжынэр загадаў выслаць усю дарогу хваёвымі лапкамі, і от паўтары сотні чалавек рэзала ў лесе гэтыя галінкі, а пяцьдзесят чалавек шчыльна раскладвалі іх па дарозе.
Старшы інжынэр рабіў выгляд, нібы ўся справа ў тым, каб ельнік быў раскладзены ў роўнай адлегласьці галінка ад галінкі. Ён усё нагінаўся і штосьці папраўляў на дарозе, у той-жа час няспынна аглядаючыся на край лесу. Нарэшце там завыў аўтомобільны гудок, і неўзабаве пад’ехала машына. Інжынэр паволі пашоў на спатканьне двум афіцэрам, што вышлі з машыны і царамонліва з імі прывітаўся. Пасьля ён сабраў палонных і паведаміў, што прыехала вышэйшае начальства на рэвізію і што палонныя могуць заявіць яму ўсе свае скаргі і пажаданьні. Артылерыйскі капітан сказаў:
— Ваеннапалонным жывецца ў Расіі кепска, і расійскаму ўраду гэта вядома. Каб зьмяніць гэта ў лепшы бок, было створана адмысловае кіраўніцтва па справах ваеннапалонных. Гэтая ўстанова прымае ў сховань усё, што зарабляюць ваеннапалонныя і што ім пасылаецца з дому; яно кіруе іхняю маемасьцю бескарысна і выплаціць ім усё, што ім належыць, пасьля вайны, да канца якое, цяпер ужо, будзем спадзявацца, недалёка. А з тэй прычыны, што разрахунак з вамі робіцца па суботах, і вы працуеце, дык я і прыехаў, каб сваімі рукамі прыняць грошы.
Пасьля гэтай прамовы ён вельмі суха і практычна прапанаваў брату распачаць выдачу. Другі афіцэр выцягнуў з кішэні два лісты, пераклаў іх капіравальнаю папераю, адвастрыў алавок і паклаў усё гэта на столік. Інжынэр, бязьлітасна крывячы прозьвішчы, пачаў выклікаць палонных па сьпісу:
— Маравэк Антанін! Шэсьць рублёў!
Афіцэр запісваў прозьвішча і ставіў насупроць яе лічбу 6. Пасьля ён гаварыў палоннаму:
— Расьпішэцеся, што грошы атрымалі.
А інжынэр выклікаў далей:
— Тума Яраслаў. Шэсьць рублёў… Швамбэрг Ёсіф. Шэсьць рублёў. Вавёрка Францішак. Шэсьць рублёў…
Усе расьпісваліся, што атрымалі грошы. Пасьля афіцэр падвёў суму, інжынэр сабраў палонных навокал сябе, каб паказаць ім, што грошы сапраўды выплачваюцца, і афіцэр схаваў іх у пулярэс да расьпісак, копію якіх ён перадаў інжынэру. Капітан ганарова разьвітаўся, інжынэр правёў яго да машыны, і там капітан прапанаваў яму:
— Ці ня трэба вам у вёску? Садзецеся, мы вас падвязём.
І раней, чым гэтая тройца даехала да вёскі, палова грошай зноў апынулася ў інжынэравай кішэні.
Калі ў панядзелак палкоўнік даведаўся, што палонным ужо заплацілі за работу, ён пабег да інжынэра.
— Каму вы заплацілі грошы?
— Кіраўніцтву па справах ваеннапалонных, — з гонарам адказаў інжынэр.
— Што гэта там яшчэ за кіраўніцтва! — прашыпеў палкоўнік. — У вас ёсьць на гэта грашовыя дакуманты?
— Вось, калі ласка.
І інжынэр працягнуў яму складзеную копію расьпісак. Той праўцом паглядзеў на яго.
— А чые гэта подпісы? Што гэта за блянка? Дзе пячатка?
Інжынэр адно паціснуў плячыма. Палкоўнік ня вытрымаў і гукнуў:
— Злодзей, круцель! Абакраў маіх людзей! Які-небудзь ваш колега, гэтакі-ж самы круцель, як і вы, згроб гэтыя грошы! Добра-ж, я палонных на работу больш не пашлю! Я не дазволю абармочваць людзей на сваю карысьць! Ня пушчу іх, і няхай усе генэралы на гэтых дарогах сабе ногі паломяць! Ашуканец, ашуканец! У беднякоў, у самых сапраўдных старцоў апошняе ўкраў!
Ён кінуўся да хлява.
— Хлопцы, сёньня на работу ня пойдзеце, — узбуджана заявіў ён. — Грошай гэтых вы ня ўбачыце, прапалі вашы грошы!.. Але я да гэтага больш не дапушчу. Хутчэй вы ў мяне да канца вайны пралежыце на баку, чым я дазволю, каб у вас хоць капейку ўкралі.
—Прайшоў дзень, прайшоў другі. Інжынэр так і ня прыходзіў па іх, палкоўнік усё яшчэ быў узвар’яваны, а палонным пачало надакучаць гультайства і яны пачалі цягацца па вёсках навокал Вітунішак.
У гэтых мясцох палонныя ня былі яшчэ звычайнаю справаю, і таму іх усюды спатыкалі ахвотна. Насельнікі, сярод якіх было ня мала палякоў, пыталіся ў іх ці не каталікі яны, і тады выявілася, што агульнасьць веравызнаньня можа дапамагчы латвей даступіцца да жаночага сэрца.
— Вось-бы дзе Худзечку была лафа! — заўважыў нейк раз Пісклявы, вярнуўшыся ў вёску. — Тут ён знайшоў-бы выпадак наладжваць рэлігійныя гутаркі. Разумееце, толькі таму што я каталік, я «маліўся» сёньня з войтаваю дачкою. І за ўсю гэтую «духоўную ўцеху» я даў ёй кавалачак мыла.
— А ў якой ты вёсцы быў? — запытала адразу дзесяткі два галасоў.
Пісклявы няпэўна махнуў рукою ў кірунку да лесу:
— Унь там, у Глінішках. Там шмат салдатак — народ усё бойкі, пракіткі.
Вынаходзтва Глінішак з гэтакімі асаблівасьцямі іх насельніц мела за свой вынік тое, што ў бліжэйшую нядзелю ўсе мылі свае кашулі бяз мыла. Толькі ў «дактароў» асталося яшчэ два кавалкі мыла, што былі выданы як паёк. На іх з зайздрасьцю пазіралі ўсе палонныя.
— Бач, у іх яшчэ цэлы кавалак, а я сваё ўжо змыліў, — казалі тыя, у каго ўжо ня было мыла.
— Або, праўдзівей сказаць, спусьціў, — папраўляў іх Швэйк.
З тэй прычыны, што дружына не працавала, палкоўнік, каб людзі не патаўсьцелі, пашырыў постныя дні, калі на абед даваліся толькі сьмярдзючыя тараны, з серады і пятніцы, на ўвесь тыдзень і пачаў карміць палонных аднымі гэтымі таранамі. Гэта выносіла таньней, і, апроч таго, ён лічыў гэтакую яду вельмі карыснай.
Але з палонных ніхто не хацеў яе есьці. Спачатку яны гэтымі таранамі кідалі адзін у аднаго, а пасьля пачалі разьвешваць іх на хвоях. А аднойчы Смачок паціху пазьбіраў усю рыбу і кудысьці прапаў з ёю.
— Куды ён яе панёс? — запытаў Гаршына, бачачы, як пільна той аглядваўся па бакох.
— Прадаваць мужыком, мусіць, — адазваўся Пісклявы.
Сам Смачок на ўсе запытаньні ўпарта маўчаў, і некалькі дзён нікому і не ўдалося дазнацца, што ён робіць з таранамі. Але калі нейк зноў зайшла гаворка пра гэта, Швэйк, паміж іншага, заўважыў:
— Маладзец, Смачок! Цягне рыбу на той бераг рэчкі. Там у яго завялася нейкая кабецінка, якая дае яму за гэта «духоўную ўцеху».
На другі дзень упяршыню за ўвесь час ня лаялі сушаную рыбу. Смачок дарэмна шукаў таго месца, дзе дагэтуль кідалі рыбу, і дарэмна глядзеў людзям у рукі, ці не дадуць яму яе. Кожны загарнуў сваю рыбіну ў анучу з боту і схаваў у мяшок, узрадаваўшыся пра сябе:
— У нядзелю я наладжу сабе за яе «духоўную ўцеху».
Тараны зрабіліся новым сродкам выплаты. За адну рыбку людзі мылі адзін аднаму кашулі, за дзьве — аддавалі сваю порцыю тутуню, чаю, ці цукру. І мяшкі ператварыліся ў сэйфы, дзе захоўваліся гэтыя капіталы.
Праз два тыдні палонныя ўбачылі палкоўніка і інжынэра, якія сьпярша заўзята пра штосьці спрачаліся, а пасьля падаліся ў мірную, відаць, гутарку. А ў панядзелак, як тараны былі адданы ў дар Вэнэры і ад усёй працадуры асталіся толькі прыемныя ўспаміны і салодкая млосьць па ўсім целе, прышоў палкоўнік і сказаў:
— Ну, хлопцы, апранайцеся на работу. Інжынэр нарэшце дакляраваў плаціць за работу грошы на рукі. Я яго такі ўгаварыў.
На гэта Смачок, з сумам паглядаючы на пусты мяшок, у задуменьні сказаў:
— Абодва хлопцы згаварыліся разам абкрадаць нас. Эх, халера на іх!
Цяпер пачалі правіць дарогі ў другі бок, у кірунку да Гарадка. Гэта ў значнай меры ўзьняла сапсаваны нкастрой. І было яшчэ весялей, калі даведаліся, што пясок будуць вазіць гарадоцкія жанкі.
Дружына падзялілася. Палова накідала пясок на вазы, другая ссыпала яго і роўнамерна рассыпала па тракце. А бабы паганялі коняй, і дзеўкі вішчалі ад вясёлага абыходжаньня з імі палонных. Па дарозе праходжваўся ўзад і ўперад інжынэр і пазбадзёрваў работнікаў:
— Што-ж, работа ідзе. Але толькі трэба шпарчэй, хлопцы. Хутка мір будзе.
Ён падганяў іх, хваліў і частаваў папяросамі. Нарэшце ён запрапанаваў:
— От што, хлопцы! Давайце гэтак: скончым кавалак унь да таго вялікага дрэва, а пасьля па хатах. Згодны? Давайце працаваць зьдзельна. Нашто, сапраўды, калупацца цэлы дзень! Зробім сваё і пойдзем спаць. Ну як? Добра?
Каб працаваць нормальна, работы хапіла-б на два дні. Але пэрспэктыва пайсьці пасьля з таранамі, якія выдадуць на абед, з дзеўкамі і жанкамі ў лес, ці ў вёску, дзейнічала на людзей, як нагайка. Яны згадзіліся на прапанову інжынэра і вазы пачалі трашчаць пад цяжарам грузу, жанкі бажыліся, што коні падарвуцца, атрад па дарозе рассыпаў пясок гэтак, што небу рабілася горача. Інжынэр весела сьмяяўся. Яшчэ да таго як пад’ехалі кухні, праца была скончана. Садзючыся на каня, інжынэр сказаў:
— А заўтра мы возьмем унь той кавалак пад горкаю. Добра? Многа? Нічога! Лепш пастарацца, а пасьля як мае быць адпачыць!
Палонныя згадзіліся. Ён быў вельмі задаволены. Гэтае работы хапіла-б на чатыры дні, а цяпер ён быў упэўнены, што на яе пойдзе нават менш як адзін дзень.
Тракт быў вельмі людны. Раз-по-разу праяжджалі аўтомобілі з вышэйшымі вайсковымі чынамі; афіцэры часта загадвалі спыніць машыну каля палонных і распытвалі іх пра іх жыцьцё. Уважліва слухаючы, яны пакручвалі вусы і казалі:
— Дрэнна жывецца? А нашым салдатам у вас яшчэ горш. Нашых людзей вы запрагаеце ў плугі і арацё на іх. Так, так, добрых спраў нарабіла вайна, але нічога не папішаш! Вайна ёсьць вайна, і даводзіцца цярпець.
І яны рабілі знак шофэру ехаць далей.
Ка6 запыталі яны ўдалага ваяку Швэйка, што ён думае наконт іхніх запытаньняў, ён ім адказаў-бы:
— Вы ўсе — якраз як тыя судзьдзі, што прыгаварылі цыгана Ружычку на шыбеніцу за тое, што ён засек аднаго яўрэя сякераю. Асуджанага пасадзілі ў адзіночку і прыставілі да яго наглядача, каб той гуляў з ім у карты і наогул усяляк забаўляў яго, каб таму ня было нудна. Кожны дзень да яго прысылалі доктара, які яго пытаўся: «У вас галава не баліць?» або «Як вы сябе адчуваеце? Здаровы?» і тры разы ў дзень мераў яму тэмпэратуру і лічыў пульс. Яму паставілі плёмбы на зубох, зрэзалі мазалі на нагах, рабілі яму манікюр, купілі яму вежэталю на валасы і крэм ад рабаценьня, а нарэшце сказалі яму: «Сёньня можаце заказаць сабе на абед усё, чаго ваша душа хоча. Пашкодзіць вам нічога ня можа, бо кат ужо тут, і заўтра зранку ён вас павесіць». З гэтакімі ўцехамі ён і пашоў на шыбеніцу.
Але Швэйка ня пыталі пра яго думкі, дык ён іх і ня выказваў.
Жыцьцё аднастайна цякло з дня ў дзень, хіба што весялела абменам на тараны, або асьвяжалася гвалтам, які няйначай адбываўся, калі якая-небудзь жанчына прымала рыбу адразу ад двух «кавалераў», ці ўзрушвалася весткаю, што «дактары» зноў каго-небудзь накіроўвалі з венэрычнаю хваробаю ў лазарэт.
Затое дачыненьні паміж вясковымі жанкамі і палоннымі зрабіліся за той месяц, калі аўстрыякі працавалі ў гэтых мясцох, гэтакія сардэчныя, што, абы толькі хто-небудзь з палонных увайходзіў у хату, дзе гаспадыня, або дачка была адна дома, раней за ўсё задавалася пытаньне:
— А што ты прынёс? Мыла ці тараноў? Пакажы адно, дзе ў цябе мыла, дзе ў цябе тараны?
Дарога была нарэшце папраўлена, сярод балот красаваліся новыя драўляныя масты, жыта прыбрана, і аднае раніцы інжынэр сам прышоў у хлеў і заявіў.
— Грошы за работу я выплаціў вашаму начальніку. Дзякую вам, вы добра працавалі. Вось вам ад мяне асобна на тутунь.
І, паціснуўшы кожнаму руку, ён раздаў усім па папяровым рублі.
У гэты дзень палонныя асталіся ў хляве. Інжынэр і будаўнічая кантора паехалі на фурманках, на якія нагрузілі ўсю маемасьць, а палкоўнік, перадаўшы загадваньне дружынаю зноў Аўгіньні Васільлеўне, накіраваўся ў Віцебск даведацца, што яму рабіць з сваімі людзьмі.