Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/5/Швэйкаў анабазіс

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сугляды і вясельле Швэйкаў анабазіс
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек
1932 год
У сібірскім лягеры
Пераклад: Тодар Кляшторны і Зьмітрок Астапенка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




9

ШВЭЙКАЎ АНАБАЗІС

Трахім Іванавіч прывёз іх у земскую ўправу і, цярэбячы ў руках шапку, здаў іх у канцылярыі пісару. Той, нават ня зірнуўшы на іх, тут-жа аддаў загад:

— Заўтра я вас пашлю на працу да другога селяніна. У нас шмат патрабаваньняў. Ідзеце пакуль што на двор, там вам старая скажа, дзе вам можна пераначаваць.

Трахім Іванавіч шчыра разьвітаўся з імі, пажададаўшы ім ўсяго добрага і надаваўшы ім процьму каштоўных парад.

— Не прапеце грошай, хлопцы, — казаў ён. — Ня губеце сваіх душ, не вядзецеся з кабетамі і купеце сабе высокія боты на зіму.

Усё гэта былі вельмі добрыя парады, а апошняя з іх — самая практычная. У Марэка боты былі без падносак, а Швэйкавы боты былі падобныя да разяўленых зяп кракадылаў. І вось, апынуўшыся ўдвох у цёмнай, бруднай камеры, дзе ад вошай варушылася рэдка пасланая салома, яны пачалі сур’ёзна абмяркоўваць гэтую параду.

— Але-ж такія боты каштуюць самае малае пятнаццаць рублёў, — сказаў Марэк, задумена ківаючы галавой, — а ў нас у кожнага толькі па дзесяць.

— Ну, дык я настраляю колькі-небудзь у цягніку, — вялікадушна прапанаваў Швэйк.

— Нічога ня купляйце, — сказаў з-пад лавы ў куту нейкі чалавек, якога яны спачатку не заўважылі, — і ня ідзеце працаваць да сялян… Хіба вы перайшлі ў Расію, каб працаваць? Хіба наша справа выручыць гэтых людзей? казаў ён далей, пралязаючы паміж ножак лавы на сярэдзіну камеры. — Вось вы зарабілі дзесяць рублёў за ўсё лета, а самі цяпер босыя і голыя. І будзеце апускацца ўсё ніжэй ды ніжэй, як панскі вазьнік, калі яго пераводзяць у пастухі, а на старасьці год прымушаюць пасьвіць гусей.

Незнаёмы змоўк і пачаў калупаць у носе, а потым так ёмка высмаркаўся на падлогу, што ледзь-ледзь ня трапіў у Швэйка. Нарэшце, ён зірнуў абудвым у вочы і сказаў:

— Браццы-таварышы, я бачу, што вы з Прагі. Не спрачайцеся, я бачу гэта па вашых абліччах. Вы, можа, і старыя падлы, але ў палоне — праўдзівыя навабранцы. А я, браццы, чалавек бывалы. Я, браццы, на трэці дзень па-тым, як абвясьцілі вайну, апынуўся ў палоне. У вас па дзесяць рублёў, — сказаў ён урачыста, — а ў Сібіру, браццы, можна атрымаць за дзьве капейкі фунт хлеба, за капейку — два яйкі, за пятак — зайца, а за грыўню — цэлы мэтар кракаўскае кілбасы. У самаварах там столькі вады, што і за век яе не папіць, а махоркі вам за чатыры капейкі насыпяць во-о колькі! На дзесяць рублёў вы пражывеце там зіму, як бароны! Наплюйце на ўсіх гэтых ідыётаў з іхнай працай, з іхнай капустай ды кашай. Лёзунг кожнага сумленнага палоннага на гэту зіму такі: «У лягер! У Сібір! У Сібір! У Сібір!

Незнаёмы доўга скроб у сябе ў рыжай барадзе, а потым падыйшоў да двух таварышоў і падаў ім руку:

— Маё прозьвішча — Гаршына, мэтр д’отэль, служыў у лепшых праскіх і венскіх рэсторанах.

— Язэп Швэйк з Прагі, на Боітшы, рэсторан «Поўная чара», — першы пасьпяшаўся адрэкомэндавацца Швэйк; Марэк, разглядаючы галадранца, які стаяў перад ім у падранай вайсковай форме, з якой лахманы зьвісалі, як кавалкі старога баявога сьцягу, ня мог стрымацца ад сьмеху.

— А мяне завуць Марэк, волынапісаны. Ведаеце, мэтр д’отэля ў такім выглядзе я сабе ніколі не ўяўляў.

— Гэта таму, што твае мазгі таксама крануў час, таварыш, — весела адказаў Гаршына. — Апрача таго, я толькі ўчора ўцёк з шахты нездалёк ад Растова. Уся бяда была ў тым, што я меў няшчасьце трапіць у лапы казаком, дык трэба было цэлых два тыдні, пакуль я мог уцячы. Слухайце, таварышы-браццы, сьцеражэцеся ў Расіі горш за ўсё цара і шахтаў. Горш за гэта, ведаеце, няма нічога на сьвеце. Працуеш там, пакутуеш; кожным каменем можа цябе забіць. А ня хочаш працаваць, дык цябе заб’юць салдаты на сьмерць бізунамі. І цэлы дзень ня чуеш там нічога іншага, апрача грубых, самых крыўдных лаянак, па мацеры і наогул.

— Так, але цар хацеў гэта забараніць, — сур’ёзна зазначыў Швэйк, — і ўжо быў прапанаваў радзе міністраў падрыхтаваць адпаведны загад. Яны склікалі нараду, падрыхтавалі загад і аддалі яго цару на подпіс. А ён чытае: «Мы, боскай літасьцю, Мікалай другі, самаўладца ўсерасійскі, вялікі князь фінляндзкі, і іншае, і іншае, загадваем усім нашым вернападаным, каб кожнага, хто ад гэтага часу будзе зьневажаць маці другога, каралі пяцьцюдзесяцьцю ўдарамі бізуном і ссылалі ў Сібір на працу ў валавяныя капальні. Дадзена ў Санкт-Пецярбурзе, і г. д.». Цару гэта дужа спадабалася. Хацеў ён ужо загад падпісаць, шукае пяра — няма пяра. «Прынясі мне пяро, хутка!» — кажа ён галоўнаму камэр-лёкаю. А той кідаецца да малодшага камэр-лёкая: «Дзе-ж пяро… тваю маць! Нясі хутчэй!» Цар гэтыя словы пачуў і думае: «Час загад падпісваць, час. І дзе гэта мае паданыя так нядобра лаяцца навучыліся?» Памакнуў пяро ў атрамант, падпісвае: «Мікалай» і раптам робіць кляксу, ды са злосьці як вырвецца ў яго: «Ах ты… тваю маць!..» Ну, тут ён загад зараз-жа падраў, а другога пісаць не казаў, а свайго галоўнага камэрдынэра выслаў у Архангельскую губэрню, якая пад самай Камчаткай.

— Ты з такімі апавяданьнямі тут спасьцерагайся, даражэнькі, — параіў былы мэтр д’отэль, — і не скажы чаго такога на людзях, стары капялюш. Гэта можа табе тут дорага абыйсьціся. І ня крыўдуй, што я назваў цябе «старым капялюшом», а прымі гэта за бацькаўскае навучаньне.

Швэйк падзякаваў яго мяккім позіркам сваіх блакітных вачэй і пасьпяшаўся сказаць яму што-небудзь прыемнае:

— Ты, браце, як я бачу, дужа разумны чалавек. Ты мне дужа падабаешся.

У гэты момант адчыніліся дзьверы і ў камеру ўвайшоў пісар, разам з вялізным доўгавалосым селянінам у старым кажуху. Пісар паказаў рукой на палонных:

— Ну, вось табе тры штукі. Усе добрыя працаўнікі. Выбірай.

Селянін вымераў іх з ног да галавы гаспадарскім поглядам.

— Ды мне патрэбны толькі адзін, але калі яны дарма, дык вазьму і двох.

— Дарма яны і дарма, але кашулю прыдзецца табе ім даць, — сказаў пісар, — і справіць ім боты. Такі парадак. Цар-бацюшка так загадаў.

Селянін сьцягнуў з галавы ўбогую шапку, пачухаў патыліцу і ўздыхнуў:

— Эх, дрэнна начальства кіруе… Ну, але добра, зраблю ўжо ім, што трэба. Давай вось гэтых двох, — паказаў ён пальцамі на Швэйка і Гаршыну.

— Зараз іх бярэш ці не? — запытаўся пісар.

— Заўтра раніцой, васпане.

— Так і ведай, я з табой не паеду, барада, — сказаў Гаршына, — пакуль ты мне не дасі кашулю і кажух. На тое ёсьць закон.

— Удварэ я табе ўсё дам, — паабяцаў селянін.

— Як гэта «ўдварэ»? Дзе ты іх возьмеш? У самога ў цябе боты падраныя, і кажух увесь у дзюрках, — спрачаўся Гаршына. — Апрача таго, я ня ўмею працаваць. Я мэханік, оптык, і ўмею рабіць толькі акуляры. Хіба ў цябе акулярная майстэрня?

— А я ўсё сваё жыцьцё адно лётаў на аэропляне, — паважна сказаў Швэйк. — У мяне ўсё ляціць дагары нагамі. Ты, напрыклад, запражэш валоў, накладзеш воз сена, дасі мне ў рукі пугу, а потым ідзі шукай мяне пад хмарамі. Такі ўжо я чалавек.

Селянін завагаўся і, ня ведаючы што рабіць, запытальна зірнуў на пісара. Той прашаптаў яму: «Пачастунак будзе?» — і калі селянін кіўнуў у знак згоды, выскачыў за вароты і нешта крыкнуў на вуліцу.

Потым ён вярнуўся са стражнікам, які бяз усякіх размоў аперазаў усіх трох палонных бізуном па сьпінах.

— Вось табе акуляры, вось табе аэроплян, вось табе аўтомобіль! Чакайце, аўстрыяцкія чэрці, сукіны дзеці, я вам пакажу, як не паважаць нашых праваслаўных. Бяры іх, — крыкнуў ён селяніну, — бяры іх зараз-жа! Я вас навучу, як слухацца начальства!

Ды мне яшчэ перш на рынак трэба, бацюхна, — сказаў селянін. — У мяне жонка на рынку кавуны прадае. А пасьля рынку я прыду за аўстрыякамі. Дзякую табе, юацюхна, што павучыў ты іх трошкі за гультайства.

І ўсе ўтрох выйшлі.

— Ён мне здорава засьвяціў, — прызнаўся Швэйк, пачухваючы сьпіну. — Строгія, няма чаго казаць. Вядома, і з палоннымі трэба строгасьць. Бо які-ж гэта-б быў стражнік бяз строгасьці?

— Такі дурань гатоў і забіць чалавека, — хваляваўся Гаршына. — «Будзеш працаваць? Ага, ня хочаш? Дык вось-жа табе!» Ах, каб я толькі мог адплаціць гэтай быдліне.

Да яго злоснага голасу далучыўся Марэк, пытаючы: што-ж цяпер рабіць?

Гаршына правёў рукой па твары, нібы зьмятаючы з яго нейкую павучыну. З кішэні ён выцягнуў кніжку, зірнуў туды, склаў яе і сказаў:

— Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго! Мы-ж усе чэхі, ці так? Хлопцы, вы абедалі? Тут ніхто вас карміць ня будзе. Я папрашу старую згатаваць нам чаю. Дайце паўрубля, я пайду на рынак і куплю кілбас. Хлеба ў вас ёсьць? А потым мы зьнікнем па-француску.

Праз нейкі час ён вярнуўся са сваім вялікім чайнікам, засыпаў туды чаю, выцягнуў з-за пазухі кавалак чайнае кілбасы і разрэзаў яе на тры часткі.

— Гэта, казаў той, наша апошчяя вячэра перад карай, — заўважыў ён. — Мы перапілуем краты і ўцячэм як граф Монтэ-Крысто! Вып’ем, хлопцы, за ўсё, што здарыцца з намі сёньня і наогул калі-небудзь у Расіі! Так! А цяпер — ранцы на сьпіну і гайда!

Ён пераклаў рэчы з Марэкавага мяшка ў Швэйкаў ранец, пусты мяшок паклаў у свой і з самым бязьвінным абліччам пайшоў да пісара ў канцылярыю. Той узьняў галаву ад кнігі:

— Куды?

— На рынак, за гаспадаром. Ён купіць нам боты, бо кавуны ён ужо прадаў. Ранец мы пакладзем да яго на клёсы, і ён яшчэ заедзе сюды разам з намі, — сьпехам адказаў Гаршына па-расійску. А па-чэску дадаў: — Як раз так! Шукай нас потым!

— Ты іх правядзеш, а потым вернешся, — загадаў ён Марэку, бачучы, што ў таго нічога няма ў руках.

— Ну, куды-ж мы цяпер пойдзем? — запытаў Марэк ля варот.

Гаршына зірнуў ува ўсе бакі, як тхор, які шукае, дзе-б пралезьці ў курыны катух, і ляконічна кінуў:

— Спачатку на рынак, а потым на станцыю.

Яны спаткалі таго самага стражніка, які іх адлупцаваў. Убачыўшы, як яны сьпяшаюцца, ён засьмяяўся і крыкнуў ім ўсьлед:

— Да пабачэньня, хлопцы!

— Лепш мне спаткацца з мядзьведзем на Урале, чым з табой, сьцерва, — буркнуў Гаршына.

Не атрымаўшы адказу на запытаньне, што яны будуць рабіць, Швэйк радасна крыкнуў:

— Значыцца, мы цяпер упяршыню без анёла-абаронцы? Значыцца, мы цяпер самовызначыліся!

— Куды, куды? — запытаў у іх жандар, што нудзіўся на пэроне.

— Мы едзем з казаком, — спакойна адказаў Гаршына. — Нас пасылаюць на працу ў лягер. Казак крыху забавіўся на рынку, а нас паслаў наперад.

Ён павярнуў назад, пайшоў да выхаду, зірнуў на пляц і крыкнуў некуды:

— Гэй ты, там! Ідзі хутчэй! Цябе жандар кліча!

— Добра, добра, — прамармытаў жандар. — Я толькі хацеў ведаць, ці ня зьбеглі вы. Усюды гэтых аўстрыйцаў поўна, усе ўцякаюць ад працы.

Ён адыйшоўся і пачаў назіраць за лямпаўнікам, які чысьціў станцыйныя лямпы.

— Ну, дык куды-ж мы едзем? — зацікавіўся Марэк.

— Куды вочы глядзяць, — прасіпеў Гаршына.

— Вы мне нагадваеце аднаго майго знаёмага з Панкрат, — сказаў Швэйк, — які па нядзелях па абедзе заўсёды казаў жонцы: «Значыцца, я іду. Пайду я ці ў «Лішку», ці ў «Банзэт», ці ў рэсторан «Тры каралі», ці да Палівеца, ці ў «Шэнфлёк», ці ў піўніцу «Вясёлая даліна». Калі што здарыцца, дык паклічце мяне з адной з гэтых устаноў. Але жонка ніколі па яго не пасылала, а заўсёды яго прывозілі ў «труне», у фургоне, які развозіць п’яных ушчэнт, бо ён заўсёды пакідаў на гэты выпадак шэсьцьдзесят хэльлераў у кішэні і пісульку са сваім адрасам, каб ведалі, куды яго здаць. Пакуль ён аднойчы не затапіўся ў Ботычэ, а ў пісульцы, засунутай за істужкі капялюша, ён напісаў, што прапіў і гэтыя шэсьцьдзесят хэльлераў і што ён ня хоча вяртацца ў Панкраты пеша.

Вакзал напоўніся людзьмі. Наехалі сяляне, салдаты, казакі і кабеты, і Гаршына ўсё пазіраў на жандара, які раз-по-раз абарачваўся да іх; потым ён завёў гутарку з адным казаком, які пытаў, хто пераможа ў гэтай вайне.

— Гэта цяжка сказаць. Немец, сукін сын, дужа моцны, але і Расія дужа моцная. Немец — хітры чорт, за тое ўжо казакі — малайцы-хлопцы!

Узрадаваны казак выпнуў грудзі дугой і ўдарыў сябе па іх кулаком.

— Вось гэта ты правільна сказаў! — крыкнуў ён. — Ты пра Кузьму Кручкова чуў? Гэта, браце, герой! Ён адзін закалоў трыццаць сем немцаў, застрэліў іх, засек шашкай, а самаго яго нават вось столькі не чаплянула, і не адна валасіна з яго галавы не звалілася.

— А ён быў бяз шапкі? — неасьцярожна запытаў Швэйк.

Казак, не зразумеўшы яго, зноў ударыў сябе правай рукою ў грудзі, паказаў растапыраныя пальцы свае рукі, якая была падобна да лапаты, сьціснуў іх потым у кулак і тыркануў яе Швэйку пад нос са словамі:

— Вось, глядзі, калі-б немец захацеў біцца! Вось як яго-б схапілі гэтыя кулакі! Але гэтага гэты чорт, гэты сукін сын ня хоча! Ён усё пнецца ўзяць сваёй тэхнікай! Тэхніка ў яго моцная!

— Твае кулакі пахнуць магілай, — сьціпла зазначыў Швэйк, адварочваючы нос ад накіраванага ў яго кулака. Мазак, зразумеўшы, што Швэйкавы словы вырашаюць хвальбу, крыкнуў на ўвесь вакзал:

— Вось як мы пойдзем на немцаў, на аўстрыйцаў, на туркаў! Вось як мы ім зубы павыбіваем!

І ў сьвятым, патрыётычным запале ён выцяў Гаршыну кулаком па барадзе так, што ў таго зубы ляснулі і ён пахіснуўся.

— Даруй, — ахамянуўшыся сказаў казак, калі Марэк і Швэйк дапамаглі свайму сябру ўстояць на нагах, — даруй, што я саграшыў. Сапраўдны расіец ня можа думаць пра забойцу інакш як у злосьці. А грэх ужо і тут, не пасьпееш і вокам міргнуць.

У вачох у яго заблішчэлі сьлёзы. Ён выцягнуў з кішэні пачак папярос, працягнуў іх Гаршыне і яшчэ раз сказаў:

— Даруй ты мне, я ня мог стрымаць свае сілы. Як? Немец, сукін сын хоча нас перамагчы?.. Што-ж, чакай, ня хопіць у яго патронаў і тэхнікі, дык мы яго кулакамі во як адлупцуем! — нечакана закрычаў ён і так моцна размахнуўся ў бок Марэкавага носу, што ледзь пасьпеў адскочыць.

— Ён такі-самы, як нейкі Коршынэк з Нучыцэ, — зазначыў Швэйк, адступаючы перад казаком, які гатоў быў давесьці і яму ўсю глыбіню свайго абурэньня і свой сур’ёзны намер біцца да канца. — Гэты Коршынэк служыў за фурмана ў аднаго селяніна і заўжды гутарыў з коньмі. Напрыклад, едзе ён на гнедым у Прагу і расказвае яму ўсё, што здарылася і што казаў яму гаспадар: «Учора я ў шэсьцьдзесят шэсьць прайграў дваццаць хэльлераў, а Пазьдзернік, гэты круцель, іх выйграў», і сьцёб! каня пугай па сьпіне. «А гаспадар, ліха на яго!» — сьцёб! зноў каня па сьпіне, — «сёньня раніцой мне кажа, што я ўчора быў п’яны, як сьвіньня, — зноў пугай, — «і гаспадыня, гадаўка, ударыла мяне па твары,» — сьцёб! сьцёб! па кані, — дык па-мойму» (сьцёб!) «усіх гаспадароў трэба пасадзіць у адзін мех ды ў ваду!» — (сьцёб! сьцёб! сьцёб!). А аднаго разу пасьля фэсту ён расказаў гнядому, як яго вытурылі ў Душніку з піўніцы і як поліцыя, паводле заявы аднаго профэсара, прыцягнула яго да адказнасьці за катаваньне жывёлы, а ён ў аддзяленьні казаў: «Ды даруйце, навошта-ж мне каня катаваць? Я яго нават дужа люблю, я яму ўсё расказваю, што ў мяне ў думках». Але толькі гэта яму не дапамагло, бо каня нельга было паставіць ў сьведкі.

На вакзале прагучэў сыгнал, пасьля якога да пэрону пад’ехаў цягнік. Вартаўнік, нібы робячы нешта вялікае, ударыў у звон, і Гаршына штурхнуў Швэйка.

— Кінь ты лухту верзьці! Хутчэй, за казаком у трэцюю клясу!

Званок зазваніў у другі і трэці раз і Гаршына, высунуўшыся з вакна, калі цягнік крануўся, крыкнуў жандару:

— Бывай, стары! Перадай прывітаньне пісару і земскай управе.

З другога вакна выставіў галаву Марэк і, зірнуўшы на сонца і рэйкі, якія беглі ў даль простай рысачкай, крыкнуў у вагон:

— Мы едзем проста на поўдзень!

Вагон быў напалавіну пусты. Яны занялі кожны па лаве; Швэйк падклаў сабе пад галаву ранец і нібы паміж іншым запытаў:

— Што-ж мы скажам? Што даганяем свой эшалён? Што цягнік з нашымі ідзе паперадзе?

— Не, — коратка сказаў Гаршына.

— Што-ж у цябе можа ёсьць білеты? — расьцягваючы словы, запытаў Марэк. — Ці табе далі ў рукі літэр?

— Так, у мяне ёсьць літэр, — адказаў Гаршына. — Вы толькі, ня турбуйцеся, усё будзе добра.

Вагон мякка ўздрыгваў, пагрукваючы на стыках. Палонныя паснулі; ападалі змрокі і падыходзіла ноч. Раптам пачуліся нечыя галасы:

— Вашы білеты? Пашпарт? А ну, пакажэце!

У вочы бліснула сьвятло ліхтару. Над аўстрыйцамі схіліліся кандуктар і жандар, а за імі стаяў контралёр. Убачыўшы, хто гэтыя пасажыры, усе тры ў адзін голас крыкнулі:

— Ага, аўстрыйцы? Ну, а дзе ваш канвой?

Марэк, праціраючы са сну вочы, зірнуў на Гаршыну. Жандар смаргануў за нагу Швэйка, і той, узмасьціўшыся на верхняй лаве, як курыца на кураседні, са зьдзіўленьнем глядзеў на тых, хто парушыў яго спакой і, сонна пазяхаючы на ўвесь рот, мармытаў:

— А вось і яны! У добрую трапілі мы гісторыю!

— Я пытаю, дзе ваш канвой? — пераказаў ужо больш строга жандар; кандуктар, пад позіркам контралёра, стаў таксама прычэплівы.

— Я-ж кажу, браццы, што мы папаліся, — задаволена гаварыў Швэйк, зьбіраючы свае рэчы. — Цяпер яны нам маршрут дадуць і пакажуць ужо, гэтыя тры славянскія браточкі.

Жандар і контралёр, пачуўшы словы «славянскія браточкі», мімаволі азірнуліся, і Гаршына, злавіўшы іхны позірк, сказаў жандару па-расійску:

— Тут я свае дакумэнты ніяк ие магу паказаць. Гэта сакрэт, політычная тайна. Выйдзем на калідор. Хадзем, таварышы!.. Мой дакумант атрыманы непасрэдна ад цара, і на ім подпісы ўсіх міністраў, — сказаў ён жандару, падаючы яму вялікую, старанна складзеную паперу.

Жандар асьцярожна разгарнуў яе; асьвятліўшы яе сваім ліхтарыкам, ён струніўся, нібы стаяў перад самым царом, а потым, ўзяўшы пад казырок, пачаў чытаць.

Гаршына стаяў, спакойна ўсьміхаючыся, да пары з статуём, у якога абярнуўся жандар. Швэйк гутарыў з кандуктарам, стараючыся даведацца, куды іх накіруюць, а Марэк, занепакоены паводзінамі жандара, Гаршыны, і контралёра, які зазіраў цераз жандарава плячо ў паперу поўнымі цікавасьцю і павагі вачыма, устаў на цыпкі і таксама зірнуў на таемны дакумант.

Гэта было мэню рэсторана «Чорны Конь» у Празе. На блакітным фоне разгортваў свае крыльлі вялікі літографаваны арол, а пад ім каліграфічным почыркам у трох слупкох на чэскай, францускай і нямецкай мовах было напісана, што прыгатавана ў той дзень у рэстораннай кухні на абед і чым маглі пацешыць сябе наведвальнікі рэсторану а-ля-карт.

І вось гэтыя тры слупкі, напісаныя лацінкай, са зьдзіўленьнем разглядаў цяпер расійскі жандар, якому, відаць, і ў думку ня прыходзіла, што за «дакумант» яму падсунулі, і які сумленна стараўся разгадаць яго сэнс і значэньне.

— Дальбог, нічога не разумею, — уздыхнуў ён нарэшце, абціраючы рукавом пот з лобу. — Дужа дзіўна напісана. Нельга разабраць, што гэта азначае.

Тады пашпарт ўзяў у рукі сам контралёр і агледзеў яго з усіх бакоў. Потым, водзячы пальцам па радкох, ён пачаў чытаць:

Polėvky hnëdė Consommė Klare Suppe
ryzoová au ruz Reissuppe
s nudlemi au pot d’Italie Nudelsuppe
Polėvky bilë Potage clairWeiss Suppe
Z kvėtáku de chau-fleur Karfilosuppe
Z mozku de arvell llirnsuppe


— Гэта па-чэску, па-француску і па-ангельску, — спакойна растлумачыў Гаршына, заўважыўшы, што і контралёр ня мог нічога зразумець. — Гэта наш пашпарт для ўсіх саюзьнікаў. Мы едзем з сакрэтным політычным і дыплёматычным заданьнем.

— А куды маеце ехаць? — запытаў, млеючы ад далікатнасьці, жандар.

— Адсюль, — адказаў паважна Гаршына, дакрануўшыся пальцам да мэню, — адсюль мы едзем вось сюды, сюды і сюды. Тут мы затрымаемся крыху больш, а потым вернемся ў Петраград. І, поркаючы пальцам у асобныя словы, ён голасна чытаў:

RetkvickyRadis Radieschen
Ostendske ústrice Huitres Ostender Austern
Majonesa Z lososa Saumonsance mayonnaise Lachsmaynnaise[1]

— Так і ёсьць, гэта па-ангельску і па-француску, — сказаў контралёр жандару, які зьдзіўлена глядзеў на пасажыраў, што ехалі з дакумэнтамі ад самой рады міністраў. — Я ведаю, што «Майонэз» францускае слова. А вы хто будзеце? — Зьвярнуўся ён да Марэка.

Марэк пачырванеў, але ня ўправіўся ён знайсьці словы на адказ, як Гаршына ўжо соладка загаварыў:

— Ня будзьце, прашу вас, такія цікавыя. Разумееце, — сакрэтнае, зусім асабістае заданьне… Аховы вышэйшых дзяржаўных інтарэсаў і таямніц…

І ён паказаў на арла, які разгарнуў свае крыльлі ад чэскай «Retkvicky» да слова «Radieschen»

— Дазвольце вам адказаць, — улез у гутарку Швэйк і, абводзячы пальцам па аднаму абзацу ў кожным слупку, сказаў, нібы заражоны нахабнасьцю Гаршыны:

— Гэта мае імя, па бацьку, і прозьвішча, гэта — яго, а гэта — яго.

І, ніколі не саромячыся, прачытаў:

Rostėnka Felet saate Rostbraten
Krocan Dindon Trutbiann
Iebeni kyta cutissot de chevreuil Rehkeule[2]

Жандар старанна склаў паперу і, казырнуўшы, вярнуў яе Гаршыне. Кандуктар прашаптаў контралёру нешта на-вуха: той зьвярнуўся да аўстрыйцаў:

— Можа-б вам было зручней у другой клясе? Я-б, вядома, даў вам асобнае купэ, каб вас ніхто ня турбаваў.

Гаршына толькі ўкланіўся бяз слоў, паказаўшы рукою на вагон, у якім яны сядзелі, у знак таго, што яны хочуць вярнуцца туды-ж. Швэйк сказаў, што яму зусім непатрэбна заставацца аднаму, а Марэк дадаў:

— Мы хочам усё бачыць, усё чуць.

— Вы, можа, служыце ў дзяржаўнай тайнай поліцыі? — пабялеўшы, шэптам запытаў контралёр, на што Швэйк многазначна адказаў:

— Вы здагадаліся. Мы служым у тайнай поліцыі. Мы — тое-самае, што хуткая дапамога.

Яны вярнуліся ў свой вагон, дзе тым часам пайшлі чуткі, што жандар затрымаў трох небясьпечных нямецкіх шпэгаў. Неўзабаве стала вядома нешта зусім адваротнае: што гэтыя тры — вышэйшыя чыны тайнай поліцыі, якіх паслаў асабіста цар, каб выявіць настрой народу, бо цар-бацюшка хоча чуць голас краіны. Гэтая навіна мела зусім нечаканы вынік. Калі ў той час, як жандар разглядаў паперу, у вагоне было поўна людзей нават з іншых вагонаў, дык цяпер нашы палонныя былі зусім адны. У вагоне ніхто не застаўся. Толькі па абедзе зьявілася нейкая старая; стала, абліваючыся сьлязамі, перад Швэйкам на калены і пачала прасіць, каб ён вярнуў ёй сына-студэнта, якога поліцыя выслала ў пачатку вайны ў Якуцкую вобласьць. А калі яны ёй паабяцалі, што выканаюць яе просьбу, да іх прылез п’яны тыпус і пачаў прапаноўваць зрабіць замах на губэрнатара за пяцьдзесят рублёў, пасьля чаго поліцыя магла-б павесіць на малое два дзесяткі рабочых і студэнтаў.

— Гэта-б вам каштавала ўсяго паўтраця на кожнага, айцы-дабрадзеі. А калі хочаце, дык можаце павесіць і дваццаць пяць душ; тады яны будуць каштаваць вам толькі па два рублі, — вылічваў гэты падлюга.

Скончылася на тым, што ён атрымаў ад Швэйка паўхаля, ад Гаршыны — у зубы, а Марэк даў яму высьпятка, што п’яны прыняў з відавочным задавальненьнем.

— Адразу відаць, што начальства! — крыкнуш ён. — Начальства, яно паўхалёў і высьпяткаў не шкадуе. Як тут ня ўбачыш, што вы, галубы мае, проста з Пэтраграду!

Потым іх на нейкі час пакінулі ў спакоі. На нейкай станцыі Швэйк прынёс чаю і булак. Яны крыху падмацаваліся, а потым Гаршына выцягнуў сваю паперу і весела сказаў:

— Ці не загадаеце яшчэ чаго, панове? Вось тут ёсьць смажаная гусіна, заяц у сьмятане, смажаныя кураняты, фаршыраваныя галубцы…

— Я-б узяў, мабыць, кавалачак гусяціны, — азваўся Швэйк; Марэк выказаўся за кураня. А Гаршына, хаваючы паперу ў запазуху, сур’ёзна сказаў:

— Ці дасьцё веры, хлопцы, што гэта папера ратавала мне летась жыцьцё? Ці дасьцё веры вы, што яна ратавала мяне ад галоднай сьмерці? Нас прывезьлі ў Сібір і ўжо цэлы тыдзень не кармілі. Людзі з голаду елі кару з дрэў, як зайцы. Ну, а я цэлы дзень чытаў гэта мэню, з самай раніцы да позьняга вечара. Спачатку мяне ад гэтага нудзіла і ў мяне рабіліся спазмы ў страўніку. А потым, калі я, бывала, прачытаю яго з пачатку да канца, дык у мяне заставалася такое ўражаньне, нібы ўсё гэта я сам зьеў. І было мне і млосна, і прыемна…

— Значыцца, у роце як у палацы, а ў жываце як у сарціры, — растлумачыў ягоную думку Швэйк.

— Бадай што так, — згадзіўся Гаршына. — У мяне была яшчэ і карта вінаў, але тую я згубіў. Каб яна была ў мяне, я-б наладзіў вам банкет. А так выпадае ліць у сябе адно гэтую агідную гатаваную ваду.

Ён зноў наліў сабе ў конаўку чаю з свайго вялікага іржавага чайніка, і хутка ў пустым вагоне загучэла прарэзьлівая песьня на мотыў арыі аркадзкага прынца з опэрэткі «Орфэй у пекле».

Як быў я „обэрам“[3] калісьці,
Дык меў і радасьць і спакой,
і грошы й мяккую пярыну,
і прыгажуньняў цэлы рой…

Хапала пільзенскага піва
Шампанскае мне ў рот плыло…
Але зрабіўся я палонным,
І кішкі з голаду зьвяло.

— Марэк, зацікаўлены, глядзеў на сьпевака, Швэйк — захоплены і ўзьнесены. Заўважыўшы свой посьпех, бо Марэк нарэшце выцягнуў паперу і аловак, каб запісаць тэкст песьні, Гаршына сказаў:

— Гэта сапраўды песьня палонных славян. Але чакай. Калі патрапім у лягеры, ты пачуеш яшчэ лепшыя; там ты і запішаш, якія табе спадабаюцца. У лягерах поэзія расьцьвітае. Людзі пішуць вершы проста з голаду.

І ён зацягнуў нешта іншае.


*

Чацьвёра сутак перабылі яны ў цягніку, і чатыры разы ўдавалася ім пераканаць жандараў, якія правяралі дакуманты, што яны едуць па сакрэтнай справе на Каўказ, каб прыняць удзел там у формаваньні добраахвотнай арміі для змаганьня з туркамі.

Жандары ламалі сабе галовы над «дакумантам» Гаршыны, але арол праганяў усе сумленьні. Як-жа — на паперы красаваўся дзяржаўны герб, і дазорцам дзяржаўнага парадку прыходзілася з ім лічыцца, асабліва, калі Швэйк ім сур’ёзна тлумачыў:

— Так, туркам цяпер будзе канец! Трэба біцца за сваю веру з гэтымі паганцамі!

Вандраваньне было досыць прыемнае. На кожнай станцыі Швэйк прыносіў у чайніку чаю, купляў булкі, сараквашу і смажаных курэй і запэўняў, што ўсё надзвычайна таннае. Усе тры качаліся на лавах, елі і спалі, і за кароткі час нават патаўсьцелі.

Пад канец чацьвертых сутак яны прыехалі ўвечары на нейкі асьветлены электрычнасьцю вялікі вакзал. Гаршына выскачыў паглядзець, дзе яны, і хутка вярнуліся са словамі:

— Браццы, мы тут на нейкі час застанемся на гастролі, перш чым ехаць далей. На ежу мы неяк заробім, а спаць будзем на вакзале.

Яны пайшлі ў залю 3-е клясы. Жандары ўважна пазіралі на іх, але пусьцілі, не затрымаўшы. У зале, поўнай салдатаў, якія сядзелі, ляжалі покатам і спалі, яны згубіліся як пылінкі ў моры.

Ніхто не зьвяртаў на іх увагі. Нейкі селянін зацікавіўся, куды іх вязуць. Міма прайшоў жандар і нават не запытаў, дзе іхны канвой. Праз дзесяць хвілін яны пачалі адчуваць сябе на вакзале, як дома.

— Браццы-таварышы, — многазначна сказаў Гаршына, вярнуўшыся ад кас у залю, — тут жандараў, як сабак нярэзаных, але яны ўжо свойскія. Потым, тут ёсьць буфэт. Да гэтага часу вы мяне кармілі, а цяпер я буду вас карміць. Я пачастую вас абедам у буфэце 1-й і 2-й клясы, хлопцы. З таго часу, як вы трапілі ў Расію, вам так добра ня жылося, як сёньня. Пачакайце толькі хвілінку, пакуль адыйдзе цягнік.

Ці толькі празьвінеў трэці званок, ён павёў сваіх таварышоў да люстраных вакон першае клясы.

Там сядзела важная публіка, схіліўшыся над сьняжыстымі абрусамі — прыгожыя, убраныя дамы, гандляры ў хутрах, офіцэры ў залатых і срэбных пагонах. Але сярод іх бегалі туды і сюды офіцыянты, якія выходзілі з-за порт’еры ў куту і разносілі стравы, пітво і начыньне.

— Яны сядзяць, пэўна, у тым куце, — прамармытаў Гаршына сам сабе, а ў голас сказаў: — Давай, хлопцы, пойдзем ў чалядню, бо ў салон я не магу вас папрасіць. Вы ня зусім шыкоўна апрануты.

Ён цьвёрдымі крокамі падаўся да цёмных дзьвярэй і адчыніў іх; яны ўвайшлі ў даўгі, відны калідор. Там ён знайшоў тое, чаго шукаў — у калідор з аднаго боку выходзілі адчыненыя вокны кухні, а з другога боку сядзелі офіцыянты, чакаючы свае чаргі ці адпачываючы.

— Пачакайце тут, — сказаў Гаршына сваім таварышом, пакідаючы іх каля дзьвярэй. Усе офіцыянты абярнуліся да яго; ён аддаў па-вайсковаму чэсьць і адрэкамэндаваўся:

— Я таксама офіцыянт. Ваш аўстрыйскі колега.

Тыя абкружылі яго, пытаючы без асаблівага захапленьня, што яму тут трэба. А ён сказаў, што яго цягне да іх голас сэрца, што ў яго душа баліць, калі ён бачыць, як яны бегаюць узад і ўперад і падаюць гасьцём.

— Паўжыцьця-б я аддаў, — сказаў ён, выціраючы рукавом вочы, — каб мне давялося яшчэ раз узяцца за гэтую справу. Мяне талеркі прыцягваюць, як магнэс — жалеза, мае дарагія расійскія браты-офіцыянты.

Ён узяў талерку, паставіў яе на кончык пальца левай рукі і пачаў круціць яе правай, як турок. Расійскія колегі глядзелі на яго зьдзіўлена.

Потым ён схапіў, ня сунімаючы гутаркі, талеркі са стравамі, якія кухар ставіў на вакенца, і шчыльна заставіў імі ўсю руку ад далоні да пляча, а на іх яшчэ рад, пакуль у яго на руцэ не ўтварылася цэлая піраміда. Офіцыянты зацялі ад страху дух, а Гаршына ў захапленьні сказаў:

— Вось так я-б хацеў іх разносіць (ён зрабіў некалькі шпаркіх крокаў па калідоры), — вось так я-б абыходзіў усе перашкоды, а так я-б ставіў талеркі перад гасьцямі на стол.

Ён зьняў дзьве талеркі, выцягнуў тыя, якія стаялі пад імі, перадаў іх галоўнаму офіцыянту, зноў запоўніў пустое месца і сказаў:

— А вось так я-б ішоў проста наперад, не зварочваючы ў бок.

І нібы не зважаючы на цяжар, навалены на яго, ён узьлез на крэсла, і гэтак-жа лёгка спусьціўся на падлогу.

Офіцыянты так і войкнулі ад захапленьня перад гэткім спрытам. Потым яны схапілі па талерцы і пабеглі з імі ў залю, дзе іх чакала публіка, але ля дзьвярэй абарочваліся і казалі бягучы:

— Пачакай, колега, мы зараз!

Праз хвіліну яны ўжо вярнуліся і, выцягваючы з кішэняў брудныя, зашмальцаваныя рублёўкі, сказалі:

— На, вазьмі сабе. Гэта-ж сапраўдныя фокусы, што ты тут рабіў. Хочаш есьці? А твае таварышы таксама офіцыянты?

— Таксама, — сказаў Гаршына, — але яны падаюць піва. Піва ў вас тут, на жаль, няма, а то-б яны паказалі, як у Аўстрыі падаюць піва.

Яны запрасілі палонных зайсьці і пачаставалі іх капустай з катлетамі і чорнай кавай, радуючыся сваім замежным гасьцём.

— Можа-ж здарыцца, — казалі яны, — што і мы пойдзем на вайну і таксама трапім у палон. Тады нас у Вэне гэтак-жа будуць частаваць.

Гэта была нязвычайна ўрачыстая вячэра, за якой Гаршына растлумачыў, як трэба падаваць стравы. Марэк казаў пра мастацтва наліваць віны, а Швэйк еў сьвіную катлету і ўсё гаварыў:

— Ну, як-жа я табе растлумачу? Ты, напрыклад, ведаеш, як зямля круціцца? Ня ведаеш? Дык як-жа ты зразумееш, як у нас круцяць піва?

Банкет скончыўся тым, што Гаршына паказаў, як трэба складаць карту страў, выцягнуў сваю ўласную і даў ім зірнуць на яе.

— Вось гэта, — сказаў ён, — і ёсьць наша карта страў, а складзена яна так, што вашы жандары прымаюць яе за замежны пашпарт.

Ён не заўважыў, як шыкоўны малады чалавек, які ў гэты час ішоў з прыбіральні, падышоў да іхнага гуртка зірнуць, чым гэта ўсе там так зацікавіліся. Гэты малады чалавек раптам працягнуў руку да карты страў і ўраз схаваў яе сабе ў кішэню, а потым хутка выйшаў у калідор і зараз-жа вярнуўся з двума жандарамі.

— Усіх арыштаваць! — загадаў ён. — Шпэгі! Офіцыянтаў здаць у партовую ўправу, аўстрыйцаў — да комэнданта. Здаць пад расьпіску. Старанна пільнаваць. Я зараз пашлю вам падмацаваньне.

Такім чынам здарылася, што трое нашых замежных гасьцей проста з чыгуначнага буфэту трапілі ў канцылярыю ваеннага комэнданта гораду Растова-на-Доне, дзе іх прыняў і паставіў пад замок дзяжурны пісар, пасьля таго, як казакі ўсё ў іх адабралі, а саміх іх адлупцавалі бізунамі.

Калі за імі зачыніліся дзьверы іхнай камеры, у якой ня было нічога апрача аднаго ложку і парашы, палонныя няўцямна азірнулі адзін аднаго, тым часам, як Гаршына пахмура чухаў за вухам і пахмура гаварыў:

— А нас-жа абвінавачваюць ў шпіянажы! Дрэнна з намі будзе. Цяпер мы ня выкруцімся ад вайсковага суду.

Марэк моўчкі паціснуў плячыма. Швэйк выцягнуўся на ложку і па-філёзофску зазначыў:

— Усякі пачатак цяжкі, а канец вянчае справу. Вячэра ў нас была адменная. Але не кажы «гоп!», не пераскочыўшы.

У той час, як яго таварышы меркавалі, што з імі цяпер будзе, ўдалы ваяка Швэйк заснуў, і яму прысьніўся такі сон:

Сьнілася яму, што ён галоўны рэдактар «Кулінарнага агляду» і піша перадавую, у якой выкладае програму свайго часопісу. Сьліна пацякла ў яго з роту, пакуль ён абмяркоўваў, якія навіны ён будзе даваць чытачом, і цякла на паперу, калі ён канчаў свой артыкул словамі:

«Ня чытайце больш політычных газэт! Выкіньце, як непатрэбнае, штодзенныя газэты ўсіх політычных кірункаў! Адмоўцеся ад чытаньня ўсякіх авантурных романаў! Кіньце свае думкі пра апублікацыі аб сьмерці! Заплюшчыце свае вочы перад абвесткамі аб жаданьні пашлюбавацца!.. Бо адзінае чытаньне, якое выклікае вясёлы і прыемны настрой, гэта наш «Кулінарны агляд!»

Ваенны комэндант гораду, казацкі генэрал Аўген Зьмітравіч Папоў, быў добры, асьвечаны чалавек. Гэта быў чыстакроўны расіец, і на ўсё на сьвеце ў яго быў адзін адказ: «Пасьпее!».

Таму, калі яго ад’ютант раніцой сказаў яму, што паводле рапарту дзяжурнага пісара, жандары затрымалі ўчора ўвечары на вакзале некалькі нямецкіх шпэгаў, якія былі пераапрануты ў аўстрыйскіх палонных і выдавалі сябе за іх, і аддалі іх пад загад комэнданта, ён яго спакойна выслухаў, а потым запытаў у пісара:

— Што, газэты ўжо прышлі? А арыштаваных на паёк залічылі?

— Так точна, ваша правасхадзіцельства!

Генэрал абярнуўся да ад’ютанта:

— Вы не глядзелі ўчора ў фарсе «Добра пашыты фрак»? Надзвычайная рэч! Я ледзь не памёр ад сьмеху!

І ён пачаў чытаць «Новое время» і «Русское слово», дзе з захапленьнем пісалася пра перамогі на каўкаскім фроньце, а пра становішча на заходным фронце коратка казалася: «Бяз зьмен».

А ў той час, як затрыманыя офіцыянты кляліся і бажыліся ў поліцыянцкай управе, што яны не займаліся шпіянажам, а сканфіскаваная карта страў разглядалася экспэртамі па замежных мовах, каб выявіць ці не зьяўляецца яна маніфэстам да расійскага народу, — Швэйк сядзеў на ложку, слухаў скаргі сваіх да краю зьбянтэжаных таварышоў і стараўся іх заспакоіць.

— У вайсковым статуце, — казаў ён, — напісана, што вайсковы чын ня лічыцца за звычайнага шпэга, а таму, калі яго зловяць, яго павінны расстраляць. Значыцца, павесіць нас ні ў якім выпадку ня могуць; мы маем права памерці геройскай сьмерцю, як гэта і трэба ўдалым ваякам. Гэта, браццы, ня тое, што з нейкім там Кржышкай, якога павесілі ў Вэне і ў якога ў Бэўроне быў публічны дом. Заўважылі, што ноччу туды хадзіў нейкі гарбаты сэрб; калі іх абудвых затрымалі, а сэрба распранулі, дык выявілася, што ў яго ў горбе схавана дзьвесьці кілё піроксіліну. Ён прызнаўся, што хацеў узарваць мост праз Бэроунку, каб 68-ы полк ня мог трапіць у Сэрбію, бо гэтага палка сэрбы баяліся больш за ўсё.

Гаршына, які хадзіў па камеры ўзад і ўперад, спыніўся перад Швэйкамя:

— Ну скажы, Швэйк, што ў цябе ў тваёй галаве? Хіба ты бачыў калі-небудзь чалавека, які-б насіў дзьвесьце кілё на сьпіне.

— А ў Пардубіцы, — казаў далей Швэйк, нібы гэта не яго тычылася, — затрымалі аднаго польскага яўрэя, які прыехаў сюды чыгункай. Дык у яго быў пусты ўсяродку кій, а ў ім пяцьдзесят кілё цыяністага калію. Ён хацеў атруціць ім ваду ў Лабе. Гэта зладзейства не адбылося дзякуючы дамыснасьці аднаго порт’е, які падняў кій, калі ён вываліўся з гаспадаровых рук, і зьвярнуў увагу жандара на тое, што кій надзвычайна цяжкі. Гэтага яўрэя павесілі потым у Карлове-Градцы!

Марэк заткнуў сабе вушы. Швэйк на момант сьціх, а потым, ўздыхнуўшы, казаў далей:

— У Празе, перад вакзалам Франца-Іосіфа, затрымалі ноччу на лаве ў парку нейкага чалавека, які ўдаваў з сябе рускага. Дык у гэтага чалавека было ў кішэні больш за мільён проклямацый Мікалая Мікалаевіча, і яго таксама павесілі, бо ён ня быў вайсковы чын. Вайсковы чын павінен у кожным разе атрымаць толькі набой волава!

Швэйк абвясьціў гэта асноўнае правіла вайсковай справы, і твар яго зазьзяў.

— Вы сабе толькі ўявеце, панове! Вось нас прысудзілі да кары сьмерцю праз расстрэл… Палавіна роты салдат заводзяць нас на могільнік… Там даюць нам у рукі рыдлёўкі: «Капайце сабе магілы. Вы — шпэгі, і мы зусім не павінны працаваць на вас». Ну, бярэмся капаць, я вось так, пасярод, а вы па бакох… Нам завязваюць вочы, становяць да сьцяны каля могілак, офіцэр камандуе: «Цэлься! Плі!» і ў нас выпускаюць тры залпы…

— Швэйк, — ня вытрымаў Гаршына, — глядзі, не навяшчуй. У такой кашы, як зараз, я яшчэ ніколі ня быў. Каб толькі ведаць, што можа выйсьці з такога глупства…

— Тое, што ты кажаш, — азваўся Швэйк, — нагадвае мне аднаго Франца Пеха з Разіцэ. Гэта быў дужа добры чалавек і таксама хацеў папрацаваць на карысьць і славу свайго народу, і паступіў у таварыства «ашчаднікаў». А нейкі профэсар прачытаў ім лекцыю і паміж іншым сказаў: «Надзея сьвеціць толькі з боку старанных рук». І яшчэ, што на зямлі-б рай, каб усе здаровыя людзі, як сьлед працавалі і каб заўсёды ўва ўсім улічваліся вынікі. Франц Пэх, каб добра засвоіць сабе гэтыя асновы, загадаў падаць сабе пасьля лекцыі некалькі шклянак віна і пачаў разважаць аб выніках. «Што-ж, — думаў ён, — я працую мала, але профэсар, гэты агідны тыпус, працуе яшчэ менш, а ўсе людзі павінны працаваць! «Потым, калі ён дайшоў да моста Палацкага, бачыць: стаяць там два здаравякі і выстаўляюць рукі, просяць. Ён пачаў іх угаварваць: «Як вам ня сорам? Двое здаровых дзядзіноў, а жабрачаць. Працаваць трэба, каб палепшыўся народны добрабыт». Ну, яны палезьлі да яго з кулакамі і крычаць, каб ён змоўк, бо інакш яны паклічуць поліцыянта. А з другога боку ў іхную гутарку ўвайшлі нейкія акцызныя чыноўнікі, наш Франц Пэх і на іх раззлаваўся. «Лепш, — кажа ён, — вам было-б кінуць службу і працаваць. Бо трэба прадугледзіць усе вынікі!» Тады паклікалі поліцыянта, а ён і яму кажа: «Ну, пакажы, што ты сёньня зрабіў? Што ты сёньня зрабіў, каб зьберагчы народнае багацьце?» — «Пакуль што нічога, — адказаў поліцыянт, — але імем закону я вас арыштую». Павялі яго ў поліцэйскую ўправу, а там Пэх пачаў сьцьвярджаць, што ён толькі стараўся вярнуць усіх гэтых людзей на праўдзівы шлях і што няўжо нельга і гэтага зрабіць ў Аўстрыі. Нарэшце, яго цягалі-цягалі па судах і прысудзілі да трохтыднёвага зьняволеньня за абразу службовай асобы. Таму што ўсе вялікія справы начынаюцца з дробязі, і нас таксама ня было-б тут, каб эўропэйскія дзяржавы не памяняліся нотамі. Якая-небудзь не захацела прыняць такую ноту ад другой, а мы вось за гэта цяпер і пакутуем.

Нарэшце растоўская поліцыя праз два тыдні выявіла, што ўся гэта гісторыя ёсьць непаразуменьне і што «дакумант» сапраўды звычайная карта страў. Тады, поліцыя з адпаведным рапартам запытала вайсковую комэндатуры, якія вынікі даў допыт трох палонных, якія перададзены пад яе загад у сувязі з гэтай справай. Дзякуючы гэтаму генэрал успомніў пра трох арыштаваных, якіх ён яшчэ ня бачыў, і ён загадаў зараз-жа прывесьці іх да яго.

— Арыштаваныя тут, ваша правасхадзіцельства, — неўзабаве пасьля гэтага сказаў ад’ютант.

— Давай іх сюды! — загадаў генэрал.

— Ніяк нельга, ваша правасхадзіцельства, — сказаў ад’ютант. — Бруд, вошы… Яны тут ўсё запэцкаюць.

— Дармо, — махнуў рукой генэрал.

І крыкнуў сам у адчыненыя дзьверы:

— Вядзі іх сюды!

І вось злачынцы апынуліся разам са сваімі канвойнымі казакамі, якія стаялі за імі з голымі шашкамі, твар у твар са сваім судзьдзёй. Ад’ютант ня схлусіў. Два тыдні нямытыя, няголеныя, яны выглядалі страшна. Рыжая барада завівалася на барадзе ў Гаршыны, у Швэйка шчэць на шчоках тапырылася, як цьвікі, а на твары ў Марэка блішчэлі толькі зубы ды вочы.

Генэрал праглядзеў прынесеную яму з поліцыі паперу і кашлянуў:

— Хто-небудзь з вас гаворыць па-расійску? Ці вам трэба перакладчыка?

— Ні ў якім разе, ваша высокародзьдзе, — адказалі яны, як адзін.

— Правасхадзіцельства, — паправіў іх ад’ютант.

Генэрал павесялеў.

— Вы абвінавачваецеся ў тым, што, з мэтаю шпіянажу, укралі ў тутэйшым чыгуначным буфэце карту страў, — пачаў ён. — Укралі вы яе ці не?

— Ні ў якім разе, ваша правасхадзіцельства, адказаў Гаршына, падштурхнуўшы локцем Марэка і Швэйка, — мы толькі выпадкова паднялі яе ў калідоры, і нам захацелася даведацца, што ядуць комэнданты ў Расіі, ці ядуць яны гусей, курэй, куранят і ўстрыц, як у нас.

— А ў Аўстрыю вы яе не хацелі паслаць? Ну, як-жа ў вас, комэнданты добра ядуць? — працягваў свой допыт генэрал.

— Так, так, — пасьпяшаў адказаць Швэйк, — у нас комэнданты добра ядуць.

— А віно ў вас зараз ёсьць? І коньяк? І лікёры, — зацікавіўся судзьдзя.

Гаршына назваў шмат вінаў, лікёраў і каньякоў. Генэрал цмокнуў.

— Значыцца ўсё, як у нас? Як і да вайны?

— Так, як да вайны, — адказаў Марэк, адчуўшы, што генэрал чакае адказу і ад яго.

А генэрал зрабіўся такі сумны, скрывіўся і жаласна праказаў:

— А ў нас усё гэта забаронена! Віно можна здабыць толькі сакрэтна і то за вялікія грошы. Так, вайна — дрэнная рэч, на вайне ўсім цяжка!

І, абярнуўшыся да ад’ютанта, ён загадаў:

— Гэта — прыстойныя людзі, якія ні ў чым не вінаваты. Яны зацікавіліся толькі, што ядуць комэнданты. Пашлеце іх у лазьню. А потым няхай завядуць у гарадзкую ўправу! Працу яны сабе знойдуць, бо яны — інтэлігентныя людзі і здолеюць у нас пакарміцца! Ну, ідзеце, хлопцы! Дык выпраўце іх абавязкова спачатку ў лазьню!

Палонным зьвярнулі адабраныя ў іх рэчы, і казак звадзіў іх у лазьню. Там яны памыліся, іх абстрыглі, пагалілі, далі ім чыстую бялізну, і Швэйк, які атрымаў ад сястры міласэрднай новую кашулю, ня мінуў выпадку закідаць яе комплімэнтамі:

— Ах, сястрыца! Якая вы прыгожая… Вы дужа падобны да аднае мае знаёмае, Марылі Новотні, якая гуляла з нашым капралам.

У бюро па адшуканьні працы казак здаў палонных старому недабачліваму пісару, якому нават двох пар акуляр не хапала, каб як сьлед бачыць. Калі казак штурхнуў іх у дзьверы і перадаў гэтаму чалавеку на подпіс квітанцыю, у якой той мусіў засьведчыць прыймо здадзеных яму трох палонных, ён пачаў бурчэць:

— Зноў мне прысылаюць нейкіх валацуг! Згарыце вы, з гэтай бандай! Адно і ведаюць, што прыводзяць да мяне нейкіх гіцляў!

— Мы не валацугі, — рэзка зазначыў Гаршына, — а палонныя аўстрыйцы. Мы самі славяне, чэхі і таму няма чаго нас зьневажаць! Мы самохаць перайшлі ў Расію.

Пісар пляснуў рукамі.

— Дайце вас абняць, галубочкі вы мае! І шмат вас такіх у вашай Аўстрыі? Браццы вы мае родныя! «Вше божи мир»!

— Ён кажа, што ўсюды ўжо божы мір, — штурхануў Швэйк Марэка пад бок. — Значыцца, нам няма чаго больш з ім размаўляць. Я еду дамоў!

І, не чакаючы нічые згоды, ён кінуўся да дзьвярэй.

— Куды, куды? — падскочыў да яго казак, хапаючы яго за мяшок.

— У Аўстрыю, да свае сям’і, — сказаў Швэйк, — хіба ты ня чуеш, што ўжо замірэньне?

— Слухай ты, Швэйк, — засьмяяўся Гаршына. — «Божы мір» было сказана па-расійску і азначае «белы сьвет», а не «замірэньне», як па-чэску.

— Ну, добра, — пакорліва згадзіўся Швэйк. — У такім разе я застануся тут. Тут здарылася такое самае непаразуменьне, як і тады, як я быў яшчэ на вайне і ў нас у палку быў падпаручнік Шульц і вольнапісаны Пячонка. Падпаручнік дрэнна разумеў па-чэску, а вольнапісаны — па-нямецку. І вось аднойчы, калі падпаручнік…

Але Швэйку не давялося расказаць, што здарылася з падпаручнікам і вольнапісаным Пячонкам, бо пісар якраз скончыў выпісваць квітанцыю і хлопнуў пячаткай, і казак пайшоў назад. Пісар яшчэ раз прачытаў прысланую паперу і раптам схапіўся за галаву.

— Ды тут-жа не напісана, што з вамі рабіць! І не напісана, што вы вызвалены ад допыту і суду! Што-ж, вы хочаце атрымаць працу тут, у горадзе?

— Так точна, ваша высокародзьдзе, — адказаў за ўсіх Гаршына.

Пісар на хвіліну задумаўся.

— Добра! Ідзеце назад у комэндатуру і хай вам там выпішуць дакумант, каб я мог паслаць вас на працу.

У комэндатуры іх спаткаў ад’ютант, які вадзіў іх да генэрала. Пачуўшы, якое патрабаваньне паставіла гарадзкое бюро па падшуканьні працы, ён злосна закрычаў:

— Ды што яны там, звар’яцелі? Хай вам там выпішуць пасьведчаньне, што для вас ёсьць праца, і я тады зараз-жа вас вызвалю ад вайсковае комэндатуры.

Праз дзесяць хвілін Гаршына перадаў гэты адказ старому Андрэяву ў бюро. Той ажно плюнуў.

— Цьфу, якія ідыёты! Як я магу даваць вам працу, калі вы вайсковыя чыны? Варочайцеся хутчэй туды назад, каб вам выдалі пасьведчаньні аб звальненьні.

Праз чвэртку гадзіны пісар вайсковае комэндатуры злосна стукаў кулаком па сталу і крычаў на палонных:

— Сказана вам па-расійску… вашу маць, каб ён, стары дурань… яго маць, выдаў вам дакумант! Скажэце вы яму, абармоту шэраму, што не дазваляецца, каб палонныя…

Яны пабеглі ў бюро, каб перадаць гэтыя словы пісару Андрэяву. Той пачаў пахмуры хадзіць па канцылярыі, гаворачы:

— Ну добра- ж, чакай! Назваў мяне шэрым абармотам, а сам хамуйла, законаў ня ведае і не разумее! Схадзеце яшчэ раз да яго і скажэце яму, каб ён пана-бога не спакушаў і старога царскага слугу ня крыўдзіў! А я, далібог, на яго скардзіцца генэралу буду! Ну, галубкі, ляцеце да гэтага сукінага сына! І каб ён зараз-жа выдаў вам дакумант.

Так яны адзінацацць разоў «лёталі» ўзад і ўперад, а калі ўзьнімаліся ў дванаццаты раз у канцылярыю вайсковае комэндатуры, Швэйк сказаў:

— Вось каб, што-дня па тузіну!

Пісар убачыўшы іх, ускочыў, як шалёны, са свайго месца; потым ён зваліўся ў крэсла і прахрыпеў:

— Сссьцерва!

Было відаць, што ён гатоў быў самлець. Але раптам ён яшчэ раз ускочыў; на вуснах у яго зьявілася пена, а ў руках апынуўся бізун, які ён неўзаметку выцягнуў з-за халявы. Палонныя кумільгам скаціліся па сходках, так заўзята ён на іх насядаў, і Швэйк пакрыўджана ўздыхнуў:

— Ну, канец забаве! Нават да тузіна не дацягнулі!

— Пойдзем, хлопцы, спаць на вакзал! — сказаў Гаршына.

Раніцою яны пазнаёміліся там з адным памочнікам капітана, які шукаў качагараў і грузчыкаў на сваё судно. Яна пайшлі разам з ім у гавань, тым часам, як стары Андрэяў пісаў рапарт, што тры палонныя аўстрыйцы, якія былі прысланы ўчора няма ведама чаму ў гарадзкое бюро для падшуканьня працы, за нач зьбеглі, пра што даводзіцца да ведама вайсковага комэнданта горада з адначасовым паведамленьнем поліцэйскае ўправы для адшуканьня і затрыманьня арыштаваных. І падпісваючы свой рапарт, стары Андрэяў па-шчырасьці плюнуў:

— Цьфу! І ўся гэта цеганіна з-за нейкага ідыёта — пісара!

На параходзе «Дзьмітры», на які нанялася наша тройца, грузілі партыю кавуноў і мукі. Паводле згоды з капітанам, Марэк і Гаршына павінны былі выконваць абавязкі матросаў, а Швэйк — працаваць за качагара, за што капітан абавазаўся плаціць ім у месяц па дванаццаць рублёў на ўсім гатовым і выдаць ім пэнсію за першы месяц наперад, каб яны маглі купіць сабе боты.

Так яны зноў накіраваліся ў горад, прычым кожны ціснуў у руцэ па дванаццаць рублёвак.

Толькі як сьцямнела, вярнуліся яны на судно, абутыя ў новыя боты. Гавань была поўна салдатаў і агентаў поліцыі, якія ы былі папярэджваць усякія эксцэсы новабре цаў, якія павінны былі папярэджваць усякія эксцэсы новабранцаў, якія дасягалі часам грандыёзных памераў.

Калітан ужо чакаў іх. Ён паказаў ім месца, дзе спаць, а са Швэйкам сышоў у качагарку, каб пазнаёміць яго з двума іншымі качагарамі, кіргізамі, якія не разумелі амаль ніводнага слова па-расійску.

Кіргізы сядзелі на падлозе ў маленькай каюце, поруч з качагаркай; паміж іх стаяла міска з варанай канінай і рысам. Капітан сказаў ім нешта, чаго Швэйк не зразумеў, а яны, не шманаючы, усё даставалі з міскі страву бруднымі, можа ніколі ня мытымі запэцканымі вугалём і машынным маслам рукамі. Нарэшце, яны зірнулі на свайго новага памочніка, і Швэйк, стараючыся быць далікатным, кінуў ім:

— Добрага здароўя, каравыя!

— Салям, — махнуў яму адзін з іх, вітаючыся, рукой.

— Ах, ты хочаш салямі? Чаму-ж не! У мяне ёсьць якраз добры кавалачак кракаўскае кілбасы, на бутэрбрад, — адказаў Швэйк, ня ведаючы, што «салям» азначае па-кіргіску «Здароў».

Ён выцягнуў з кішэні зашмальцаваны скрутак.

— Вось, глядзеце, хлопцы! Хоць гэта ня зусім салям ці чайная кілбаса, а кракаўская, але хай будзе за чайную!

Швэйк узяў нож, адрэзаў кавалачак, аблупіў і пачаў есьці. Кіргізы зірнулі на яго і адсунуліся са сваёй міскай далей ад яго.

— Ды вы мне не замінаеце, — ветліва сказаў ім Швэйк. — Месца ўсім хопіць. Хочаце пакаштаваць, таварышы? Яна нядрэнная, і перцу ў ёй хапае.

Ён выставіў руку з кілбасой і падаў ім знак рукой, каб яны адрэзалі сабе па кавалку. Але ад гэтага гэсту абудвы кіргізы адсунуліся да самай сьцяны.

Швэйк, думаючы, што яны не зразумелі яго запрашэньня, пайшоў за імі і пхнуў кілбасу аднаму кіргізу пад нос. Той злосна адштурхнуў яго са словамі:

— Не, сьвіньня, нячысты, чорны!

— Можа яно і так, што сьвіньня была чорная і брудная, — засьмяяўся Швэйк, — але кілбаса добрая, і ты можаш яе сьмела есьці. Іншыя людзі, важнейшыя за цябе, ядуць кілбасы нават з асьляціны; дык чаму-ж табе ня зьесьці сьвіньнінкі? Ды, апрача таго, адкуль ты ведаеш, што сьвіньня была канечна чорная?

І ён зноў выставіў руку з кілбасой да кіргізаў. Тыя ўскочылі, крыкнулі ў адзін голас: — Шайтан! — і выскачылі на палубу, адкуль зараз-жа пачуліся іхныя ўзрушаныя крыкі і голас капітана, які іх супакойваў.

— Чорт іх ведае, што ім ад мяне трэба, — сказаў сам сабе Швэйк, калі шум наверсе ўсё яшчэ ня сунімаўся. — Я-ж іх частую, а яны на мяне, як сабакі!

Думка, што кіргізы не ядуць сьвінога мяса, ня прыходзіла яму ў галаву.

Праз нейкі час абудвы качагары вярнуліся і зноў пачалі калупаць бруднымі рукамі ў місцы з ежай. Швэйк управіўся ўжо павячэраць і захацеў выкінуць кілбасную шалупу ў люк.

Ён адчыніў яго і кінуў скуркі, але ветрам іх аднесла назад, і частка трапіла кіргізам проста ў ежу.

— Шайтан! Шайтан! — закрычалі яны, паказваючы пальцамі на міску, а Швэйк, думаючы, што яны абвінавачваюць яго, што ён зрабіў гэта знарок, пачаў іх супакойваць:

— Чаго вы па-праўдзе ўзьнімаеце гармідар за нейкую паскудную шалупінку? Няўжо вы такія грэблівыя, калі самі брудныя, як сьвіньні? Ну, добра, добра, ня крычы, я табе ўжо яе выцягну, калі ня хочаш так жэрці!

Ён устаў на калені перад міскай і, ловячы нажом шалупінкі з рысу, гаварыў далей:

— Вось бачыш, я нават ня лезу ў тваю ежу сваімі лапамі. Я, брат, ведаю, як і што, і кожнага паважаю. Ды ты ня штурхайся, — сказаў ён аднаму качагару, калі той з жахам і злосьцю ў вачох, тузануў яго, — а то, дальбог, ня буду выцягваць!

Тады і другі качагар тузануў яго з другога боку. Швэйк ускочыў на ногі.

— Ах, ты біцца, татарская морда!

І ён штурхануў кіргіза ў грудзі. Той адказаў яму паўхалём, а другі кіргіз ударыў яго цяжкім кажухом па галаве. Гэта кропля перапоўніла чару швэйкавай цярплівасьці.

— Вось як вы ставіцеся да мяне, татарва. Цяпер я вам пакажу, як у нас у Празе працуюць!

Ён вырваў у кіргіза кажух і пачаў ім абараняцца. Цяпер у яго была досыць цяжкая зброя, і калі ён тузануў аднаго кіргіза ім па галаве, той захістаўся і ледзь ня страціў прытомнасьць, ажно другому прышлося падтрымаць яго. Швэйк заўважыў, што ён перамагае, і пусьціў кліч перамогі:

— Выходзь на аднаго! З усімі спраўлюся! Наша бярэ!

А кіргізы, нібы раптам зразумелі па-чэску, выскачылі на палубу. За імі сьледам бег Швэйк. Іншыя кіргізы, якія служылі тут-жа, сьпяшаліся на дапамогу сваім земляком, што выклікала рэакцыю з боку Марэка і Гаршыны. На палубе разьвінулася вялікая бойка. Яе спыніла поліцыя, якая прыбегла на тлум і крык. Па гэтых крыках яна даведалася, што ў бойцы бяруць удзел аўстрыйцы, затрымала іх і павяла з сабой, не зважаючы на капітанавы просьбы, каб палонныя аддалі яму боты, якія яны яму вінны. Капітан пабег за імі ў поліцыю і пачаў упрашаць прыстава, каб той загадаў палонным разуцца і аддаць яму боты. Але як выявілася, што затрымалі тых-самых аўстрыйцаў, пра якіх атрымалі ўвечары паведамленьне з вайсковае комэндатуры, у поліцыі была такая радасьць, што прыстаў, тарабанячы пальцам па стале, сказаў капітану:

— Ніяк нельга, бацюхна! Іх трэба завесьці да вайсковага комэнданта, а на вуліцы холадна і басанож ім ісьці не выпадае. Дый што-б падумала пра мяне яго правасхадзіцельства!!

А калі капітан ня спыніў сваіх просьбаў, прыстаў сваімі ўласнымі рукамі выштурхаў яго за дзьверы.

Раніцой, калі ад’ютант сказаў генэралу Папову, што поліцыя затрымала і прывяла ўцекачоў-палонных, ён зусім засмуціўся.

— Што з імі рабіць? Яны ўсё будуць уцякаць, поліцыя будзе за імі бегаць, а я буду іх неяк караць! Навошта? Ах, якая дурная рэч — жыцьцё!

Неўзабаве яны зьявіліся перад ім. Генэрал падыйшоў да іх і соладка запытаў:

— Ну, як, галубкі? Ці добра вас спаткалі ў поліцыі?

— Ой, добра! — сарвалося з апухлых, разьбітых вуснаў Гаршыны.

— Так, у вас адменныя сінякі, — ласкава сказаў генэрал, пазіраючы на твар Марэка. Швэйк, не чакаючы запытаньня, коратка сказаў:

— У мяне ўся сьпіна пабіта, зад спелендраваны і ўсюдых гузы.

— Што-ж, у нас б’юць здорава! — самазадаволена зазначыў генэрал. — Ну, што-ж мне цяпер з вамі рабіць, хлопцы? Вось што: пашлю я вас у Сібір, у лягер. Сёньня-ж падрыхтаваць ім дакуманты, — сказаў ён ад’ютанту.

Праз пяць дзён наша тройца вылезла ў Пэнзе з кляснага вагону; за ёй ішлі два казакі, якія завялі палонных у канцылярыю. Дарога ішла паўз раскіданыя там і тут баракі, шыльды якіх Швэйк чытаў ужо колькі тыдняў назад. У канцылярыі конвойныя з імі разьвіталіся, а фэльдфэбель, які іх прымаў, даў палонным такую параду:

— На вакзале стаяць цягнікі з палоннымі, залязайце ў які хочаце — яны ўсе завязуць вас у Сібір.

А калі яны ўтрох ішлі адны на вакзал, Швэйк знайшоў знаёмую шыльду і, зірнуўшы навокал, радасна крыкнуў:

— Гэтая Расія зусім не такая ўжо і вялікая, як расказваюць, калі ў ёй можна двойчы на год вярнуцца на тое-самае месца. Пачакайце, хлопцы, мы яшчэ будзем тут адчуваць сябе, як дома!


  1. Радыска; остэндзкія ўстрыцы; ласосіны з майонэзам.
  2. Ростбіф; індык смажаны; сьцягно дзікай казы.
  3. Обэркэльнар мэтрд‘ отэль, галоўны офіцыянт.