Перайсці да зместу

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/5/Сугляды і вясельле

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Народная мэдыцына Сугляды і вясельле
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек
1932 год
Швэйкаў анабазіс
Пераклад: Тодар Кляшторны і Зьмітрок Астапенка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




8

СУГЛЯДЫ І ВЯСЕЛЬЛЕ

Увесь хлеб памалацілі і ссыпалі ў засекі, сонца зьзяла ўжо два дні, і ў суботу Трахім Іванавіч абвясьціў:

— Сёньня мы будзем вазіць сена. Гэй, хлопцы, схадзеце ў стэп ды прыганеце з пашы коняй і кароў.

Палонныя пайшлі раненька-рана. У стэпох ад буйнае расы ўзьнімаўся лёгкі белы туман, які слаўся па самай зямлі. Яны ішлі ўжо больш за гадзіну ў кірунку, паказаным ім гаспадаром, па палёх, на якіх ім сустракаліся людзі, коні і валы, але ўсё яшчэ не знаходзілі жывёлы Трахіма Іванавіча.

— Ах ты божухна! — крыкнуў раптам Марэк. — Мы-ж ня ведаем, хто і дзе яе пасьвіць. Я зьбегаю назад ды запытаю ў гаспадара.

— Дальбог, — пацьвердзіў Швэйк, — мы ўжо цэлы тыдзень яе ня бачылі. Мабыць яе пасьвіць агульны пастух.

— Не, тут ніхто яе ня пасьвіць, — разважыў Цьвяршына. — Я, напрыклад, ніколі яшчэ ня бачыў нікога каля статку.

Марэк пайшоў, а Цьвяршына прапанаваў Швэйку:

— Ідзі ты направа, а я налева. Калі знойдзеш, дык крыкні, ці я крыкну.

— Калі знойдзеш коняй, дык дагані мяне верхам, і мы разам паедзем на іх, падганяючы перад сабой валоў, — крыкнуў Цьвяршыне ўсьлед Швэйк.

З гэтымі словамі яны разыйшліся, і Швэйк засігаў адзін па стэпу, пільна паглядаючы навокал, каб знайсьці быдла свайго гаспадара.

На іржэўніку пасьвіліся вялікія статкі кароў і коняй, але Швэйк нідзе ня бачыў жывёлу, якая-б была падобна да жывёлы Трахіма Іванавіча. Калі ён стыкаўся дзе-ні-дзе з параю валоў, якія пасьвіліся асобна, дык яны ўцякалі, задраўшы хвасты з працяжным мычэньнем, і пачыналі пасьвіцца на недасяжнай адлегласьці. Швэйк падумаў:

— Бач ты — ведаюць, што трэба цягаць цяжкое, і ня хочацца. Шчасьлівыя гэтыя валы — знаходзяць сабе ежу нават тады, калі нічога ня робяць, а таму ім і ня трэба нічога рабіць. Пляваць ім на Трахіма Іванавіча.

Гэтак-жа сама, як і валы, паводзілі сябе і коні, калі Швэйк спрабаваў падыйсьці да іх. Расьпінаючы ноздры, яны злосна порскалі, брыкалі, а праз хвіліну ўжо імчаліся з грываю па ветры прэч цераз стэп.

Было горача. Ад гэтай пагоні Швэйк на сьмерць змарыўся. Ён зьдзеў куртку, разаслаў яе і крыху задрамаў, а потым зноў пачаў бегаць за валамі і коньмі.

Ён быў ужо недалёка ад суседняе вёскі, калі, нарэшце, шчасьце павярнулася да яго тварам. Разам са статкам кароў пасьвілася некалькі коняй, сярод якіх ён спазнаў рабочага каня свайго гаспадара.

Ён зараз-жа падыйшоў, гукаючы яго: — Гнедка, Гнедка! — Іншыя ў спалоху кінуліся ў розныя бакі, а Гнедка выцягнуў шыю і ўзяў прапанаваны яму кавалачак хлеба.

Гульня была выйграна. Швэйк схапіўся за конскую грыву, ўскочыў яму на сьпіну, адабраў шэсьць валоў, якіх ён шчыра лічыў за ўласнасьць Трахіма Іванавіча, і пагнаў іх, гойсаючы вакол іх, у тым напрамку, адкуль прышоў.

Гэта была надзвычайная праца, бо валы ня выяўлялі аніякага жаданьня слухацца. Яны разьбягаліся ўва ўсе бакі, жаласна мычэлі і імкнуліся назад у статак. Ледзь Швэйк пасьпяваў вярнуць аднаго, як уцякала трое іншых.

— Т-так, быць каўбоем ня надта ўжо лёгка, — прамармытаў Швэйк. — Чорт ведае, што такое! Я на вайсковай службе колькі год слухаўся рознага быдла, а вы ня хочаце слухацца мяне? Цікавая рэч — няўжо адзін чалавек ня можа справіцца з шасьцю жывёлінамі, калі некалькі жывёлін кіруюць цэлымі дзяржавамі!

Гэтыя словы нібыццам зрабілі ўплыў на валоў. Мабыць гэта вышла таму, што статак зьнік з іхных вачэй, застаўшыся па той бок пагорку, але так ці іначай яны зьбіліся ў адну кучу і пабеглі трушком наперад.

— Вось каб капітан Загнэр убачыў мяне такога, — вёў Швэйк далей гутарку з самім сабой. — Ён навучыўся-б у мяне, як весьці роту ў бой. Дальбог, гэта-ж зусім, як у нас у арміі — шэрае быдла наперадзе, а офіцэры ззаду.

Швэйк выпрастаў грудзі, горды высокім становішчам, якое здабыў у палоне, і на усё горла пачаў камандваць:

— Рота — стой! Паўзварот улева! Першая шарэнга кладзіся! Другая шарэнга — з калена! Проста па цэлі — плі!

Яго каманда далёка разносілася па стэпу. Нейкі стары селянін, які варочаў сена, азірнуўся, углядзеўся, прыкрываючы вочы далоньню, і раптам як мага закрычаў:

— Гэй, праваслаўныя, ратуйце! Трымай яго, аўстрыйца, канакрада! Гэй, праваслаўныя, трымайце яго, чортавага сына! Чакай, паскуда, пакажуць табе!

Ён пабег на суседняе поле, адвязаў ад калёс каня, ускочыў на яго, і наўскачка паляцеў за Швэйкам з прарэзьлівым крыкам:

— Канакрад! Канакрад! Бі канакрада, бі яго! Пятро Гаўрылаў, глядзі, канакрад! Ён у цябе каня ўкраў!

Гвалт, узьняты гэтым старым, гучэў як трубны голас у дзень страшнага суду. З усіх бакоў зьявіліся на конях сяляне, кабеты, дзяўчаты і дзеці і па стэпу пракаціўся шматгалосы рык:

— Бі яго! Ён у Пётры Гаўрылавага каня ўкраў!

Як мага паганяючы коняй, коньнікі стараліся абкружыць Швэйка. Той, адчуваючы, што з гэтага вялікага дабра ня будзе, кінуў валоў і пусьціў свайго каня наўскач, што сілы б’ючы яго пяткамі па бакох.

Крыкі пагоні зрабіліся яшчэ больш грознымі. Самы адважны, выючы ад злосьці, паймчаўся проста на Швэйка, у якога конь упудзіўся і панёс. Ён спачатку ўзьняўся на дыбкі, а потым рынуўся наперад з такім імпэтам, што Швэйку прышлося ўчапіцца аберуч у грыву, каб не зваліцца; ледзь кранаючыся капытамі зямлі, выцягнуўшыся, як птушка, ён стралою імчаўся па палёх і завярнуў проста на адвор да Трахіма Іванавіча, які выйшаў якраз з Марэкам зірнуць, калі-ж, нарэшце, палонныя прыгоняць жывёлу.

Швэйк кумільгам скаціўся з каня.

— Ну, дзе ты іх знайшоў? Чаму ты так ляцеў, як шалёны, чаму ён у цябе ўвесь у мыле? — запытаў Трахім Іванавіч, а потым, уважліва зірнуўшы на каня, крыкнуў: — Ах ты божухна, ды гэта-ж ня мой конь! Гэта конь, якога я летась прадаў Пётры Гаўрылаву!

У гэты момант пяцьдзесят чалавек з крыкам: «Дзе канакрад? Бі яго, жыўцом яго ў зямлю!» пад’ехалі да двара і спыніліся, убачыўшы Швэйка з гаспадаром. Трахім Іванавіч выйшаў да іх і, разводзячы рукамі, сказаў:

— Дурні-ж яны, сапраўдныя дурні! Ну што з імі зробіш? Паслаў я яго па коні, а ён прыяжджае на чужым! Коні яго не пазнаюць, валоў ня можа знайсьці, а яшчэ кажа, што пісьменны і ўдварэ штодзень газэту чытае! Бярэце вы, хлопцы, гнядога з сабою ў Каралёўку! А Пётры Гаўрылавічу ад мяне шчырае прывітаньне!

Сяляне, пачухаўшы патыліцы, павярнулі коняй і паехалі назад, а Трахім Іванавіч злосна плюючы і клянучы Аўстрыю і аўстрыйцаў і той дзень, калі яму ў галаву прышла няшчасная думка ўзяць у парабкі палонных аўстрыйцаў, раптам узьняў галаву і зьдзіўлена прыслухаўся. За дваром чуўся голас Цьвяршыны: .

— Нно, цобе цоб!

— Ну хоць валоў ён прыгнаў дадому, — весела ўсьміхнуўся селянін. — Гэй, хлопцы, запрагай. Два разы па сена сёньня зьезьдзім.

Першая пара валоў ступіла на двор, і з вуснаў Трахіма Іванавіча вырвалася грубая лаянка. А потым двор напоўніўся валамі, каровамі, цёлкамі, авечкамі і козамі, і Трахім Іванавіч пачаў ірваць на сабе валасы і разьюшаны кінуўся на Цьвяршыну, які горда стаяў сярод шумлівага статка.

— Я-ж… тваю маць, казаў табе прыгнаць толькі валоў. А што ты, сукін сын, зрабіў? Падлюга, паскуда аўстрыяцкая! Гэта-ж ня нашае быдла! Гані яго зараз-жа туды, адкуль узяў! У, пракляты! Так-бы і забіў цябе, нягодніка!..


*

Калі яго злосьць крыху адышла, ён паклікаў дачок; тыя прыбеглі, і ён загадаў ім:

— Папрасеце ў суседзяй трох коняй! Хутчэй! Мы самі паедзем па валоў!

Дзяўчаты вярнуліся праз некалькі хвілін з трыма коньмі. Трахім Іванавіч сеў на аднаго, паказаў рукой на палонных і сказаў:

— Прыдзецца нам самім іх шукаць. У гэтых палонных розуму няма ці на грош!

— У іх ёсьць усё, што павінна быць, але толькі ў невялікай меры, — уздыхнула Дуня, па-мужчынску ўскочыўшы верхам на каня. Наталка ўжо выяжджала за вароты.

Позна ўвечары Трахім Іванавіч вярнуўся з коньмі, а ўсьлед за ім зьявіліся і дочкі з валамі. Упарадчыўшы жывёлу, гаспадар падыйшоў да палонных і ціха папрасіў:

— Даруйце мне, хлопцы, што я вас так аблаяў, і нават матак вашых пакрыўдзіў. Вы не маглі знайсьці жывёлы, бо яна была далёка ў стэпе, а валы зайшлі аж пад самыя Кохановічы. Даруйце, хлопцы, грахі мае цяжкія!

— Ну, што ўжо там! — ласкава ўсьміхнуўся Швэйк. — Толькі я так адбіў зад сабе, што прыдзецца рабіць прымочкі, каб ня так пякло і садніла. Чаму-ж ты ня ставіш таўро на сваіх валох, калі выпускаешіх разам з іншымі, яловая твая галава? Вось у нас нават на гуталіне ставяць знак фабрыкі, якая ўся зьмяшчаецца ў старым жалезным гаршку, а ты…


*

Тое, пра што казала Марэку Дуня, спраўдзілася: у нядзелю прыехалі госьці — малады з бацькамі. Трахім іванавіч спаткаў іх і зараз-жа запрасіў іх абедаць.

Яны ўвайшлі ў хату, памаліліся на абразы і, павітаўшыся з аўстрыйцамі, селі за стол і пачалі распытваць іх, чаму загарэлася вайна, калі цар і Франц-Іосіф заўсёды сябравалі адзін з адным.

Наталка паставіла на стол, што нагатавала і насмажыла маці. Абед быў адменны. Малочная лапша, варэньнікі, смажаныя куры, аладкі. Стравы давалася дужа многа, аж у Швэйка і Цьвяршыны вочы блішчэлі ад радасьці, і Швэйк, расшпіліўшы гузік ад парток, пачаў упрашаць Марэка:

— Еж-жа… Гэта яны прыехалі глядзець маладую. Эх, шкада, што нельга наесьціся на тыдзень наперад, як вярблюд!

За абедам Дуні ня было. Калі ён скончыўся, Наталка прынесла самавар. Матка маладога кінула самазадаволены погляд на сына, дваццацёхгадовага хлапца ў высокіх ляксаваных ботах і ў чырвонай кашулі, падперазанай стракатым баваўняным шалікам, якія носяць у нас рамізьнікі ўзімку на шыі; потым яна запытальна зірнула на палонных і, нарэшце, на Трахіма Іванавіча.

Той зразумеў, таксама як і Марэк, што яна хоча пачаць гутарку пра справу, але саромеецца чужых. Таму гаспадар сказаў:

— Кажы, кажы, яны ані слова не разумеюць.

Марэк са Швэйкам адыйшліся да прыпеку, каб не перашкаджаць, пакуль пададуць самавар, а Цьвяршына выйшаў на двор. Матка маладога кашлянула, зірнула на абразы, на падушкі на прыпеку, на ясна вычышчаны самавар, і пачала:

— Дык вось, каб вы ведалі, чаму мы да вас прыехалі. У вас тавар, ды не абы-які, а ў нас — купец, таксама не абы-які. Наш Ільля добры чалавек, добры гаспадар і прыгожы хлапец, другога такога не знайсьці. І надыйшоў час узяць Ільлю жонку ў хату, — цягнула старая, нібы рэзала масла на кавалкі. — Дзяўчаты за ім так і віюцца, ды ён і слухаць ня хоча. Я выбрала для яго красуню, смуглявую, палкую, падыйшла да яго і кажу: «Ну, як, Ільля, пажэнім цябе з гэтай?» А ён адмаўляецца: «Што вы, што вы, мамачка? У нас і курыцы на дварэ чорнай няма, а вы хочаце, каб я ўзяў сабе жонку чорненькую». Ну, а потым ён ужо мне прызнаўся, што яму ваша Дуня спадабалася і што пакахаў ён яе моцна і за жонку ўзяць хоча. А я дык яе і ня ведаю і ня бачыла. Дзе-ж яна ў вас?

Наталка пабегла паклікаць сястру. Маці перачакала паўзу, а потым соладка казала далей:

— Ільля-б мог знайсьці маладую і багацейшую і прыгажэйшую, чым ваша Дуня, але мы і самі ня бедныя і можам дазволіць сыну ўзяць тую, якая яму падабаецца. А колькі вы за Дуняй даеце?

Цяпер адказала гаспадыня, Дуніна маці:

— А колькі і што вы просіце?

— Ды колькі-ж вы даеце?

— А на што вы спадзяецеся?

— Што-ж, тавар-жа ваш. Чый тавар, таго і цана.

— Гэта правільна, тавар наш. Але скажэце-ж тады, колькі вам на яго паходу даць!

— Самі вызначце!

— Не, вы да нас прышлі, а ня мы да вас. Скажэце, што хочаце?

— Гэта-ж як на рынку на кірмашы, — зазначыў Швэйк, які з цікавасьцю прыслухоўваўся да слоў, як туды і сюды перакідваліся. — Ах, каб цябе! Добра было-б тут быць за фактара.

— Мы хацелі-б для нашага Ільлі маладую, — уставіў бацька маладога, — каб з самаварам, падушкамі…

— … ды з акутай медзьдзю скрыняй, — пасьпешна дадала старая.

— Добра, самавар мы дамо, падушкі таксама, але скрыні з медзьдзю няма, — рашуча сказаў Трахім Іванавіч. — Расьпісной скрыні для такой маладой, як наша Дуня, досыць. А медзь цяпер дарагая, усю яе забралі на гарматы для вайны… Ну, дык як-жа? Бярыцё дзяўчыну?

— Бярэм, але скрыня каб была акутая медзьдзю, — засупярэчыла старая, — а так нашаму Ільлі крыўдна…

Дуня, апранутая ў сьвяточнае ўбраньне, увайшла ў пакой. Усе, апрача маладога, зрабілі выгляд, нібы не заўважаюць яе, і Трахім Іванавіч сказаў:

— Хай будзе па-вашаму — дамо ёй і скрыню з мядзянымі цьвікамі, хоць Дуня-б магла знайсьці такога суджанага, як Ільля, і бяз скрыні. Але за гэта хай Ільля купіць ёй галёшы ды заплоціць за палавіну віна на вясельле.

— Што, маладой галёшы? І палавіну віна? — узлавалася будучая сьвякруха, схапіўшы адной рукой мужа за плячо, а другой штурхаючы Ільлю. — Хадзем, хадзем, сугляды былі дарма! Глядзеце, якія скнары, бессаромныя! Скрыні мядзянай даць ня хочуць, падушкі, пэўна, будуць набіты толькі напалавіну, а ім яшчэ давай галёшы ды плаці за віно!

Яна выштурхнула абудвых прадстаўнікоў моцнай палавіны ў сям’і з пакою, сама, лаячыся, паставіла каня ў аглоблі і пачала запрагаць. Але калі яна ладзілася ўжо зацягнуць лейцы, з хаты выйшла Дуніна маці.

— Ах ты божухна, ды ці не звар’яцела ты? Сама кажаш, што мы ня бедныя, а няхочаш, каб твой сын купіў маёй дачцы галёшы. Трэба-ж мне паглядзець, як малады сваю маладую паважае. А падушак, такіх, якія я дам за сваёй дачкой, у цябе і ў самой ніколі ня было.

Старая зноў выпрагла каня, загадала сыну і мужу вярнуцца і ўвайшла сама сьледам за імі; потым яна ўзяла Дуню за плячо, адчыніла дзьверы ў суседнюю каморку і штурхнула туды спачатку Дуню, а потым і свайго сына.

— Ну, пазнаёмцеся ўжо, ці што, — сказала яна, замыкаючы за імі дзьверы.

— З гэтага можа нядобрае выйсьці, — зазначыў Швэйк. — Камора без вакон, парачка сядзіць у цемры, і калі ім ня даць сьвятла, дык усё можа здарыцца.

А пакуль старыя абмяркоўвалі, каго паклікаць на вясельле, і колькі купіць гарэлкі, Ільля сядзеў у каморы на бочцы з салам ды пытаў Дуню:

— Ці бачыш ты, якія ў мяне добрыя боты?

У каморы было цёмна, як у калодзежы, і Ільля прашаптаў гэта зусім ціха. Дуня здагадалася, што Ільля хоча выпрабаваць, ці добры ў яе зрок і слых, і голасна адказала:

— Бачу. На іх мядзяныя падкоўкі і яны з добрай ляксаванай скуры. Дзе гэта ты іх купіў? Мабыць, больш чым дваццаць рублёў за іх аддаў?

— Дваццаць два заплацілі, — прашаптаў ён яшчэ цішэй, а Дуня зноў голасна сказала:

— Дваццаць два? А я думала, што і ўсе дваццаць пяць!

— Дык як-жа, пойдзеш ты за мяне? — запытаўся ўжо голасна Ільля, а Дуня адказала шэптам:

— А біць мяне ня будзеш? Напівацца, як сьвіньня, таксама ня будзеш?

— Я цябе ніколі біць ня буду, Дунечка, — млосна праказаў Ільля, — а п’ю я і так толькі ў сьвяты. І можа прыдзецца мне ісьці на вайну. Будзеш ты тады салдаткай.

Ён узяў маладую за руку, правёў па ёй пальцамі і памацаў яе крамяныя моцныя мускулы. Таксама памацаў ёй лыткі і сьцёгны, і ўсё, як выявілася, было такой добрай якасьці, што ён рашыў:

«Маці будзе задаволена, калі я ёй раскажу, як добра Дуня бачыць і чуе, і якія ў яе дужыя рукі».

А Дуні ён сказаў уголас, гладзячы яе па голых каленках:

— А галёшы я табе абавязкова куплю, каб ты бачыла, што я для жонкі нічога не шкадую.

Дуня прытулілася да яго, як п’яўка, і Ільлю каўнер яго чырвонай кашулі здаўся раптам цесным. У гэты момант маці яго адчыніла дзьверы, гаворачы:

— Пойдзем. Ня выйшла справа. Ім, бач, сто рублёў дай на пачастунак галоце. Галёшы я абяцала, на пяцьдзесят рублёў згодна, а гэтым ненасытным усё мала. Нічога, знойдзеш другую жонку.

А за ёй крычала Дуніна маці:

— Лепш я цябе сваімі рукамі затаплю, чым пушчу ў такую сям’ю. Прышлі па дачку, хочуць вынесьці ўсю гаспадарку. Зубы-б такому маладому павыбіваць…

Яны зноў выйшлі, запрэглі каня і паехалі. Праз дзесяць хвілін іхныя калёсы ізноў загрукацелі на двары; Ільлёў бацька саскочыў з іх і сказаў Трахіму Іванавічу:

— Слухай, сват, восемдзесят рублёў я можа і дам на пачастунак. Ты свой тавар добра прадаеш, ніхто ніколі так выгодна не прадаваў. Значыцца, восемдзесят рублёў, і сам я піць многа ня буду. Не вяртацца-ж нам з пустымі рукамі.

— Хай будзе на гэта воля боская, — уздыхнуў селянін і ўвайшоў у хату. Усе пайшлі за ім. Трахім Іванавіч зьняў са сьцяны абраз, Дуня і Ільля сталі на калены, і ён першы блаславіў іх, перадаўшы потым абраз іншым, якія зрабілі тое-самае. Пасьля гэтага селі вячэраць.

Такім чынам, Дуня была цяпер засватана; вясельле мелася адбыцца праз тры тыдні, і калі Марэк і Швэйк адшукалі свае саламяныя ложкі, Марэк з некаторай зайздрасьцю сказаў:

— Гэтай парачцы будзе шанцаваць у жыцьці. Яе блаславілі тым-самым абразом, якім старая ведзьма лячыла сьвіньню ад запору. Відаць, гэты сьвяты ў іх на ўсе рукі майстра!


*

Тыдзень узапар працавалі яшчэ на палёх, малацілі ячмень, вазілі сена і толькі ў нядзелю варочаліся ў хату. Цьвяршыне Трахім Іванавіч даручыў паправіць усе плугі і калёсы, тым часам, як сам ён, абедзьве дачкі, Марэк і Швэйк заставаліся ў стэпе, варылі кашу ў казанках і спалі на аднэй коўдры пад калёсамі. Малады, Ільля, прыяжджаў часам да Дуні верхам, часам да Дуні верхам, гутарыў з ёй, памагаў ёй варочаць сена, а потым зноў ехаў назад.

З таго часу, як Дуня стоячы на каленах перад Ільлёвымі бацькамі, пакланілася ім нізка да зямлі, яна была дужа вясёлая і жартаўлівая. Часьцей, чым звычайна, яна выцягвала з кішэні кавалак люстэрка і пудрыла сабе твар. Яна ажно расьцьвітала ад думкі, што яна — маладая.

А калі па начах Трахім Іванавіч спаў, яна яшчаркай падпаўзала да Марэка, які спаў з краю, і шаптала, грэючы яго сваім гарачым целам:

— Ш-ш-ш! Не варушыся! Бач, хлапчанё наша навучылася ня спаць, калі Дуня да яго прабіраецца ноччу!

Але-такі прыбралі ўвесь хлеб. Адно поле ўжо аралі пад зімовае. Вечары сталі даўжэйшыя… І тады Швэйк даўміўся, што і ўбогае меню можна зрабіць больш рознастайным, бо ўсюдых зьявілася шмат грыбоў.

Удзень яны іх зьбіралі, а ўвечары Швэйк смажыў іх на масьле. Куры несьліся добра; таму яек хапала. А масла Цьвяршына памалу цягаў з каморкі, калі гаспадыні ня было ўдварэ. Такім чынам, пасьля гаспадарчай вячэры палонныя набівалі сабе вантробы смачнымі грыбамі.

Гаспадар, падыйшоўшы неяк да агню і ўбачыўшы гэтыя грыбы, плюнуў і зазначыў Швэйку:

— Чаму ты не ясі больш кашы ці хлеба? Цьфу, як гэта вы можаце есьці такую брыду?

А Швэйк, бачучы, як Марэк вылізвае кацялок з грыбамі, з радасным тварам сказаў:

— Цікава было-б ведаць, хлопцы, чым нас будуць частваць на вясельлі. Гаспадыня казала, што заб’е сьвіньню і купіць барана, што будзе пірог з мясам і што заказалі дзесяць фунтаў селядцоў. Вось гэты селядзец ім прысмак, а пра грыбы, якія ў нашых лепшых рэсторанах падаюць толькі важным панам, гэтыя людзі кажуць: «брыда». А таго не разумеюць, што людзі павінны карміцца рознымі спосабамі і што для іх кожная дробязь — на карысьць. Вось я, напрыклад, знаў аднаго мэдыка, на прозьвішча Часнок, быў ён дужа бедны студэнт, і рэпэтаваў багатых хлапцоў, каб ня здохнуць з голаду, і ўсё-ж скрозь галадаваў. Жыў ён у Падскале ў старым доме, дзе было шмат тараканаў, і калі прыходзіў дамоў, дык заўсёды прыносіў што-небудзь ім, бо яны былі адзіныя таварышы, якія з ім не разлучаліся. І вось аднойчы запрасілі яго на банкет у адным багатым рэсторане, з прычыны таго, што адзін студэнт, якога ён падвучваў, здаў экзамэн на доктара. Ну, Часнок пайшоў туды, сядзіць, есьць аж нос угібаецца. Раптам, акурат тады, як ён браў страву з талеркі, што яму падаваў кэльнер, яму нешта заказытала пад каўнерыкам; ён — раз, туды, — і ў тую-ж хвіліну яму ў талерку, проста ў соўс, зваліўся таракан і ляжыць сабе на сьпінцы, толькі ножкамі дрыгае… Мой Часнок, — апавядаў Швэйк, — так і пабялеў ад страху, што гэта могуць заўважыць, бо тады-б быў скандал. Але, на шчасьце, ніхто не заўважыў, апрача самаго гаспадара, які наглядаў за парадкам. Ён бачыў, як Часнака ўсяго скаланула над талеркай, зараз падыйшоў — зірк, у соўсе плавае, барахтаецца і вось-вось патане таракан! Цяпер ужо гаспадар рэсторану пабялеў, як палатно, схапіў талерку, прамармытаў: «Даруйце!» і як куля выляцеў з пакою. Вяртаецца ён праз хвіліну з чыстай талеркай і кажа Часнаку: «Прашу вас на хвіліну па важнай справе!» А ў канторы пакорна рукі склаў ды ледзь не на каленах пачаў прасіць: «Не пагубеце мяне, у мяне жонка і чацьвёра дзяцей. Розуму не дабяру, адкуль гэта брыда трапіла сюды, ды яшчэ жывая. У нас-жа ўсё працэджваецца і прасейваецца». І тут-жа дае Часнаку сто крон ды дадае: «Калі ў вас ня будзе грошай, дык прыходзьце зноў. Я ведаю, што азначае быць бедным студэнтам!.. А з вашага выгляду відаць, што вы бедны». Часнок гэты, — скончыў сваё апавяданьне Швэйк, — купіў, узрадаваўшыся, сваім тараканам адменную вячэру: пільзэнскага піва, чайнай кілбасы, сьвежага салату і нават гурочкаў. Ён пачаў зваць іх ня іначай, як сваімі «збаўцамі», і штодзень лавіў аднаго таракана і нёс з сабой у скрыначцы з-пад сярнічак. Ён пачаў абедаць і вячэраць у самых дарагіх рэсторанах з францускай кухняй, і заўсёды, як канчаў есьці, няпрыкметна для іншых, нібы запальваючы цыгару, пускаў у талерку свайго таракана і загадваў яе перамяніць. І так растаўсьцеў, што важыў блізка паўтараста кілё, здаў экзамэны на доктара і купіў сабе два аўтомобілі і дом ва Ўршовіцы. А цяпер, калі ў каго з яго кватарантаў заводзяцца тараканы, дык ён яго ў момант выганяе з кватэры, а сам усюдых пасыпае парашком і трымае ў сябе на кухні двух вожыкаў, за якія яму ўжо прышлося плаціць адступнога кухарцы, калі яна ў цемры наступіла на большага, і пракалола сабе палец на назе.

— Адкуль у цябе бяруцца ўсе гэтыя гісторыі? — сьмяючыся, спытаў Цьвяршына, а Марэк, пацягваючыся, сказаў:

— Дальбог, добра, што неўзабаве вясельле!

Урачысты дзень набліжаўся і стаў вялікім днём для нявесты і цікавым для Швэйка. Забілі сьвіньню і абсмалілі яе над запаленымі пукамі саломы; аблупілі купленага барана; гарэлку, якая няма ведама адкуль узялася, схавалі ў далёкі куток у каморы. Дуня з раніцы хадзіла ўся ў белым, у вянку з зялёнага лісьця і з васковымі бубачкамі на галаве.

Шлюб павінен быў пачацца а дванаццатай гадзіне, але ў гэты час маладога яшчэ ня было. На запытаньне Марэка, дзе-ж малады, Трахім Іванавіч адказаў:

— Пэўна чакае ў царкве. Ідзеце таксама наперад ў царкву, хлопцы.

Потым зьявіліся калёсы з запрашанымі маладой, тым часам, як паяжджане маладога спыніліся ля калёс, на якіх ён прыехаў з дружкамі.

Дуня пасьпешна адышлася, падбегла да вялікага крыжу перад царквой і прывязала да яго хвартух, такі-ж белы, як і яе ўбраньне. Калі Марэк запытаў Трахіма Іванавіча, што гэта азначае, дык той прамармытаў праз зубы:

— Гэта яна аддае шлюб хрысту, прыносіць яму, значыцца, у падарунак сваю дзявочую цноту.

Адправа скончылася. Сьпевакі прасьпявалі: «Ісайя, лікуй», і бацюшка пачаў шлюб. Ён узьдзеў на галовы маладым вялікія мядзяныя вянкі і даў ім выпіць з аднае чары віна; ён сьпяваў, вадзіў іх па царкве, як правадыр мядзьведзя, і вось Ільля і Дуня зрабіліся мужам і жонкай.

А вясковыя кумкі заўважалі, як Дуніна сьвякруха прыкладала хустку да вачэй, і паціху штурхалі адна адну:

— Бач, хітрая ліса! Чакай, галубка-маладуха, ня соладка будзе табе ў яе жыць!

Калі скончыўся шлюбны абрад, усе рушыліся да Трахіма Іванавіча. Ля дзьвярэй хаты стаяла старая Марта і, асыпаючы маладых хмелем, ячменем і пясковым цукрам, прыгаварвала:

— Ой-жа і будзе вам жыцьцё саладзей за цукар, ой-жа і зьвіецеся разам, як буйны хмель, ой-жа і будзеце вы пладней, чым зерне ячменнае.

— Што гэта старая вядзьмачыць? — запытаў Цьвяршына, палахліва адступаючы. А Швэйк па-філёзофску азваўся:

— Чакай, даведаемся! Ды ты не ўцякай, у яе няма нажа!

Госьці засталіся на дварэ і кожная жанчына ўзяла ў рукі па глінянаму гаршку, які, відаць, яна прырыхтавала загадзя. Марта правяла маладых, падштурхоўваючы іх, у пакой, увайшла туды за імі і замкнула за сабой дзьверы на засаўкі.

Прайшло дзесяць марудна даўгіх хвілін. Некаторыя жанчыны выцягвалі рукі з гаршкамі, іншыя станавілі іх, сьмяючыся, на зямлю. Нарэшце, рыпнулі дзьверы, зьявілася Марта, высока ўзьнімаючы над галавой белае прасьцірадла з крывавай плямай пасярод. Госьці закрычалі: «Гэй, гэй!» і ўдарылі гаршкі вобземлю так, што чарапкі разьляцеліся дажджом ува ўсе бакі.

З-за Марты выскачыў распалены малады муж і кінуўся перад Трахімам Іванавічам на калены, цалуючы яму рукі і ногі і мармычучы нейкія дзіўныя словы падзякі за тое, што той даў яму жонку-цнотку.

Жанчыны бразнулі другі залп з гаршкоў, а добры ваяка Швэйк, пад’упаўшы пад агульны настрой павагі і зьнішчэньня, схапіў у сенцах вялікую кадзь з-пад квашанай капусты і таксама ўдарыў ёй вобземлю. Гэта прагучэла як гарматны салют У гонар цнатлівасьці маладой.

Потым ён выцягнуў з каморы прызначаную на сала кадушку, і ахнуў яе аб падлогу; кадушка, вядома, рассыпалася на кавалкі. Калі-ж ён хацеў зрабіць тое-самае і з самаварам, Трахім Іванавіч затрымаў яго за руку:

— Што ты робіш, вар’ят? Ці ты з глузду зьехаў?

Швэйк, гледзячы, як жанчыны, скачучы ды падкідаючы падушкі, усё яшчэ білі гаршкі, якія няма ведама адкуль браліся, пачаў зьбянтэжана апраўдвацца:

— Я думаў, што чым больш іх перабіць, тым большая цнатлівасьць маладой.

Нарэшце, госьці ўвайшлі ў пакой. Пад вакном быў выстаўлены пасаг маладой: акутая жоўтаю бляхай скрыня, а на ёй — новыя галёшы. Шэсьць падушак у белых навулечках ляжалі на лаве, а на сярэдняй з іх цьвіла такая-ж крывавая кветка, як на прасьцірадле ў Мартавых руках.

Убачыўшы гэтую пляму жанчыны зноў радасна зашумелі, а Швэйк, які глядзеў на іх дужа зьдзіўлена, паціху прамармытаў:

— Проста хоць лажыся ды памірай… Я-ж тады ноччу ў полі… Ці гэта была другая?..

Марэк кінуў на яго гостры дапытлівы позірк. Але Швэйкавы вочы глядзелі на яго з анёльскай бязьвіннасьцю, поўныя ціхасьці і нябёснае сіні.

Банкет цягнуўся да познае начы; гаварылі шмат усякіх п’яных, няскладных прамоў. Малады распальваўся ад хвальбы, якую сыпалі яго жонцы, маладая чырванела ад лісьлівых слоў кабет, якія не шкадавалі фарб для апісаньня якасьцяй яе мужа.

Калі гарэлку ўсю выпілі, барана і сьвіньню зьелі амаль да каліва і высушылі пяцьдзесят, а можа і больш самавараў, а скрыню, падушкі і клумак з бялізнай ды вопраткай паклалі на калёсы, Дуня прыладзілася выяжджаць у Каргіна, у сваю новую хату, яе праводзілі матчыны сьлёзы і бацькавы блаславеньні.

Момант, калі малады адыйшоў, каб нешта ўпарадкаваць, Марэк скарыстаў для запытаньня:

— Слухай, Дуня, адкуль у цябе ўзялася кроў?

Маладая склала губы банцікам, заплюшчыла вочы і прашаптала яму на вуха адно адзінае слова: — «Дурань!». Яно прагучэла рэзка, як граната, і Марэк яшчэ і цяпер ня ведае, ці гэты эпітэт тычыўся яго ці маладога мужа.

Потым палонныя ляглі спаць; Марэк чуў, як Швэйк варочаўся з боку на бок і ўсё паўтараў:

— Розуму не зьбяру!.. Розуму не зьбяру!..

— Я таксама, таварыш! — заўважыў Цьвяршына.

— Як? І ты? Чаму-ж і ты? — ня вытрымаў Марэк.

Цьвяршына, надзвычайна саромячыся, ува ўсім прызнаўся.

— Даруйце, братцы. Здарылася так, што калі яна прышла неяк з поля па хлеб, я быў адзін з ёй у хаце. Ну і вось: дзяўчына маладая, і на тое была боская воля…

І раптам гэтую шчырую споведзь перарваў Швэйкаў рогат, як крык чайкі. Цьвяршына скончыў словамі:

— І вось сёньня гэта кроў… Я зусім адурэў ад гэтага…

А Марэк, робячы націск на кожным слове, сказаў:

— Ды і я зусім адурэў, браццы. Я больш за ўсіх адурэў!

Швэйк усё яшчэ сьмяяўся. Нарэшце, ён сказаў:

— Проста лажыся і памірай! Калі-б толькі ведаць, як і чым яна гэта зрабіла? Хлопцы, гэта-ж быў-бы цэлы капітал. У нас гэта давала-б прыбытак…

— Што ў нас давала-б прыбытак? — захацеў даведацца Марэк. А таму, што Швэйк не адразу адказаў, ён дадаў: — Тут у Расіі ўсё немагчымае — магчыма. Можа, у іх тут за нач усё зноў вырастае, як грыбы?

— Проста, у іх ёсьць для гэтага нейкая мазь, — сказаў Швэйк, — усё роўна як для росту валос ці бюсту. Браццы, каб я ведаў рэцэпт гэтага сродку, я-б вас азалаціў. У нас яно-б пайшло ух ты як! Я зьмясьціў-бы абвестку ў «Палітыцы» і ў мяне-б было больш буйнае прадпрыемства, чым у Одколека з яго пякарнямі. Гэтае-б куплялі ў мяне ўсе дзяўчаты, пачынаючы з дванаццаці год, а для ўдоў і паненак з добрых сем’яў я-б вырабляў гатункі мацнейшыя… Марэк, дзеля ўсяго, што табе дорага на сьвеце, скажы мне рэцэпт, калі ты яго ведаеш!

Швэйкаў голас задрыжэў; у ім чулася просьба і адчай… А Марэк, нахіліўшыся да яго, нібы хацеў яму нешта прашаптаць на вуха, што сілы крыкнуў яму тры разы ў самае вуха:

— Дурань! Дурань! Дурань!


*

З таго дню, як паехала Дуня, у хаце Трахіма Іванавіча час ішоў нудна. Толькі ў панядзелак яшчэ цягнуўся сьвяточны настрой. Гаспадар сядзеў з прыяцелямі за сталом; даядалі рэшту і высушылі цэлага бусла гарэлкі, якога гаспадар з хітраватай усьмешкай прынёс з каморы.

— Глядзеце, як я аб вас паклапаціўся! У муцэ схаваў, каб ніхто не знайшоў. А то гэтая галота грошай на гарэлку шкадуе, а выпіць ахвоча.

Пасыпаліся жарты і прыказкі. Стараста ўстаў і няцьвёрдым голасам сказаў:

— Памятаеце, браццы Гаўрыка Татарына, які на рынку цягаў за бараду бацюшку за тое, што той не хацеў за два фунты сала вянчаць яго па праваслаўнаму абраду з Настулькай Нічыпаравай? Забілі яго, сукінага сына, на фроньце, паклаў ён за цара-бацюшку сваю буйную галовачку!.. Вып’ем, браццы, за яго здароўе!

— Ты што гэта за здароўе нябожчыка піць зьбіраешся? — п’яным голасам засупярэчыў Трахім Іванавіч. — Го, ды стараста ў нас жартаўнік; сам ня ведае, што яму на язык узыйдзе!

— А вось я, стараста, загадваю табе, Трахім, выпіць за здароўе Гаўрыка Татарына, бо ён забіты за бацькаўшчыну, — злосна адгукнуўся стараста. — Як ты можаш свайму начальству пярэчыць, калі яно табе загадвае?

І ён так моцна штурхануў гаспадара сваёй шклянкай у бараду, што шклянка, ударыўшыся аб зубы, разьляцелася на кавалкі.

— Ага, ты так! На маеш, г… сабачае! — прахрыпеў Трахім Іванавіч і з маху ўдарыў старасту ў твар.

Гэта падало сыгнал да агульнай бойкі. Сяляне гэтак ужо ап’янелі ад моцнай гарэлкі, што досыць было аднаго маленькага штуршка. Яны пачалі біць і душыць адзін аднаго тымі самымі рукамі, якімі толькі што абыймаліся.

— У паветры стаялі грукат, гул, стогны і лаянка. Пад напіскам здаровых кулакоў трашчэлі зубы і сківіцы, узбрыгвалі пухіры, станавіліся ліхтары… Хутка пакой зрабіўся цесным для гэтых мілых гульняў і іх перанесьлі на двор.

Шум бойкі ўзварушыў усю вёску. Прыбеглі зацікаўленыя — лік удзельнікаў у бойцы ўзрос. Гледачы са сьвежымі сіламі кідаліся на ўжо акрываўленых байцоў, і старыя людзі, усе ў сінякох, тапталі ботамі цьвет моладзі, якая зыходзілася сюды з імкненьнем атрымаць тут добры прыклад на далейшае жыцьцё. Нарэшце і жанчыны пачалі цягаць адна адну за валасы, драпацца і біць па твары.

А з-за замкнутых дзьвярэй свае пуні на гэтую дзікую бойку ўсіх супроць усіх глядзела трое палонных, і калі Цьвяршына захацеў разьвесьці байцоў, Марэк затрымаў яго, прашаптаўшы:

— Божа барані! Тут-бы табе быў і капут — цябе-б забілі! Тут такі парадак.

— Гэта, казаў той, — зазначыў са свайго боку Швэйк, — такая справа, з якой відаць, што наконт культуры ў іх слабавата. Калі-б яны былі такой культурнай нацыяй, як мы, дзе ўсе чыста інтэлігенты і адукаваныя, такой культурнай, каб можна было, як казаў сапёр Вадзічка, інтэлігентамі сьвіней карміць, дык яны-б проста наладжвалі кожную нядзелю якое-небудзь спортыўнае сьвята. І не разьбівалі-б сабе голавы за тое, што стараста ў іх дурань ці не, а наладзілі-б матч паміж «Спартай» і «Славіяй». Бо калі ў нас на стадыёне гуляюць у футбол, дык малюнак амаль такі самы. Розьніца толькі тая, што тут б’юць у тых самых ботах, у якіх ходзяць, а там абуваюць для гэтага бутцы. Асьвета, — гэта ўсё, і без асьветы ні кроку ступіць нельга, як казаў адзін Бочэк, якога застрэліў пад час арышту агент поліцыі. Бочэк меў на ўвазе свайго прыяцеля Вашынскага, у якога яму спачатку прышлося вучыцца, як рабіць адмычкі: ён казаў, што праз сумленнасьць хутчэй за ўсё можна дасягнуць посьпеху, і таму вось ён і сумленна працуе сам над кожнай адмычкай.

— У нас таксама так б’юцца, — уставіў сваё слова Цьвяршына.

— Не, у нас так б’ецца толькі просты народ, — адгукнуўся Швэйк, — для адукаваных ёсьць футбол, бокс, бароканьне. Вось у «Банзэце» быў гаспадар, дык той, калі ў яго ўстанове пачыналі біцца, гасіў электрычнасьць і ў цёмным сам выкідаў усіх з пакою. Пайшоў ён неяк паглядзець на такое спаборніцтва ў футбол і, ідучы да хаты, зайшоў да нас, у «Поўную чару». Палівец у яго і пытаецца, як яму спадабалася гульня, а ён ў адказ: «Тут толькі і заўважаеш, наколькі мы ў Нусле адсталі ад пражцаў. У нас ня ўмеюць так біцца. Эх, крыўдна мне было толькі, што ня ўзяў я з сабой свае дубінкі. Я-б іх разьвёў, бітуноў тых!».

Бойка на двары дайшла да такога пункту, што Швэйк крыкнуў:

— Становішча крытычнае! Надыйшоў псыхолёгічны момант, калі, як казаў доктар Крамаржа, адзін бок бойкі пускае сабе ў порткі!

Аднак становішча выратавалі жонкі Трахіма Іванавіча і старасты, якія набралі ў калодзежы вады і пачалі разьліваць ёю байцоў. Пал іхны пачаў памалу спадаць і, нарэшце, зусім згас. стараста, мокры, як мыш, стаяў перад сваім ворагам, такім-жа мокрым, як і ён, і жаласна стагнаў:

— Ну, скажы, баранава твая галава, завошта мы, дурні, пабіліся? Навошта мы пана-бога злуем?

Потым ён, хістаючыся, пайшоў і хутка прыехаў на калёсах, седзячы на мяшкох з пшаніцай.

— Трахім Іванавіч! Бацька родны! Апранай кажух і гайда ў Карпіна да маладых! Пшаніцу я памяняю на гарэлку, і мы яе ўсю прап’ём.

Селянін палез да старасты на калёсы, не зьвяртаючы ўвагі на жонку, якая крычала яму, каб ён даў палонным якую працу; іншыя сяляне зрабілі тое-самае, усклалі на калёсы па мяшку пшаніцы і сьцебанулі па конях.

Поле бойкі апусьцела. Калі Марэк упэўніўся, што можна, не баючыся выйсьці на двор, Швэйк прапанаваў:

— Ну, сёньня працы, відаць, ня будзе. Давайце, памыем сабе бялізну!

Ён расклаў за пуняй агонь і нацягаў вады; яны намачылі кашулі і парткі, вымылі іх і павесілі сушыцца.

Прышла Наталка і завяла гутарку пра бойку.

— Бацька вернецца ноччу ў добрым выглядзе! — паскардзілася яна.

— Раскажы, Наталка, як гэта робіцца, каб пацякла кроў! — запытаў, млеючы ад цікавасьці, Швэйк.

— Бач, ты, які круцель! Проста, раз кулаком у зубы! Няўжо ніколі ня бачыў? — засьмяялася Наталка і ўцякла.

Калі яна пайшла, аднекуль узялася старая Марта.

— Што, хлопцы, мыеце кашулькі? Шкада вам, пэўна, што Дуні няма?

— Чаму шкада? — запытаў Марэк. — Нам нікога не шкада.

— І сям’і не шкада? — прамармытала старая. — Вы далёка ад сям’і, і толькі жанчына можа прыгалубіць салдата.

— Ты толькі чорта прыгалубіш, — адказаў Швэйк. — Чаго ты прышла сюды скіголіць? Ці чорт цябе прынёс, ведзьму?

— Бабка прышла аўстрыйскіх салдацікаў прыгалубіць, — мармытала старая, паказваючы пры ўсьмешцы за пажоўклымі вуснамі буйныя жоўтыя зубы. — Прыгалубіць, палашчыць… Вось, як цяпер Ільля са сваёй жонкай лашчыцца… Кожны з вас дасьць мне па дзьве грыўні. А калі хочаце ўсе тры, дык магу за паўрубля.

— Што ты такое надумала? — з жахам закрычаў Марэк.

Марта паўтарыла сваю бессаромную прапанову з рухамі, якія тлумачылі мэту яе візіту. І калі ўсе, зьбянтэжаныя, маўчалі, старая пачала іх спакушаць.

— Будзеце задаволены, далі-бог. Бабка спрытная, бабка штукарка, бабка сваю справу ведае!..

У адказ на яе заклік і аблудны бляск вачэй на пачырванелым твары Швэйк моцна ўхапіў яе за каршэнь, ледзь не задушыўшы яе; ён страсануў яе, як кошка мыш, даў ёй добрага выспятка ніжэй сьпіны і, пускаючы з богам, праз зубы прамармытаў:

— Ідзі, пакуль цэлая!

Пакуль мясцовая «жрыца каханьня» схавалася за пуняй, ён раптам нешта ўспомніў і, шкадуючы, праказаў:

— Эх, трэба было-б мне яе распытаць… Можа-б яна і сказала… Пэўна-б згадзілася з намі ўвайсьці ў кампанію ў такой выгоднай справе. Слухай, Марэк, як ты мяркуеш? Ці добрая-б была такая фірма: «Таварыства на паёх «Швэйк і Марта», вытворчасьць і рамонт цнатлівасьці. Узоры дарма па першым патрабаваньні».

Ноччу іх пабудзіў Трахім Іванавіч, які вярнуўся зусім п’яны і гарлаў песьні.

— Бач, набраўся! — зазначыў Цьвяршына, а Швэйк, апраўдваючы яго, сказаў:

— Гэта ён з радасьці, што ў яго такая добрая дачка. Хіба ня прыемна, калі малады цалуе чалавеку за гэта ногі?

Прышоўшы раніцою ў пакой сьнедаць, яны засьпелі гаспадыню з дачкой перад абразамі за малітвай. На стале ляжаў хлеб, а ў місцы салёныя гуркі. Цьвяршына смаргануў Наталку за рукаў:

— Наталка, давай капусту, мы паедзем араць адны.

Наталка зірнула на матку, а потым паказала на гуркі.

— Вось ежце! Цяпер пост на некалькі тыдняў.

Яна шчыра перахрысьцілася і паклала земны паклон перад абразамі.

— Салёных гуркоў добра зараз даць гаспадару, — зазначыў Швэйк, — а мы ад іх толькі аскому наб’ём.

— Добрая пэрспэктыва, няма чаго казаць, — засьмяяўся Марэк, грызучы чэрствую скарынку.

Трахім Іванавіч заварушыўся на лаве. Гаспадыня дала яму некалькі паўхіроў, а калі ён расплюшчыў вочы, буркнула:

— Ды ўставай-жа ты, бочка бяздонная! У людзей пост, богу маліцца трэба!

І Трахім Іванавіч, усё яшчэ не прачнуўшыся, стаў з ліпкім ад перапою ротам і з вачыма, залепленымі гразёю, перад тварам свайго бога.

Потым выцягнулі вялізны, цяжкі плуг, запрэглі ў яго пару старых валоў, перад імі — пару маладых, якія павінны былі яшчэ вучыцца працаваць, а перад гэтымі — зноў пару старых. Трахім Іванавіч павёў іх за ваколіцу на дзялянку, якая зарасла пустазельлем і загадаў Марэку кіраваць валамі, тым часам, як Швэйк і Цьвяршына мусілі паганяць іх, а сам узяўся за плуг.

Першую баразну правёў ён сам. Скончыўшы яе, ён пацягнуўся, пазяхнуў і паставіў на сваё месца Цьвяршыну.

Потым ён вярнуўся ў хату, а Цьвяршына пачаў араць адзін. Гэта была пякельная праца. Валы ішлі за вярсту ад плугу; маладыя валы хутка намулялі сабе шыі ярмом, пачалі ўпінацца, валіліся ад стомы на зямлю, а Швэйк, калі яны абарачаліся, гладзіў іх і прымаўляў:

— Бедныя вы мае, вы зусім, як салдаты, калі іх гоняць на фронт. Мне зусім не падабаецца быць за вашага офіцэра.

На абед Наталка прынесла халоднай бульбы і зноў гуркоў.

— Цяпер, у пост, вам нават няварта прыходзіць дамоў, бо мы ўсёроўна нічога ня варым, — сказала яна.

Тады Швэйк расклаў агонь з саломы, паставіў на яго казанок з бульбай, каб падагрэць яе, і сказаў, трымаючы над агнём зьледзянелыя рукі:

— У нядзелю старая хадзіла ў царкву сьвяньціць курэй; тут нічога не ядуць, пакуль поп не асьвеньціць, а потым гэта застаецца таму-самаму папу. Тут, відаць, шануючы бога, трымаюцца падзелу працы паводле амэрыканскай сыстэмы: адны ўшаноўваюць яго голадам, а папы — пражэрлівасьцю. І вось, калі поп тлумачыць сваім парахвіянам, што праваслаўнаму богу ўгодна і прыемна, каб у чалваека ў пузе бурчэла ад голаду. Мне здаецца, браццы, што мы наогул ніколі не зразумеем расійскага народу. Возьмем, напрыклад, тое, што был на вясельлі. Маці ведае, як яна ёсьць, бацька ведае, сястра ведае, а маладая нічым ня выдае сябе і ніколі нават не прагаворыцца! Гэта ня тое, што адна мая знаёмая, нейкая Марыля Шпачэк, як яна выходзіла замуж. Выходзіла яна за краўца, якога звалі Міхуле, дужа добрага хлапца, толькі ногі ў яго надта пацелі. І вось на вясельле абуў ён новыя ляксавыя чаравікі, і ногі ў іх прэлі так, што проста ня было як трываць. Госьці на вясельлі сядзяць, п’юць, вярзуць усякую лухту, і ніхто не заўважвае, што няшчасны малады ўвесь скрывіўся ад болю, што ён з радасьцю зьдзеў-бы чаравікі, і абуў-бы старыя боты. Нарэшце, госьці разыйшліся, і маладая выйшла ў свой пакой, бо засталася жыць у старых. Ну, ён, Міхуле, пабег за ёю, распрануўся і цэліў ужо нырнуць да яе пад коўдру, ды забыўся зьдзець потныя шкарпэткі, а яна, як ён абняў яе, раптам кажа: «Што гэта, даражэнькі, тут так дзіўна пахне?» Яна, ведаеце, была з адукаваных і прымаўляла па кніжнаму. І ў гэту хвіліну ён не знайшоў, што ёй адказаць, бо да гэтага часу ён ёй ня прызнаваўся, што ў яго пацеюць ногі. Дык ён цмокнуў яе ў вусны і прашаптаў: «Гэта мая цнатлівасьць, дзетка!» А яна тады глыбока ўздыхнула, нібы ў яе камень з душы зваліўся, і кажа: «Балазе, што я ня цнотка; а то-б мы тут абудвы задушыліся-б ад смуроду!..».

— Добрыя рэчы ты нам расказваеш, Швэйк, але даць веры ім ты нас усё-ж ня прымусіш, — засьмяяўся Марэк. А Швэйк, падаграючы бульбу і гуркі, пяшчотна зірнуў на яго і сказаў:

— Ты можа яшчэ скажаш, што я хлушу? А тым часам гэта ўсё — чыстая праўда. Гэта ўсёроўна, як было з аднэй Мрклазай у Пржышыме. У гэтай жанчыны быў сын, якога звалі Богумілам, і стары хацеў перадаць яму хутар, а сам перайсьці на пэнсію. Ну вось, кліча ён сына неяк у нядзелю да сябе і кажа: «Богуміл, пастарайся знайсьці сабе жонку!». Хутка Богуміл прыходзіць зноў да бацькі. «Тата, — кажа ён, — я-б хацеў ажаніцца з Агнэсаю Чэйкаў з Доубравіцы». — «Нельга, — кажа стары, — і лепш ужо і ня пытай, чаму. Я ведаю, што яна падыходзіць, але жаніцца ёй ты ня можаш». А таму, што Богуміл не адставаў ад яго, стары нарэшце сказаў: «Разумееш, я калісь заляцаўся да яе маткі… Ну… адным словам, яна твая сястра!». Богуміл зноў пачаў хадзіць па кірмашох ды гулянках, а потым зноў прышоў да бацькі і кажа: «Так і так, у мяне ёсьць жонка. Я вазьму Марту Голуб з Шыбршына». Стары зноў ківае галавой: «Нічога ня выйдзе, — кажа ён, — як-жа, я яе матку знаў пяць год, і яна таксама твая сястра!». Але Богуміл занадта ўжо закахаўся ў Марту і дужа мардаваўся; ён так занудзіўся, што маці заўважыла і пачала распытваць, як, што і чаму. Богуміл спачатку не хацеў ёй прызнавацца, а потым усё ёй і расказаў, што перашкаджае яму жаніцца. Маці пачухала за вухам і пытае:«А яна цябе кахае, Богуміл? І ты яе кахаеш?» Той толькі ўздыхнуў: «Больш чым цябе, маці! Жыць мы адзін без аднаго ня можам!» Тады маці яшчэ раз пачухала за вухам і сказала: «У такім разе, не зьвяртай увагі на тое, што кажа бацька. Наш стары — таксама ня твой бацька!..».

Прышоў Трахім Іванавіч зірнуць на працу. Ён паглядзеў вакол, падлічыў нешта на пальцах і сказаў:

— Праз тыдзень у вас ворыва будзе скончана. Тады я пакіну сабе толькі Цьвяршыну, а вас назад адвязу ва ўправу.

Палонныя скончылі ворыва, і Трахім Іванавіч выплаціў ім заработак. У бліжэйшую нядзелю яны пачалі рыхтавацца да ад’езду.

Швэйк і Марэк паклалі свае рэчы на калёсы. Гаспадыня і Наталка крычалі ім усьлед: «Шчасьлівай дарогі!» Марэк буркнуў: — «Ну вас к чорту!», але Швэйк, махаючы шапкай, расчулена сказаў:

— Усяго добрага!.. Не памінайце ліхам! Пішэце і не забывайцеся пра вашага Швэйка!