Перайсці да зместу

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/5/У Дарніцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У Кіеве У Дарніцы
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек
1932 год
Экспэдыцыя ў глыбіню Расіі
Пераклад: Тодар Кляшторны і Зьмітрок Астапенка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




4

У ДАРНІЦЫ

Неразгаданае і падазронае зьявішча: ва ўсіх падручніках на чужаземных мовах можна знайсьці ці толькі «салёныя» словы, шляхетныя сказы і самыя тонкія вялікапанскія выразы. Міжнародныя формы зносін дэпутацый і дэлегацый на ўсякіх выстаўках ды конгрэсах зьяўляюцца ўдасканелай крышталізацыяй высокіх зваротаў, сплеценых, нібы шлюбны букет, з шляхетных, далікатных «панскіх» слоў і гавораць яны скрозь пра адны тыя самыя высокія, ідэальныя, поэтычныя матэрыі.

Слоў, якімі гаворыць і якімі карыстаецца просты народ, не знайсьці ні ў водным падручніку, хоць першае, чаму вучыцца чужаземец, прыехаўшы ў незнаёмую краіну,— гэта лаянка і цынічныя словы ў чужой мове. Гэта старадаўняя практыка і паўтараецца яна на кожным кроку. Хто перабыў адзін месяц у Італіі, не памятае праз паўгода, як завецца па-італьянску «віно», але памінаць імя мадоны ў лаянцы ён не адвучыцца за ўсё жыцьцё. Або які-небудзь маленькі чужаземец, завучаючы ў школе нямецкую мову, цікавіцца менш тым, як сказаць па-нямецку: «трэба паважаць бацькоў», чымся тым, як сказаць свайму дакучнаму таварышу: «ідзі, чорт паганы, дурань».

Таму ня трэба дзівіцца, што лексыкон Швэйка быў у некаторай меры аднабокі і пашыраўся побач з рэчамі штодзеннага ўжытку адно за кошт лаянкі; ён хутка навучыўся выгаворваць яе як мае быць, каб не пазбавіць яе сакавітасьці.

У арыштоўні ён прасядзеў двое сутак; пад канец другіх сутак зьявіўся аглядаць арыштоўню нейкі генэрал і, заўважыўшы між расійцаў Швэйка, спытаў, завошта ён сядзіць. Калі капітан Кукушкін далажыў, што Швэйк пакараны за грубіянства і замах на небясьпеку Расійскай імпэрыі, генэрал усьміхнуўся Швэйку і сказаў яму па-нямецку:

— Аўстрыйскі салдат заўсёды быў верны салдат, — а потым зьвярнуўся да капітана і па-расійску дадаў: — не пакідайце яго пад арыштам, а ганеце яго на работу. Хіба вы думаеце, што гэтыя нягоднікі будуць дарма есьці расійскі хлеб?

Назаўтра ўраньні да Швэйка прыставілі двух салдатаў са штыхамі і яго павялі з кашараў па горадзе.

Вартавыя былі добрыя і вясёлыя хлопцы; яны ішлі ўскраінамі, мінаючы вялікія вуліцы і людныя пляцы, спыняючыся, сьмяяліся і гутарылі з кухаркамі і паказвалі ім палоннага па-таварыску і вольна.

Яны навучылі яго гаварыць дзяўчатам і жанчынам нейкі выраз, пасьля якога тыя кожны раз беглі ўбок, або пачыналі лаяцца. А, угледзеўшы няўцямна-добрадушнае аблічча Швэйка, які пяўся зразумець сэнс гэтага выразу, яны ілюстравалі яго адпаведнымі гэстамі.

Такім чынам Швэйк навучыўся парушаць сёмую і дзесятую запаведзі. Гэта азначае: зажадаў жонкі блізкага свайго.

Нейкая тлустая бабулька, якую Швэйк таксама зачапіў завучаным зваротам, «руская баба» спынілася і завяла з канвойнымі гутарку, каб даведацца, чаго нарабіў палонны і куды яго вядуць. Атрымаўшы адпаведны адказ, яна павярнула да Швэйка свой спагадлівы твар:

— Ах ты, небарака! А жонка ў цябе ёсьць? А дзеці?

— Так, так, добра, — не разумеючы кінуў ёй Швэйк.

Старая не сунімалася гаварыць, кідаючы нешта ў рот і зноў выплёўваючы. Пасьля яна перасыпала салдатам з торбачкі, якую трымала ў руках, нечага ў кішэні, і салдаты таксама пачалі нешта грызьці і выплёўваць. Бабулька паглядзела на іх і на Швэйка, і калі салдаты, ня зьнімаючы вачэй, моўчкі кіўнулі галавой, насыпала нечага з мяшка і яму ў кішэню. Швэйк дастаў пальцамі жменьку таго, што яму далі (гэта было неачышчанае ад шалупы насеньне сонечніку, буйнае, падпражанае).

Бачачы, як ядуць іншыя, Швэйк паклаў адно зярнятка ў рот, адкусіў кончык, ачысьціў шалупайку пазногцем, а потым раскусіў ачышчанае зерня. Салдаты зарагаталі і сказалі:

— Эх, ня ўмееш ты!

— Так няможна. Вось, глядзі, як трэба, — замятушылася бабулька, са спрытам старой малпы, кідаючы сонечнік у рот. Шалупайкі выляталі адтуль, як мякіна з малатарні. — Вось у нас як ядуць, па-расійску, значыцца!

У Швэйка абудзіўся гонар. Ён схапіў цэлыя прыгоршы сонешніку, усыпаў яго ў рот, пажаваў і сказаў з выразам агіды:

— Думаеш я зблышу перад табой, га?

Бабулька вельмі ўзрадвалася і зьдзівілася з яго шчырасьці, стараючыся яму штосьці растлумачыць, прычым яе твар так наблізіўся да яго твару, што шалупайкі ляцелі каля вушэй. Але раптам Швэйк закашляўся і ўсё, што ў яго было ў роце, выляцела, як з гарматы.

Добрая бабулька, якая хацела навучынь Швэйка есьці сонешнік «па-расійску», была ўся заплёвана. Яна перапалохалася і лупсянула такую лаянку, што палонны нават пашкадаваў, чаму ён не разумее, што гэта азначае; потым бабулька пабегла, а Швэйк далікатна пусьціў ёй усьлед:

— Вось гэта па-нашаму, па-аўстрыйску!

За Кіевам яны выйшлі ў поле, абмінулі чыгуначную лінію і хутка дайшлі да лягеру ў Дарніцы.

Лягер займаў рэдзенькі хваёвы гаёк, які быў абгароджаны калючым дротам. У адным кутку відаць была нейкая павець, пад якою былі ўкапаны ў зямлю вялічэзныя катлы, а ў баку стаяў невялічкі драўляны дом, дзе разьмясьціліся канцылярыя ўправы концэнтрацыйнага лягеру.

У Швэйка было ўражаньне, нібы ён трапіў у тлусты, сінявы бруд, якому нейкая невядомая сіла надавала самыя размаітыя формы, то зьбіраючы ў клубкі, то перамешваючы ўсё адно з адным, нібы рукі кухаркі цеста да сьвяточнага пірага, перарабляючы яго за колькі хвілін у абаранкі ці коржыкі.

Як дасягала вока, былі відаць навокал палонныя. Адны ляжалі пад дрэвамі з атупелым выразам змардаванай жывёлы, іншыя сядзелі на ранцах, напалавіну пустых, або зьбіваліся ў шчыльныя купкі і таўпіліся вакол катлоў, ад якіх расійскія салдаты адганялі іх кіямі. Урэшце, былі і такія, якія, поўзаючы ракам, шчыпалі рэдзенькую траву і клалі яе са сьмешным выразам прагнасьці, дзікага голаду і агіды сабе ў рот.

Каму давялося хоць адзін дзень перабыць у Дарніцы, той рабіўся на ўсё жыцьцё самым заўзятым антымілітарыстам. Вайна адсоўвала ад салдат рай з кожным днём усё далей і далей, у той самы час ствараючы ў сваіх нетрах найцяжэйшыя пакуты, за якімі ішло пекла ў Дарніцы.

Ад 80 да 100 чалавек памірала там штодня з голаду і зморы, а бязглуздае, зусім ашалелае вышэйшае начальства накіроўвала туды палонных партыю за партыяй. У тым лясочку было ад 20 да 30 тысяч палонных, і ў названых некалькіх катлох павінна была ўжо гатавацца яда для ўсіх іх.

Калі Швэйк, шукаючы месца, прашываўся праз гэты натоўп, ступаў цераз ляжачых і абыходзіў тых, якія спалі, седзячы (гэта былі людзі, якіх булка хлеба, зваліўшыся з дрэва, больш усхвалявала-б, чым разарваная паміж іх граната), акурат у гэты час падбіралі нябожчыкаў. Іх проста цягнулі за ногі, як нейкую падлу; галовы іх біліся аб карэньні хвой, і Швэйк, зьдзіўлены гэтай карцінай, сказаў расійскаму салдату, што прачышчаў сабе дарогу прыкладам:

— Вось сюды каб паслаць тых графінь, што складаюць таварыства аховы жывёлы ў Празе.

Ён знайшоў, нарэшце, вольнае месца і сеў. Заўважыўшы, што яго ранец з гатовымі лопнуць швамі і вялічэзнай дзіркай выклікаў агульную ўвагу і прыцягваў прагныя і зайздросныя позіркі, ён выцягнуў кавалак хлеба і падаў яго бліжэйшаму суседу. Але ў адну хвіліну за яго ўхапіліся два дзесяткі рук, ушчэнт пакрыўшы яго, і Швэйк пераканаўся, што калі быць міласэрным, дык гэта значыць — галадаваць самому.

Таму за полуднем ён асьцярожна даставаў хлеб з ранцу маленькімі кавалачкамі і клаў іх адзін за адным у рот. Раптам ён інстынктыўна адчуў, што нехта ўпарта глядзіць на яго.

Швэйк павярнуў галаву ў той бок; на пні сядзеў нейкі салдат і, ня зводзячы вачэй, глядзеў на працу Швэйкавых зубоў.

Калі Швэйк павярнуўся да яго тварам, той закрыўся рукой ад сонца і разгублена стаў азірацца, а потым павольна ўстаў, падыйшоўшы да Швэйка і, нахіліўшыся да яго, сказаў:

— У вас ёсьць хлеб і вось якая шчасьлівая прыгода — вы-ж Швэйк, ці праўда?

Той дапытліва паглядзеў на незнаёмага. А потым ускочыў і падаў яму абедзьве рукі.

— Марэк! Вольнапёр! Ты таксама тут, дружа?

— Я ўжо трэці дзень тут, Швэйк, — адказаў вольнапісаны Марэк. — Мяне прывезьлі сюды з Паддубна на цягніку, я пяцёра сутак нічога ня еў, апрача некалькіх нясьпелых ігруш.

Швэйк паставіў ранец паміж кален, прыкрыў яго сваім целам, выцягнуў кавалак хлеба і прашаптаў Марэку:

— Еж, толькі памалу, каб ніхто ня бачыў.

Той зьдзеў шапку, накрыў ёй хлеб, лёг на жывот і прытуліўся шчакамі да шапкі. Швэйк зразумеў практычнасьць такога мэтоду і ўхвальна сказаў:

— Хвацка ў цябе гэта выходзіць, дружа! Яно нават лепш, чым калі конь есьць авёс з торбы. Толькі скажы мне, калі ласка, дзе ты дзеў сваё пуза? Быў такі тоўсты, а цяпер зад у цябе, як шыла востры.

І ён падсунуў Марэку яшчэ кавалак хлеба з кілбасой. Праз некалькі хвілін Марэк устаў і прысеў на куртачках. Шапка была так вычышчана, што нават ня прышлося вытрасаць з яе крошкі, і Марэк, з удзячнасьцю гледзячы на Швэйка, разьвязаў свой ранец і сказаў:

— Дружа, ты накарміў галоднага і зрабіў чалавечалюбны ўчынак. Вось паглядзі, у мяне ёсьць яшчэ адна запасная пара апоркаў, а ты босы. Бяры іх, калі ласка! Я даўно мог-бы прадаць іх за дзесяць капеек, але я прадбачыў, што воляй лёсу ў мяне зьявіцца больш добры купец і не памыліўся. Лёс паслаў мне цябе, Швэйк!

— Ды мне вельмі прыемна хадзіць босанож, у мяне ногі не такія ўжо далікатныя, — паспрабаваў адмовіцца Швэйк. — Я ад самой мяжы дайшоў сюды босы.

Але Марэк не сунімаўся, угаворваў яго і выказаў небясьпеку, што яго чаравікі могуць і ўкрасьці, а таму Швэйк, ацаніўшы становішча з пункту погляду нядаўнае «ператрускі» ў Кіеве, зрэшты здаўся і зараз-жа набуў іх на свае ногі.

Скруціўшы сабе і Марэку з газэтнае паперы па цыгарцы, ён закурыў і пачаў распытваць:

— Ты-ж раней быў пад Бродамі? Юрайда, памятую, пайшоў з табой на перавязачны пункт. Якім-жа чынам здарылася, што ты чакаў мяне тут у Расіі?

— Пад Бродамі я сам сябе параніў, — паправіў яго вольнапісаны, — але параніў я сябе няўдала, — куля толькі лёгка зачапіла руку. Чорт яго ведае, што гэта такое: ідзеш у бойку, як цялё ў разьніцу, ведаючы, што знарад гатоў адарваць табе галаву ці абедзьве нагі, а вось не хапае духу адстрэліць сабе два пальцы. Я перш хацеў выпаліць сабе ў далонь, а потым усё адводзіў і адводзіў сваю руку ад рулі, дык у мяне адарвала толькі кавалачак мякішу. Прасядзеў усяго тыдзень у шпіталі ў Будапэшце, і калі ласка — усё загаілася.

— Што-ж, цябе адразу-ж выправілі з маршавай ротай на фронт? — з цікавасьцю спытаў Швэйк. — Няўжо табе не ўдалося як-небудзь злаўчыцца і застацца ў лазарэце? Кажуць, што маршавыя роты гоняць зараз на фронт так, як зьбіраюць на пагарэлае: «хто хутка дае, дае ўдвая». Або калі футболісты заклікаюць на свае спаборніцтва: «Толькі дзеці ды тыя, хто памірае, ня лічачы нябожчыкаў, могуць заставацца дома!»

Марэк апусьціў долу галаву і апёрся лакцямі аб калены.

— Дый так яно і ёсьць, але ніхто, напэўна, ня ведае, што ў нас робіцца, — азваўся ён. — Гэта-ж такая загадкавая гісторыя, як адзіны бог у трох абліччах. Дзяржава б’ецца з няпрыяцелем, а насельніцтва б’ецца з дзяржавай. Мусіць канец быў-бы дзяржаве, каб не дактары. Усе салдаты, што ня хочуць біцца з няпрыяцелем, б’юцца з дзяржавай. Кожны з іх бяз рукі, або язык адняло, як бомбай ашалушыла, або слых страціў праз выбух, або ўвесь чыста трасецца пасьля контузіі, або кульгае праз раматус, або хворы на ішыяс; сухоты, камені ў нырках, на парок сэрца, або траха што не звар’яцеў праз запаленьне мазгавой абалонкі. А дактары б’юцца з імі на сьмерць, а навука перамагае. Навука, нібы тая простытутка, служыць ня шчасьцю чалавецтва, а ягонаму няшчасьцю. І ўсё гэта — за грошы! Мобілізуюць якога-небудзь доктара — і вось ён зьнішчае пры аглядзе пасьведчаньне аб цяжкай хваробе, што выдаў сам-жа пацыенту да прызыву, і кідае паперку на падлогу са словамі: «Пытаньне, ці хворыя вы, вырашаю цяпер я!»

— Значыцца, дактары і табе падсабілі? — перапыніў Швэйк таварыша, што ўдаўся ў філёзофію. — Напэўна, здорава такі яны табе ўпялі, калі ты на іх так гаворыш?

Марэк у задуменьні паматаў галавою.

— З Будапэшту, дзе я сьцьвярджаў, што не магу кратаць рукой, мяне накіравалі ў Пардубіцэ, каб дактары ў другое агледзелі. А доктар мне кажа: «Вы будзеце там як дома: шпіталь вялікі, есьці даюць добра, дактары — амаль усе чэхі, і вы, напэўна, затрымаецеся там на колькі тыдняў». Ну, прыехалі мы ў Пардубіцэ. Дапраўды, шпіталь вялізарны: пяць карпусоў, у кожным з іх — па сорак палат. Усё разьмеркавана па аддзяленьнях: у першым корпусе — вэнэрыкі і ўсё, што з гэтай опэры; у другім — хворыя на тыфус, дызэнтэрыю, халеру; у трэцім корпусе знайшлося месца для нас, хірургічных з фронту. Быў час, калі досыць было толькі прайсьці амбуляторыю, і калі палкавы доктар прызнаваў цябе за хворага, дык шпітальны доктар нават не турбаваўся, каб агледзець цябе. Ён лічыў, што, каб чалавек быў здаровы, дык калега не накіраваў-бы яго ў шпіталь, і ахвотна даваў такому чалавеку крыху адпачнуць. У іх нават было ўстаноўлена, што параненыя мелі адпачынку паўтары месяцы, рэўматыкі і хворыя на парок сэрца — месяц. Так, раней чалавека з больніцы не выганялі.

— А вось я ведаў аднаго Рысса з Млады-Болеславі, які служыў за вартавога на аўтомобільным заводзе, а за мобілізацыю трапіў у 10-ы ландвэрны полк, — падхапіў Швэйк. — Дык той прыходзіць у кашары і заяўляе, што ў яго нешта нядобрае з сэрцам. Палкавы доктар агледзеў яго і кажа: «Я вас, сымулянта, у карцары згнаю! Сэрца здаровае, як у каня!» Той пайшоў дадому, узяў на заводзе бюлетэнь, ды зварочваецца да доктара страхкасы: «Так, і так, баліць сэрца, не магу працаваць». Страхавы доктар выслухаў яго; напісаў рэцэпт. «У вас, — кажа, — праца не цяжкая, дык вы дома не сядзіце. Вось ужывайце гэтыя лекі, па тры лыжкі на дзень, а калі не дапаможа, дык прыходзьце зноў. Але вы павінны берагчы сябе, Рысс». Той у бліжэйшую нядзелю апрануўся па-сьвяточнаму і паехаў у Прагу да профэсара. Профэсар уважліва агледзеў яго і запытаў: «У вас ёсьць жонка і дзеці? Вы застрахаваліся на іхную карысьць на выпадак сьмерці? Справа ваша дрэнная, дружа! Вам трэба ляжаць, вам няможна хвалявацца, няможна піць піва і чорную каву… Вось вам мікстура, а праз тыдзень заходзьце зноў». Пра гэта апавядаў нам сам Рысс у рэстаране, дзе ён заказваў пасьля кожнага куфля піва па кубку чорнай кавы з вялікай чаркай каньяку, кажучы, што ўва ўсіх дактароў адна навука, гэта азначае, што ўсе яны ў ёй мала разумеюць і ўсе аднолькавыя сьвіньні. І спрачаўся, што каб гэты профэсар быў за палкавога доктара, дык-бы прагнаў яго, а каб палкавы доктар быў на пасадзе профэсара, дык сам-бы паклаў яго ў ложак.

— Так, чалавек ёсьць продукт навакольнага асяродзішча, — у задуме сказаў Марэк. — Але ў Пардубіцэ ва ўсіх дактароў быў прынцып кожнага вылечваць, ды так вылечваць, каб ён усё жыцьцё не забыўся на гэта. Салдат, прыехаўшы туды, хоць і крэнхаў, нібы той Лазар, але выходзіў з адзнакай: «Здатны служыць». Разам са мной быў адзін кравец з Кралове-Градца, які заўжды гаварыў: «Пане вольнапісаны, я магу сказаць толькі адно: тут ня шпіталь, а бандыцкае гняздо, катавальня». Гэта было зусім слушна: там лячылі толькі злектрычнасьцю і голадам, выганяючы хваробы з цела, як за часамі гішпанскай інквізыцыі — д’ябла з ведзьмаў. Галоўны інквізытар там быў адзін доктар Краус з Прагі, а доктар Папенгэйм быў у яго за памочніка. Гэтыя два суб’екты маглі падымаць хворых на ногі! У 13-м бараку знаходзіліся машыны для электрызацыі; з вечару фэльдфэбель чытаў нам сьпіс тых, хто павінен быў раніцой туды прысьці, і людзі, якія там пабылі, ня спалі ўсю ноч — яны так баяліся гэтай мэханікі! Ну, зьявіўся і я туды, і доктар Краус агледзеў маю руку. Гэта быў тоўсты чалавек, з лысай, як більярдная куля, галавой, бліскучым чэрапам і маленькімі вочкамі. Вочкі тыя заплылі, як у сьвіньні, і былі хітрыя, як у сарокі. Пацмокваючы тоўстую цыгару, ён з усьмешкай паглядзеў на мае паперы. «Значыцца, вольнапісаны, — кажа ён, — у вас руку адняло? Ад агнястрэльнай раны ці ад раматусу? Ну, дармо, ня бойцеся, мы хутка вылячым! Аўстрыі патрэбны інтэлігэнты з здаровымі рукамі! Пачакайце хвілінку, спачатку мы пусьцім больш лёгкіх хворых». І вось, — вёў далей сваё апавяданьне Марэк, — ён выклікае нейкага Чэрмака, такога старога ландштурміста з 7-й брыгады. Той адказвае: «Тут!» і кульгае да доктара, апіраючыся на два кіі і схіліўшыся ў тры пагібелі, — проста жах глядзець. «Небарака, — думаю я, — што з табой яшчэ можна зрабіць? Твая справа пэўная». А доктар Краус зірнуў у паперы і пытае: «З чаго гэта ў вас сталася? Цяжкавата з вамі будзе!» — «Гэта мяне так у Літармэржыцы абрабілі, пане галоўны ўрач, — хрыпіць Чэрмак. — Мяне спачатку саджалі ў паравую ванну, а потым аблівалі халоднай вадой, і вось цяпер я паварушыцца не магу. Усё ў мяне баліць, а ногі ў мяне — як целяшы». Доктар толькі далікатна ўсьміхнуўся: «Дармо, дармо! Калі ласка на гэты столік, распранецеся, ляжце на жывот, заплюшчыце вочы, а калі я вас пакалю голкай, скажэце: «Цяпер!» І ён сапраўды коліць яго цела голкаю, з пятак да галавы, і Чэрмак уздыхае: «Не яшчэ. Не яшчэ. Усё яшчэ не… А вось цяпер, так!» Калі-ж доктару абрыдзелі досьледы з голкай, ён пасадзіў Чэрмака на крэсла і пачаў стукаць малатком па каленях. Чэрмак адбіваўся, крычаў, што яму баліць, што калені ў яго дужа ломіць… Тады доктар паклаў яму на рукі мядзяную шчотку, а на ногі другую і пусьціў ток, а Чэрмак як завые: «Ой, ня вытрымаю, пане доктар, ня вытрываю! Ой, сьвятыя ўгоднікі, сьмерць мая прышла!» Нарэшце, доктар Краус выключыў ток і строга загадвае: «А цяпер, даражэнькі, кіньце прыкідацца і йдзеце проста, чорт вас забяры!» І што-ж: Чэрмак пайшоў сабе, нібы ён ніколі і ня кульгаў. Доктар яму яшчэ: «Цяпер — бегма, шпаркім крокам! Дзесяць хвілін — бегма! Чэрмак і гэта выканаў, пакуль не атрымаў адзнакі: «Здатны!» А Краус гэты самы бліснуў сваімі сьвінымі вачыма і кажа: «Вы, вольнапісаны, у тэхнікуме вучыцеся? Значыцца, вы пра дзівы тэхнікі ведаеце?»

— У Празе, у адным шпіталі неяк электрызавалі турка, — успомніў Швэйк, — дык той зароў, як леў, вырваўся і ўцёк, і толькі ўвечары яго затрымалі недзе за горадам. Мне давялося недзе чытаць, што ў Амэрыцы, у Нью-Ёрку, адзін нэгр, які забіў фэрмэра і згвалціў ягоную прабабку, пасьля таго, як быў абвінавачаны ў блудзе з аднэй распуснай дзяўчынай, сарваўся з электрычнага крэсла і ўцёк, а потым утапіўся ў Панамскім канале. Відаць, гэта электрычнасьць будзе мацнейшая, чым тая, якую за пяць хэльлераў пушчае стары ў піўной «Флек», але ўсё-ж я ведаў чалавека, на прозьвішча Хазапэрк, які вытрымліваў і ня гэткія рэчы.

— Потым доктар Краус, — казаў далей Марэк, — загадаў легчы на стол аднаму салдату, які быў аглушаны выбухам міны і больш чым паўгода ня мог гаварыць. Доктар паклаў на яго шчоткі і пачаў памалу падбаўляць току. Спачатку хлопец толькі падсьвістваў, потым запішчэў, потым завыў і нарэшце, так зароў, што ў нас валасы ўзыняліся тарчма ад жудасьці. А доктар адно і ведае, што прыціскае шчоткі ды ласкава прыгаварвае: «Толькі адно слова скажэце «Пардубіцэ!» — «Пардубіцэ!» — грымнуў салдат, як кандуктар, аж увесь барак задрыжэў. Доктар намаляваў у яго паперах: «Здатны» і ласкава навучае яго: «Вось гэта слова «Пардубіцэ» і доктара Крауса, які вас навучыў яго вымаўляць, вы ніколі, аж да сьмерці, не забывайце!»

— Я таксама ведаў нейкага Мэстэка з Падскаля, — зазначыў Швэйк, — які заўсёды хадзіў у Бранік гуляць у кэглі. А аднойчы, п’яны, ён зваліўся з Вышэградзкіх бастыёнаў і, калі ён ляжаў пры сьмерці ў гарадзкой больніцы і поп пытаўся ў яго, якое ў яго апошняе жаданьне, ён успомніў чатыры словы: «Пеце толькі Бранікскае піва!»

— Пасьля яго прывезьлі нейкага Тупічку з Яромэржу, — апавядаў Марэк, — прыгожага хлопца, гандлёвага служачага, з 89-га палка. І яго Краус электрызаваў і так добра вылячыў, што той сам павёз сваю цялежку. Потым ён узяўся за ўзводнага Бартака з Хлумэка. Гэты быў глуханямы і адно спаўзаў з катавальні; ён з маленьнем працягваў да доктара рукі, каб той не катаваў яго сваёй навукай, як морскую сьвінку. А нейкага Шлінгэра з Броумова, якому кавалкам знараду разьбіла костку і парвала жыльле пад каленам, так наэлектрызавалі, што пасьля гэтага ён ўзяў ды задавіўся. А доктар перабірае аднаго за адным і, не пакідаючы бязьвінна ўсьміхаецца, кажа: «Паслухайце, вольнапісаны, вы памятаеце з біблейскай гісторыі Хрыстовы дзівы? Дык вось, мы робім тое-самае. Але з прычыны таго, што вы з Прагі, дык я пашлю вас туды, каб вы маглі наведаць сваю маці; а потым вам ужо самахоць прыдзецца прасіцца на фронт. Аўстрыі патрэбны салдаты. Інтэлігэнцыя павінна даваць добры прыклад народу, гэтаму быдлу. Хаця, калі вы думаеце, што ў вас пакалечана рука, дык я яе магу вылячыць цудам. Вы-ж бачылі: глухія пачалі чуць, сьлепакі — бачыць, кульгавы ўзяў пасьцелі свае і пайшоў, і нябожчыкі аджываюць. Зрабіць яшчэ адно цуда для мяне дужа лёгка!» Такім чынам, я пакінуў «Прытулак жудасьці», як мы назвалі 13-ты барак у Пардубіцы, і перавёўся ў гарнізонны шпіталь на Карлавым пляцы ў Празе. За начальніка шпіталю быў сусьветна-вядомы лекар, доктар Губэр, які ніколі ня меў пацыентаў, але за тое лавіў салдат у калідорах і адтуль проста пасылаў на фронт. Мы звалі яго «Белая дама». Ён часта любіў гаварыць, што нам нехапае толькі крыху аўстрыйскай крыві.

— У Младэ-Болеславе, — зноў перапыніў яго Швэйк, якому здалося што ўвесь час гаворыць адзін Марэк, — за палкавога доктара быў нейкі доктар Роубічак, хоць да часу прызыву ён быў акушорам, як доктар Мундзі. Дык ён сказаў майму знаёмаму Сланаржу з Лібэню, калі той пачаў скардзіцца на раматус і пухліну ў калене: «Гэта глупства! Крыху баявога запалу вас зусім вылячыць!» А Сланарж ямў ў адказ: «Ці не дасьцё вы мне кілё гэтага сродку, пане доктар?» Тады Роубічак вылаяў яго аслом, быдлам, вярблюдам, сабакам і пачаў крычаць: «Я вас вылечу, нягодніка, падлюгу, чэскую сьвіньню!» Сланарж яму зноў: «Шчыра дзякую, пане вэтэрынарны ўрач!» Ну, яго адразу-ж арыштавалі, а потым з першай маршавай ротай выправілі на фронт.

— Там, на Карлавым пляцы, — скончыў Марэк, — адна з сёстраў схавала мяне ад Губэра. Я быў ужо там тыдзень, пакуль, нарэшце, ён не злавіў мяне ў прыбіральні. Тут-жа ў прыбіральні ён прыклаў вуха да мае курткі, паслухаў, як б’ецца ў мяне пад кішэнямі сэрца, а потым пацягнуў мяне ў канцылярыю. «Гэтага чалавека зараз-жа накіраваць у кадр, каб ён паслужыў нашай справядлівай справе!»

— А як вас кармілі ў гэтым шпіталі? — запытаўся Швэйк.

— Нішто сабе, — адказаў Марэк, — але толькі пасьля вячэры нас прымушалі сьпяваць аўстрыйскі гімн, пакуль дактары яшчэ ня выйшлі, а потым, перад сном, яшчэ раз. Першыя радкі мы сьпявалі як мае быць, але толькі з прымусу. А другія нам былі больш да спадобы, бо іх мы самі прыдумалі, і з даволі няпрыстойным зьместам, але мы сьпявалі яго з такім пачуцьцём, што нават Губэр, праходзячы часам міма і пачуўшы нашы сьпевы, прыкладаў руку да шапкі і казаў свайму асыстэнту: «А чэхі-ж зусім не такія ўжо здраднікі сваёй бацькаўшчыне!» Ах, добры быў час! Але потым неяк раптам пасыпаліся ўдар за ўдарам: Кіраліхіда, маршавая рота, фронт, невялічкая справа пад Роўна, дзе нам ізноў наклалі, а потым расійцы, — скончыў вольнапісаны, пазяхаючы. — Ах, як мне спаць хочацца!

— Чакай, цяпер я раскажу табе пра мае прыгоды, — засупярэчыў Швэйк. — Я трапіў у палон выключна праз нейкае непаразуменьне, і мяне пасьля вайны не пакараюць, як тых, што самахоць узьнімалі рукі. Справа ў тым, што мяне аддала ў рукі ворагаў дурная, шалёная карова. Марэк, каб ня было гэтага непаразуменьня, наш імпэратар ужо можа-б перамог!

І Швэйк расказаў усё, што з ім было ад таго дню, як яны разыйшліся з Марэкам, да таго, калі яны зноў спаткаліся. Але потым, заўважыўшы, што ў Марэка вочы заплюшчваюцца ад стомы, у чым часткова вінаваты быў поўны страўнік, ён зьлітаваўся, дазволіў яму легчы і прашаптаў, кладучы ранец паміж сабой і Марэкам.

— Калі ў начы захочаш есьці, дык вазьмі адсюль. Мабыць, нам пашчасьціць тут што-небудзь знайсьці; я зноў зраблю так, каб мяне пасадзілі ў арыштоўню. Ты, браце, яшчэ ня ведаеш тутэйшых парадкаў. А таму, у разе якой патрэбы, зьвяртайся да мяне. Я ўжо ўмею гаварыць па-расійску і ведаю, як тут трэба дзейнічаць. Добра, Марэк, добра?

— Добра, пан, так! — прамармытаў Марэк у паўсьне. — І Швэйк лёг каля яго, падклаўшы сабе некалькі сасновых шышак пад галаву.

— Ня спаць дужа моцна, каб нас не абакралі! — былі яго апошнія словы. — Так, так, гара з гарой ня зыходзяцца, а людзі…

У небе ясна зьзялі зоры, а паміж дарніцкіх сасёнак блукалі змучаныя людзі, шукаючы што-небудзь зьесьці, як бяспрытульныя сабакі.


*

Малюнак дарніцкага лягэру не зьмяніўся за ноч. Раніцой зноў зьнесьлі колькі мерцьвякоў і закапалі іх нездалёк пад соснамі. А тыя, што з голаду самі гатовы былі памерці, глядзелі тупа, бяз цікавасьці і хваляваньня на капаньне магіл, як на акт, які павінен няўхільна закончыць тое, што яны да гэтага часу перажылі.

У групах палонных, што ляжалі пад дрэвамі, салдаты яшчэ і яшчэ змаходзілі такіх, якія ўжо адпакутвалі сваё і больш не варушыліся. Яны цягнулі іх за драцяную загароду, не зважаючы на іскаркі жыцьця, якія можа яшчэ цьмелі ў гэтым попеле. Яны таксама думалі, што ў палоне і на вайне зусім ня можа быць іначай, і калі заўважалі, што той, каго яны несьлі, яшчэ спрабаваў быў расплюшчыць вочы, каб у апошні раз зірнуць на белы сьвет, абернуты людзьмі ў катавальню, яны яго коратка супакойвалі:

— Усё роўна, браце, падохнеш, як сабака!

А шостай гадзіне ланцуг расійскіх салдат адлучыў частку палонных ад усяе грамады. Яны прыкладамі і бізунамі ўзьнімалі тых, што спалі, і сагналі іх у адно месца, пакрыкваючы:

— Ну, ну, уставай! На працу!

Кіеў умацоўвалі і на капаньне акопаў ды пабудову драцяных загарод пастанавілі выкарыстаць палонных аўстрыйцаў. Славянская Расія, таксама як і Аўстрыя і Германія, зусім не хацела дарма карміць гэты чалавечы матэрыял, які ратаваўся ў палоне ад вайны, ці дазволіць яму паміраць са старасьці на саломцы, пакуль была яшчэ магчымасьць геройскай сьмерці ад кінутай з аэропляну бомбы ці адважнае і патрыётычнае пагібелі з голаду і зьнямогі. Палонных пералічылі, адкінулі тых, якія ад слабасьці не маглі больш стаяць на нагах, і падмянілі іх дужэйшымі. Потым ім праклалі дарогу да катлоў, гаворачы:

— Ну, наперад, хлопцы! Ежу і хлеб вы атрымаеце, а потым гайда на працу!

Палонных разьбілі на групы па дзесяць чалавек і раздалі ім бачкі. З другога канцу лягеру пад’ехала некалькі фурманак, і з іх пачалі складаць вялізныя булкі чорнага хлеба.

Лягер аджыў. Брудна-сіняе цеста заварушылася і хлынула да кухняў. Палонныя стаялі шчыльна адзін пры адным, зьліўшыся ў адно, нібы застыглая лява.

Каля катлоў фэльдфэбель даў першай дзесятцы булку хлеба; кашавар зьняў покрыўку з катла, памяшаў зацірку і наліў палонікам ў бачок. Па лесе разышоўся пах падсмажанай цыбулі і так шчыльна згуртаваў людзей, што яблыку недзе было ўпасьці. Уся ўвага была сконцэнтравана на катлох і на фурманках з хлебам; вочы гарэлі, ноздры расьпіналіся, уцягваючы пах гарэлага ялавічага сала.

Атрад, які адлучыў прызначаных на працу ад іншых, быў узмоцнены яшчэ адным узводам, але ён ледзь стрымліваў націск узбуджанага натоўпу. Расійскія салдаты ў першым шэрагу, узяўшыся за рукі, стварылі суцэльны ланцуг; другі шэраг за імі адганяў палонных прыкладамі.

Першая дзесятка ўжо пад’ела, а ў другой разьмяркоўвалі хлеб. У гэты момант маса ўскаланулася; з элементарнай сілай, з сілая якая пад час вулькановага выбуху ўзьнімае выспу з дна мора, яна націснула ў бок кухні і рынулася, нібы сьнегавы абвал, да катлоў.

Ланцуг перарваўся, вартавых пазьбівалі з ног, і пад ботамі шалёнага натоўпу, які прарваўся нястрыманай патокай, дзе ўжо ня было паасобных людзей, апынуліся і тыя палонныя, якія павінны былі атрымаць ежу і ісьці на працу.

Ня было ні стогнаў, ні крыкаў; усё зьлілося ў глухі, злавесны гул, нібы аднекуль здалёк насоўвалася навальніца. І раптам натоўп ірвануўся да катлоў і хлеба, і пачалася бойка.

Булкі хлеба лёталі над галовамі, крышыліся скрыўленымі пальцамі на тысячы кавалкаў. Лыжка заціркі гатова была ўжо зьнікнуць у галодным роце, але чыя-небудзь рука адкідала яе прэч, апарваючы гарачым варывам твар таго, хто першы завалодаў ёю.

Шпаркім крокам падыйшла рота расійцаў са штыхамі напагатове. Але ніхто не спалохаўся, ніхто не адскочыў перад гострымі штыхамі. Салдаты прымушаны былі спыніцца і адступіць. Прапаршчык, які камандваў імі, загадаў набіць стрэльбы і даць залп угару.

Залп прымусіў уздрыгнуць вяршаліны хвояў, але ніхто яго ня чуў, ніхто не зьвярнуў на яго ўвагі. Галодныя людзі працягвалі бойку.

Прапаршчык, бледы і здэтанаваны, зусім зьбянтэжыўся і хацеў быў ужо сур’ёзна страляць. Але ў гэтую хвіліну паветра страсянулася ад нялюдзкага, роспачлівага крыку, крыку нязноснага болю і жудасьці; шэра-сіняя маса застыгла, а потым пачала падавацца назад і разыходзіцца.

Расійскія салдаты, не чакаючы каманды, узяліся разганяць яе па лесе, не шкадуючы ўдараў. Каля кухні засталіся толькі раздушаныя і скомчаныя, а ў катле з кашай тырчэў палонны мадзьяр дагары нагамі, які, занадта ўжо перахіліўшыся праз край, быў скінуты туды заднімі і літаральна звараны жыўцом.

Яго выцягнулі за ногі, выкапалі кацёл з зямлі і паставілі яго ў бок. Прапаршчык паслаў пра гэта рапарт у Кіеў. Але калі адтуль прыехаў цэлы батальён разам са сьледчай камісіяй, каб скласьці адпаведны акт, кацёл быў ужо пусты і на дне ў ім знайшлі толькі шапку. Паміж ініцыяламі «Ф. І. І.», аб якія нейкі палонны, аблізываючы шапку, парэзаў сабе язык, засталося крыху кашы. Усю рэшту палонныя зьелі, не зважаючы на тое, што каша была прыпраўлена тлушчай няшчаснага таварыша.

Пад абед з Кіеву падвезьлі яшчэ хлеба і некалькі новых катлоў; звараны мадзьяр абудзіў сумленьне расійскага інтэнданцтва. Увечары раздавалі хлеб,а пасьля палонных разьмеркавалі па купках і тлумачылі, якія бачкі якой купцы належаць.

Каля кухань стаялі казакі з бізунамі і трымалі парадак, лупцуючы палонных па плячох і сьпінах. Прыклад падаваў адзін прапаршчык, які біў аўстрыякаў гумавай кішкой, прыгаварваючы:

— Начальства павінна заўжды паказваць добры прыклад!

І раптам пачулася каманда:

— Чэхі — наперад! Чэхі, сьвядомыя чэхі, да мяне!

— Марэк, — параіў Швэйк, які са сваім хлебам у ранцы, разам з вольнапісаным ня прымаў удзелу ў агульнай бойцы, — ня ідзі туды! Ты яшчэ ня ведаеш Расіі і ня маеш уяўленьня, якія тут вырабляюцца штукі. Мяркуй сам — шукаюць добрых чэхаў, а потым душаць іх голадам, таксама як і іншых. Але тут усё робіцца на політычным грунце. Як я яшчэ служыў да вайны ў Будэёвіцах, у нас быў адзін капрал, нейкі Чымчара; дык той таксама, прыдзе да нас у кашары ды і кажа: «Мне патрэбен інтэлігентны чалавек для канцылярыі, які ведае нямецкую і чэскую мову, з прыгожым почыркам». А калі хто-небудзь адгукаўся, дык ён выводзіў яго ў калідор, даваў яму ў рукі вядро і венік ды загадваў: «Гайда чысьціць прыбіральні, ды каб у мяне ўсё там блішчэла. А не — дык падам на вас рапарт!» Можа і тут рыхтуюць нешта падобнае, але нас, тым часам, не ашукаюць!

Але ўбачыўшы, што маладзенькі расійскі офіцэр, які стаяў на пні, гаварыў па-чэску, яны ўсё-ж падаліся туды, праціснуліся праз натоўп бліжэй, каб усё чуць.

Гэта была прамова, якую яны не аднойчы чулі ў сябе на радзіме на розных мітынгах і сходах. Офіцэр сказаў, што ён — чэх, былы аўстрыйскі офіцэр. Ён паведаміў, што ў Расіі ёсьць чэская організацыя, якая змагаецца разам з расійцамі, і ў іхных шэрагах, супроць Аўстрыі. Офіцэр гаварыў, што цар вельмі любіць чэхаў і ён вызваліць іх, а таму неабходна ўзяцца за зброю і разьбіць Вену і Бэрлін; потым ён перайшоў да глыбокай старажытнасьці, заклікаючы Гуса і Жыжку бразгаючы спарахнелымі касьцямі табарытаў, якія загінулі пад Ліпанамі і мараваў, што прыдбалі сабе вечны супакой пад Белай гарой.

— Салдаты! Браты! — заклікаў ён. — Вы зараз у «чыстцы»! Мы ведаем, што вам гэты «чысьцец» неабходны! Кожны з нас павінен быць адліты са сталі! Цяпер размаўляюць жэралы гармат, цяпер кулямёты выкідваюць валавяныя словы! Наша радзіма стаіць з пятлёй на шыі!

— Ах ты, божа мой! — голасна пашкадаваў Швэйк. — Я-ж заўсёды казаў, Марэк, што Аўстрыі пагражае небясьпека, і што ёй надыходзіць канец.

Офіцэр зірнуў на Швэйка халодным позіркам і горача гаварыў далей:

— Можа пра нас скажуць што мы звар’яцелі, але нянавісьць павінна блукаць у нашых мазгох, як тыгра ў джунглях, і павінна ляжаць на нашым сэрцы, як скручаны пітон. Нянавісьць павінна быць нашай ранішняй і вячэрняй малітвай, нянавісьць павінна быць гімнам нашае працы! Цнатлівыя грудзі нашых скал, люстраная паверхня нашых вазёр, берагі нашых рэк, пахмурыя глыбіні нашых капальняў, душа ненароджаных яшчэ дзяцей — усё павінна дыхаць гэтай нянавісьцю! Часткі клопатаў, што вылятаюць з каміноў нашых хат, павінны сеяць і выклікаць нянавісьць! З іскраў кавадлаў павінна ў радасных патугах нараджацца яна-ж — нянавісьць!

— У яго фантазія і вобразы, як у сучаснага поэта, — прашаптаў Швэйку Марэк.

— Што-ж, у «Поўную чашу» таксама прыходзіў поэт, які складаў вершы, а калі ён напіваўся, дык вёрз такую самую лухту, — адгукнуўся Швэйк.

Голас прамоўцы зазьвінеў гучней і рэха паўтарала яго ўрачыстыя словы.

— Руда ў нетрах зямлі павінна тужыць па тым шчасьлівым моманце, калі мы ператопім яе ў жалеза і сталь супроць забойцаў! І тады ня прыдзецца шукаць зброі; у жылаватую шыю забойцаў мы ўцупімся зубамі!

— Ой, ён некага хоча загрызьці да сьмерці, — зазначыў Швэйк, на што офіцэр, зьлязаючы з пню, з пагардай адказаў:

— Ты быў аўстрыйскім нявольнікам. Пакуты вайсковага палону змыюць з цябе гэты бруд.

Потым на пень узьлез нейкі цывільны ў кашулі з расшпіленым каўняром, таксама сказаў прамову, але больш зразумелую. Ён сказаў, што палонных накіруюць у Сібір, дзе расійскі ўрад прымушае іх паміраць ад тыфусу. Але, калі ідзе вайна, дык дык трэба біцца, а хто хоча біцца, хай запісваецца. Ён атрымае новую форму, будзе мець досыць хлеба, яды і…

У гэту хвіліну офіцэр смаргануў прамоўцу за крысо; той падавіўся, праглынуў некалькі слоў, і скончыў так:

— Усе мы — адна сям’я. Калі вы будзеце біцца, вы не памрыцё ні за сябе, ні за расійцаў. Расійцы паміраюць за нас, мы за іх. Хіба вы не чуеце ў сабе славянскі дух? Хіба не цячэ ў вашых жылах славянская кроў?

Пасьля гэтага рыторычнага пытаньня, Швэйк выступіў наперад, спыніўся перад прамоўцам і сказаў:

— Так точна, ваша благародзьдзе, адчуваем!

І адгарнуўшы рукаў, пад якім гумовая кішка «кухоннага» прапаршчыка пакінула шырокі пунсовы пас, ён падыхаў на яе і пераконана дадаў:

— Як-жа не адчуваць! А славяны мы будзем таксама дужа добрыя. Нам-жа ўбіваюць тут славянства ў самае нутро.

Але запісацца ніхто не запісаўся. Тады цывільны кінуў на палонных доўгі позірк і сказаў:

— Вось вы цяпер у Расіі. Вывучыце хаця расійскі народны гімн. Ён можа вам спатрэбіцца. Сьпяваюць яго так, — дадаў ён і моцным голасам пачаў выводзіць словы гімну.

Расійскія салдаты ўзялі пад казырок, а палонныя, тупа азіраючыся, не разумелі, у чым справа. Нарэшце, офіцэр стомленым і расчараваным голасам сказаў:

— Значыцца, ніхто з вас ня хоча запісацца ў армію? Значыцца, вы ня добрыя, сапраўдныя чэхі?

Ніякага адказу. Офіцэр і цывільны адыйшлі разам з расійскім прапаршчыкам, які пад час іхных прамоў усё падтакваў ім.

— Слухай, Вашэк, — сказаў цывільны, — табе трэба было даць мне весьці агітацыю паводле майго разуменьня. Я паабяцаў-бы ім варэнікаў, смажанай сьвініны з капустай, гуляша, піва і ўвесь батальён запісаўся-б у мяне як адзін чалавек.

— Ня хочу, — задуменна адказаў той. — Чэскія ваякі павінны быць цьвёрдыя, як сталь.

Некалькі крокаў яны прайшлі моўчкі, потым задуменны афіцэр спыніўся і сказаў у пустату, выціраючы пэнснэ:

— Дзіўна! Незразумела! Калі гэтае быдла галоднае, у іх няма ніякага імкненьня да ідэалу. Толькі-б пажэрці чаго-небудзь! Другім разам я раскажу ім пра разбураны Градшын і чырвоную ад крыві Ўлтаву.

Цывільны палэпаў яго па плячы.

— Ня сумуй, браце, нашы патугі дадуць свой плён. Ты — ідэаліст, а я — практык. Жыццё патрабуе практычных захадаў, і час на мае мэтоды яшчэ прыдзе. Другім разам ты ім скажаш: «Вы будзеце мець гонар быць чэскімі ваякамі, рыцарамі Бланіка!», а я скажу ім: «Вы будзеце атрымліваць хлеб і грошы, будзеце жэрці клёцкі і капусту, а ў дзень св. Вэнцэслава вам дадуць смажаную гусіну!». Вось убачыш, мы свайго дойдзем! Ну што, у рэсторан сёньня прыдзеш, Вашэк? У «Празе» атрымалі сьвежае піва. Півавар з Здолбунова варыць яго пад рукой.

Замест адказу, офіцэр паказаў рукой на блізкі ўжо трамвайны вагон, і абудвы пайшлі хутчэй; прапаршчык пачаў адставаць.

Нязначны лік чэхаў, якія складалі аўдыторыю, памалу разыйшоўся. Калі той ці іншы хацеў сказаць што-небудзь пра пачутае, палонныя недаверліва і моўчкі паціскалі плячыма.

А з-заду ля плоту ляжаў наш Швэйк і стараўся навучыць Марэка расійскаму гімну, сьпяваючы на яго мотыў розныя шансонэткі ды прыпеўкі…

Ноччу палонных раптам пагналі з лагеру на вакзал і набілі імі цяплушкі. На досьвітку падалі паравік, і цягнік рушыўся…