Перайсці да зместу

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/5/Экспэдыцыя ў глыбіню Расіі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У Дарніцы Экспэдыцыя ў глыбіню Расіі
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек
1932 год
На працу
Пераклад: Тодар Кляшторны і Зьмітрок Астапенка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




5

ЭКСПЭДЫЦЫЯ Ў ГЛЫБІНЮ РАСІІ

Калі праскі абываталь езьдзіў у Турноў, уся сям’я і ўсе знаёмыя праводзілі яго, а ён, мацаючы свой сакваяж, пытаў жонку:

— Колькі-ж шныцалёў ты мне дала з сабою, старая? А на кілбасу ты не забылася? А бутэльку з наліўкай? Ты-ж ведаеш, што я гатоў самлець дарогаю, бо ў мяне такі кволы страўнік, а мне прыдзецца як-ні-як, а ехаць тры гадзіны ў цягніку.

Вайна і яе патрабаваньні скасавалі такую кволасьць страўніка акурат таксама, як яны скасавалі нэрвовасьць, дрэннае страўленьне, замароку і адсутнасьць апэтыту. Швэйк і Марэк сядзелі разам з трыццацю васьмю палоннымі ў цяплушцы, якая няспынна кацілася з імі чацьвертыя суткі на ўсход, і ўсё-ж у іх ня здарылася морскай хваробы.

І чаго-б яна мела ў іх быць? Раз-по-раз, не даяжджаючы да якой-небудзь станцыі, спыняліся на запасных пуцёх; вартавыя, якія ішлі з эшалёнамі, выганялі палонных з цяплушак да кухняў, дзе яны атрымлівалі па кавалку хлеба, па кацялку заціркі і па лыжцы кашы. Адтуль іх гналі ў прыбіральні, а потым зноў у цяплушкі; паравоз даваў гудок, і цягнік ішоў далей.

Такі цягнік быў падобны да вандроўнага зьвярынцу, які спыняецца толькі там, дзе можна пакарміць жывёлу. Людзі, што ехалі ў ім, ня мыліся, не часаліся, не галіліся; бруд на іх нарастаў карою, якая з кожным днём таўсьцела і таўсьцела. Вошы пладзіліся ў цяплыні перапоўненых цяплушак з падвоенай хуткасьцю, і ўжо заядалі зусім аўстрыйцаў, бо ніхто іх ня біў. А калі палонныя, вяртаючыся з прыбіральі, іншы раз не знаходзілі свайго цягніка на тэй самай пуці, яны шлындалі па вялізных станцыях і пыталі адзін аднаго:

— Ці ня бачыў ты, дзе дзелася наша перасоўная карчма?

Ад Кіева з імі ехалі два расійскія офіцэры, і ў цягніку панавала дысцыпліна. Дзьверы павінны былі замыкацца, і без праваднічага нікому не дазвалялі выходзіць. Калі цягнік, чакаючы стрэчнага, спыняўся на разьездах і палонныя спраўлялі свае натуральныя патрэбы пад адкрытым небам, вартавыя стаялі каля іх, як анёлы, а штыхі тырчэлі ўгару, як пяруньнікі.

На другі дзень офіцэры вылезьлі, і ўвесь гэты парадак адразу спыніўся. Вартавыя зашыліся ў асобны вагон, прызначыўшы «цяплушачных старост» з аўстрыйскіх унтэр-офіцэраў і заявіўшы ім, што яны адказваюць за ўсё, і палонныя такім чынам самавызначыліся.

У цяплушках былі зроблены з кожнага боку па два рады лаў, на якіх можна было ляжаць. Хто іх пасьпеў заняць, той карыстаўся прывілеем, што спаў ноччу лежачы, а тыя, хто знаходзіўся пасярод цяплушкі, маглі ў сваю чаргу сядзець пад час язды пры адчыненых дзьвярох, боўтаць пад грукат колаў нагамі і любавацца краявідам.

Неабсяжная роўнядзь бегла за цягніком назад. Праносіліся вялізныя цалі пшаніцы, жыта, аўса, цукровых буракоў, шырокія поплавы, раскіданыя дзе-ні-дзе вёскі пад таполямі і вербамі, ветракі, сады і гнілыя сьцірды саломы, якія схіляліся над палямі, нібы вялізарныя чарвівыя грыбы.

Палонныя глядзелі на верставыя слупы, якія паказвалі, колькі праехалі вёрст, і спрачаліся аб мэце іхнага падарожжа. Адны запэўнялі, што іх вязуць у Сібір, іншыя — да Чорнага мора, на Каўказ.

Узьнялася спрэчка аб прызначэньні засеянай сонешнікам паласы. Настаўнік, з якім Швэйк зрабіў увесь шлях ад мяжы і спаткаўся цяпер тут у цяплушцы, сьцьвярджаў, што сонешнік разводзяць адно дзеля яго хараства, бо, як вядома з літаратуры, расійцы — народ поэтычны. Марэк даводзіў, што яго разводзяць за кармавую расьліну, замест бульбы, якой яшчэ нідзе ня было відаць, а Швэйк вырашыў пытаньне, сказаўшы:

— Расійцы — поэтычны народ, і з прычыны гэтай поэтычнасьці яны лузгаюць семячкі, як у нас вавёркі — арэхі. Увогуле, добры зьвярынец пабудаваны на зямлі.

На бліжэйшай станцыі Швэйкава меркаваньне аб прызначэньні сонешніку цалкам спраўдзілася. Побач з цягніком з палоннымі стаяў пасажырны, і там, пад вокнамі трэцяе клясы, ляжалі цэлыя груды сонешнікавага лушпавіньня. Ля адчыненага вакна сядзеў селянін і кабета; яны гаварылі паміж сабой, і пры гэтым лушпавіньне ляцела з іхных вуснаў, як аблупленая эмаль з перагрэтай каструлі.

На вагзале, поўна набітым людзьмі, а таксама і ў пасажырным цягніку хутка даведаліся, што ў такім вось цягніку едуць палонныя. Гэту вестку прынялі з радасьцю, як спосаб разагнаць страшэнную нудоту. І калі аўстрыйцы палезьлі з цяплушкі, іх абступіў натоўп мужчын і жанчын і паўз увесь цягнік чуліся гутаркі, якія ўсе пачыналіся з пытаньняў: «Колькі табе год?» і «А зямля ў цябе ёсьць?».

Гэткія-ж брудныя, як і палонныя, бедна апранутыя сяляне ў сваіх кашулях на выпуск, хто ў высокіх ботах, а хто і босы ці ў лапцёх, гутарылі голасна і пыталі, чым скончыцца вайна і хто пераможа. Адзін з іх зьдзеў з Марэка куртку, напнуў яму на галаву сваю шапку, выпусьціў у яго з парток кашулю і радасна крыкнуў:

— Глядзі, сапраўдны русак! Ніхто ня дасьць веры, што гэта аўстрыец.

З вагона зірнула сялянская кабета і прыветна ўсьміхнулася Марэку. Потым яна выцягнула з-пад лавы грубы мяшок, дастала адтуль кавалак сітнага і два яйкі і сказала:

— Вось, маеш! Наш Аўхім таксама ў палоне, у немца.

— У гэтых сялян галовы як у жабракоў ці ў Льва Талстога, — прашаптаў Марэку настаўнік.

— Па-мойму, яны падобны да апосталаў, — таксама ціха абазваўся той.

— Яны ня надта клапоцяцца аб прыгожай вопратцы, — сказаў Швэйк. — Цырульнікі і мылавары тут не разбагацелі-б. Але затое грабеншчыкам хапіла-б працы. Тут кожны валасаты, як Ісаў. А хітрыя-ж яны, што чэрці. Вось гэткі дзядзя палезе босы на хвою, а назад лезе ўжо ў ботах. Адно цікава, як тут выглядае мора.

Гэтым часам паравік пасажырскага цягніка даў гудок, на вагзале празьвінеў трэці званок, і цягнік крануўся. Кабета ля вакна яшчэ раз кіўнула Марэку і падала яму жменьку сланечніку.

— На, трымай! Усяго добрага!

— На месцы, на месцы! — закрычэлі вартавыя, і іх паравік таксама даў гудок.

Палонныя зноў паўлазілі ў цяплушку. Швэйк сеў разам з усімі і, убіраючы крутое яйка і кавалак хлеба, сказаў Марэку, які сядзеў на лаве:

— Шаннуе табе, хлопец, на жанчын, хоць ты і ня ўмееш па-расійску. Калі ты хочаш зрабіць ёй няпрыстойную прапанову, дык павінек сказаць так.

Ён выгаварыў сказ, з дапамогаю якога «жадаюць» жонку блізкага свайго, і параіў Марэку скарыстаць яго ў адпаведны момант і ў адпаведным месцы; а потым ён растлумачыў яму яшчэ, што азначае сказ, ў якім памінаецца маці, і што за яго можна злавіць па мордзе.

Швэйк ня быў эгоіст нават у навучаньні іншых, і калі-б ён жыў пэўны час у Палястыне, ён абавязкова пашоў-бы прапаведваць слова ўсім народам.

Яны паехалі; дзесяць хвілін цягнік вёз іх паўз бясконцую чараду хатак, да якіх са стэпу сьпяшаліся вялізныя статкі кароў, быкоў, цялят, авец і сьвіней, і палонныя не маглі вырашыць, ці горад гэта, ці вёска. Відаць было, што перад кожнай хаткай ляжалі роўныя кучкі і нават цэлыя горы нейкай чорнай цэглы, аб прызначэньні якой нават распалілася спрэчка.

— Гэта проста будаўнічая цэгла, — сказаў Швэйк. — Тут ладзяцца будаваць, і ўвесну тут, хлопцы, муляром будзе добра.

— Зусім не, будынак станцыі са звычайнай чырвонай цэглы, — сказаў настаўнік.

— І апрача таго, гэты матэрыял складзены нават каля будкі чыгуначнага вартавога, ля рэек, — зазначыў Швэйк.

На бліжэйшай станцыі палонныя зноў вышлі з вагону. Яны адважваліся ўжо выходзіць на пэрон, дзе ім часам давалі капейку, булку ці кавалак цукру і адкуль іх гналі расійскія жандары, лэпаючы іх далонямі па сьпіне, як трусоў.

Зрабілі вынаходку, што на кожнай станцыі ёсьць гатавальнік з гатовым варам, дык можна было саграваць сабе чымсьці гарачым страўнік, хоць зацірку давалі толькі прыблізна праз кожныя паўтары сутак. Палонныя ўжо ведалі, што гатаваная вада завецца па-расійску «кіпяток» і перш за ўсё шукалі будку з гатаванай вадой, пыталі ўсіх чыгуначных служачых і жандараў:

— Пан, вар ёсьць? Пан, дзе вар? Цягні вар, пан!

Трэба было падмяніць чым-небудзь адабраныя ў Кіеве манеркі і фляжкі. Таму на станцыях зьбіралі іржавыя, кінутыя расійскімі салдатамі конаўкі дзеля чаю і заляплялі ў іх дзіркі хлебам. Марэк знайшоў яшчэ цэлую манерку, настаўніку прыпала бутэлька з-пад гарэлкі, а Швэйк зрабіў сабе з бляшанкі ад консэрваў вядзерца з драцяной ручкай. Палонным выдалі нязграбныя драўляныя лыжкі, якімі ніхто ня ўмеў есьці, а тыя, у каго нейкім дзівам зацалеў сьцізорык, узяліся самі выразаць лыжкі з бярозавых целяшкоў, якія яны цягалі з тэндэру.

— Вайна, — казаў пры гэтым цесьля Рэзьнічак з Клобаўк, — вайна будзе мець сваім вынікам тое, што ніхто нічога ня будзе баяцца і ўсе будуць разумныя, як малпы. Вось я, напрыклад, гэтым паленам буду нават галіцца, калі яго толькі добра нагастру аб цэглу і навяду лязо аб падэшву; а дома я ня ўмеў як сьлед галіцца і ангельскай брытвай. Адно каб не баяцца згубіць нейкую там цывілізацыю ды культуру! Як мы стаялі ў Букавіне пад Гарадзенкай, нам не давалі пайку, і вось я ў гэтай бядоце раптам так разахвоціўся на малако, што здаецца аддаў-бы за яго жыцьцё.

— А мне-б хацелася піва, — зазначыў Швэйк. — Мялі языком што хочаш, адно не кажы мне пра піва, а то я здохну ад смагі.

— Офіцэры ў нас, — успамінаў далей Рэзьнічак, — былі ня горшыя і ня лепшыя, чым ва ўсёй арміі. Экономілі на нашых мясных порцыях, давалі нам менш, чым трэба, і з’эканомілі такім чынам цэлых дзьве каровы, якіх, вядома, ня рэзалі, а пакінулі сабе. Даглядаў кароў і даіў іх ефрэйтар, і ў офіцэраў было заўсёды і малако, і сьмятанка, і масла, і творагу колькі хочаш. Я служыў у рабочай камандзе, і нас прымусілі пабудаваць для офіцэрскіх харчоў асобны склеп і стаяць перад ім ноччу на варце. Вось стаю я там аднойчы на варце і чую, як каровы жвуць нездалёк сваю жвачку, і раптам мяне такая ахвота ўзяла выпіць малака, што хоць ты што хочаш рабі. А карову падаіць — гэта я ўжо ведаў, дарэмна, бо раз я быў паспрабаваў. Дык ефрэйтар усё з яе выцадзіў, усё да апошняй кроплі.

Апавядальнік уздыхнуў і казаў далей:

— Я агледзеў дзьверы склепу: на іх быў замок, але вісеў ён на зусім слабым прабоі. Я дастаю штых, усаджваю яго ў прабой і паварочваю — прабой толькі рыпнуў. І дальбог, хлопцы, не маню: у гэтых праклятых офіцэраў былі схаваны там вось гэткі кавалак масла, гладыш сьмятаны, конаўка вяршкоў, якія хоць нажом рэж, і два вядры добрага творагу. Я ўсё гэта вынес, вяршкі выпіў, а масла і сьмятану схаваў у ранец. Ну, а што рабіць з творагам? Пакінуць — шкада! Пабудзіць таварышоў і раздаць ім — таксама няможна: яшчэ хто-небудзь дакажа. Тады я зьняў нагавіцы — яны былі яшчэ досыць чыстыя, я насіў іх толькі пяты тыдзень — завязаў іх зьнізу і паклаў туды твораг. У кожную калошу ўвайшло акурат па вядры. Я занёс іх у поле, схаваў у жыце і прыкрыў саломаю, а потым вярнуўся на месца, нібы нічога і ня было. Але што за гвалт быў раніцою!.. Капітан, паручнік і кадэт — смаркаты такі хлапчанё!- кідаліся туды і сюды, як шалёныя. Загадалі абабіць дзьверы склепу жалезам і зрабіць завал з кавалка рэйкі. Ну, а потым, як пачаў я шукаць сваю здабычу у жыце, выявілася, што сабакі сьцягнулі яе ноччу на другое поле. Нагавіцы, вядома, былі падраныя, але творагу ў іх крыху засталося, і я з яго зрабіў сабе сыру. Бо на вайне, браточкі, трэба ўсё абмеркаваць і нічым ня грэбаваць.

— Патрэба — маці вынаходлівасьці, — сказаў настаўнік. — Чалавечы розум робіцца дамысны, калі цела адчувае ў чым-небудзь патрэбу, ды ня можа здабыць неабходнага. Калі сам знаходзішся ў дрэнным становішчы…

— … дык ідзеш і рэжаш у таварыша яго мяшок з рэчамі, — нібы паміж іншым сказаў Швэйк.

Настаўнік пачырванеў і гаварыў далей:

— Калі дзяржава ў небясьпецы, калі людзкая грамада вісіць над процьмаю, дык лепшыя розумы пачынаюць думаць пра самаабарону і паратунак. У часе вайны дзяржавы гатовы кожную хвіліну збанкруціцца і вось тэхніка рухаецца наперад вялікімі крокамі. Узяць, напрыклад, аэропляны. У 1909 годзе француз Гобэр меўся ўпяршыню паляцець на іподроме ў Кухэльбадзе пад Прагай. Меўся, кажу я, ды не паляцеў, бо веяў слабы ветрык, якога ў той час трэба было яшчэ баяцца. А цяпер праз шэсьць гадоў, аэропляны лётаюць на фронце нават у буру, што груганы. Значыцца, вайна спрыяе разьвіцьцю тэхнікі.

— Памятаю, памятаю, — адгукнуўся Швэйк. — Яшчэ прывезьлі ў Прагу марожанае мяса з Аргентыны, а потым прышлося выкінуць яго ў Ултаву, бо цана на яго спала. А каб паглядзець гэтага Гобэра, з Прагі і ваколіц у Кухэльбад назьяжджалася тысяч трыццаць народу. І што патрэба — маці вынаходлівасьці, як ты сказаў, гэта таксама слушна. Але і п’янства грае часам пры гэтым ролю павітухі. Вось я, напрыклад, знаў аднаго Собку з Суваля і яго жонку. Гэта была, як той кажа, няроўная пара. Яна была ў саюзе цьвярозьнікаў, а ён штодзень быў п’яны, як сьвіньня. Прыдзе дахаты ўвесь брудны, а яна толькі ведае, што абмывае яго, заліваючыся гаручымі сьлязьмі і лаючыся апошнімі словамі. Аднойчы ён вось так прышоў п’яны і брудны да хаты, а яна…

Але тут апавяданьне перапыніла бойка, якую завялі два занадта гарачыя палонныя. Наогул, у цяплушцы найбольш панкавала згода, але варта было каму-небудзь з вышэйшых лаваў абліць каго-небудзь з ніжэйшых чаем ці штурхнуць, як той ужо лез на кулакі… Дзіўна! Гэтыя-ж людзі, ўсе ў аднолькавым сумным і нядобрым становішчы, толькі выйшлі з паласы агню, дзе яны без ніякага протэсту, нібы авечкі, ішлі на забойства і моўчкі жыўцом гнілі ў гразі, крыві ды гнаі, нібы гэта было нешта зусім зразумелае і натуральнае, а тут за тысячы кілёмэтраў ад фронту, паміж сабою, яны зайздросьцілі адзін аднаму, і былі злосныя, як сабакі на ланцугу. Яны злосна лаяліся паміж сабой, ніхто не хацеў даць таварышу нажа, не дзяліўся вадой, упікаючы яго кожным кавалкам выпрашанага хлеба. Нарэшце дайшло да таго, што часам, як стаялі на станцыі, дзе трэба было атрымліваць паёк, з сарака чалавек палонных не знаходзілася нікога, хто-б згадзіўся прынесьці для іншых з раздавальнага пункту хлеба і стравы.

— Ніяк не магу ўцяміць, — казаў Марэк, якога выбралі за цяплушачнага старосту, — як гэта можа быць. У яго самога жывот уцягнула з голаду, а ён, такі-сякі, ня хоча прайсьці пяцьдзесят крокаў па ежу. Няўжо людзі так згультаіліся? Ці гэта ў іх рэакцыя пасьля нэрвовай напружанасьці на фронце?

Швэйк заўсёды хадзіў для сваёй дзесяткі па хлеб, а аднойчы калі засталося дзьве лішніх булкі, на якіх ніхто не заявіў прэтэнзіі, і тыя, хто застаўся бяз хлеба ў суседняй цяплушцы злосна лаяліся і гатовы былі зьбіць свайго дзяжурнага, ён схадзіў па хлеб і для іх, сам разьмеркаваў і хлеб, а потым сказаў Марэку:

— Гэта ня людзі, а нейкая жывёла, якая ня можа жыць без пастуха і пугі. Мне прышлося там для парадку даць некаторым па карку.

Дзякуючы экскурсіям на станцыі, веды расійскай мовы ў аўстрыйцаў значна пашыраліся. Швэйк мог ужо запытаць, дзе вар і якая гадзіна і гаварыць, што ён галодны і не страляў у расійцаў, бо расійцы — нашы браты, а сьвятыя Кірыла і Мэфодзі, якія прышлі на Русь, каб пашырыць там хрысьціянства, былі яго продкі: адзін па матцы, другі — па бацьку.

Марэк неўзабаве перагнаў Швэйка ў веданьні расійскае мовы; ён склаў сабе маленькі слоўнічак з пачутых выразаў, але гэты слоўнічак меў чыста акадэмічнае значэньне. Наадварот, Швэйк быў практык і заўсёды ў выніку ягоных размоў на станцыі з сялянамі, дзе ён даваў поўную волю сваёй фантазіі, зьяўляліся лусты хлеба, яйкі, булкі, чай і цукер.

Ён страшэнна любіў бегаць па станцыях, і ніхто ня ўмеў так проста адказаць жандару, які праганяў нячыстых аўстрыякаў з заляў для пасажыраў І і ІІ клясаў, як Швэйк; пры гэтым ён пазіраў на жандара з так спрытна ўдаванай пачцівасьцю, што таму рабілася нават горача.

Марэк ужо ўмеў чытаць надпісы на станцыях, а настаўнік запісваў іх на ўспамін аб пройдзеным шляху ў запісную кніжку. Швэйк сказаў, што гэта — глупства, і вывеў з таго, што яны скрозь ехалі на ўсход, што яны, калі нідзе ня спы́няцца раней, трапяць праз Пільзен у Прагу.

— Я зьлезу ў Вышэградзе, — сказаў ён Марэку, — бо мне адтуль бліжэй да хаты. І калі мы прыедзем да абеду, дык я пайду ў рэсторан «Тры сябры» і закажу сабе суп з вантробамі… Але толькі мне здаецца, што гэта лухта, калі кажуць, нібы зямля — круглая. Вунь мы які кавалак праехалі, а яна ўсё роўная, як талерка.

Яны зноў спыніліся на нейкай станцыі; Швэйка вышаў на пэрон і завеў сяброўскую гутарку з вартаўніком. Той усыпаў яму жменьку махоркі і знакам паказаў, каб ён адыходзіў, бо вакол іх ужо сышоўся гурток цікавых, якія трымаліся, аднак, на пэўнай адлегласьці.

— Са мною ўсюды так далікатна абыходзяцца, — падумаў Швэйк, — ці не баяцца яны, каб я чаго не сьцягнуў?

Ён спрытна скінуў з сябе вошыну, якая паўзла ў яго па рукаве; вошына, зрабіўшы ў паветры дугу, звалілася на порткі вартаўніка, які акурат у гэту хвіліну ўзяўся за вяроўку званка, зараз-жа ўчапілася за новае месца і папаўзла ўгару пад кашулю. Вартаўнік даў званок і сказаў Швэйку:

— Другі званок твайму цягніку.

— Дармо, — гэтак-жа далікатна адказаў той, — сьпяшацца няма куды.

— Сядай, зараз будзе трэці званок, — настойліва паўтарыў вартаўнік і тры разы пазваніў.

Недзе за кляснымі вагонамі, якія стаялі сьпераду, крануўся цягнік. Паравоз са сьвістам, пускаючы густыя клубы паддаваў ходу.

Вартавы адыйшоў ад званка. Убачыўшы Швэйка, захопленага гутаркай з нейкай старою кабетаю, якая дапытвалася ў яго, ці ёсьць у яго жонка, ён штурхнуў яго ў бок і сказаў:

— Вунь пайшоў твой цягнік.

— Езус-Марыя! — крыкнуў Швэйк. — Яны едуць без мяне. Стойце! Спынецеся! Марэк, загадай спыніць, я застаўся тут!

Ён пераскочыў праз бар’ер і пабег за цягніком, з адчайным крыкам:

— Стой, стой! Я ня хочу заставацца тут адзін!

Але на трэцяй пуці яго схапілі чыгуначнікі і пацягнулі назад, прыгаварваючы:

— Дурань ты, дурань, куды ты лезеш? Хочаш пад хуткі трапіць?

У тую-ж хвіліну міма станцыі праімчаўся хуткі, і задні вагон швэйкавага цягніку зьнік за паваротам.

Швэйка завялі на станцыю і перадалі яго жандару. Той пачухаў у сябе за вухам, злосна і няпрыязна зірнуў на Швэйка і запытаў:

— Паперы!

— Вось, калі ласка, — паслухмяна адазваўся Швэйк, выцягнуў з кішэні кавалачак папяроснай паперы і падаў яе жандару. — І махорка. Закурыце.

— Ды ня курыльнай! — крыкнуў жандар, хапаючы яго за каршэнь. — Няма чаго табе дурнем прыкідацца, я табе пакажу!

Швэйк, значыцца, зноў зрабіўся ахвярай непаразуменьня. У яго пыталі паперы, якія дазвалялі яму застацца на станцыі, а ён зразумеў, што жандар папрасіў у яго паперы на цыгарку, і таму, пакуль «чын» трос яго за каршэнь, ён спакойна сказаў:

— Што, гэтага табе не хапае? Добра, я яшчэ дам. У нас такую паперу даюць у прыбіральні. Каб я ведаў, што вы тут такія дзівакі, я-б узяў для цябе цэлы ранец.

— Пойдзеш ты ці не? — крыкнуў на яго жандар.

Гэта сцэна прывабіла чыгуначных служачых і цэлы натоўп пасажыраў; нарэшце, з канрылярыі вышаў начальнік станцыі. Ён загадаў Швэйку растлумачыць па-нямецку, у чым справа, і сказаў потым жандару:

— Пусьці яго. Наглядай толькі, каб ён ня ўцёк. Праз гадзіну пойдзе пасажырны, а ўсе эшалёны з палоннымі ідуць У Пэнзу, дык калі яго выправіць на пасажырным, ён дагоніць свой эшалён у Рцішчаве, дзе ў іх прыпынак на абед.

І вось, калі сумны Марэк падаў У Рцішчаве, атрымоўваючы хлебны паёк, рапарт, што ў яго зьнік адзін палонны, і вяртаўся з хлебам для свае партыі ў цяплушку, разважаючы, якое няшчасьцё магло напаткаць Швэйка, з пасажырнага цягніка вышаў яму насустрач знаёмы, падобны да Швэйка, але толькі куды таўсьцейшы, чым ён, чалавек.

Падышоўшы да вольнапісанага, гэты чалавек абняў яго, неўважаючы на ўсё, што было ў яго руках.

— Добры дзень, Марэк! Мы ўжо, хай сабе, паедзем разам, але часамі мне прыдзецца пакідаць вас! Расію адразу ня вывучыш.

Ён пацягнуў зьдзіўленага Марэка за цяплушку, злазіў сам туды па ранец, а потым ўзяўся выцягваць з-за пазухі хлеб, яйкі, кілбасы, булкі і пампушкі з мясам. Потым ён расшпіліў порткі і далей разгружаўся.

— А цяпер, Марэк, — сказаў ён, значна патанеўшы ў фігуры, — прынясі мяшок для рэчаў. Я стану над ім, а ты разьвяжаш мне споднікі. Яны ў мяне набіты сонешнікамі.

Гэта быў бэнэфісны дзень для палонных; Швэйк доўга расказваў, што з ім было ў пасажырным цягніку, што там гаварылі, і колькі вагонаў ён перайшоў. А потым ён прашаптаў Марэку на вуха:

— Нават грошы я дастаў. Чатыры рублі пяцьдзесят. У купэ першае клясы сядзела адна такая красуня, дык калі кондуктар пачаў праганяць мяне адтуль, я сказаў яму: «Вы-б лепш пасядзелі з гэтаю паненкаю. Дальбог, яна такая прыгожая, што каб яна мяне папрасіла, я-б ахвотна саграшыў з ёю». Тады яна вышла, дала мне два рублі і сказала: «Я разумею па-чэску, аўстрыйскі салдат. Я бывала ў Карлсбадзе і ў Празе. Не кажы пра мяне дрэннага». Але яна была так-жа здаволена, як прынцэса Тун, што працавала за міласэрдную сястру на Франц-Іосіфаўскім вагзале ў Празе. Туды акурат прывезьлі параненых салдат 35 палку з расійскага фронту, і яна хадзіла па ўсім цягніку з падносам, на якім былі растаноўлены шклянкі кавы і чаю, і пытала: «Чаго ты хочаш, чэскі ваяка, ці кавы, ці чаю?» Адзін салдацік ёй і сказаў: «Ні тога, ні іншага, а вось я-б хацеў саграшыць з вамі, паненка. Глядзеце, хлопцы, які ў яе задок прыемны!» Ну, а тут яна сама яму адказала: «Дык як-жа, братцы, чаю ці кавы? А задком служыць не магу».

Што Швэйк ня хлусіў, відаць з наступнага:

Раньняй вясной 1918 году мне давялося ехаць па справах паломных на Каўказ. У адным вагоне са мной ехала старая, хворая і надзвычайна няпрыгожая жанчына, якой я рабіў едучы сякія-такія дробныя паслугі, прыносячы ёй з буфэту чаю ці чаго-небудзь зьесьці. Яна была мне дужа ўдзячна і, паміж іншым, сказала:

— Вось тры гады таму каля Варонежу са мной ехаў адзін палонны аўстрыйскі салдат, таксама дужа, дужа прыемны. Ён казаў, што яго эшалён нейкім чынам пайшоў без яго, і ён даганяў яго на пасажырным цягніку. Ён расказваў, што чэхі дужа любяць Расію і дапамогуць ёй перамагчы ў вайне Нямеччыну. Як прасіў ён, каб яму памаглі, хто сколькі можа, дык казаў, што ён з Прагі, што сьвятыя Кірыл і Мэфодзі даводзяцца яму нейкімі прапрапрадзедамі і што таму ён сам праваслаўны. І вось, калі ён стаяў у калідоры і думаў, што я яго ня чую, ён гаварыў сам з сабой па-чэску, што такой красуні, як я, ён яшчэ ня бачыў і ахвотна даў-бы сябе зачараваць… У яго былі сымпатычныя блакітныя вочы і далікатныя эўропэйскія манэры. Я дала яму два рублі на праезд. Што-ж, палонных аўстрыйцаў мы заўсёды шкадавалі. Таксама-ж людзі!..

Разам з тым з гэтага вынікае, што Швэйк удасканаліў свае мэтоды…


*

Нарэшце, палонныя даехалі да Пэнзы, і іхны цягнік спыніўся на запасной пуці на краі вялікай станцыі. Нічога асаблівага ня здарылася. Яны атрымалі зацірку і кашу, на гэты раз грэцкую, і больш аб іх ніхто не клапаціўся. Яны вылезьлі з цяплушак, знайшлі ваду, памыліся, пагаліліся, так, што ў іх ад болю сьлёзы цяклі з вачэй, а потым вышлі ў стэп каля станцыі, паскідалі адзежу і ўзяліся трускаць вошы, што густымі напластамі былі ў ёй.

Яны памалу абуджаліся ад застойнага гультайства, і ва ўсіх зноў зьявілася імкненьне жыць па-людзку. Знайшліся нават такія адважныя, што нацягалі ў чарапку вады і ўзяліся мыць бялізну.

Калі яны апранулі чыстыя кашулі, самаадчуваньне ў іх яшчэ больш палепшылася. Яны разышліся па станцыі, а некалькі асабліва сьмелых падаліся ў горад.

Сярод іх былі і тыя, ў каго яшчэ захаваліся аўстрыйскія грошы; яны надумалі памяняць грошы ў Пэнзе і гэта прыцягнула да іх цэлы натоўп спэкулянтаў, якія абступілі іх шчыльнай сьцяной і пхалі ім бадай што сілком рублі. Спэкулянты нажывалі на гэтай справе нямала, але з прычыны таго, што лік іхніх кліентаў быў абмежаваны, ніхто з іх асабліва не разбагацеў.

Швэйк, запэўняючы ўсіх-чыста, што ён — добры славянін, сабраў на ранейшых станцыях поўную кішэню медзякоў, ня лічачы некалькіх паўрублёвікаў і рублёў; цяпер, у горадзе, ён таксама адстаў ад іншых, і яго прывёў на станцыю патруль. Швэйк зьявіўся да сваіх, увесь зьяючы ад задавальненьня і трымаючы смажаную гусіну ў аднэй руцэ, а вараную курыцу ў другой, і ветліва ўсьміхнуўся Марэку, які лічыў, што гэтым разам Швэйк канчаткова загінуў.

— Тут ня надта ўжо і дрэнна, — сказаў Швэйк. — Я быў на гарадзкім пляцы; там акурат кірмаш, які тут завуць «базар», і вось што я накупіў. Гусь каштуе паўрубля, курыца — пятнаццаць капеек, а пад шапкай у мяне яшчэ кавалак смажанага мяса. У торбе ў мяне: чай, цукар і цыгаркі, а за трыццаць капеек я купіў яшчэ і новы чайнік. Расія — добра!

І пакланіўшыся салдатам, якія праводзілі яго, ён кожнаму з іх падаў руку і чула сказаў:

— Дзякуй, добра! Здароў! Вось вам на чай, братцы!

Ён даў кожнаму па дзьве папяросы, перадаў купленае на ахову Марэку і пайшоў на вагзал, дзе паўз рэйкі стаяў даўгі рад недабудаваных драўляных баракаў.

Яны былі забіты дошкамі, а дошкі былі ўкрыты прозьвішчамі і подпісамі ўсіх палонных, якія тут праяжджалі, і палонныя са швэйкавай партыі дапоўнілі колекцыю аўтографаў весткамі і пра сябе саміх. Папляваўшы на дошку, яны ўвечнілі сябе з дапамогаю хэмічнага алоўка, накшталт таго: «Ян Голан з Льготы, Коўбалава вуліца № 6. Апошні паштовы адрас — Мілешоў пад Сельчанамі. Радавы 11-га пяхотнага палка, 4-га маршавага батальёну, 12-й роты. Пасылаю таварышом прывітаньне з дарогі на Сібір».

Швэйк пачаў чытаць надпісы, гаворачы:

— Гэтага Тржэцяка з Высоке Мыта я ня знаю, але Эрнст Кац з Кшэмянецкай вуліцы здаецца мне знаёмы. Гэта пэўна сын тога Кана, які гандляваў зайчынымі скуркамі, а потым судзіўся за падробленьне вэксалю. З адным Зомэрам я вучыўся ў аднэй клясе ў школе, але наўдачу, каб гэта той самы, бо гэты — 11-га ляндвэрнага палка, а той служыў у 36-м пяхотным палку ў Болеславіі, дзе яго бацька трымаў буфэт пры афіцэрскім сабраньні. А аднаму Шубэрту з Костомлята пад Німбрукам я калісьці прадаў сабаку.

Знаёмага ён усё-ж такі не знайшоў, хоць сумленна перачытаў спачатку да канца. Але затое ён знайшоў вольнае месца і напісаў на ім: «Тут уласнаручна расьпісаўся Язэп Швэйк, ордынарац 11-й маршавай роты, 91-га пяхотнага палка, калі ён, знаходзячыся ў ганебным палоне, трапіў сюды на сваім шляху праз усю Расію. Няхай жыве Франц-Іосіф!»

Зірнуўшы на свой подпіс здалёку, ён падумаў, што ў ім нечага не хапае; таму ён вярнуўся і дадаў: «Марэк таксама едзе са мною. Пухам яму зямля!».

Надвечар вартавыя загналі ваенных у цяплушкі і замкнулі іх там. Уначы падалі паравік, а калі палонныя раніцой прачнуліся, цягнік ужо грымеў па рэйках.

Зноў пачаліся спрэчкі пра мэту іхнага вандраваньня. Некаторыя сьцьвярджалі, бяручы пад увагу надпісы на бараках, што іх вязуць у Сібір, а іншыя казалі, што яны едуць не на поўнач, а на поўдзень, і здагадкі дасягнулі найвялікшай напружанасьці, калі было выяўлена, што цягнік ішоў назад па тым самым шляху, па якім яны вось толькі ехалі.

Доказаў было колькі хочаш. Тыя, хто за час падарожжа сядзеў ля дзьвярэй цяплушкі, пазнавалі мясцовасьць, вёскі і станцыі. Настаўнік правяраў у сваёй кніжцы назвы станцый — яны супадалі. А, як спыніліся, відавочна выявілася, што на гэтай самай станцыі палонных тры дні таму назад кармілі абедам.

Карты Расіі ў іх ня было. А напамяць яны не маглі орыентавацца ў разьмяшчэньні расійскіх гарадоў, не гаворачы ўжо пра разьмяшчэньне чыгуначнае сеткі. Ясна было адно: яны ехалі туды, адкуль прыехалі, і гэты факт спрычыніўся таму, што ў адну сэкунду абляцела ўвесь цягнік жывая тэлеграма:

Падпісана згода і мы едзем дамоў!

З усіх зробленых да гэтага часу вынаходак, гэта была самая радасная, і яе ўплыў выявіўся ўжо на наступнай станцыі. Палонныя ўзяліся як мага прыбіраць сябе: мыліся, чысьціліся, узброіліся голкамі ды ніткамі і пачалі абшывацца. З глыбіні кішэняў зьявіліся сьветлыя зорачкі; іх пачалі прыладжваць да каўняроў. Калі-б стары ўладар лапікавае імпэрыі ўбачыў у гэту хвіліну сваіх слаўных абаронцаў, сэрца-б у яго так і ёкнула; бо адзін ефрэйтар аддаў узводнаму кашулю за дзьве зорачкі, якія былі ў тога ў запасе, а фэльдфэбель адмовіўся ад свайго абеду на карысьць аднаго радавога, які аддаў сваю новую шапку за яго потную і зашмальцаваную.

— Ці ведаеш, хто я, — казаў фэльдфэбель радавому. — Калі мы вернемся ў Аўстрыю, я на гэта не забудуся. Ну, хлопцы, падбадрыся, каб прыехаць дамоў сапраўднымі салдатамі…

Палонных ахапіла гарачка любасьці да чыстаты і парадку, як гэта бывае з гаспадынямі перад вялікімі сьвятамі. Спаткаўшы на нейкай станцыі эшалён палонных, якіх везьлі ў Пэнзу, і якія, значыцца, яшчэ нічога ня ведалі пра згоду, яны пачалі выменьваць у іх боты, шапкі, порткі і курткі, аддаючы ў прыдачу да больш дрэнных і брудных рэчаў свае хлебныя пайкі.

Тлумачэньню Марэка, што калі-б нават было замірэньне, усё-ж немагчыма, каб іх зараз-жа накіравалі на радзіму, бо перад замірэньнем павінна было быць перамір’е, пра якое яны даведаліся-б хоць што-небудзь ад расійскіх салдат, — ніхто не даваў веры. Нават настаўніка захапіў агульны ўздым, калі ўсе стараліся ўпрыгожыцца; ён мяняў, як мог, апраўдваючыся:

— Салдаты, сяляне, парабкі, рабочыя, рамізьнікі — усе вернуцца ў такім выглядзе, што ніхто не заўважыць, што яны былі ў палоне. Што-ж сказалі-б у нас у палку пра мяне?

Такім чынам адзін толькі Марэк прадбачыў, што на якой-небудзь вузлавой станцыі іхны цягнік проста перавядуць на іншыя рэйкі, і Швэйк ды некалькі басьнякоў, якія лаяліся на ўсе застаўкі, заклікаючы ўсе няшчасьці на Расію, на сонца, на месяц і на ўсіх жыхароў, — толькі яны адны не прыбіраліся.

Швэйк зьнік на станцыі і доўга не зьяўляўся. Калі ён вярнуўся, ён сумна праказаў:

— Я хацеў тэлеграфаваць са станцыі цару, каб ён загадаў вярнуць мне мае тры мэдалі, але мяне прагналі з паштовай канторы. Дык я на гэтыя грошы купіў квашаніны. — Праз хвіліну дадаў ён, даючы Марэку кавалак густое, падобнай да клею з дрэнным пахам квашаніны, з якой тырчэлі сьвіная шчэць і жавалкі каровінае поўсьці.

— Я ніводнага хэльлера не давязу да Прагі! — рашуча сказаў Швэйк, мацаючы сваю туга набітую капейкамі кішэню. — Чаго мы не праямо ў Расіі, дык тое мы прап’ем у Галіцыі! Езус-Марыя, што за дзівакі гэтыя расійцы! Вядуць вайну і не дазваляюць сабе пры гэтым нават разу глынуць гарэлкі!

Такімі словамі Швэйк выказаў сваю тугу па алькоголі і свае антыцьвярозьніцкія пераконаньні ў Расіі, якая любіла выпіць, але якая пасьля мобілізацыі забараніла ў сябе, з прычын досыць зразумелых, выраб і продаж гарэлкі і піва.

Едучы далей, яны не пераставалі правяраць дарогу. Ня было ніякага сумненьня: яны ехалі назад у Кіеў.

На кожнай станцыі Швэйк выскакваў з цяплушкі і купляў усё, што толькі было на яткох. Ён прыносіў булкі, садавіну, кілбасы, гуркі, квашаніну, таматы, шпік і цыбулю, і ён і Марэк елі ўдостач, не саромячыся зайздросных поглядаў іншых.

Вынікі былі ў вольнапісанага яшчэ ў той самы дзень. На кожнай астаноўцы ён вылазіў з цяплушкі і аблягчаўся ў высокай стэпавай траве. Але потым прыступы зрабіліся больш частыя, і яму трэба было прыладжвацца ў адчыненых дзьвярох, прычым верны таварыш яго, Швэйк, трымаў яго за рукі, каб ён не зваліўся.

На другі дзень іхны цягнік спыніўся на таварнай станцыі вялікага гораду; паравоз з тэндэрам пайшоў наперад, каб набраць вады, Марэк зараз-жа накіраваўся ў прыбіральню на станцыі, вярнуўся і зноў пабег туды.

Тым часам прычапілі паравоз; раптам пачуўся званок, вартавыя крыкнулі: — сядай, сядай! — і цягнік крануўся.

— Марэк, хутчэй! Ах ты, божа! Марэк, мы паехалі! — затрывожыўся Швэйк.

З-за пабеленых дошак, якімі была адгароджана прыбіральня, выскачыў Марэк і, трымаючы рукамі порткі, пабег за цягніком. Ён дагнаў сваю цяплушку і ўчапіўся за дзьверы, а Швэйк і настаўнік схапілі яго за рукі, каб ён ня трапіў пад цягнік. Марэк падскочыў і ступіў на драцяную пятлю, якая была замест падножкі, але ў гэты момант порткі і споднікі выкаўзнулі ў яго з рук і забоўталіся пад нагамі.

Цягнік якраз падыходзіў да пасажырскай станцыі, і публіка, якая стоўпілася на пэроне, магла назіраць надзвычайнае відовішча: у дзьвярох цяплушкі вісеў, як павук, напоўголы чалавек, нібы вітаючы прысутных сваёй асьветленай сонейкам тыльнай часткаю, а з цяплушкі чуўся добрадушны голас:

— Трымайся мацней, Марэк; ён хутка спыніцца, і тады мы цябе ўцягнем… А ну, хлопцы, памажэце!..

Некалькі палонных кінуліся на дапамогу, і разам узьнялі шыбельніка ў цяплушку. Па пэроне разьлёгся выбух рогату і разам з тым абурэньня, і Швэйк, паказваючы на даму, якая абурана махала парасонам, сказаў Марэку:

— Яна незадаволена табою. Яна, відаць, думала, што аўстрыйцы ў задзе… пульхнейшыя. А ты не адпавядаеш уяўленьню, якое яна сабе склала аб харастве чалавечага цела.

Праз паўгадзіны палонныя даведаліся, што едуць па іншым шляху. На заўтра яны прыехалі ў Варонеж, дзе іх пеправялі ў лягер.

Здарэньне з Марэкам і выпадак на вакзале ня меў іншых вынікаў, апрача зьяўленьня ў «Русском слове», у якім вялося сталае цкаваныне палонных, агнёвага артыкулу пісьменьніка Брэшко-Брэшкоўскага пад назваю «Россия на краю гибели».

У ім пісалася пра дзікую нянавісьць палонных, якіх адзін адважыўся на люднай паўднёва-расійскай станцыі паказаць з цяплушкі свой голы азадак у публіцы, сярод якой знаходзіліся генэралы, вышэйшыя цывільныя чыны і профэсары; у артыкуле раілася ўжываць бязьлітасную строгасьць да гэтай нечысьці, якая наляцела як саранча, каб аб’есьці Расію, і буйным шрыфтам паўтаралася байка, нібы ў Гэрманіі і Аўстрыі запрагаюць палонных у плугі, прыпякаюць ім пяткі распаленым жалезам і выразаюць пасы са сьпіны, прысыпаючы сьвежыя раны сольлю. Канчаўся артыкул заклікам да расійскіх ваяк адпомсьціць за сваіх закатаваных братоў.

Калі Марэк прасьлібізаваў гэты артыкул у Варонежы і пераклаў з яго тое, што зразумеў, Швэйку, той глыбокадумна зазначыў:

— Дык, значыцца, і тут у газэтах пішуць такія-ж гіцлі, як і ў нас? Ну, ды такая дрэнь нас не запалохае!