Перайсці да зместу

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/5/У Кіеве

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Цярністы шлях У Кіеве
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек
1932 год
У Дарніцы
Пераклад: Тодар Кляшторны і Зьмітрок Астапенка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




3

У КІЕВЕ

У дні нашай маладосьці ў нас былі хрэстоматыі з цудоўнымі апавяданьнямі пра нейкага караля, які разьбіў і разагнаў армію дванаццацёх іншых каралёў, захапіў гэтых каралёў у палон і запрог іх у сваю трыумфальную калясьніцу замест коняй.

І трапілася так, што адзін з гэтых палонных і запрэжаных у калясьніцу каралёў, выцягваючы пастронкі, упарта глядзеў на колы і бесьперастанку пераказваў: «Кола круціцца наўкола, кола круціцца наўкола». Гэта гаварыў ён так упарта, што кароль-пераможца заўважыў яго і загадаў спыніцца ды даведацца, што гэтыя словы азначаюць.

Тады запрэжаны кароль адказаў:

— Кола круціцца наўкола, і сьпіца, якая толькі вось была наверсе, апускаецца, а тая, якая была ўнізе, узьнімаецца ўгару. І таксама зьмяняецца чалавечы лёс. Раней нас вазілі на сабе нашыя слугі, а зараз, о, вялікі кароль, мы вязем цябе!

Каралю-назіральніку гэтая філёзофія так спадабалася, што ён пасадзіў свайго палоннага пры сабе на калясьніцу, каб яму ня трэ’ было ісьці пехатой. Але пасьля гэтага той перастаў быць філёзофам, бо цяпер калясьніцу везьлі толькі адзінаццаць каралёў, для якіх цяжар павялічыўся, таму што дванаццаты выявіў «жыцьцёвую мудрасьць».

Да гонару Швэйка мусім адзначыць, што ён ні ў якім становішчы не выяўляў такой подласьці, нават тады, калі за трохдзенны пераход ад Брод у Кіеў ім амаль не давалі есьці, калі яны прыставалі ад смагі на пыльных шляхох, або змокшы пад дажджом да ніткі, ляскалі зубамі ад холаду. Швэйк нязьменна заставаўся «ўдалым» ваякам, падбадзёрваючы сябе ды іншых:

— Хутка ўсё гэта скончыцца, за Кіевам зараз-жа будзе мора, і калі мы захочам, дык можам там паляваць на кітоў. А расійцы водзяць нас па ўсёй Расіі для нашага-ж задавальненьня.

Здарылася ім праходзіць і чэскія вёскі, заснаваныя колёністамі-перасяленцамі яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. У некаторых такіх вёсках палонных спатыкалі вельмі радасна і кармілі колькі тыя хацелі, а ў іншых — усё перад імі замыкалі і жыхары глядзелі на гасьцей з радзімы толькі з-пад спушчаных фіранак.

— Што гэта за людзі, — сказаў у аднэй вёсцы настаўнік, — што ў іх не гаворыць голас крыві.

— Нягоднікі! — падхапіў вольнапісаны, які пераканаўся, што пры пошуках ежы карысьней за ўсё трымацца бліжэй да Швэйка і ён не адыходзіў ад яго. — Проста дзіўна. Мы — чэхі і яны — чэхі, а не даюць нам нават бульбы. Учора я аднэй бабульцы расказаў, што гадзіньнік на старой ратушы ў Празе больш ня ідзе з таго часу, як пачалася вайна, дык яна пачаставала за гэта мяне тварагом, а гэтыя ідыёты паганыя нават і ня спытаюць, што робіцца ў нас. А то я нагаварыў-бы шмат дзівосаў на таросах.

— Тутэйшыя жыхары, — зазначыў Швэйк, — нагадваюць мне сваякоў адваго Чамары з Мяцеша пад Ічанам, які давучыўся ў Празе на профэсара, а потым ажаніўся з дачкой гандляркі гароднінай, нейкай Шміраль з Жыжкова, у якой ён кватараваў. Ён пражыў з ёй дваццаць год, дык яна яму досыць надакучыла. Апрача таго, на яго наогул напаў смутак і туга. Тады ён успомніў, што ён-жа можа зьезьдзіць да сябе на радзіму і паглядзець, што там робіцца праз гэтулькі год. Сеў ён на хуткі цягнік і паехаў у Ічан, і чым бліжэй пад’яжджаў, тым лепшы ў яго быў настрой. Ён уяўляў сабе хатку, дзе ён радзіўся, як яна стаіць на адхоне і як яе страха зарасла мохам, і як стары сабака, з якім ён хадзіў на паляваньне на палявых мышэй, будзе сапсьці ля яго ног — нібыта ў казцы, калі блудны сын вяртаецца ў бацькаву хату. — І як людзі будуць гаварыць: «Гэта наш Франц Чамара, які зрабіўся важным баронам у Празе. Шкада, што старому Чамары — царства яму нябеснае, добры быў чалавек! — не давялося прычакаць гэткае радасьці». Ну, пайшоў ён у вёску, а каля дарогі стары Ірава косіць ячмень. Пане профэсар зьнімае копэлюш і кажа: «Бог на помач!» А той яму далікатна адказвае: «З якой гэта прычыны бог будзе мне дапамагаць? Пакінь свайго бога, ды памажы мне сам, гультай! Цэлы год лынды б’іцё, сьцервы, ды ў столь плюеце». «Стары ён стаў і зьвяглівы», — падумаў Чамара і каб улагодзіць яго, падыйшоў ды кажа: «Дзядуля, няўжо мяне не пазнаеш?» Тут Ірава замахнуўся на яго касой і крыкнуў: «Ідзі, ідзі, брыдота! Што-ж ты думаеш, я ведаю ўсіх вас, бандытаў? Шмат вас тут шлындае! Вось у старога Маравека гэтымі днямі сьцягнулі на полі гадзіньнік — ці не твая гэта работа? Ідзі, ідзі а не дык я людзей паклічу!» Профэсар падумаў, што будзе пацешна пакінуць старога з поглядам, што ён Франца Чамара, валацуга і падаўся ў шынок. Там было пуста; ён заказаў піва, а гаспадар яго і пытае: «Вы што — страхавым агентам будзеце, або малюякамі гандлюеце?» Гэтаму шынкару, нейкаму Башце, Чамара прызнаўся, што ён мясцовы даўні жыхар, што зараз ён за профэсара ў Празе і прыехаў паглядзець на родную мясьціну, а шынкар яму і кажа: «Бацьку вашага я памятую, добра памятую. Быў мой заўсёдашні наведвальнік. Піў ён толькі алаш з ромам і так заліваў, што нажыў сабе язвы страўніка. Пра нябожчыкаў звычайна гавораць адно добрае, але гэта быў такі прапойца, што каб ня было старой, ён у момант спусьціў-бы і дом і ўсё да апошняй капейкі. Ды ён і так больш цягаўся па судох, чым быў дома». Профэсару пасьля такіх слоў піва адразу стала горкае, і ён пайшоў паглядзець на бацькаву хату.

Швэйк перадыхнуў і казаў далей:

І вось замест ранейшай хаты стаіць вялічэзны дом, а на парозе сядзіць профэсарава сястра. Тая яго зараз-жа пазнала, прывіталася з ім і павяла да сябе, пасадзіла яго на крэсла і кажа: «Шкада, што я цябе нічым не магу пачаставаць. Хлеб у нас чэрствы, карова малака не дае, а ячменнай кавы, я ведаю, ты ня п’еш, дык я табе яго і суліць ня буду. Ты сюды надоўга, ці мо’ сягоньня паедзеш? У нас табе спаць будзе нядобра. Дом толькі пабудаваны, і ў ім яшчэ вільготна… А дзяцей у цябе няма? Гэта добра, прынамсі, ты больш можаш зьберагаць. Шкада, што мужа няма дома; ён якраз ладзіўся табе напісаць, ці ня здолеў-бы ты пазычыць нам 600 крон. Ён меўся купіць карову, каламажку і каня. Фотографіі нашых дзяцей ты бачыў? Вось гэта Эрнст, які вучыцца ў вайсковай акадэміі ў Вене, а гэта Альфрэд, студэнт Ляснога Інстытуту. Наша Лола ў Швэйцарыі, у францускім пансіёне… Вячэраць я параіла-б табе ў готэлі, Франц, бо ў нас ежа вельмі простая; а калі ты маеш перабыць тут колькі дзён, дык пакінь там за сабой нумар і запрасі да сябе майго мужа, бо яму прыемна будзе пахваліцца, што ў яго ёсьць швагра, які плоціць за яго ў рэсторане». Такім чынам профэсар апынуўся у той самы вечар у Празе і цэлы месяц хадзіў у больніцу лячыць вочы, бо як ён ехаў на цягніку, вецер дзьмуў яму ў твар, а ён плакаў і ў яго зрабілася запаленьне рагавой абалонкі.

Швэйк падыйшоў да хаты, дзе за акном паказаўся ружовы твар рослай маладзіцы; яна з жахам глядзела на людзкую патоку, што ўлівалася на рынкавы пляц. Швэйк кіўнуў маладзіцы, нібы старой знаёмай, і, зварачаючыся да сваіх таварышоў, апавядаў далей:

— А бондара Копршыву, у якога было ў Празе пяць замужных дачок, вы зналі? Дык вось, ён ніколі, едучы ў Прагу, не начаваў там, бо ў яго ня было там месца, дзе ён мог-бы спыніцца. Жонка яму, іншы раз, пачне напамінаць, дзе якая дачка жыве і які ў якой мужык, і на колькі пакояў мае кватэру, а ён заўсёды кажа: едзь, маці, сама, бо калі я туды прыяжджаю, усё ідзе дагары нагамі. Я, напрыклад, пакіну мяшок за дзьвярыма, пазваню, дачка выйдзе, але не падумае запрасіць мяне да сябе, а кажа: «Тата, лепш было-б вам ісьці начаваць у Франзі, пакуль уваходныя дзьверы не зачынены; у нас зусім нельга, бо я ўсе фіранкі і шторы зьняла». Ну, я разьвітаюся з ёй, вазьмуся за мяшок, а яна пачне разважаць: «Пачакайце, тата, можа як-небудзь зробім». І тут яна хапае ўжо мяшок ды мацае колькі там масла, колькі яек, або які кавалак сала, або колькі кілбас, і толькі тады цалуе мяне і кажа: «Уваходзьце, уваходзьце, тата! Як я рада, што вы прыехалі да мяне. Як жыве мама? Чаму яна пасылае так мала яек? Хіба куры дрэнна нясуцца? А мама здарова?..».

Пры гэтым Швэйк паказаў на вакно другой хаты, праз якое відаць было, як сядзіць за абедам колёніцкая сям’я; дзьверы і брама гэтай хаты былі шчыльна зачынены.

У Кіеў палонныя прыйшлі ў нядзелю раніцой. Ужо тут яны адпачывалі цэлыя суткі ў вялікім сяле пад горадам, дзе спусьцілі сваю апошнюю маемасьць, ўсё, што толькі можна было зьняць і без чаго можна было абыйсьціся.

На другія суткі іх узбудзілі сярод начы і пагналі ў Кіеў, «колыбель владычицы Украины».

Ніколі ў жыцьці ня бачыў Швэйк такога вялікага гораду: ад сямі гадзін раніцы да трох гадзін дню ішлі яны пад пільным наглядам варты па вуліцах, і ўсё-ж ня відаць было канца гэтым вуліцам. Дамы і домікі расцягнуліся бясконца доўгай чарадою, і перакрыжаваньняў вуліц нельга было зьлічыць.

З панэляў глядзелі на палонных, якія ішлі пасярод вуліцы, вялічэзныя натоўпы людзей і ўсюды чуліся радасныя крыкі: «Вось, колькі іх нашы зноў забралі!» На гэта поліцэйскія, што ішлі поруч з вартай для лепшага падтрыманьня парадку, адказвалі: «Гэта яшчэ мала! Хутка і ўся вайна скончыцца».

Калі палонныя ўжо дзівавалі з палёў, лугоў, ды садоў у гэтай краіне, дык яны зусім зьбянтэжыліся, як убачылі грандыёзную веліч Кіева. Праўда, той-сёй лічыў, што мае хоць невялікія веды па географіі Расіі, а таму каля 11-й гадзіны настаўнік крыкнуў:

— Тут нешта ня тое! Мы-ж зараз у Кіеве, у якім насельніцтва менш, чым паўмільёну, а за той час, як мы тут ходзім, можна было-б абыйсьці ўвесь Лёндан з яго шасьцімільённым насельніцтвам. Ці мо’ тут толькі адна вуліца?

— Не, па гэтай вуліцы мы як-ні-як адзін раз ужо праходзілі, — абазваўся хтосьці за ім. — Я пазнаў яе па дому, дзе побач з расійскім магазынам, ёсьць і француская шыльда.

— А можа гэта толькі філіяльнае аддзяленьне ў другім квартале? — сказаў вольнапісаны, паглядзеўшы назад.

Але ў адказ пачулася рашучае і ўпэўненае:

— Не, не, гэта той-жа самы дом і той самы магазын.

— Браточкі, — утыкнуўся ў гутарку Швэйк, — мы ўжо пяць разоў перасякалі плошчу, пасярод якой стаіць вось той помнік і кожны раз мы ўзыходзілі на яе з другога боку і з другой вуліцы; там іншыя магазыны, іншыя шыльды, але помнік усё той самы. Так нас яшчэ доўга будуць вадзіць на паказ. Браточкі, намі проста выхваляюцца!

У Швэйкавых словах была захавана глыбокая праўда, бо справа была пастаўлена сапраўды так, як ён казаў. Дзеля таго, што расійская армія была разьбіта на фронце, галоўны генэральны штаб імкнуўся супакоіць усхваляванае расійскае грамадзтва і давесьці свае посьпехі вялікай колькасьцю палонных, якіх для гэтага цягалі з месца на месца, як кацянят.

Манэўр гэты быў вельмі просты і нескладаны: галоўны генэральны штаб вёў падлік палонных з самага пачатку вайны і друкаваў у газэтах паведамленьні, што ў пэўным баі лік палонных дасягаў такой вялічэзнай лічбы; гэта лічба вядома павялічвалася, да яе дадавалі нуль, а часам два ці тры нулі, таму яна заўсёды рабіла сэнсацыю і выклікала энтузыязм. Грамадзкасьць выхваляла чалавекалюбства расійскіх генэралаў, якія зьнішчалі магутнасьць Аўстрыі і Нямеччыны тым, што забіралі ў палон усю іхную жывую сілу.

І вось вялічэзныя транспорты палонных, якіх пераганялі з гораду ў горад, і бясконцыя шэрагі шэра-сініх шынэляў, якія абуджалі фантазію абываталяў, ілюстравалі газэтныя весткі і рабілі належнае ўражаньне на насельніцтва, дзе вайна ўправілася стварыць такі настрой, пра які Швэйк зусім слушна заўважыў:

— Даволі з іх! Тысяча глупстваў і быку сьпіну зломіць.

Паміж іншым, штабы ды інформацыйныя аддзелы ўсіх дзяржаў, якія ваявалі, працавалі па такім-жа шаблёне. Так, у Аўстрыі каротка ў двух словах, паведамлялася, што «наша войска пад націскам грозных сіл няпрыяцеля адыйшло на раней падрыхтаваныя позыцыі, якія зьяўляюцца, паводле думкі спэцыялістаў, няпрыступнымі». А трыма днямі пазьней: «наша войска» няўстрымна ўцякала з няпрыступных позыцый, тым часам, як доўгае, літаратурнай мовай напісанае паведамленьне, крычала на ўвесь сьвет, што «ўзводны унтэр-офіцэр Вэнцаслаў Крупічка адзін узяў у палон шэсьць расійскіх салдат, якія шалёна змагаліся з ім, гэта зьяўляецца довадам геройскага духу і адважнасьці аўстрыйскай арміі і нязломнай волі дамагчыся канчатковай перамогі».

У Расіі, пасьля расійска-японснай вайны, ад сыстэмы «геройства» асобных ніжэйшых чыноў адмовіліся; апісаньнем бясстрашных геройстваў казакаў карысталіся толькі для ілюстрацыі паведамленьняў з тэатру вайны і цалкам узялі курс на захоп у палон непрыяцельскіх сіл. І калі-б зараз хто-небудзь патурбаваўся па дадзеных францускіх, аўстрыйскіх, расійскіх і нямецкіх газэт і часопісаў, а таксама паводле паведамленьняў рэшты малых дзяржаў, якія ваявалі, падрахаваць, колькі ўсяго людзей было ўведзена ў палон рознымі арміямі, дык у яго набраліся-б лічбы, прачытаць якія здолелі-б адны астрономы, ды і то пасьля гэтага іх завезьлі-б у вар’яцкі дом. Бо самая малая лічба была-б больш ад мільярду!

Такім чынам насельціцтва Кіева ў тую выдатную нядзелю мела магчымасьць на свае вочы ўбачыць палонных ворагаў, якія дазволілі галоўнаму генэральнаму штабу дэкляраваць, як і заўсёды, хуткую перамогу, і гарадзкія жыхары маглі набрацца новых высокіх уражаньняў, каб разьдзьмуць агеньчык ваеннага ўздыму, які гатовы быў згаснуць пад уплывам няўдачы на фронце.

Загадка, што палонных вадзілі па кіеўскіх вуліцах, нібыта заморскіх зьвярэй, была зроблена амаль адначасова ў розных групах, дзе асобныя салдаты мелі асаблівую назіральнасьць і здольнасьць орыентавацца. Таму, калі палонныя пад поўдня ледзьве валаклі ногі па Крашчаціку, а назіральнікі, якія вялічэзным натоўпам стаялі па абодвух бакох вуліцы і якія глядзелі з вакон, спатыкалі іх крыкамі «ўра» і зрушаным гулам: — глядзеце, глядзеце, новая партыя палонных! — з сярэдзіны вуліцы пачуўся гучны адказ:

— Так, так, новая. Толькі мы ўжо даўно ў Кіеве, так даўно, што ўжо пратухлі.

— Мы зноў праходзім па тэй самай плошчы. Дакуль-жа нас будуць ганяць па горадзе, — злосна запытаўся ў настаўніка вольнапісаны.

За яго лятуценна і пакорліва адказаў Швэйк:

— Будуць ганяць датуль, пакуль ім не абрыдзе. Калі яны забралі нас у палон, дык маюць поўнае права нас паказваць. Вось ведаў я аднаго разьніка, Гурка — яго прозьвішча, дык у яго ніколі ня было ні капейкі за душой, але ў бакавой кішэні ён насіў з сабой соценную паперку, якую ніколі не мяняў. Напрыклад, вып’е ён у піўніцы пару піва і зьесьць порцыю сасісак, а потым кліча: «Чалавек, маеце з мяне!» Ну той, калі Гурка выцягне сваю соценную паперку і папросіць рэшты, пачынае шукаць у сябе па ўсіх кішэнях, а Гурка возьме яе зноў і скажа: «Пачакайце, я зусім забыўся, што ў мяне ёсьць дробязь». І кладзе яму тры пяцёххэллеравыя манэткі на стол. Пяць гадоў я яго ведаў, і абы толькі меў ён з кім справу, кожнаму быў вінаваты, але сваю соценную паперку так і не памяняў. Што-ж, людзі любяць выхваляцца, а нам не пашкодзіць, калі мы трохі лепш пазнаёмімся з тутэйшымі асаблівасьцямі. Хто ведае, ці будзе на нашым вяку яшчэ раз вайна і ці трапім мы зноў сюды!

А другой гадзіне, калі яны праходзілі па Падвальнай вуліцы, у публіцы пачаўся скандал. Нехта заўважыў, што тая самая партыя палонных праходзіла тут сёмы раз. Пачуліся крыкі, вэрхал, што гэта мана і зьдзекі, што гэта намер схаваць той факт, што непрыяцель неўзабаве будзе ў Кіеве. У натоўп урэзаліся гарадавыя. Яны хацелі затрымаць таго-сяго з крыкуноў. Пачалася бойка; не зважаючы на палонных, натоўп абступіў гарадавых. У паветры пагрозна забялелі сьціснутыя кулакі.

Бязладзьдзе і крыкі пайшлі ад таго месца, дзе заняліся,і на іншыя вуліцы і вартавыя пачалі падганяць палонных. Усюды відаць былі гарадавыя, якія спрабавалі, не зважаючы на тое, што на іхныя галовы сыпаліся са ўсіх бакоў удары, выцягнуць з натоўпу якога-небудзь чалавека. Гэтага-ж чалавека разьюшаны натоўп імкнуўся ў іх адбіць. І калі палонныя апынуліся праз поўгадзіны на ўскраіне гораду і вартавыя паказалі на нейкі вялічэзны дом, дзе іх чакаў адпачынак і полудзень, Швэйк, зьзяючы ад здавальненьня, крыкнуў:

— Тут поліцэйскіх таксама б’юць! Расійскі народ мне вельмі спадабаўся.

Палонныя клаліся і садзіліся на зямлю і тут ураз засыпалі, а варта, ня ведаючы, што рабіць, бязуважна стаяла вакол іх. Нарэшце, брама будынку расчынілася і адтуль вышаў офіцэр з некалькімі салдатамі, якія выстраіліся перад брамай; офіцэр скамандаваў:

— Па чатыры, станоўцеся!

Вартавыя пачалі шыхаваць палонных па чатыры чалавекі ў рад і прапускаць іх у браму; там іх затрымлівалі і абшуквалі салдаты, якія выйшлі са старых кашар.

Ператруска была строгая і ад спрактыкаванага вока таго, хто рабіў яе, нічога нельга было схаваць. Яны абмацвалі ўсё цела, выварочвалі кішэні, выкідалі ўсе рэчы з ранцаў, і ўсё, што лічылі за казённую маемасьць ці за небясьпечнае для Расіі, складалі ў груды, перад якімі была пастаўлена варта. Адным словам, гэта было адно з лепшых зьвеньняў у ланцугу расійскае апекі над палоннымі.

Адбіралі ўсё, што трапляла пад рукі і што падабалася салдатам. У груд складалі ламаныя бляшанкі, біклажкі, рамяні, шынэлі, нагавіцы, грабяні, кавалкі мыла, абмоткі, сьцізорыкі, мазь ад вошай, брытвы, гадзіньнікі і парожнія або поўныя портманэты; туды-ж трапілі і боты, якія адзін босы салдат, намуляўшы сабе ногі, нёс перакінутыя цераз плячо, а аб боты бразнула алюміневая лыжка, якая была, як відаць, небясьпечнай для Расійскай дзяржавы зброяй у руках палоннага.

Пры гэтай мэханіцы быў прысутны офіцэр, які стаяў у кутку ля варот, сьцёбаючы стэкам па сваіх высокіх лякіраваных ботах і добрадушна пазіраючы, як палонныя чухаліся і з тугою глядзелі ўсьлед сваім рэчам, адбіраным у іх. А калі той ці іншы адмаўляўся аддаваць кашулю, грабянец, ці гадзіньнік і нямецкай моваю спасылаўся на Жэнеўскую конвэнцыю міжнароднага права, у справу ўтыкаўся офіцэр.

Ён біў непаслухмянага стэкам некалькі разоў па галаве, ці па сьпіне, або кулаком пад рэбры, так што палонны адлятаў да брамы, тым часам, як офіцэр з нязьменна-прыемнай усьмешкай супакойліва дадаваў:

— Дармо, Дармо! У Сібіры ўсё новенькае выдадуць. У вас нашых у плугі, мабыць, запрагаюць? А мы з вамі тут цацкаемся, сьцервы!

За партыяй, з якой прыбыў Швэйк, падыйшла другая, якую акурат праганялі ў браму; перад кашарамі стаяў вялічэзны натоўп палонных, і таму прайшло ня мала часу, пакуль іх усіх прапусьцілі.

Каб лепш выкарыстаць час, настаўнік зьдзеў з сябе куртку і пачаў у ёй шукаць вошы. Пасьля паклаў яе ў ранец і толькі-толькі ладзіўся зьдзець з сябе і кашулю, як вольнапісаны, выпрастаўшыся на шыналю, сказаў яму:

— Слухайце, гэта зусім лішняе, глядзеце, які там на двары дым ідзе. Мабыць нас там пакупаюць і зробяць дэзынфэкцыю нашай бялізны і вопраткі. Мабыць, нас павядуць адгэтуль далей і баяцца разьнесьці вошы і ўсякую заразу.

— Добра, я пакіну вошы ў кашулі — няхай згараць, — вырашыў настаўнік. — Але папружку трэба выцягнуць, каб яна не загінула.

У гэты момант да вольнапісанага падыйшоў салдат бяз зброі. Ён абмацаў яго шынэль і паказаў нейкую срэбную манэту.

— Прадай шынэль, усёроўна яго ў цябе адбяруць, а я табе за яго даю дзьве грыўні.

Вольнапісаны адмовіўся; салдат набавіў яшчэ манэту, дастаў з кішэні пачак махоркі і стаў угаворваць аўстрыйца, выцягваючы ўжо з-пад яго шынэль.

— Вось табе за яго трыццаць пяць капеек і пачак махоркі ў прыдачу, табе ён усёроўна не патрэбен, бо ў Сібіры цёпла.

— Што ты тут робіш? — грымнуў на купца другі салдат. — Нельга, нельга! Што-ж ім голым хадзіць, ці што? Ідзі, ідзі адгэтуль!

Тым часам настаўнік выцягнуў з портак папружку,а вартавыя пачалі падводзіць палонных да брамы. Таго, што робілася наперадзе, ня было відаць, і Швэйк з яго падарожнікамі трапілі ў рукі сваіх катаў зусім нечакана, нібы авечкі ў воўчае стада.

Шынэль вольнапісанага кінулі туды, у кучу, а калі гаспадар паскардзіўся офіцэру, што гэта супярэчыць міжнароднаму праву, офіцэр паднёс стэк да самага носу вольнапісанага і прасіпеў:

— Я табе пакажу міжнароднае права, я табе пакажу Жэнеўскую конвэнцыю.

За шынэлем туды-ж трапіла і настаўнікава куртка, а на яе кінулі і швэйкавы боты, зьвязаныя настаўнікавай папружкай, быццам вужакай. А Швэйк, апынуўшыся на двары, дзе гразі было блізка па калены, з тугой сказаў:

— Вось нас і дэзынфіцыравалі. Прынамсі, табе, настаўнік, не давядзецца больш пацець у сваёй целагрэйцы, і так працаваць, палюючы за вошамі, бо твой вучастак скараціўся, а што да мяне, дык, напэўна, баяліся, каб часам я па дарозе ў Сібір не нацёр мазалёў гэтымі ботамі.

— Я асёл, — урачыста сказаў вольнапісаны, — я сапраўды асёл! Чаму я не прадаў шынэль за трыццаць пяць капеек? На гэтыя грошы я мог-бы купіць сабе хоць пару булак.

Настаўнік, трымаючы абедзьвюма рукамі порткі, якія зьяжджалі ў яго, утупіўся позіркам у гразь, якая даходзіла яму да лытак ды залівала і чаравікі і са скаргаю праказаў:

— Хто-б мог уявіць сабе гэткае прыйме ў брацкай Расіі? Далібог калі-б я быў зараз дома і пачуў, што доктар Крамарж кажа, нібыта ўсе славяне ўваходзяць у адну сям’ю, і расійцы — нашы браты, я падыйшоў-бы да яго і даў-бы яму добрую поўху за гэта.

Гэтыя дэбаты аб панславізьме скончыў Швэйк, дастаючы з нагі кавалак шкла, наступным афарызмам:

— Магчыма, што мы ня былі славяны, але зараз мы будзем імі. Нам гэтае славянства добра ўвальлюць у горла.

Капітан Павал Апанасавіч Кукушкін, загадчык гаспадарчай часткай Кіеўскага гарнізону, ня быў прынцыповы вораг палонных. Ён адыходзіў ад тэй ісьціны, што вайна ёсьць вайна, а ня жарты, і праз цялесныя агляды, пры якіх палонным прыходзілася распранацца на-гола, стараўся ўбіць ім, што зараз — менавіта вайна.

Калі ўся «шэра-сіняя брыдасьць, якая прырынула на Русь, каб яе дачыста аб’есьці», — такія словы пусьціла ва ўжытак адна расійская газэта і капітан Кукушкін лічыў іх за найбольш трапныя для палонных, — была на двары, а вартавыя і салдаты разьбіралі адабранае, каб прадаць яго тым самым палонным, капітан зьявіўся, загадаў адчыніць харчовы магазын, вынесьці мех цукру і загадаў палонным аднаму за адным падыходзіць, асабіста назіраючы, як дзяжурны кожнаму выдаваў на рукі два белыя кавалкі. Пры гэтым капітан кожнаму гаварыў: — «У чай, разумееш? — і па-сяброўску лэпаў кожнага стэкам па нагах, ажно палонны высока падскокваў ад болю. І тыя, у каго ня было ані конаўкі, ані бляшанкі, з тугой глядзелі на цукар і будку, з якой курыўся дым, а Швэйк, паклаўшы адзін кавалак у рот, пацяшаў сябе:

— Дармо, зьем і так. Роту сабе я ім не апяку.

Тым часам капітан Кукушкін даведаўся, што на кухні ўжо зварылі абед, і зьбіў кашавара, які запэўняў, што ён ня мог зрабіць порцый з выдадзенага яму мяса, таму што мяса было занадта мала і, апроч таго, яно ўварылася. Зьбіў яго капітан Кукушкін не за невыкананьне загаду, а за сьмеласьць, з якой той сказаў, што мяса было занадта мала. Хоць, між іншым, добры і сумленны Паўла Апанасавіч сапраўды выдаў толькі чвэртку таго, што ён паставіў у рахунак інтэнданству і што належала палонным паводле раскладкі.

Потым, прыйшоўшы да палонных, ён выклікаў уперад аўстрыйскіх унтэр-офіцэраў; аднаго ўзводнага, русіна, які гаварыў па-нямецку, ён прызначыў за перакладчыка і загадаў праз яго пашыхаваць салдат і прарабіць тут-жа розныя практыкаваньні.

На пляцы з поўгадзіны чулася команда: «Рады падвой! Паварот на права. У шарэнгі — стройся… нале-ва, кругом… на-права, кругом»… А яшчэ чулася «На наскі прысядай… паварот галавы на-права… на-лева». Тут-жа адбывалася муштра, «як аддаваць чэсьць».

Палонныя клаліся ў гразь, быццам жабы ў балота, і капітан Кукушкін хмялеў ад свае ўлады, уяўляючы сабе, як гэтыя людзі, каб ён трапіў у іхныя рукі на фронце, выпусьцілі-б яму кішкі, як зайцу, а вось зараз самі мусілі ламацца перад ім, як малпы.

Ён глядзеў на іх, гладзячы свае доўгія вусы, і душа яго нібы купалася ў ружовым масьле. І ўспамінаючы колькі чалавек прайшло ўжо праз ягоныя рукі і колькі яшчэ пройдзе, ён падлічваў, колькі з таго, што ён павінен быў даваць палонным, засталося ў гэтых самых руках. Таму ён радасна падумаў:

— Дзякуй богу, пасьля вайны можна будзе купіць сабе маёнтак на Каўказе, або ў Крыме — там яшчэ лепш.

Салдаты тым часам вынесьлі са складу хлеб, расклалі яго на роўныя кучкі і паставілі каля кожнай па колькі бачкоў. Капітан загадаў перакладчыку запрапанаваць палонным разьмеркавацца па нацыянальнасьцях: немцы, аўстрыйскія немцы, чэхі, сэрбы, італьянцы, русіны, мадзьяры — усе паасобку. Як толькі яны такім чынам сформуюцца, яны атрымаюць хлеб і зацірку і іх разьвядуць на начлег.

Лэпаючы сябе стэкам па халявах, ён падаўся на кухню. У шэрагах палонных пачуліся крыкі унтэр-офіцэраў: Немцы — станоўцеся направа! Чэхі — налева! Вось там, каля студні! Палякі — каля прыбіральні!

Сыны Аўстрыі пачалі зьбірацца да сваіх нацыянальных купак. У чэхаў, палякаў і басьнякоў гэта выклікала радаснае хваляваньне і надзею на паварот да лепшага. Між палонных хадзілі чуткі, нібыта з чэхамі і славянамі абыходзяцца ў Расіі асабліва добра і што на іх глядзяць там не як на ворагаў; і вось, калі іх група адлучылася ад масы і стала ў баку, у іх з новай сілай загарэўся оптымізм.

— Нас, напэўна, будуць лепш карміць, — заўважыў настаўнік.

— Нас пакінуць у Расіі і не адправяць у Сібір, — дадаў вольнапісаны.

— Я заўсёды казаў, што добра быць чэхам, — ухмыльнуўся Швэйк. — Нават адзін наш поэт казаў: «Славяне ўсюды ёсьць браты».

Але тут зьявіўся дзяжурны фэльдфэбель па кухні і павёў адзін разьдзел за адным на абед.

Ён хадзіў ад купы да купы і лічыў палонных па пальцах. Потым вярнуўся і пачаў зноў лічыць, паківаў галавой і тупа паглядзеў у нейкую паперку. Адступіўшы крыху назад, ён няпэўным голасам крыкнуў:

— Дзе тут немцы?

— Тут! — грымнулі яны.

Ён зрабіў знак, каб яны ішлі за ім і далей:

— А чэхі?

— Тут! — грымнулі яшчэ гучней.

Ён паказаў ім рукой на месца за немцамі і, як чэхі занялі яго, спытаў:

— А мадзьяры дзе будуць?

— Эльен! — крыкнула купка гонвэдаў.

Ён паставіў іх за чэхамі, а потым прачытаў у паперцы:

— Палякі?

— Тут! — адказалі палякі і самі сталі за мадзьярамі.

Потым пайшлі сэрбы, круаты, італьянцы і русіны, а калі пляц перад ім апусьцеў, ён з роспаччу ў голасе прашаптаў: «А дзе-ж аўстрыйцы?» і не чакаючы адказу, пабег па капітана Кукушкіна на кухню далажыць яму, што сярод палонных няма ніводнага аўстрыйца.

— Быдла! — сказаў яму капітан. — Як гэта няма? Я-ж бачыў іх на свае вочы! У Аўстрыі жывуць аўстрыйцы і шмат іншых народаў, — пахваліўся ён сваімі ведамі, здабытымі ў юнкерскай школе. — Праўда, раней ніхто пра гэта і ня думаў; усё гэта была адна нямецкая ды аўстрыйская зграя. Але зараз загадана разьмеркаваць палонных па нацыянальнасьцях.

Ён пасьпяшаўся ўсьлед за здэтанаваным фэльдфэбелям, які баяўся, што ў яго бяз сьледу зьніклі аўстрыйцы, і што капітан пашле яго за гэта на фронт.

Капітан Кукушкін спыніўся перад складзеным у кучу хлебам і крыкнуў фэльдфэбелю:

— Ну, лічы, дурань. Вось тут аўстрыйцам, вось чэхам, гэта мадзьярам, тое палякам, а вось там — іншым. Навошта-ж, глупень, я-б загадаў выдаць аўстрыйцам хлеб, каб тут ня было аўстрыйцаў. А калі ўжо я загадаю выдаць хлеб, гэта значыць, што аўстрыйцы ёсьць.

Фэльдфэбель, напужаны незразумелым яму зьнікненьнем аўстрыйцаў, бо двор-жа вось толькі быў поўны людзьмі, якіх ён лічыў за аўстрыйцаў, канцом спалохаўся і, заікаючыся, прамармытаў:

— Так точна, ваша благародзьдзе! А як-жа? Сапраўды так!

— Вось я табе, курынаму сыну, зараз пакажу, колькі тут аўстрыйцаў, — ужо троху мякчэй сказаў капітан. — А ну, згані іх на тым баку зноў у адну кучу…

Ён узяў у фэльдфэбеля паперку і адлучыў немцаў, чэхаў і іншыя народы ды народзікі лапікавай монархіі адзін ад аднаго, як казлоў ад авец. І калі пасьля італьянцаў, якія засталіся на месцы, ён выклікаў: «аўстрыйцы» — пачуўся нейкі адзін хоць і гучны голас:

— Тут!

Гэта быў удалы ваяка Швэйк, які вызнаў, што ён аўстрыйскай нацыянальнасьці. Пасьля ён апраўдваўся:

— Не хацелася мне крыўдзіць нашага дзядульку, каб непрыяцель мог падумаць, нібыта ў яго апостальскай вялікасьці няма ніводнага вернападданага. Мне прышлося замазаць слабыя бакі нашай айчыны, як гэта рабіла мадам Пакорні з Лубачэва са сваей дачкой, калі ішла з ёй на танцы, каб мужчыны ня бачылі таго, што ім бачыць ня трэба.

Капітан Кукушкін сказаў Швэйку па-расійску, што найшлася, як відаць, між гэтага інтэрнацыянальнага быдла, прынамсі, хоць адна аўстрыйская сьвіньня, а потым узяў свайго фэльдфэбеля за каўнер, Швэйка за вуха, і стукнуў іх ілбамі, каб яны лепш пазнаёміліся і іншым разам пазнавалі адзін аднаго. Пры гэтым Швэйк сказаў:

— Так, так! Правільна! Хай ведаюць, як пазнаваць ворага, і з чаго ён складаецца!

Пасьля Швэйк сказаў, што кучка хлеба, аддзеленая аўстрыйцам, павінна дастацца яму, адзінаму прадстаўніку гэтага насельніцтва Аўстрыі. Гэтая заява, перакладзеная капітану унтэр-офіцэрам русінам, выклікала самую зацятую лаянку з боку капітана, які аддаўся сваім разрахункам, колькі аўстрыйцаў паказаць яму ў харчовай ведамасьці, і колькі можна на гэтай справе выгадаць, бо ў натуры іх было так мала. А калі Швэйк ня сунімаўся і ўсё намагаўся свайго, спасылаючыся на тое, што ўсе групы, незалежна ад іх ліку, атрымалі па роўнай кучцы, капітан кінуў фэльдфэбелю толькі два словы:

— У арыштоўню!

Потым, з хвіліну памаўчаўшы, у паўголасе дадаў:

— Дай яму па мордзе!

Фэльдфэбель даў Швэйку аплявуху — «такую, што ў мяне іскры з вачэй пасыпаліся», расказваў потым Швэйк, — а два салдаты падхапілі яго пад пашкі і павялі праз двор па доўгім калідоры ў сутарэньне з акутымі жалезам дзьвярыма, за якімі чуўся гучны рогат. Другі фэльдфэбель адчыніў дзьверы, схапіў Швэйка за каўнэр і штуршком нагі ў задніцу піхнуў яго ў сутарэньне.

У сутарэньні панаваў змрок. Швэйка абступіў натоўп расійскіх салдат. Яны з цікавасьцю разглядалі аўстрыйца, які трапіў да іх.

Гэта былі дэзэртыры, затрыманыя ў Кіеве, яны чакалі тут чарговай адпраўкі на фронт. Тым часам яны круцілі цыгаркі ды курылі іх, прапанавалі цыгарку, нібыта індэйцы — люльку згоды, Швэйку і пачалі запытвацца ў яго:

— Завошта цябе пасадзілі? Таксама «лётнік»? З фронту ўцёк, ці што?

— Я пакутую за тое, што не адрокся ад таго, за каго змагаўся, — казаў, уздыхнуўшы, Швэйк.

А расійскія зьняволеныя, не зразумеўшы яго, паблажліва заківалі галовамі.

— Пр-р-р-равільна! Ня трэба змагацца! Прэч вайну! Бі офіцэраў!

Яны пазычылі Швэйку конаўку, налілі яму чаю і пачаставалі яго сітным з кілбасой, просячы яго не сароміцца, а пасьля ачысьцілі яму месца на нарах, каб ён мог паляжаць і адпачнуць.

У той час, як Швэйк прыпамінаў падзеі гэтага дня, калі яго веды ўзбагаціліся словамі «арыштоўня» і «даць па мордзе», і прыходзіў да вынікаў, што быць у гэтай самай арыштоўні зусім ня горш таго, што з ім можа здарыцца, — рэшта палонных узьнялі на двары бойку за хлеб, не чакаючы пакуль унтэр-офіцэры яго разьмяркуюць. Зноў пайшлі ў ход кулакі; людзі азьвярэлі, білі адзін аднаго, намагаючыся ўдарыць як найбалючай, пакуль вартавыя бізунамі не разагналі іх па мясцох.

Быў вечар; у вокны арыштоўні глядзелі зоры, а на званіцы аднэй царквы, акурат за кашарамі, зазванілі на вячэрню. На сьценах над нарамі капцелі газавыя лямпачкі з разьбітымі шкламі. Арыштанты зьбіраліся ўсе ў купу, п’ючы чай, і, пачаставаўшы і Швэйка, узяліся гуляць у карты і сьпяваць песьні.

Ніхто не зварачаў больш увагі на Швэйка. Ён схаваў у торбу кавалак сітнага з кілбасой, які яму паклалі на конаўку і які ён ня мог ужо даесьці. Калі арыштаваных пачалі выпускаць «да-ветру» — у прыбіральню выйшаў і Швэйк; там яму далі з сабой сьмярдзючы дрыўляны цабэрак, «парашу», якая ставілася на ноч у арыштоўню. Потым ён прысунуў да высокага вакна нейкую скрынку і ўзьлез на яе.

Дэзэртыры сьпявалі то працяжныя сумныя песьні, то дрындушкі з прыпеўкамі: «офіцэрам усім паёк, а салдатам кіпяток», і Швэйк, ахінаючы іх братэрскім, ласкавым позіркам, сказаў сабе:

— Так, у славян усюды ёсьць браты.

На двары панавала цішыня, такая-ж неабсяжная, як неба, якое распасьцерлася над змрокамі зямлі. У Швэйкаву душу пратачылася журба і смутак, і перад ім, як жывыя, паўсталі яго таварышы па палку: вольнапісаны Марэк, і Балун, і паручнік Лукаш… Ён глыбока ўздыхнуў:

— Залаты мой паручнік, — прашаптаў ён, — ці не заелі цябе без мяне вошы. Адкуль ведаць, які зараз у яго ідыёт дзяншчык!..

Ягоныя думкі пайшлі, дзякуючы гэтаму, у іншым кірунку, і Швэйку прыпомнілася песьня, якую ў іх сьпявалі ў акопах і якая адначасова выяўляла сум і малявала становішча. І вось яго моцны голас уліўся ў хор расійскіх салдатаў:

Я, дзяўчаткі, вам ня пара,
Бо я вырас на папары.
А як будзеш тут прыгожы,
Калі цела точаць вошы.
На іх палюю кожны дзень, —
Мне пра іх і думаць лень.
Як ня чышчу я штаны —
Усё вашывыя яны.
Калі пачуецца „зважай“ —
Мне ад сьвербу хоць канай.
Хто ціха выстаіць, калі
Усе лыткі вошы абгрызьлі.

Швэйк скончыў, выпрастаўся на нарах і накрыўся шынэлем; а яго таварышы па арыштоўні, якія змоўклі падчас яго песьні, зноў пачалі гуляць у карты і гарланіць, пазіраючы на палоннага і спагадліва кажучы:

— Вось гэта добра! Хоць у вас народ і не праваслаўны, а малітвы прыгожыя. А скажы, брат аўстрыяк, ці праўда, што ў вас усе людзі пісьменныя?

Засынаючы, Швэйк яшчэ раз прыпомніў, што ён у арыштоўні, і, задаволены сваім лёсам, пазяхнуў.

— Тут, — наважыў ён, — салдат лупцуюць па мордзе, поліцыя зьбівае народ, і ў арыштоўню трапіць зусім нават проста. Адным словам, усё тут акурат так, як і ў Аўстрыі; Расія, як відаць, таксама добра ўпарадкаваная краіна.