Прыгоды Мюнхаузена (1938)/2/Мае цудоўныя слугі
← У рыбіным жываце | Мае цудоўныя слугі Апавяданьне Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі 1938 год Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785) |
Кітайскае віно → |
МАЕ ЦУДОЎНЫЯ СЛУГІ
Карабель, што выратаваў мяне, плыў у сталіцу Турцыі.
Італьянцы, сярод якіх я цяпер апынуўся, адразу ўбачылі, што я чалавек выдатны, і прапанавалі мне астацца на караблі разам з імі. Я згадзіўся, і праз тыдзень мы прыплылі да турэцкага берагу.
Турэцкі султан, даведаўшыся аб маім прыездзе, канешне, запрасіў мяне абедаць. Ён сустрэў мяне на парозе свайго палаца і сказаў:
— Я шчаслівы, што магу вітаць вас у сваёй старадаўняй сталіцы. Спадзяюся, што вы ў добрым здароўі? Я ведаю ўсе вашы вялікія геройскія
ўчынкі, і мне хацелася-б даручыць вам адну трудную справу, якой не выканае ніхто, акрамя вас, таму што вы самы разумны і здагадлівы чалавек на зямлі. Ці маглі-б вы зараз-жа паехаць у Егіпет?
— З радасцю! — адгукнуўся я. — Я так люблю падарожнічаць, што гатоў хоць цяпер на край свету.
Султану мой адказ вельмі спадабаўся, і ён даў мне даручэнне, якое навекі-вечныя павінна астацца тайнаю для ўсіх, і таму я не магу пра гэта расказваць. Так, так, султан даверыў мне вялікую тайну,
бо ён ведаў, што я самы надзейны чалавек ва ўсім свеце. Я пакланіўся і неадкладна адправіўся ў дарогу.
Толькі я ад‘ехаў ад турэцкай сталіцы, як мне напаткаўся маленькі чалавечак, які бег з надзвычайнай хуткасцю.
Да кожнай яго нагі была прывязана цяжкая гіра, і ўсё-ж ён ляцеў як страла.
— Куды ты? — спытаў я ў яго. — І навошта ты прывязаў да ног гэтыя гіры? Яны-ж перашкаджаюць бегчы!
— Тры хвіліны назад я быў у Вене, — адказаў набягу чалавечак, — а цяпер іду ў Канстантынопаль пашукаць сабе якой-небудзь работы. Гіры-ж прывязаў да ног, каб не бегчы вельмі скора, таму што спяшацца мне няма куды.
Вельмі спадабаўся мне гэты дзіўны скараход, і я ўзяў яго да сябе на службу. Ён ахвотна пайшоў услед за мною.
На другі дзень каля самай дарогі заўважылі мы чалавека, які ляжаў на баку, прыклаўшы вуха да зямлі.
— Што ты тут робіш? — спытаў я ў яго.
— Слухаю, як у полі расце трава! — адказаў ён.
— І чуеш?
— Добра чую. Для мяне гэта проста глупства!
— У такім выпадку аставайся ў мяне на службе, даражэнькі! Твае чулыя вушы могуць быць карыснымі для мяне ў дарозе.
Ён згадзіўся, і мы рушылі далей.
Неўзабаве я ўбачыў паляўнічага, у якога ў руках была стрэльба.
— Паслухай, — звярнуўся я да яго. — У каго гэта ты страляеш? Нідзе не відаць ні звера, ні птушкі.
— На страсе званіцы ў Берліне сядзеў варабей, і я трапіў яму проста ў вока.
Вы ведаеце, як я люблю паляванне. Я абняў меткага стралка і запрасіў яго да сябе на службу. Ён з радасцю пайшоў за мною.
Праехаўшы шмат краін і гарадоў, мы пад‘ехалі да велізарнага лесу. Глядзім — каля дарогі стаіць чалавек велічэзнага росту і трымае ў руках вяроўку, якую ён накінуў пятлёю навокал усяго лесу.
— Што гэта ты цягнеш? — спытаў я ў яго.
— Ды вось спатрэбілася дроў насекчы, а тапор у мяне дома астаўся, — адказаў ён. — Я і хачу вось абыйсціся без тапара.
Ён тузануў за вяроўку, і велізарныя дубы, як тонкія былінкі, узляцелі ў паветра і грымнулі на зямлю.
Я, вядома, не пашкадаваў грошай і адразу-ж запрасіў гэтага сілача да сябе на службу.
Калі мы прыехалі ў Егіпет, узнялася такая страшэнная бура, што ўсе нашы карэты і коні кумільгом панесліся па дарозе.
Удалі мы ўбачылі сем млыноў, крыллі якія круціліся, як шалёныя. А на ўзгорку стаяў чалавек і прыціскаў сваю правую ноздру ўказальным пальцам. Убачыўшы нас, ён ветліва зняў капялюш, і бура ў адзін міг сцішылася.
— Што ты тут робіш? — спытаў я.
— Я кручу млыны свайго гаспадара! — адказаў ён. — А каб яны не зламаліся, я дзьму не надта моцна: толькі з аднае ноздры.
„Гэты чалавек мне спатрэбіцца“, падумаў я і прапанаваў яму ехаць са мною.