Перайсці да зместу

Прыгоды Мюнхаузена (1938)/2/Кітайскае віно

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мае цудоўныя слугі Кітайскае віно
Апавяданьне
Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі
1938 год
Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785)
Пагоня

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КІТАЙСКАЕ ВІНО

У Егіпце я хутка выканаў усе султанавы даручэнні. Мая здагадлівасць дапамагла мне і тут. Праз тыдзень я разам са сваімі незвычайнымі слугамі вярнуўся ў сталіцу Турцыі.

Султан быў рад майму звароту і вельмі хваліў мяне за маю ўдалую работу ў Егіпце.

— Вы разумнейшы за ўсіх маіх міністраў, мілы Мюнхаузен! — сказаў ён, моцна паціскаючы мне руку. — Прыходзьце да мяне сёння абедаць!

Абед быў надта смачны, але — увы! — на стале не было віна, бо туркам па закону забаронена піць віно. Я быў вельмі засмучоны, і султан, каб не скрыўдзіць мяне, павёў мяне пасля абеду ў свой габінет, адчыніў патайную шафу і дастаў адтуль бутэлечку.

— Такога слаўнага віна вы не каштавалі ўсё сваё жыццё, мой мілы Мюнхаузен! — сказаў ён, наліваючы мне поўную шклянку.

Віно, сапраўды, было добрае. Але я пасля першага-ж глытка заявіў, што ў Кітаі ў кітайскага багдыхана Фу-Чана віно яшчэ лепшае за гэта.

— Мой мілы Мюнхаузен! — усклікнуў султан. — Я прывык верыць кожнаму вашаму слову, таму што вы самы праўдзівы чалавек на зямлі, але клянуся, што зараз вы гаворыце няпраўду: лепшага за гэтае віно не бывае.

— А я вам давяду, што бывае.

— Мюнхаузен, вы гаворыце глупства!

— Не, я кажу шчырую праўду і бяруся роўна праз гадзіну даставіць вам з багдыханскага склепа бутэльку такога віна, у параўнанні з якім ваша віно — нікчэмная кісляціна.

— Мюнхаузен, вы забываецеся! Я заўсёды лічыў вас адным з праўдзівейшых людзей на зямлі, а цяпер я бачу, што вы проста ілгун.

— Калі так, я патрабую, каб вы ўпэўніліся зараз-жа, ці праўду я кажу.

— Згодзен! — адказаў султан. — Калі да чатырох гадзін вы не даставіце мне з Кітая бутэльку лепшага ў свеце віна, я загадаю адсекчы вам галаву.

— Добра! — усклікнуў я. — Я згодзен на вашы ўмовы. Але калі да чатырох гадзін гэта віно будзе ў вас на стале, вы аддасце мне столькі золата з вашай кладовай, колькі за адзін раз можа панесці адзін чалавек.

Султан згадзіўся. Я напісаў кітайскаму багдыхану пісьмо і прасіў яго падарыць мне бутэльку таго самага віна, якім ён частаваў мяне тры гады назад.

— „Калі вы адмовіце мне ў маёй просьбе, — пісаў я, — ваш прыяцель Мюнхаузен загіне ад рукі ката“.

Калі я скончыў пісаць, было пяць хвілін на чацвертую.

Я паклікаў майго скарахода і паслаў яго ў кітайскую сталіцу. Ён адвязаў гіры, што віселі ў яго на нагах, узяў ліст і ў адзін момант знік з вачэй.

Я вярнуўся ў габінет султана. Чакаючы скарахода, мы асушылі да дна пачатую намі бутэльку.

Прабіла чвэрць на чацвертую, потым палавіну чацвертае, потым тры чвэрці чацвертае, а мой скараход не паказваўся.

Мне стала неяк нядобра, асабліва калі я заўважыў, што султан трымае ў руках званочак, каб пазваніць і паклікаць ката.

— Дазвольце мне выйсці ў сад падыхаць свежым паветрам! — сказаў я султану.

— Калі ласка! — адказаў султан з самай ветлівай усмешкай.

—Але, выходзячы ў сад, я ўбачыў, што за мною па пятах ідуць нейкія людзі, не адступаючы ад мяне ні на шаг.

Гэта былі султанавы каты, якія гатовы былі ў кожную хвіліну накінуцца на мяне і адсекчы маю бедную галаву.

У роспачы я зірнуў на гадзіннік. Без пяці чатыры.

Няўжо мне асталося жыць усяго толькі пяць хвілін? О, гэта надта жахліва! Я паклікаў свайго слугу — таго самага, які чуў, як расце ў полі трава, — і спытаў у яго, ці не чуе ён тупату ног майго скарахода. Ён прыклаў вуха да зямлі і сказаў мне, на маё вялікае гора, што абібок скараход заснуў.

— Заснуў?

— Але, заснуў. Я чую, як ён храпе далёка-далёка.

У мяне ногі анямелі ад жаху. Яшчэ хвіліна, і я загіну бясслаўнай смерцю.

Я паклікаў другога слугу, таго самага, які нацэльваўся ў вараб‘я. І ён адразу-ж узлез на самую высокую вежу і, стаўшы на дыбачкі, пачаў узірацца ў даль.

— Ну што, ці бачыш ты нягодніка? — спытаў я, задыхаючыся ад злосці.

— Бачу, бачу. Ён разлёгся на лужку пад дубам недалёка ад Пекіна і храпе. А побач з ім бутэлька… Але пачакай-жа, я цябе разбуджу!

Ён стрэліў у вяршок таго дуба, пад якім спаў скараход.

Жалуды, лісце і голле пасыпаліся на соннага пасланца і разбудзілі яго.

Скараход усхапіўся, працёр вочы і кінуўся бегчы як ашалелы.

Да чатырох гадзін аставалася ўсяго поўхвіліны, калі ён уляцеў у палац з бутэлькай кітайскага віна.

Можаце сабе ўявіць, якая вялікая радасць ахапіла мяне. Паспрабаваўшы віна, султан усклікнуў ад захаплення:

— Мілы Мюнхаузен! дазвольце мне схаваць гэтую бутэльку далей ад вас. Я хачу выпіць яе адзін. Я і не думаў, што на свеце бывае такое салодкае і смачнае віно.

Ён замкнуў бутэльку ў шафу, а ключы ад шафы палажыў сабе ў кішэню і загадаў неадкладна паклікаць скарбніка.

— Я дазваляю майму сябру Мюнхаузену ўзяць з маіх скляпоў столькі золата, колькі можа панесці за адзін раз чалавек, — сказаў султан.

Скарбнік нізка пакланіўся султану і павёў мяне ў падвалы палаца, даверху набітыя скарбам.

Я паклікаў свайго сілача. Ён узваліў сабе на плечы ўсё золата, якое было ў султанавых скляпах, і мы пабеглі к мору.

Там я наняў велізарны карабель і даверху нагрузіў яго золатам.

Падняўшы парусы, мы паспяшылі выйсці ў адкрытае мора, пакуль султан не апамятаўся і не адабраў у мяне свайго багацця.