Прыгоды Мюнхаузена (1938)/2/У рыбіным жываце
← Сустрэча з кітом | У рыбіным жываце Апавяданьне Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі 1938 год Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785) |
Мае цудоўныя слугі → |
У РЫБІНЫМ ЖЫВАЦЕ
Праз тыдзень мы прыехалі ў Італію.
Быў сонечны, ясны дзень, і я пайшоў на бераг Сяродземнага мора купацца. Вада была цёплая. Я — выдатны плавец і заплыў далёка ад берагу.
Раптам бачу: проста на мяне плыве велізарная рыба з шырока разяўленай ляпай. Што было рабіць? Уцячы ад яе было нельга, і таму я скруціўся
ў камяк і рынуўся ў яе разяўленую ляпу, каб найхутчэй праслізнуць міма вострых зубоў і адразу апынуцца ў жываце.
Не кожнаму прышла-б у галаву такая дасціпная хітрасць, але я наогул чалавек востры на розум і, як вы ведаеце, вельмі здагадлівы.
У рыбіным жываце было цёмна, але затое цёпла і ўтульна.
Я стаў хадзіць па гэтай цямніцы, прагульвацца назад і наперад і хутка заўважыў, што гэта не вельмі падабаецца рыбе. Тады я пачаў наўмысля
тупаць нагамі, падскокваць і танцаваць, як вар‘ят, каб добра такі памучыць яе.Рыба залемантавала ад болю і высунула з вады сваю велізарную морду.
Хутка яе заўважылі з італьянскага карабля, які праплываў міма.
Гэтага-то я і хацеў. Маракі забілі яе гарпуном, а потым усцягнулі к сабе на палубу і пачалі раіцца, як найлепей ім рассячы незвычайную рыбіну.
Я сядзеў унутры рыбы і, прызнацца, дрыжаў ад страху: я баяўся, каб хаця гэтыя людзі не перасеклі і мяне разам з рыбай.
Гэта было-б жахліва!
Але, на шчасце, іх тапары не зачапілі мяне. Ледзь толькі бліснула першае святло, я пачаў крычаць гучным голасам на чыстай італьянскай мове (о, я ведаю італьянскую мову вельмі добра), што я рад бачыць гэтых добрых людзей, якія вызвалілі мяне з маёй душнай цямніцы.
Пачуўшы чалавечы голас з рыбінага жывата, матросы застылі ад жаху.
Яны здзівіліся яшчэ больш, калі з рыбінай ляпы выскачыў я і прывітаў іх ласкавым паклонам.