Даўно ужо я гэта чуў
Ад старага Кандрата,
Што ў Менску некалі жыла
Бязродная Агата.
Любіла піць, хлусіць, гуляць —
Усе аблуды знала,
як цыган, па дваццаць пяць
Хлапцоў у дзень мяняла.
Сказаць, каб пекная была —
Ня скажа вам поэта,
А проста так, як і усе, —
Звычайная кабета.
Глытаўшы неяк чарнасьліў,
Яна чагось злавала, —
Завязла костка ў гарляку,
І вось — яе ня стала.
Яна ад злосьці аж раўла
І лаялась бясконца,
Але дарма, бо ўжо душа
Ляцела каля сонца.
За сонцам быў, вядома, рай, — Вароты сярод плоту.
Агата зразу кулаком
І грукнула ў вароты.
„Што за халера там крычыць?
Хто спаць сьвятым мяшае
І бязупынным языком
Усіх, як сука, лае?“
Адам азваўся цераз сон:
„Няма тут свата-брата!“
— Я, — чуе бабскі голас ён,
Я — бедная Агата!
Пусьці, Адамка, адчыняй!
Хутчэй! Ня маю часу!
Адам крычыць: „Са мною ты
Ня зварыш піва-квасу!
Ідзі, ідзі сабе туды,
Адкуль прышла, кабетка,
Бо не патрэбна у раі,
Як ты, такая кветка“.
Агату раптам затрасло:
— Замоўкні там, паскуда!
Скажы, чым лепш ты за мяне,
Найпершая аблуда.
Калі-б ты Евы не чапаў,
Усе-б бяды ня мелі,
Калі-б ты яблычка ня жор,
І мы-б яго ня елі!
Зарвала, гліняны гаршчок! Ня будзеш агрызацца? —
Адам сагнуўся у кручок
І стаў, як кот, плявацца.
Ў падмогу выперся Якуб:
„Пашла ты, лярва, у воду,
Бо ашуканцам і хлусам
Няма да раю ўходу“.
Агата спуску не дае:
— Чаго ты брэшаш з дуру,
Калі ты сам сюды папаў,
Чужую ўзьдзеўшы скуру,
Сьляпога бацьку ашукаў
І брата… Што, папаўся? —
Якуб аглоблі павярнуў
Ад брамы і схаваўся.
Ахвота Ною падышла
За тога заступіцца…
Але Агата не дала
І роту расчыніцца.
— Каго я бачу, ай-яй-яй!
Чаго ты тут пачвара?
Няўжо-ж патрэбна у paі
З чырвоным носам хара?
Прыпамятай, стары капшук,
Як раз ты насьвістаўся,
Што сын твой Хам гадзіны дзьве
Ад сьмеху аж качаўся. —
Старэнькі Ной ад гэтых слоў Зачырванеўся макам
І, засаромлены, хутчэй
Узад падаўся ракам.
„Што за кадук, за трасца тут?“
Юдыфа ўжо спытала.
— Няўжо і ты залезла ў рай,
Што голавы сьцінала? —
Агата кінула ў адказ.
Юдыфа затраслася
І, пабялеўшая, як мел,
Ў старонку падалася.
Свае тры грошы цар Давід
Уперці вылез к браме
І лаяць стаў Агату ён,
Як баба бабу ў краме:
„Халера, сьцерва! Каб цябе
Маланка запаліла!
Чаго ты лезеш, як слата,
Аблезлая кабыла?“
Агата й броўю не вядзе:
— Чаго так разяўляцца?
Была-б я Урыніхай, — ты
Ня стаў бы агрызацца! —
Схапіўся тут і Салямон:
„Шалёная кабета!
Хто ня стрымаў сьвяты закон,
Таму ня ўбачыць сьвету!“
Агата сыпле, як гарох: — Ўсясьветны грахаводнiк!
Ты колькi жонак перабраў,
А стаў, глядзі, — угоднік
Разумны ты, а помніш, сам
Ад бога адракаўся
І перад ідалам тры дні
Маліўся і хістаўся. —
Іона збоку падышоў,
З Агатай стаў спрачацца.
Яна адразу і ў яго
Знашла за што узяцца.
— Адкуль узяўся ты, прарок? —
І форсу дзе набраўся?
Прыпомні лепей, галубок,
Як кіт табой бляваўся;
Ня горш, як ты, і я сама-ж! —
Іона адчапіўся.
За ім усьлед сьвяты Тамаш
З Агатаю схапіўся.
„Я верыць, брат, даўно прывык
І вераць ўсе бяз спрэчкі,
Што бабскі трэплецца язык,
Як хвост у тэй авечкі“.
— Вядома! звычай маеш ты
Дурных паслухаць моваў!
Але чаму ты, лысы чорт,
У раны пальцы соваў? —
За Тамашом і Мікалай На бедную Агату
Пачаў нагамі тупацець
На ўсю сьвятую хату:
„Паскуда, шлюха! Вон адсюль,
Гані яе скаціну,
А то у нос натычу дуль
І ў пекла зараз скіну.“
— Ай-ей, Мікола! Ня пужай,
Мяне ты крыеш шлюхай…
Глядзі — яшчэ не пачастуй,
Як Ару, аплявухай!
Сваю ты ласку паказаў,
Калі у людным зборы
Яму ты ў морду надаваў
За ерась на саборы. —
Ніхто ня здолеў рады даць
І ўжо чарга настала
Хрысту самому падыйсьці,
Бо ўсе сьвятыя — драла!
Хрыстос ня доўга разважаў
І без далёкіх спрэчак
У рай Агату упусьціў
І пасадзіў ў запечак.
Дык вось, мае сябры-браткі,
Якая вышла справа.
На гэтым скончаны радкі…
Сьвятой Агаце — слава!
|