Перайсці да зместу

Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў (1925)/Пановаму

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сьвятая Агатка Пановаму
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1925 год
Нашы пакуты
Іншыя публікацыі гэтага твора: Па-новаму (Дзяркач).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАНОВАМУ

Пажанілі ў „Загсе“ Янку
І Марылю без папа,
І назаўтра Янку зранку
Лаяў бацька ля тарпа:

„Ты ня слухаў, сынку, таты,
Збрыдзіў старага, як хам,
Выбірайся з мае хаты,
Я нічога вам ня дам.

Хай у сэрцы лопнуць жылы,
Бо мы з маткай бралі шлюб,
У папілы, у Вавілы,
Дзяк сьпяваў нам ў дваццаць губ!

А цяпер, як каля плоту,
Проста брыдка і глядзець:
Нешта скажа абармоту
І у клець ужо вядзець!“

Янка слухаў — не злаваўся,
Хоць круціў-вярцеў цапом,
Бо ў чырвоных ён спазнаўся
І з законам і з пяром.

Не палез ён з бацькай біцца,
Ня пусьціў у ход кулак —
Не хацеў сарамаціцца,
А зрабіў ён, чуйце, як:

Узяў паперу. Шасьць — заява
Ў два-тры словы і капут:
„Абарону свайго права
Аддаю ў Народны Суд“.

Цераз месяц-два — гатова:
Суд дзяліў іх папалам:
Бык — табе, яму — карова,
Тут — япрук, цялуха — там.

Бяз крыві, без пагалоскі:
Ты — сюды, а ты — туды…
Эх, каб гэтак усе вёскі
Без разбою, бяз брыды

Шлях жыцьця вялі нанова!
Стаў-бы крэпнуць новы лад.
Вось што мне прышло да слова,
Мой вясковы сябра-брат!