Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў (1925)/На стары лад

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Поп і чорт На стары лад
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1925 год
Сьвятая Агатка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА СТАРЫ ЛАД

Эх! ня ўсё яшчэ на сьвеце
Так, як трэба, мой браток:
У Барысаўскім павеце
Ёсьць „Задор‘еўскі“ куток.

Там пануе панам паня
На узгорку, у ляску,
Парабкі ёй цягнуць сані,
Як раней, хоць па пяску.

Паня тупне, паня крыкне:
„Помні, Янка!“ І батрак
Перад ёю ані пікне —
Ходзіць гэтак, ходзіць так.

Паня хлусіць, што уладу
Хутка скіне польскі пан,
І таго, хто мецьме ваду,
Ён паставіць пад паркан.

Дурні вераць гэтай казцы
(На сяле яшчэ іх шмат) —
І, каб быць у панскай ласцы,
Сьцерагуць даўнейшы лад:

Ліжуць паню ў ножку, ў ручку,
Вялічаюць, „пані Шмід“;
І бадай, што яе сучку
Клічуць „пані Маргарыт“.

Ой, як брыдка, беларусы,
Што у нас яшчэ паны
Чыняць старыя прымусы
І пяюць, як груганы.

Яшчэ-ж горай у дзьве столкі,
Што заглушаны батрак
Сем гадоў старое палкі
Не забудзецца ніяк.

Цяжка, родныя сястрыцы
І браточкі, паглядаць,
Што ля панінай спадніцы
Вы прывыклі векаваць!