Перайсці да зместу

Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў (1925)/Поп і чорт

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Поп і чорт
Верш

1925 год
Пераклад: Анатоль Дзяркач
На стары лад
Іншыя публікацыі гэтага твора: Поп і чорт (невядомы/Дзяркач).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОП І ЧОРТ

(Пераклад)

У цэркве неяксьці пад сьвята,
Перад люднай грамадой
Меў звычайную прамову
Поп у рызе залатой.
Босы, голы і галодны
Быў і Янка і Пятрук,
Ў гузакох былі іх рукі —
Поп быў гладкі, як япрук.
„Братцы!“ ён хлусіў народу:
„Вы працівіцесь панам,
Наракаеце на бога,
Што жывецца кепска вам.
Памятайце, што за гэта,
Як надыйдзе страшны суд,
Ў пекла самае пацягнуць
Чэрці вас дзеля пакут.
Будуць вас пароць ражнамі,
Перыць цэпам ці калом,
Або скуру драць крукамі
І ў смале варыць жыўцом.
Трэба кінуць паняверку
І пагарду сваю збыць,
Калі хочаце ня пекла,
Але раю заслужыць“.
Каля цэрквы, як-бы цудам,
Чорт праходзіў ў гэты час
І пачуў папову мову
На сярэдзіне якраз.
З поўгадзіны, а мо‘ й болей
Пад ваконцам ён стаяў
І усе паповы словы
На хвасьце сваім зматаў.
Павалілі з цэрквы людзі,
Ім у сьлед выходзіць поп.
Чорт, як воўк, бліснуў вачыма
І папа за грыву — цоп!
„Стой, папіла тоўстапузы!
Што пра нас ты ў цэркве лгаў?
І якія гэта штукі
Ты пра пекла маляваў?
Чортам ты хацеў спалохаць,
Або пеклам — вось дурны,
Што ім гэта, калі пекла
У жыцьці цярпяць яны“.
Поп у лукаткі зьбіраўся
Лататы ад чорта даць,
Але той, як смоўж, дзяржаўся,
І папу — ні даць, ні ўзяць!
Падганяючы каленам,
Чорт завёў яго ў завод,
Дзе нявольнік капіталу
Ў цяжкай працы ліў свой пот.
У папа аж дух запёрла!
Носам чмыхае, як конь,
А вакол грымяць калёсы
І у твар пячэ агонь.
І куды ні глянеш вокам
Дым і чад стаіць кругом:
Сталь шыпіць, лятаюць іскры
І гудзе, гудзе, як гром!
Поп пачаў ужо прасіцца:
— Адпусьці мяне, чарток!
— Пачакай — яшчэ да пекла
Я цябе не давалок!
І, за карк яго схапіўшы,
Крукам чорт у неба ўзмыў
І у новую майстэрню
Тоўстапузага спусьціў.
Тут было ўжо горш, як у пекле:
У катле кіпеў чыгун,
Печы зьзялі, як маланка,
І у бубен біў пярун.
Раптам стала языкамі
Ўверх кідаць чыгунны вар…
Уцячы хацелі людзі,
Рукавом закрыўшы твар.
Але ўжо ня мелі рады
Сьмерць іх тут пасьцерагла,
І згарэўшыя ляжалі,
Як снапы, каля катла!
Поп затросься, як асіна,
Свае лахі падабраў
І хутчэй за тога зайца
Лататы дахаты даў!